Для прапагандыстаў выпусцілі новую метадычку, гэтым разам пра Другую сусветную вайну. У ёй вельмі шмат хлусні — расказваем
17 мая 2023 у 1684325700
«Зеркало»
Акадэмія кіравання рэгулярна рыхтуе матэрыялы «для ўдзельнікаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп». Паводле задумы, яны маюць дапамагчы дзяржаве праз ідэолагаў і прапагандыстаў данесці «лінію партыі» да народа. Часцяком гэтыя дакументы маюць шмат фактычных памылак ці проста ілжывай інфармацыі (прыклады можна знайсці тут, тут і тут). У траўні на сайце Мінгарвыканкама была апублікаваная новая метадычка для ідэолагаў - яна прысвечаная таму, як трэба расказваць беларусам пра Другую сусветную вайну. Расказваем, што з ёй не так.
Галоўная ідэя - «барацьба з фальсіфікацыямі»
Афіцыйны погляд беларускіх уладаў на гісторыю Другой сусветнай вайны, мяркуючы з дакумента, ідзе побач з дэклараванай барацьбой супраць фальсіфікацыі яе гісторыі. Складальнікі лічаць, што розныя людзі ці нават краіны хлусяць пра падзеі 80-гадовай даўніны і, як неаднаразова выказваўся Лукашэнка, хочуць «скрасці нашую перамогу» ў ёй.
Гэтай ідэяй прасякнуты ўвесь тэкст новай метадычкі ад Акадэміі кіравання. Словы «фальсіфікацыі» і «фальсіфікатары» сустракаюцца ў дакуменце шэсць разоў, «хлусня» ў розных формах - тры разы, «сказіць» - чатыры разы. Аўтары дакумента наракаюць, што «чым далей у гісторыю сыходзіць 9 траўня, тым настойлівейшымі робяцца спробы сказіць гісторыю Другой сусветнай вайны».
Аднак новая метадычка ад Акадэміі кіравання - сама па сабе прыклад фальсіфікацый і скажэння інфармацыі пра Другую сусветную. Зразумела, не ўсе факты, згаданыя ў ёй, ілжывыя. Напрыклад, тэзісы пра велізарную цану, заплачаную беларускім народам за перамогу СССР у вайне, пра важную ролю партызанскага руху і гераізм многіх беларускіх воінаў дакладныя. Але гэтыя факты часцяком выкарыстоўваюцца толькі як дапаможны інструмент для данясення ілжывых або маніпулятыўных сцверджанняў.
Так, расказаўшы праўдзівыя і шырока вядомыя факты пра велізарныя страты Беларусі ў 1941−1945 гадах і пушчаныя партызанамі пад адхон вайсковыя эшалоны праціўніка, прапагандысты, прытрымліваючыся метадычкі, будуць расказваць пра рэчы абсалютна фантастычныя, адначасова замоўчваючы рэальныя гістарычныя факты, вельмі важныя для разумення падзей, якія адбываліся каля 80 гадоў таму. Напрыклад, каб выставіць у кепскім святле заходнія дзяржавы, з якімі адносіны ў рэжыму Лукашэнкі ніяк не складваюцца.
У прыватнасці, аўтары «Матэрыялаў…», не прывёўшы ніякіх доказаў, сцвярджаюць, што «крывадушны і блюзнерскі перагляд гісторыі Другой сусветнай вайны з'яўляецца стратэгічнай ідэалагічнай задачай кіраўнічых колаў шэрагу заходніх дзяржаваў». І падмацоўваюць гэтае сцверджанне словамі пра тое, што для краін Захаду «перамога не можа быць асновай, якая аб'ядноўвае цяперашнія пакаленні, бо сярод краін Еўрапейскага саюза не было пераможцаў, а былі ў найлепшым выпадку вызваленыя, у найгоршым - саюзнікі Германіі (Італія, Румынія, Венгрыя, Балгарыя, Фінляндыя), "нейтралы" (Іспанія, Партугалія, Швейцарыя, Швецыя) і пераможаныя Трэцім Рэйхам, якія не змагаліся з нацыстамі па прыкладзе Югаславіі, а адмовіліся ад барацьбы, дазволілі сябе акупаваць і працавалі на эканоміку Германіі».
Гэты велізарны і складаны для ўспрымання сказ пад завязку нашпігаваны фальсіфікацыямі. Таму разбяром яго на часткі.
Першы тэзіс - пра тое, што для «шэрагу заходніх дзяржаваў» перамога ў Другой сусветнай вайне не можа быць асновай для аб'яднання цяперашніх пакаленняў. Ён часткова справядлівы. Другая сусветная вайна скончылася амаль 80 гадоў таму. Яна была адной з многіх войнаў у еўрапейскай гісторыі і закранула розныя краіны кантынента зусім па-рознаму (дзесьці было мноства ахвяр і разбурэнняў, дзесьці іх не было зусім). І зусім незразумела, чаму менавіта перамога ў даўняй вайне аднаго боку над іншым мусіць служыць асновай для аб'яднання пакаленняў, напрыклад, для нейтральных тады Ірландыі, Швецыі або Партугаліі.
Акрамя таго, у Еўропе хапае і іншых асноваў для аб'яднання людзей, зусім неабавязкова звязаных з вайной: павага да чалавечай годнасці, правоў чалавека, свабода, народаўладдзе, раўнапраўе, прававая дзяржава. Адстойванне гэтых каштоўнасцяў 80 гадоў таму заахвочвала людзей змагацца супраць нацызму, а ў наш час гуртуе еўрапейцаў для аказання дапамогі Украіне, якая зазнала расійскую агрэсію.
На Захадзе няма пераможцаў?
Другі тэзіс з таго ж сцверджання - пра тое, што сярод краін Еўрасаюза няма пераможцаў у Другой сусветнай вайне. А ўсе яны былі альбо (у найлепшым выпадку) вызваленымі краінамі, альбо (у найгоршым) саюзнікамі Германіі, «нейтраламі» і краінамі, якія не змагаліся, дазволілі сябе акупаваць і працавалі на эканоміку Германіі.
Для пачатку заўважым, што ілжывае сцверджанне пра тое, што супраць СССР у Другой сусветнай вайне змагалася ледзь не ўся Еўропа, выкарыстоўвала прапаганда самой нацысцкай Германіі. Такім чынам пад прыкрыццём «крыжовага паходу Еўропы супраць бальшавікоў» германскае міністэрства прапаганды Ёзэфа Гебельса спрабавала мабілізаваць на вайну насельніцтва акупаваных і саюзных Германіі еўрапейскіх краін. Праўда, за рэдкімі выключэннямі, без асаблівага поспеху.
Пачнём з пераможцаў, якіх нібыта не было сярод краін Еўрапейскага саюза. Заўважым, што аўтары метадычкі прадбачліва абмежавалі частку Захаду без пераможцаў краінамі ЕС, вынесшы тым самым за дужкі такіх важных удзельнікаў антыгітлераўскай кааліцыі, як Вялікабрытанія і ЗША. Але нават з улікам гэтага такая заява - відавочная хлусня.
Па-першае, безумоўным і дакументальна прызнаным пераможцам у Другой сусветнай вайне была Францыя. Прадстаўнікі гэтай дзяржавы як краіны-пераможцы прымалі разам з амерыканскімі, брытанскімі і савецкімі ваеначальнікамі капітуляцыю Германіі, і замоўчванне гэтага - прамая і адкрытая фальсіфікацыя гістарычных падзей. Як пераможца ў Другой сусветнай вайне Францыя пасля яе завяршэння атрымала кантроль над сваімі акупацыйнымі зонамі ў Германіі і Аўстрыі - гэтак жа, як Вялікабрытанія, СССР і ЗША.
Еўрапейская частка Францыі сапраўды ў 1941−1944 гадах была акупаваная немцамі, і яе калабарацыянісцкі ўрад маршала Філіпа Петэна падпісаў капітуляцыю. Але гэты пранацысцкі рэжым не быў прызнаны іншымі краінамі, якія змагаліся супраць Гітлера (хоць СССР, які супрацоўнічаў у той час з Германіяй, падтрымліваў з ім дыпламатычныя адносіны). Аднак немцы не змаглі акупаваць тэрыторыю Францыі цалкам. Значная частка яе шырокіх заморскіх уладанняў засталася пад кантролем «Змагарнай Францыі» генерала Шарля дэ Голя, войскі якога біліся супраць немцаў і іх саюзнікаў рэшту вайны. У прыватнасці, яны адыгралі ключавую ролю падчас бітвы ля Бір-Хакейма ў чэрвені 1942 года, дзе спынілі наступ нямецка-італьянскіх войскаў. Французскія фарміраванні актыўна ўдзельнічалі і ў вызваленні акупаванай немцамі часткі краіны ў 1944−1945 гадах.
Да ліку пераможцаў Германіі адносіцца і Польшча, салдаты якой нават пасля акупацыі сваёй краіны бесперапынна змагаліся супраць нацыстаў на зямлі, у паветры і на моры як на захадзе (254 тысячы чалавек), так і з савецкага боку фронту (тут ваявала каля 200 тысяч палякаў). Яшчэ не менш за 400 тысяч палякаў змагалася ў шэрагах польскага супраціву на тэрыторыі акупаванай Польшчы - у тым ліку ў шэрагах Арміі Краёвай. Польшча як дзяржава-пераможца таксама брала ўдзел у акупацыі Германіі: раён плошчай 6500 квадратных кіламетраў ёй у межах сваёй акупацыйнай зоны вылучыла Вялікабрытанія.
Нагадаем таксама, што пераможцам у Другой сусветнай вайне быў СССР - гістарычная дзяржава, якой не існуе больш за 30 гадоў. І ўжо «праз» Савецкі Саюз да пераможцаў у 1991 годзе далучыліся яго былыя саюзныя рэспублікі, у тым ліку Беларусь, Украіна і Расія. Але ж тры іншыя былыя савецкія рэспублікі (Латвія, Літва і Эстонія) ужо 19 гадоў уваходзяць у склад ЕС. А значыць, яшчэ трох афіцыйных пераможцаў Еўрасаюз атрымлівае і з гэтага боку. Вядома, прапагандысты могуць пачаць расказваць, што стаўленне ў гэтых краінах і да вайны, і да перамогі ў ёй вельмі неадназначнае. Але факт застаецца фактам: унёсак у перамогу над нацызмам рабілі ўсе народы і рэспублікі былога СССР.
Калі пераможцам у Другой сусветнай вайне быў СССР, а сёння мы лічым спадчыннікамі перамогі яго былыя часткі, то, імаверна, гэтае правіла мусіць распаўсюджвацца і на іншых былых пераможцаў. Хоць сама Вялікабрытанія выйшла з ЕС, чальцамі Саюза па-ранейшаму застаюцца два яе былыя валоданні: Кіпр і Мальта. Прычым другая з іх адыграла вельмі вялікую ролю (асабліва ў параўнанні са сваімі сціплымі памерамі) у ходзе баявых дзеянняў на міжземнаморскім і паўночнаафрыканскім тэатрах. Базуючыся на Мальце, брытанскія флот і авіяцыя перашкаджалі немцам і італьянцам перакідваць падмацаванне і грузы ў Лівію і Туніс. Невялікі востраў зазнаў велізарную (адносна сваіх памераў) шкоду ад італьянскіх і нямецкіх бамбардзіровак і зрабіў прыкметны ўнёсак у перамогу над краінамі Восі. Складана зразумець, чаму, дапусцім, Таджыкістан, які знаходзіўся ў глыбокім тыле (з лідарам гэтай краіны Аляксандр Лукашэнка 9 траўня быў на парадзе ў Маскве) варта лічыць краінай-пераможцам у Другой сусветнай вайне, а перарытую ўздоўж і ўпоперак бомбамі Мальту - не.
Карацей, з якога боку ні зірні, са сцверджаннем пра адсутнасць у складзе ЕС краін-пераможцаў у Другой сусветнай вайне беларускія ідэолагі вельмі моцна пагарачыліся. Але не толькі з ім.
Як, шукаючы саюзнікаў Гітлера, не знайсці сярод іх сябе
Яшчэ адна фальсіфікацыя складальнікаў метадычкі ў тым жа сказе звязаная са спісам дзяржаваў, якія аўтары супрацьпаставілі пераможцам Германіі. Першая частка з іх - гэта саюзнікі нацыстаў, а менавіта Італія, Румынія, Венгрыя, Балгарыя, Фінляндыя. Гэты спіс вельмі няўдалы. Толькі адна з гэтых краін, Венгрыя, не ваявала ў канцы вайны супраць Германіі. Астатнія чатыры перайшлі на бок антыгітлераўскай кааліцыі ў 1943−1944 гадах, а іх арміі актыўна змагаліся супраць немцаў.
Прапагандысты маглі б пакінуць з гэтага спісу толькі Венгрыю і дадаць да яе, напрыклад, Харватыю, якая таксама не пераходзіла на бок саюзнікаў. Але складальнік спісу саюзнікаў Германіі аднёс да ліку памочнікаў нацыстаў і тыя краіны, якія ваявалі на баку Гітлера толькі частку вайны - а потым перайшлі ў іншы лагер.
Заўважым таксама, што чамусьці ў спіс саюзнікаў трапілі толькі тыя краіны, якія памянялі бок у 1943 годзе. Дзякуючы гэтаму ў яго не трапіла яшчэ адна дзяржава, для якой удзел у Другой сусветнай вайне пачаўся з падзелу разам з немцамі Польшчы. Гаворка ідзе пра СССР, які ў 1939−1940 годзе дзяліў Усходнюю Еўропу з Германіяй у адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да дамовы аб ненападзе, падпісаным 23 жніўня 1939 года.
Юрыдычна СССР у гэты час не ўваходзіў у склад агрэсіўнага ваеннага блока, вядомага як Вось, бо не падпісваў Траістага (або Берлінскага) пакта. Пазней на падставе гэтага факту савецкая прапаганда спрабавала ўсяляк адасобіць свой удзел у ваенным уварванні ў тую ж Польшчу, выстаўляючы яго не вайной, а «вызваленчым паходам» (гэтак жа, як у наш час расійскае ўварванне ва Украіну называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй»).
Атрымала распаўсюд сцверджанне пра тое, што на момант савецкага ўварвання 17 верасня Польшча ўжо засталася без кіраўніцтва, якое збегла за мяжу, а значыць, дзяржавы як такой ужо не існавала. Адпаведна, Чырвоная армія нібыта і не нападала на Польшчу, а займала яе былыя тэрыторыі, каб яны цалкам не дасталіся Германіі. Гэта прамая хлусня: польскае палітычнае кіраўніцтва пакінула краіну толькі пасля пачатку савецкага ўварвання. Значная ж частка вайсковага кіраўніцтва засталася ў Польшчы, армія якой супраціўлялася да пачатку кастрычніка. Савецкі Саюз займаў польскія тэрыторыі не для таго, каб яны не дасталіся Германіі, а таму, што менш чым за месяц да пачатку вайны абгаварыў гэта з Гітлерам у сакрэтным пратаколе да дамовы аб ненападзе.
Але ў 1939 годзе ў такой хлусні яшчэ не было неабходнасці, і ніякай розніцы паміж нямецкім і савецкім уварваннем афіцыйныя асобы СССР не рабілі. Без усялякіх выкручванняў яны расказвалі пра тое, што польская дзяржава была знішчаная абедзвюма арміямі, якія ў яе ўварваліся. У прыватнасці, старшыня Савета народных камісараў і наркам замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў, каментуючы падпісанне дамовы аб дружбе і мяжы паміж Савецкім Саюзам і Германіяй, сцвярджаў, што «аказалася дастатковым кароткага ўдару па Польшчы з боку спярша германскай арміі, а затым - Чырвонай арміі, каб нічога не засталося ад гэтага выродлівага стварэння Версальскай дамовы». А савецкі лідар Іосіф Сталін у снежні 1939 года наўпрост пісаў у адказе на віншаванні Гітлера і Рыбентропа з днём нараджэння пра дружбу народаў Германіі і Савецкага Саюза, «змацаваных крывёй».
У лістападзе 1940 года Германія прапанавала Савецкаму Саюзу далучыцца да таго самага агрэсіўнага Траістага пакту паміж Берлінам, Рымам і Токіа. І Молатаў пагадзіўся на гэта - праўда, дадаўшы да дамовы некалькі дадатковых палажэнняў. У прыватнасці, ён запатрабаваў поўнага савецкага кантролю над Фінляндыяй, пашырэння савецкай сферы ўплыву на Балгарыю і Блізкі Усход і адмовы Японіі ад канцэсійных правоў па вугалі і нафты на паўночным Сахаліне. Акрамя таго, Германія мусіла пераканаць Турцыю дазволіць стварыць савецкую ваенна-марскую базу ля праліваў Басфор і Дарданэлы. СССР не стаў часткай Восі толькі таму, што немцы палічылі гэтыя патрабаванні празмернымі.
Калі выносіць СССР з ліку часовых саюзнікаў нацыстаў на падставе таго, што ён так і не падпісаў Траісты пакт, то давядзецца зрабіць тое самае і з Фінляндыяй (якая ў метадычцы згадваецца як саюзніца Гітлера). Яна таксама фармальна так і не далучалася да Восі аж да таго моманту, як перайшла на бок антыгітлераўскай кааліцыі і пачала баявыя дзеянні супраць нямецкіх войскаў у Лапландыі.
Пра «нейтралаў» і «тых, што дазволілі сябе акупаваць»
Наступны пасаж аўтараў метадычкі датычыць дзяржаваў, якія, на думку складальнікаў дакумента, паводзіліся не так, як ім трэба было. Да іх ліку аднесеныя ў першую чаргу нейтральныя дзяржавы Еўропы, пры гэтым слова «нейтралы» ў метадычцы ўзятае ў двукоссе. Відавочна, гэта намёк на супрацоўніцтва паміж гэтымі дзяржавамі і краінамі гітлераўскага блока, якое выяўлялася ў гандлі і (у некаторых выпадках) пропуску войскаў праз сваю тэрыторыю. Акрамя таго, вядома, што тая ж Іспанія, застаючыся нейтральнай, адправіла на ўсходні фронт цэлую дывізію добраахвотнікаў, якая змагалася на баку немцаў.
Гэта аб'ектыўныя гістарычныя факты, і запярэчыць тут няма чаго. Акрамя хіба таго, што спіс няпоўны. У той час калі Вялікабрытанія, Францыя, Польшча і іншыя саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі спрабавалі спыніць нацысцкую агрэсію, фармальна «нейтральны» СССР забяспечваў Гітлера нафтай і нафтапрадуктамі, збожжам, бавоўнай, лесаматэрыяламі, марганцам, волавам, нікелем, хромам, меддзю, плацінай і іншай неабходнай для вайны стратэгічнай сыравінай. У прамежку паміж снежнем 1939 і канцом траўня 1941 года доля Германіі ва ўсім савецкім экспарце склала 40%.
Што да допуску нямецкіх войскаў на сваю тэрыторыю, то СССР у перыяд сваёй «нейтральнасці» таксама грашыў такім. Прычым без усялякіх пагроз з боку немцаў (пад ціскам якіх тыя ж шведы пагадзіліся на транзіт вермахта па сваёй тэрыторыі). Пасля заключэння пакта Молатава - Рыбентропа і пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе Савецкі Саюз даў нямецкаму флоту базу («базіс Норд») на Кольскім паўвостраве, якая выкарыстоўвалася нямецкімі вайскоўцамі ў тым ліку ў перыяд захопу Нарвегіі (з красавіка да чэрвеня 1940 года).
Дзіўна, але нейтралітэт Швецыі, Швейцарыі, Іспаніі і Партугаліі аўтары метадычкі ганяць, а маштабнае эканамічнае і ваеннае супрацоўніцтва паміж СССР і Германіяй у перыяд савецкага «нейтралітэту» нават не згадваецца.
Яшчэ адна катэгорыя недастойных, з пункту гледжання аўтараў метадычкі, краін - гэта тыя, што «не змагаліся з нацыстамі», «адмовіліся ад барацьбы» і «дазволілі сябе акупаваць». Толькі адну краіну з акупаваных нацыстамі ў Еўропе з пэўнай доляй жадання можна падвесці адразу пад усе гэтыя тры прыкметы - Данію, якая сапраўды была акупаваная за некалькі гадзін. Для гэтага толькі давядзецца забыцца на 13 дацкіх салдат, якія загінулі падчас «першай» акупацыі краіны ў 1940 годзе, і яшчэ 26 - падчас «другой» у 1943-м. А таксама прыкладна пра 2,5 тысячы дыверсійных актаў, учыненых за пяць гадоў акупацыі дацкім супрацівам (падчас гэтых аперацый было ліквідавана 375 акупантаў і іх памагатых). Усё гэта не вельмі падыходзіць пад прыкмету «адмовіліся ад барацьбы», але лепшых для прапагандыстаў прыкладаў у Еўропе проста няма.
Акрамя маленькай Даніі, якая здалася за 6 гадзін, прапагандысты згадваюць таксама Люксембург (дзяржава плошчай з Гродзенскі раён), акупаваны за суткі. Таксама яны паведамляюць, што «Францыя капітулявала праз 44 дні пасля пачатку наступлення Германіі на заходнім фронце». Гэтая лічба стварае эфект практычна імгненнай капітуляцыі, але без згадкі пра тое, што Мінск быў захоплены немцамі 28 чэрвеня - на сёмы дзень вайны, - яна выглядае вырванай з кантэксту. Для ўзяцця Парыжа немцам спатрэбілася 36 дзён актыўных баявых дзеянняў - а адлегласць ад французскай і беларускай сталіц да мяжы з Германіяй у той час была прыкладна аднолькавай. Захапіўшы цалкам шэсць з 16 савецкіх рэспублік разам з іх сталіцамі, Германія так і не змагла акупаваць увесь Савецкі Саюз. Але і Францыя (з улікам сваіх заморскіх тэрыторый) цалкам пад акупацыю не трапіла.
Некалькі словаў пра ленд-ліз
У дакуменце, падрыхтаваным для беларускіх прапагандыстаў, так шмат адкрытых фальсіфікацый і падтасовак, што ў межах аднаго артыкула іх проста немагчыма апісаць - практычна ўвесь тэкст вышэй прысвечаны разбору аднаго толькі сказа. Таму спынімся на яшчэ адной, але вельмі паказальнай фальсіфікацыі.
Аўтары метадычкі сцвярджаюць, што нейкімі неназванымі дзеячамі «сфармуляваная тэорыя "вырашальнай ролі ленд-ліза" ў перамозе над Германіяй». А ў адпаведнасці з ёй нібыта прапануецца думаць, што «пастаўкі Савецкаму Саюзу ўзбраенняў, боепрыпасаў, транспарту і харчавання сталі вырашальным фактарам перамог Чырвонай арміі».
Насамрэч пытанне пра ленд-ліз вельмі складанае і шматграннае. Каб разумець, наколькі высокай была яго роля ў перамозе над нацызмам, трэба вельмі добра валодаць інфармацыяй пра аб'ёмы заходніх паставак у СССР зброі і тэхнікі, станкоў, паліва, металаў, харчавання і шмат іншага. І пра долю, якую гэтыя пастаўкі займалі ў аб'ёме спажытых Савецкім Саюзам рэсурсаў. Наўрад ці хтосьці з сучасных гісторыкаў і тым больш ідэолагаў ведае пра гэта лепш, чым Іосіф Сталін.
У лістападзе 1943 года савецкі лідар разам з прэзідэнтам ЗША Франклінам Рузвельтам і прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Уінстанам Чэрчылем удзельнічаў у Тэгеранскай канферэнцыі. Журнал штодзённых падзей канферэнцыі змяшчае запіс выступу Сталіна на ўрачыстым абедзе ўвечары 30 лістапада.
Ацэньваючы ролю заходніх паставак, кіраўнік СССР адзначыў: «Я хачу сказаць вам, што, з рускага пункту гледжання, зрабілі прэзідэнт і Злучаныя Штаты для перамогі ў вайне. Самыя важныя рэчы ў гэтай вайне - машыны. Злучаныя Штаты даказалі, што могуць вырабляць ад 8000 да 10 000 самалётаў у месяц. Расія можа вырабляць, самае большае, 3000 самалётаў у месяц. Англія вырабляе 3000−3500 у месяц, у асноўным цяжкія бамбардзіроўшчыкі. Такім чынам, Злучаныя Штаты - гэта краіна машын. Без гэтых машын, якія пастаўляліся па ленд-лізе, мы б прайгралі гэтую вайну».