«Наўпрост казалі мужу: „Думаеце, мы не можам вас затрымаць?“» Пагаварылі з беларускай, да якой прыходзілі па справе INeedHelpBy
15 сакавiка 2024 у 1710488280
«Зеркало»
Калі Беларусь толькі пачалі накрываць хвалі рэпрэсій, Ганна з мужам вырашылі, што не гатовыя сядзець склаўшы рукі. Выходзіць на пратэсты было ўжо небяспечна, тым больш што ў сям'і трое дзяцей. Тады беларусы знайшлі для сябе іншы варыянт і амаль тры гады дапамагалі палітвязням. Пакуль хваля рэпрэсій не накрыла іх саміх у выглядзе ператрусу і крыміналкі па справе INeedHelpBy. Пагаварылі з Ганнай пра некалькі гадоў дапамогі тым, хто за кратамі, жыццё ў чаканні, «што прыйдуць», ператрус, пагрозы забраць дзяцей і жаданне рабіць штосьці, нягледзячы на ўсе перашкоды.
Імя суразмоўніцы змененае з меркаванняў бяспекі.
«Хочацца адчуваць, што хоць на нешта ўплываеш»
Беларуская культура і палітыка цікавіла і Ганну, і яе мужа даўно, але 2020 год амаль цалкам змяніў іх жыццё. Проста назіраць за падзеямі не атрымлівалася, і абое актыўна выходзілі на маршы. Але чаргаваліся, каб хтосьці заставаўся з трыма дзецьмі: адзін сын вучыцца ў сярэдняй школе, другі - у пачатковай, а дачка і зусім ходзіць у дзіцячы сад. Абаіх тады затрымлівалі, а Ганну - нават двойчы: у верасні і лістападзе. Апошні раз, згадвае яна, быў досыць жорсткі:
- Я была ў кампаніі шматлікіх жанчын, большасці з іх было за пяцьдзясят. І нас труцілі слезацечным газам у аўтазаку, жанчыну, якая адмовілася прайсціся па бел-чырвона-белым сцягу, ударылі ў грудзі, сама я заляцела галавой у гэты «стакан». Пасля суда адпусцілі, бо малыя дзеці. Але немагчыма было далей паводзіць сябе так, быццам нічога не адбылося. У нас з мужам з'явілася вялікае жаданне хоць штосьці рабіць, бо проста сядзець - дурное, можна з глузду з'ехаць. А хочацца адчуваць, што ты хоць на нешта ўплываеш. Таму са снежня дваццатага года я пачала пісаць лісты палітвязням.
Спачатку праблем з цэнзарамі не было, і лісты ад Ганны даходзілі шмат да каго. Пісала яна найменш вядомым зняволеным, часам віншавала выпадковых людзей з народзінамі. У выніку з 15 асобамі ў яе завязалася рэгулярная перапіска, размовы сталі асабістымі, а сама жанчына многае даведалася пра палітвязняў, пра іх сем'і і таксама расказала пра сябе. Беларуска згадвае: ад найбольш актыўных суразмоўцаў прыходзіла каля 40 лістоў. Але ў лютым 2022 года ўсё абарвалася.
- Прыкладна 95% маіх лістоў заставаліся без адказу, - расказвае яна. - Але на той час з пэўнымі людзьмі завязаліся блізкія адносіны, яны паспелі расказаць пра мяне сваякам. І потым альбо родныя палітвязняў на мяне выходзілі, альбо я сама знаходзіла іх, бо раней у лістах давалі кантакты. Таму калі я зразумела, што ўсё па нулях, то вырашыла не марнаваць час і сілы, а пачала адпраўляць тэлеграмы і грашовыя пераводы, якія дакладна даходзілі. Зрабіла сабе такую традыцыю і раз на тыдзень хадзіла на пошту, дасылала невялікія сумы. Бо і чалавеку падтрымка, ён будзе ведаць, што пра яго пастаянна ўспамінаюць, і я адчуваю, што працягваю дапамагаць. А потым перайшла на бандэролі. Яны не заўсёды даходзяць, а ў некаторыя месцы родныя прасілі не дасылаць, бо вагу гэтых пасылак залічвалі ў агульную вагу перадач. Але ў асноўным гэта падбадзёрвала і людзей, і мяне. Ведаю, што так рабіла не толькі я, шмат хто дапамагаў такім чынам.
Апошнія бандэролі Ганна з мужам даслалі ў снежні 2023 года. Жанчына ўпэўненая: сілавікі ведалі, што яна дапамагае палітвязням, бо падчас адпраўкі бандэролі трэба пакідаць свае звесткі. І ўжо даўно жыла з разуменнем, што «могуць прыйсці». Яна рэгулярна чысціла сацсеткі, маральна рыхтавалася да таго, што будзе рабіць у СІЗА. Але ўжо цяпер, прааналізаваўшы тыя падзеі, разумее: глыбока ўнутры было спадзяванне «а можа, не закране, можа, усё ж не прыйдуць».
- Падавалася, што так і выйшла: падчас масавай аблавы 23 студзеня да нас не прыйшлі, - расказвае яна. - Але потым мне пачалі пісаць сябры-палітвязні, якія сядзелі на «хіміі» ці выйшлі. Яны казалі, што ў іх родных былі ператрусы. На наступны дзень, 24 студзеня, прыйшлі да вельмі добрай знаёмай, пабачылі мой кантакт і пачалі распытваць. Праз трэціх людзей паведамілі, што дакладна ведаюць пра маю актыўнасць. Спачатку мы з мужам асабліва не адрэагавалі, бо з'язджаць не збіраліся, ды і даўно жылі ў чаканні. А потым новыя і новыя людзі пачалі казаць, што сілавікі пра мяне пытаюць. Першая рэакцыя была: «Ну ладна». Але потым стала круціць гэтыя думкі ў галаве, размаўляць з сябрамі, з мужам. І тады ўжо ўсвядоміла, што рэальна ёсць вялізная рызыка, бо я рабіла добрыя рэчы, за якія цяпер могуць прыйсці. Мне было вельмі-вельмі страшна. Муж казаў, што трэба з'язджаць, але не хацеў ціснуць. Тут апошнім момантам, які пераканаў ратавацца, сталі дзеці. Я не магла глядзець на іх, проста душылі слёзы. Бо я ж раней думала, што нават у найгоршым выпадку годзік-два адсяджу і выйду. Аднак тут была такая цікавасць, што малым тэрмінам напэўна б не абышлося. А важней за ўсё, каб маці была побач з дзецьмі.
«Пачула гэтае "милиция", а далей усё абарвалася»
Ганна з'ехала з Беларусі ў канцы студзеня. Яна ўспамінае, што выйшла з дому літаральна праз пару гадзін пасля таго, як яны з мужам прынялі гэтае рашэнне. Цяжэй за ўсё было развітвацца з дзецьмі.
- Старэйшаму мы патлумачылі, што заставацца небяспечна. Ён глядзеў шклянымі вачыма, але зразумеў, - успамінае жанчына. - Малодшыя зусім малыя, таму для іх была версія, што мама едзе да сяброўкі. Выходжу - слёзы, мяне трасе, а яны не разумеюць: чаму мама так плача, калі проста сабралася ў госці? А я нават нічога не магу адказаць. Тут муж прыйшоў на дапамогу, прыдумаў, што я проста сумую, што еду без іх.
Так Ганна апынулася ў Грузіі, а муж і дзеці засталіся ў Беларусі. Паводле першапачатковага плана, яны мусілі скончыць справы, зрабіць дакументы, сабраць рэчы, і потым прыляцець да яе. А там ужо разам вырашаць візавыя і легалізацыйныя пытанні. Але ў планы ўмяшаліся сілавікі.
- У той самы дзень, калі муж з дзецьмі збіраліся ехаць да мяне, да нас прыйшлі, - кажа жанчына. - Я пра ўсё даведалася адразу, бо акурат размаўляла з ім па тэлефоне. Пачула гэтае «милиция», а далей усё абарвалася. Я ў той момант нават страціла прытомнасць на пару секунд, а потым ачулася і зразумела, што трэба сабрацца. Магла толькі хадзіць туды-сюды па пакоі і маліцца. Прымушала сябе піць ваду, штосьці есці, размаўляла з сябрамі, бо не магла трываць невядомасць. Я ж не ведала, затрымалі яго ці не, што адбываецца. Нават выклікалі з іншага горада свякроў, каб дзеці не засталіся адны. Ужо потым, калі выйшлі на сувязь, муж расказваў, што пастанова на ператрус была на маё імя, у сувязі з крымінальнай справай па «экстрэмісцкім фарміраванні» INeedHelpBy. Нават было некалькі артыкулаў: 361−1, 361−2 і 361- 4 КК РБ. Прычым пастанова была выдадзеная на некалькі дзён раней, таму мне вельмі пашанцавала з'ехаць. А яны давай пытаць, дзе я.
Ператрус доўжыўся каля шасці гадзін, кажа Ганна. Увесь гэты час у яе амаль не было разумення, што адбываецца. Былі адзінкавыя навіны ад сяброў, якія прыехалі да кватэры і неўзабаве змаглі вывесці адтуль дзяцей. Ужо са словаў мужа жанчына расказвае, што сілавікі «перавярнулі ўсё», але рабілі гэта адносна акуратна і нічога не ламалі. Фізічнага ціску таксама не было, але актыўна выкарыстоўваўся псіхалагічны: спачатку сілавікі зайшлі ў дзіцячы пакой, разбудзілі малых і спрабавалі даведацца, дзе маці. Тыя аказаліся партызанамі, як кажа Ганна, і нічога не сказалі. Потым сілавікі ўвогуле пачалі пагражаць.
- Зразумела, ціснулі, што забяруць дзяцей, - працягвае суразмоўніца. - Што маці іх кінула, а мужа могуць закрыць. Наўпрост казалі яму: «Вы думаеце, мы не можам вас затрымаць? Спачатку вы ў нас мацюкаліся, потым не падпарадкоўваліся, а там яшчэ 15 сутак і яшчэ. Вы ж разумееце, нам гэта не праблема зрабіць». І вось з такімі пагрозамі ішоў ператрус. Казалі яму: якая актыўная жонка, усюды экстрэмізмам займалася. Дзякуй богу, усё ў выніку добра скончылася, яны нічога не знайшлі, бо я ўсё вывезла. Было толькі некалькі канвертаў з адрасам СІЗА, дык сілавікі жартавалі: «А што, гэта ўжо вашая жонка рыхтуецца сядзець? Ужо нават падпісала канверты для сябе».
Ганна змагла звязацца з мужам толькі праз некалькі дзён пасля ператрусу. У абаіх уключылася параноя: жанчына баялася, што яе паведамленні мужу могуць чытаць сілавікі, а ён - што супрацоўнікі міліцыі вернуцца і пачнуць глядзець тэлефон. У выніку праз знаёмых дамовіліся, што сустрэнуцца ў Грузіі, а перапісвацца пачалі толькі тады, калі ўся сям'я аказалася за мяжой. Пабачылася Ганна з мужам і дзецьмі праз чатыры дні пасля прыходу сілавікоў.
«Мяне трасе, а на вачах ніводнай слязінкі, як робат»
У пачатку сакавіка Ганна, яе муж і дзеці зрабілі літоўскія візы і прыляцелі з Тбілісі ў Вільнюс. Цяпер і дарослыя, і малыя паступова прыходзяць у сябе. Жанчына расказвае, што найскладаней давялося старэйшаму сыну: у 11 гадоў ён разумеў, што адбываецца ў краіне. Але і малодшая дачка вельмі цяжка перажыла прыход сілавікоў.
- Вонкава з ёй нібыта было ўсё добра, але яна ў нас вельмі любіць паесці. А калі пасля ператрусу сябры прывялі іх да сябе, пачала проста адмаўляцца ад ежы. Астатнія таксама сядзелі вельмі напружаныя. Асабліва старэйшы, бо вельмі баяўся, што іх забяруць, - тлумачыць жанчына. - Увечары гэта ўжо вылілася ў нейкую агрэсію, ён пачаў злавацца на малодшага брата і ўвогуле крычаць. Потым, калі мы сустрэліся, сын падбег, проста павіс на мне і ўсю дарогу да кватэры не адпускаў - звычайна гэта яму не ўласціва. Агулам яму цяжэй за ўсіх: сябры засталіся ў Беларусі, плюс такі траўматычны досвед. Першы час нават мог вельмі лёгка пачаць плакаць ці злавацца. А малодшая дачка наадварот: як толькі я прыехала, у яе ўсё стала цудоўна, зноў пачала есці. Сярэдні таксама няблага. Хаця калі мы ляцелі ў самалёце ў Вільнюс, то пазнаёміліся з беларусам, які стараўся яго падтрымаць, маўляў, Літва - такая добрая краіна. І сын кажа: «Можа, яна і добрая, але я зусім туды не збіраўся. Чаму я мушу з'язджаць з нашай кватэры?»
Цяпер Ганна з мужам і дзецьмі рыхтуюць дакументы, каб легалізавацца ў Літве, ужо знайшлі жытло. Праўда, з першым ёсць цяжкасць, кажа суразмоўніца, бо пасля ператрусу сілавікі не пакінулі ніводнай паперы з пацверджаннем «візіту». Таму жанчына звярнулася да былых палітзняволеных, якім пісала і з якімі сябруе дагэтуль, каб яны пацвердзілі яе актыўнасць. І нечакана для сябе сутыкнулася з вялікай хваляй удзячнасці. Некаторыя, кажа яна, нават гатовыя прыехаць і асабіста расказаць Дэпартаменту міграцыі пра Ганну. Такая падтрымка вельмі важная, прызнаецца жанчына, асабліва ўлічваючы не найлепшы эмацыйны стан пасля перажытага.
- Калі толькі прыляцелі сюды, сустрэлася з сяброўкай - і вось мы гуляем, а я адчуваю, нібыта я не тут, нібы гляджу фільм пра сябе, - апісвае жанчына. - А праз тыдзень злавіла сябе на думцы, што стала лягчэй. Плюс муж складана перажываў апошнія месяцы, у яго была тэмпература, запаленне лёгкіх, дзеці потым пахварэлі. А цяпер ужо ўсё прайшло, таму таксама прасцей. Да таго ж пераехалі на арандаваную кватэру. Ужо магу часам паплакаць, а раней такога не было: пасля ператрусу мяне проста замарозіла. Усю трасе, а на вачах ніводнай слязінкі, проста як робат.
«Хацелася б, каб людзі не забывалі, пісалі лісты»
Разважаючы пра планы на будучыню, Ганна падкрэслівае, што хацела б вярнуцца да дапамогі палітвязням. Вядома, не адразу, бо спачатку трэба прыйсці ў сябе, наладзіць побыт: легалізавацца і ўладкаваць дзяцей у школу, а далей «можна і жыць». Але тыя палітвязні, з якімі жанчына патрымлівала сувязь, прызнаваліся: у зняволенні гэтыя лісты і бандэролі адчуваюцца «як глыток паветра» і вельмі каштоўныя. Менавіта таму жанчына не збіраецца спыняцца. Прычым, удакладняе суразмоўніца, усё гэта падтрымлівае не толькі палітзняволеных, але і іх блізкіх, якім важна, каб пра вязняў не забывалі. А яшчэ тых, хто кожны тыдзень ходзіць на пошту ці дапамагае іншым чынам.
- Чалавеку вельмі важна адчуваць, што ён можа на нешта паўплываць, што ад яго штосьці залежыць і ён можа неяк супрацьстаяць злу, - дзеліцца жанчына. - Бо калі проста чытаць навіны, можна адчуць бяссілле, маўляў, усё кепска, усё жах, мы нічога не можам. Так увогуле можна скаціцца ў дэпрэсію. А я, дзякуй богу, атрымлівала аддачу ад людзей, бачыла іх радасць, слёзы. З'яўляўся сэнс [у маім існаванні]. Нават калі мы каля года таму думалі, з'язджаць ці не (у мужа была магчымасць па працы), адной з прычынаў заставацца было тое, што я магла кожны тыдзень дасылаць грашовы перавод і бандэроль, падтрымліваць, казаць, што я побач.
Адзін з палітвязняў, з якімі ліставалася Ганна, так і казаў: яна апошні чалавек, які яму піша, бо «з'ехалі проста ўсе». А сама жанчына заўсёды думала, што магла б у любы момант аказацца на месцы тых, каму дасылае лісты. Ці што гэта мог быць яе муж. Гэта матывавала яе і дапамагаць у мінулым, і вяртацца да дапамогі ў будучыні, калі з'явяцца сілы.
- У такой сітуацыі мне б, вядома, хацелася, каб людзі таксама не забывалі, пісалі лісты. Яшчэ гэта ж Богам дадзенае пачуццё міласэрнасці. Праява любові да бліжняга, дапамагчы яму, не прайсці міма, - лічыць Ганна. - Праз гэта ў выніку і пацярпелі. Шкада, што ў нас цяпер усё дагары нагамі.
Жыць у Беларусі з кожным годам усё страшней: тое, што раней падавалася легальным, праз год могуць назваць «экстрэмісцкім фармаваннем». «Люстэрка» расказвае гісторыі тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіўнай машынай, каб задакументаваць беззаконне і засцерагчы іншых людзей.
Падтрымайце рэдакцыю, каб мы працягнулі казаць аб важным 👇
Станьце патронам «Люстэрка» - незалежнага медыя, якое толькі на сайце штомесяц наведвае больш за 2 мільёны ўнікальных карыстальнікаў.
Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі - так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове - аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне ці аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon - вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.