Бондарава абвінаваціла ў «раскладанні ідэй патрыятызму» арганізацыю, якой кіруе старэйшы сын Лукашэнкі
26 чэрвеня 2024 у 1719407340
«Зеркало»
Прапагандыстка Вольга Бондарава, якая нядаўна выбачалася за тое, што назвала «змагаркай» нявестку Аляксандра Лукашэнкі Ганну Сялук, нанесла чарговы ідэалагічны ўдар па сям'і высокапастаўленага палітыка. Гэтым разам прарасійская актывістка абрынулася з крытыкай на Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, які ўзначальвае старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.

Падставай для абурэння прапагандысткі стаў допуск да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы беларускага барца Абубакара Хаслаханава.
Спартоўцаў, якім дазволілі выступіць на Алімпіядзе ў нейтральным статусе, Бондарава назвала «манкуртамі ад беларускага спорту, якія дзеля магчымых заходніх алімпійскіх плюшак распісаліся ў добраахвотнай адмове ад такога паняцця, як патрыятызм і гонар грамадзяніна».
«А да пацукоў і клапоў адправіўся карэнны "беларус" (менавіта так, у двукоссі, напісана ў пасце Бондаравай. - Заўв. рэд.) Абубакар Хаслаханаў. Што нядзіўна. Гэтаму што герб, што сцяг, што гімн наш, дзяржаўны - па барабане было ад пачатку, відавочна, а цяпер ужо тым больш. Едзе зарабляць хоць пад сцягам Сурынама», - напісала прапагандыстка.
На гэтым Бондарава не спынілася і параіла Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту, якім кіруе Віктар Лукашэнка, «узмацніць патрыятычна-прапагандысцкую працу ў першую чаргу сярод сябе любімых».
«Мы бачым раскладанне ідэй патрыятызму ў нацыянальным спорце. І вельмі з гэтай нагоды смуткуем», - скончыла свой пост Бондарава.
Раней стала вядома, што спецыяльная камісія пры Міжнародным алімпійскім камітэце (МАК), якая разглядала індывідуальныя заяўкі атлетаў і адпаведнасць іх крытэрам нейтральнасці, не дапусціла да гульняў цэлы шэраг спартоўцаў з Беларусі. У прыватнасці, на Алімпіяду ў Парыж МАК прапусціў шэсць беларускіх барцоў, забаніўшы некалькіх лідараў. Мяркуючы з усяго, атлеты, якія не прайшлі праверку камісіі, звязаныя з сілавымі ведамствамі або засвяціліся ў прапагандысцкіх мерапрыемствах.
У выніку НАК прыняў рашэнне дэлегаваць у Парыж толькі Абубакара Хаслаханава, які нарадзіўся ў расійскім Дагестане, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі.
Нагадаем, мінулым разам Бондарава абрынулася з крытыкай на нявестку Лукашэнкі Ганну Сялук. Прапагандыстка назвала аўтарку прапагандысцкіх песень «змагаркай». Пазней актывістцы давялося публічна прасіць прабачэння:
«Хачу сказаць, што калі я пісала пра тое, што Ганна Сялук змагарка, я памылялася, бо гэта няпраўда», - напісала Бондарава ў сваім тэлеграм-канале 7 чэрвеня.