У Магілёве мужчына памёр, падавіўшыся шашлыком. Эксперты расказалі, як выратаваць чалавека, у якога ў горле захрасла ежа
Читать по-русски


Жыхар Магілёва памёр падчас пікніка на лецішчы, падавіўшыся шашлыком. Падрабязнасці інцыдэнту расказалі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.

Изображение используется в качестве иллюстрации. Фото: pixabay.com
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: pixabay.com

Мужчына адпачываў на прыродзе разам з сям’ёй. Падчас пікніка ён падавіўся шашлыком і пачаў задыхацца.

«Нягледзячы на тое што сваякам удалося выцягнуць захраслы кавалак мяса, ад кіслароднага галадання адбылася гібель мозгу і спынілася сардэчная дзейнасць», — паведамілі ў ДКСЭ.

Эксперт, які абследаваў цела загінулага, высветліў, што мужчына глытаў вялікія кавалкі мяса, амаль не перажоўваючы. Акрамя таго, хімічная экспертыза выявіла ў яго крыві этылавы спірт у канцэнтрацыі, якая адпавядае сярэдняй ступені ап’янення.

Судовыя эксперты нагадалі, што смерць падчас механічнай асфіксіі праз траплянне ў дыхальныя шляхі іншароднага цела можа адбыцца вельмі хутка — ужо праз паўтары хвіліны пацярпелы страчвае прытомнасць, яшчэ праз тры-пяць хвілін можа памерці: недахоп кіслароду жыццёва важным органам, у першую чаргу мозгу, прыводзіць да спынення сардэчнай дзейнасці.

«Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў варта старанна перажоўваць цвёрдую ежу, папярэдне рэзаць яе на дробныя кавалкі», — адзначылі ў ДКСЭ.

Чалавека, які не можа дыхаць праз іншароднае цела, можа выратаваць прыём Геймліха:

  • трэба стаць ззаду пацярпелага, абхапіць яго жывот пад рэбрамі абедзвюма рукамі;
  • сціснуць руку ў кулак і часткай кулака з боку вялікага пальца прыціснуць жывот паміж пупком і рэбрамі;
  • далонь другой рукі пакласці на кулак і штуршкамі ўверх уціснуць яго ў жывот — паўтараць прыём да поўнага вызвалення дыхальных шляхоў пацярпелага.