«Я за ўступленне ў NATO Беларусі, калі яна вызваліцца ад рэжыму Лукашэнкі». Расказваем гісторыю драматурга, які стаў прэзідэнтам
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Ён нарадзіўся ў вельмі багатай сям'і, але застаўся ні з чым, не змог атрымаць нармальнай адукацыі, сядзеў у турме — а потым нечакана для ўсіх стаў прэзідэнтам краіны. Расказваем біяграфію Вацлава Гаўла, які стаў адным з лідараў мірных пратэстаў у Чэхаславакіі, што прывялі да падзення камуністычнага рэжыму ў гэтай краіне, а пазней — да стварэння незалежных Чэхіі і Славакіі.

Гэтым тэкстам мы працягваем наш праект «Вызваліцелі». У ім мы расказваем пра лідараў грамадскіх рухаў з усяго свету, якія змагаліся супраць дыктатураў і перамаглі іх.

Драматург з багатай сям'і

Вацлаў Гавал нарадзіўся ў 1936 годзе ў Празе ў вельмі багатай сям'і: ёй належалі кінастудыя, рэстараны, лясы і дамы ў сталіцы Чэхаславакіі. Пасля Другой сусветнай вайны, у 1948-м, да ўлады ў краіне ў выніку дзяржаўнага перавароту прыйшлі камуністы, якія канфіскавалі ў Гаўлаў іх маёмасць, 12-гадовага Вацлава выключылі са школы.

У выніку юнак скончыў вечаровую гімназію. У гуманітарныя ВНУ яго не бралі, таму Вацлаў у 1955-м паступіў на эканамічны факультэт Пражскага вышэйшага тэхнічнага вучылішча. Асаблівай любові да гэтай сферы ён не адчуваў. Тым больш што акурат у гэты перыяд малады Гавал пачаў выступаць у друку як крытык і пісаць свае першыя п’есы. Таму ён увесь час спрабаваў перавесціся на факультэт кіно Пражскага ўніверсітэта. Урэшце юнак забраў дакументы з вучылішча. Але на гуманітарную спецыяльнасць яго так і не перавялі, а назад ужо не прынялі. У выніку Гаўла забралі ў армію, дзе ён адслужыў два гады ў інжынерных войсках (1957−1959).

Дэмабілізаваўшыся, ён уладкаваўся рабочым сцэны ў Пражскі нацыянальны тэатр (Národní divadlo), а потым перайшоў у «Тэатр на балюстрадзе» (Divadlo Na zábradlí). У апошнім калектыве ў 1963-м паставілі яго першую п’есу — «Вечарынка ў садзе». Яна мела абсурдысцкі характар і расказвала, як чалавек, які імкнецца зрабіць кар’еру, страчвае сваю індывідуальнасць. За ёй рушыла ўслед чорная камедыя «Мемарандум», пародыя на бюракратаў, а таксама п’еса «Павышаная цяжкасць канцэнтрацыі», напісаная ў жанры абсурду.

Вацлав Гавел. 1965 год. Фото: Jaroslav Krejčí, wikimedia.org
Вацлаў Гавал, 1965 год. Фота: Jaroslav Krejčí, wikimedia.org

Гавал завочна атрымаў вышэйшую адукацыю на тэатральным факультэце Акадэміі вышуканых мастацтваў у Празе, а таксама стаў штатным драматургам калектыву. Яго асобныя творы забараняла цэнзура, але Гаўла пачалі ставіць за мяжой.

А ў 1968-м здарылася «Пражская вясна». Да таго часу краіны Усходняй Еўропы, у свой час вызваленыя СССР ад нацыстаў, ужо амаль чвэрць стагоддзя заставаліся пад кантролем Крамля. Першапачаткова да ўлады ў іх звычайна прыходзілі шырокія партыйныя кааліцыі, але партнёраў камуністаў хутка выкідвалі з урадаў. Былі ўсталяваныя аднапартыйныя рэжымы паводле савецкага ўзору.

У далейшым усе спробы ўсходнееўрапейскіх краін сысці на Захад ці хаця б пабудаваць «сацыялізм з чалавечым тварам» блакаваліся сілай. У 1953-м савецкая армія душыла выступленні ў Берліне, у 1956-м увяла войскі ў Венгрыю («Будапешцкая восень»). У 1968-м прыйшла чарга Чэхаславакіі.

«Пражская вясна» і «нармалізацыя»

"Пражская весна". 1968 год. Фото: wikipedia.org
«Пражская вясна», 1968 год. Фота: wikipedia.org

У 1968-м лідарам чэхаславацкай кампартыі стаў Аляксандар Дубчак. Але яго спробы правесці абмежаваныя рэформы, паслабіць цэнзуру, дапусціць да ўлады апанентаў і пабудаваць той самы «сацыялізм з чалавечым тварам» аператыўна спынілі савецкія танкі, якія акупавалі краіну. Дубчака спачатку пакінулі на пасадзе, але праз год адправілі ў адстаўку. Лідарам краіны стаў Густаў Гусак, які праводзіў так званую палітыку «нармалізацыі».

Новыя ўлады аднавілі кантроль над усімі сферамі жыцця.

  • Эканоміка. Падчас «Пражскай вясны» прадпрыемствы атрымалі аўтаномію — падчас «нармалізацыі» ўлады аднавілі цэнтралізаванае планаванне.
  • Замежная палітыка. Чэхаславакія пачала арыентавацца выключна на Савецкі Саюз.
  • Унутраная палітыка. З кіраўніцтва кампартыі прыбралі ўсіх рэфарматараў — наступныя дваццаць гадоў эліта практычна не змянялася. З кампартыі выключылі таксама нелаяльных, якія праз гэта не маглі знайсці працу. Органы дзяржбяспекі, якія ўсталявалі поўны кантроль над грамадствам, сталі гаспадарамі становішча. У Чэхаславакію вярнулася цэнзура, былі закрытыя ўсе апазіцыйныя выданні.

Дзеячы культуры, у тым ліку і Гавал, не маглі і не хацелі мірыцца з гэтым. Будучы прэзідэнт краіны выступіў супраць савецкай акупацыі: падчас уварвання савецкіх войскаў ён выступаў у жывым эфіры на радыёстанцыі «Свабодная Чэхаславакія», пакуль яна не перайшла пад кантроль новых уладаў.

У 1968-м Гавела звольнілі з тэатра, забаранілі ставіць яго п’есы, а яму самому — працаваць у сферы культуры. Ён уладкаваўся на піваварны завод і напісаў пра гэтую гісторыю ў п’есе «Аўдыторыя» — яна распаўсюджвалася ў спісах у самвыдаце.

Наступнае дзесяцігоддзе Гавал выступаў як дысідэнт, крытыкаваў дзеянні ўладаў. Яго п’есы працягвалі ставіцца за мяжой — ганарары за іх дазвалялі драматургу не думаць пра пастаянны пошук грошай. Зразумела, у Чэхаславакіі творы апазіцыйных пісьменнікаў не друкавалі, а выданні, якія выйшлі раней, канфіскавалі з бібліятэк.

У 1975-м ён напісаў адкрыты ліст Густаву Гусаку з пратэстам супраць яго палітыкі, а праз два гады стаў адным з ініцыятараў з’яўлення «Хартыі-77».

«Хартыя» і гады за кратамі

Вацлав Гавел. Фото: Jiří Jiroutek, wikimedia.org
Вацлаў Гавал. Фота: Jiří Jiroutek, wikimedia.org

Непасрэднай падставай для стварэння гэтай ініцыятывы стаў суд над мясцовым рок-гуртом The Plastic People of the Universe — музыкаў абвінавачвалі ў нашэнні доўгіх валасоў і непрыстойнасцях у творах. Але ў цэлым у «Хартыі-77» ішла гаворка пра права на свабоду выказвання свайго меркавання, веру, грамадзянскія правы, атрыманне адукацыі і гэтак далей — тое, што дэкларавалася ўладамі, але не рэалізоўвалася ў Чэхаславакіі. Пазней «Хартыя» стала рухам за грамадзянскія правы ў краіне.

Як адзначалі даследчыкі, «„Хартыя-77“ была створаная ў пачатку 1977-га з падкрэслена неідэалагічнай, праваабарончай праграмай. Хоць ледзь не большасць падпісантаў „Хартыі“ былі актыўнымі ўдзельнікамі Пражскай вясны, непасрэднай сувязі паміж ёю і праграмай рэформаў 1968-га не было. Тым самым „Хартыя“ не стала працягам ідэй рэфарматараў, а зусім новым „праектам“ у новых гістарычных умовах, які заканамерна адсунуў у апазіцыйных колах успаміны пра 1968-ы на другі план».

Яшчэ да з’яўлення «Хартыі» Гаўла затрымалі першы раз — яго пратрымалі без суда ў турме чатыры з паловай месяцы. У 1977-м ён атрымаў 14 месяцаў умоўна, але потым за «напад на дзяржаўнага службоўца падчас выканання апошнім службовых абавязкаў» тэрмін ператварыўся ў рэальны. Праўда, у сакавіку 1978-га дысідэнта адпусцілі на свабоду. Выйшаўшы з турмы, Вацлаў не адышоў ад палітыкі, а стаў адным з заснавальнікаў нелегальнага «Камітэта ў абарону несправядліва пераследаваных». Вынікам стала трэцяе траплянне за краты і тэрмін у чатыры з паловай гады.

«У зняволенні ён захварэў на цяжкае запаленне лёгкіх. Але толькі пасля таго, як тэмпература пераваліла за сорак і Гавал пачаў страчваць прытомнасць, яго перавялі (у кайданках, як небяспечнага злачынца) у турэмны шпіталь. Наколькі небяспечны стан Гаўла, чэкісты хавалі нават ад яго жонкі Вольгі. Але ёй употай паведаміў пра гэта бальнічны персанал. Вольга тут жа забіла трывогу і падняла на ногі сяброў-эмігрантаў у Заходняй Еўропе і Злучаных Штатах. Пратэсты пасыпаліся на ўрад Чэхаславакіі з усіх бакоў. Улады перапалохаліся: і пратэстаў, і таго, што вядомы дысідэнт можа памерці ў зняволенні. І за паўгода да заканчэння тэрміну пакарання яго выпусцілі на волю. Зрэшты, што значыць выпусцілі? Гаўла перавезлі на машыне хуткай дапамогі ў рэанімацыйнае аддзяленне звычайнай бальніцы. Толькі праз месяц ён змог нарэшце вярнуцца дадому», — расказвалі яго біёграфы.

Пазней лісты, напісаныя Гаўлам жонцы падчас зняволення (1979−1983) былі апублікаваныя як «Лісты да Вольгі».

«Аксамітная рэвалюцыя»

Кандидат в президенты Вацлав Гавел машет своим сторонникам с балкона в Праге, 19 декабря 1989. Фото: Reuters
Кандыдат у прэзідэнты Вацлаў Гавал махае сваім прыхільнікам з балкона ў Празе, 19 снежня 1989. Фота: Reuters

У 1988-м у Чэхаславакіі пачаліся першыя — пасля працяглага перапынку — пратэсты. У 1989-м яны працягнуліся. У студзені таго года пражскі суд асудзіў Гаўла на новае турэмнае зняволенне — як і раней, за «падрыўную дзейнасць супраць рэспублікі». Але наступны Новы год ён ужо сустрэў прэзідэнтам краіны.

Гэтаму міжволі паспрыялі самі ўлады. 17 лістапада ў краіне прайшла чарговая студэнцкая дэманстрацыя, брутальна разагнаная сілавікамі. На наступны дзень па краіне папаўзлі чуткі, што ў выніку дзеянняў паліцыі загінуў студэнт Марцін Шмід. Пазней высветлілася, што гэта была інсцэніроўка дзяржбяспекі. Такога чалавека ніколі не існавала — траўмы, несумяшчальныя з жыццём, сімуляваў афіцэр дзяржбяспекі Людвіг Зіфчак. Але тады тая навіна выклікала моцную хвалю пратэстаў.

Чаму спецслужбы пайшлі на такі крок? Бо «забойства» пратэстоўца наўрад ці спыніла б пратэсты — хутчэй, толькі распаліла б іх з яшчэ большай сілай. Існуе дзве версіі. Паводле адной, ліберальнейшая частка партыі хацела зняць кансерватыўную вярхушку. Яшчэ ў 1987-м генеральным сакратаром кампартыі выбралі 65-гадовага Мілаша Якеша. Гусак ж застаўся прэзідэнтам краіны. У выпадку адстаўкі «старцаў» да ўлады прыйшлі б партыйныя рэфарматары. Паводле другой версіі, гаворка ішла пра тое, каб выкарыстаць непазбежнае падзенне рэжыму ў сваіх мэтах і ўвесці ў новую ўладу супрацоўнікаў спецслужбаў і камуністаў, якія сябе не «заплямілі».

Калі верыць першай версіі (да другой мы вернемся крыху пазней), то падзеі выйшлі з-пад кантролю. Праз некалькі дзён на масавыя дэманстрацыі ў Празе выйшла амаль чвэрць мільёна чалавек. Да студэнтаў далучыліся інтэлігенцыя і рабочыя. 24 лістапада Мілаш Якеш і ўвесь склад Палітбюро сышоў у адстаўку. Новым генеральным сакратаром стаў малавядомы Карал Урбанэк. Яго каманда спрабавала дамовіцца з апазіцыяй, перадаўшы ёй чвэрць месцаў у новым урадзе, але тая адмовілася. 28 лістапада кіраўніцтва кампартыі абвясціла пра адмову ад манаполіі на ўладу.

10 снежня Гусак як прэзідэнт прывёў да прысягі ўрад, у якім ужо дамінавала некамуністычная большасць, а сам у той жа дзень сышоў у адстаўку. 29 снежня чэхаславацкі парламент выбраў спікерам лідара «Пражскай вясны» Аляксандра Дубчака, а прэзідэнтам — Вацлава Гаўла.

Апошні стварыў «Грамадзянскі форум» — рух, апазіцыйны камуністычнай партыі — і браў удзел у перамовах пра перадачу ўлады апазіцыі. Як адзначалі даследчыкі, «Людзі „Хартыі“ і сфармавалі ў лістападзе 1989-га ядро „Грамадзянскага форуму“. Барацьба за ўплыў у гэтай арганізацыі ў пачатку снежня ў цэлым скончылася не на карысць былых актывістаў 1968 года».

Вацлав Гавел. 2001 год. Фото: John Mathew Smith, wikimedia.org
Вацлаў Гавал. 2001 год. Фота: John Mathew Smith, wikimedia.org

У краіне панавала эйфарыя, выкліканая перамогай «аксамітнай рэвалюцыі», а новаабраны прэзідэнт 1 студзеня 1990 года звярнуўся да народа:

«Дарагія суграмадзяне! <…> Мяркую, вы абралі мяне на гэтую пасаду не для таго, каб і я таксама вам хлусіў. Нашая краіна не квітнее. Велізарны творчы і духоўны патэнцыял <…> выкарыстоўваецца неразумна. Цэлыя галіны прамысловасці вырабляюць рэчы, на якія няма попыту, у той час як таго, у чым мы маем сапраўдную патрэбу, нам не хапае. <…> Нашая адсталая эканоміка дарэмна траціць энергію, якой у нас і так мала. <…> Мы забрудзілі зямлю, рэкі і лясы, якія дасталіся нам у спадчыну ад продкаў…

Але ўсё гэта яшчэ не самае галоўнае. Горш за ўсё тое, што мы жывём у забруджаным маральным асяроддзі. Мы маральна хворыя, бо прывыклі гаварыць адно, а думаць іншае. Мы навучыліся нічому не верыць, <…> клапаціцца толькі пра саміх сябе. Паняцці „любоў“, „сяброўства“, „спагада“, „пакора“ або „дараванне“ страцілі для нас свой глыбінны сэнс…

Усе мы прывыклі да таталітарнага рэжыму і прынялі яго як нязменную дадзенасць, тым самым па сутнасці яго падтрымліваючы. Іншымі словамі: усе мы (хоць, зразумела, у рознай ступені) адказныя за ход таталітарнай машыны, нікога з нас нельга лічыць толькі яе ахвярай, усе мы адначасова і яе канструктары».

Мы свядома дазволілі сабе такую доўгую цытату, бо яна як ніякая іншая дэманструе погляды Гаўла — мысляра, філосафа, творчага чалавека, але не класічнага палітыка.

Магчыма, гэтай акалічнасцю сапраўды скарысталіся спецслужбы — самы час успомніць пра другую версію па інсцэніроўцы забойства студэнта. Калі Гавал прыйшоў да ўлады, міністрам унутраных справаў краіны стаў хрысціянскі дэмакрат Рыхард Сахер. За першыя паўгода яго працы з архіваў спецслужбаў знікла 15 тысяч асабістых справаў. Толькі ў 2007-м высветлілася, што ён і экс-міністр абароны Міраслаў Вацак былі ў спісах сакрэтнай камуністычнай ваеннай контрразведкі (VKR), якая ўваходзіла ў структуры былой службы дзяржбяспекі StB (чэхаславацкага аналага КДБ). Калі многія былыя камуністы і супрацоўнікі спецслужбаў і праўда спадзяваліся, што пасля перамогі пратэстаў яны не толькі пазбегнуць пераследу, але і ўвойдуць у структуры новай улады, то ім гэта сапраўды ўдалося.

Распад Чэхаславакіі і прэзідэнт новай краіны

Слева направо: Вацлав Гавел, основатель Всемирного экономического форума в Давосе Клаус Шваб и принц Уэльский Чарльз на Всемирном экономическом форуме, 1992 год. Фото: wikipedia.org
Злева направа: Вацлаў Гавал, заснавальнік Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе Клаўс Шваб і прынц Уэльскі Чарлз на Сусветным эканамічным форуме, 1992 год. Фота: wikipedia.org

Вацлаў Гавал займаў сваю пасаду нядоўга. На лютаўскіх выбарах 1990 года ў парламент яго «Грамадзянскі форум» у Чэхіі, а таксама «Грамадскасць супраць гвалту» ў Славакіі набралі большасць галасоў.

Але гэта былі шырокія грамадзянскія рухі. Ужо ў наступным годзе яны распаліся на шэраг партый. У Чэхіі галоўнай палітычнай сілай стала «Грамадзянская дэмакратычная партыя» на чале з Вацлавам Клаўсам, у Славакіі — «Рух за дэмакратычную Славакію» Уладзіміра Меч’яра. Кожная з гэтых сіл па-свойму ўяўляла будучыню краіны. Да прыкладу, славакі прапанавалі ператварыць федэрацыю ў эканамічны і абарончы саюз, ад чаго чэхі адмовіліся.

Да таго часу Дубчак загінуў ад наступстваў аўтакатастрофы, а намаганняў аднаго Гаўла, які выступаў за адзінства краіны, было недастаткова. У ліпені 1992-га — пасля таго як славакі апублікавалі сваю Дэкларацыю незалежнасці, а дэпутаты з гэтай краіны не сталі галасаваць за яго кандыдатуру пры пераабранні на пасаду прэзідэнта — ён сышоў у адстаўку, не жадаючы ўдзельнічаць у распадзе Чэхаславакіі. Пра падзел краіны на дзве часткі кіраўнікі ўрадаў дамовіліся без яго — 1 студзеня 1993-га на сусветнай карце з’явіліся дзве новыя дзяржавы: Чэхія і Славакія.

Але ў тым самым месяцы ў незалежнай Чэхіі прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх святкаваў Гавал. Рэальная ж улада належала прэм’еру Вацлаву Клаўсу, пад кіраўніцтвам якога прайшлі ўдалыя эканамічныя рэформы.

Гавал пры гэтым застаўся маральным лідарам Чэхіі. На гэтай пасадзе ён мог дазволіць сабе больш, чым класічныя палітыкі. Так, прэзідэнт афіцыйна і публічна выбачыўся перад судэцкімі немцамі, якія пасля вайны былі дэпартаваныя з Чэхаславакіі. У адрозненне ад многіх кіраўнікоў, якія не хацелі ўскладняць адносіны з Кітаем, ён сустрэўся з Далай-Ламам — духоўным лідарам Тыбета, захопленага КНР сілай. Хоць некаторыя яго дзеянні крытыкаваліся. Напрыклад, масавая амністыя, праведзеная ў пачатку 1990-га, выклікала рэзкі рост злачынстваў у краіне.

Але галоўнае, што Гавал, будучы вядомым ва ўсім свеце, зрабіў многае, каб Чэхаславакія, а затым і Чэхія ўспрымалася як частка Еўропы.

З сярэдзіны 1990-х палітык часта хварэў. У 1997-м яму выдалілі частку левага лёгкага — прэзідэнт быў заўзятым курцом. У 1998-м ён перанёс тэрміновую аперацыю ў клініцы Інсбрука. Але ўсё ж Гавал знаходзіўся на сваёй пасадзе два тэрміны і сышоў з яе толькі ў 2003-м, застаўшыся маральным аўтарытэтам для многіх чэхаў.

У адстаўцы

Дагмар Гавлова. Фото: Reuters
Дагмар Гаўлава, другая жонка Гаўла. Фота: Reuters

Сышоўшы ў адстаўку, Гавал вярнуўся да творчасці. Ён напісаў п’есу «Сыход», якая была пастаўленая ў 2008-м, і зняў паводле яе фільм — гэта быў яго дэбют як рэжысёра. У гэтым фільме здымалася яго другая жонка — Дагмар Гаўлава (першая жонка памерла ад раку). Да замужжа акторка, вядомая пад дзявочым прозвішчам Вешкрнава, здымалася ў кіно і серыялах і грала ў тэатры «На Вінаградах», але, выйшаўшы замуж, пакінула ўсе свае праекты дзеля ролі першай лэдзі. А пасля адстаўкі мужа зноў вярнулася ў прафесію.

Сышоўшы ў адстаўку, Гавал працягваў выказвацца на палітычныя тэмы. На пенсіі ён застаўся на антыкамуністычных пазіцыях. У 2008-м экс-прэзідэнт заявіў, што Расія імкнецца ўцягнуць навакольныя краіны ў зону свайго ўплыву і ажыццяўляе «акупацыю, якая можа мець розныя формы: ваенную, як <…> у Грузіі, але таксама эканамічную і палітычную». На яго думку, адна з галоўных небяспек для Захаду ідзе ад палітыкі папушчальніцтва і саступак. Варта «быць пільнымі і не даваць сябе запалохваць», лічыў Гавал.

У яго не было ніякіх ілюзій наконт расійскай улады. «Праблема ў дэградацыі палітычнага жыцця, уціску любых формаў апазіцыі, нездаровага саюза паміж аўтарытарнай уладай і эканамічнымі мафіямі», — адзначаў ён у тым інтэрв'ю. У тым самым годзе, выступаючы на міжнародным форуме ў Празе, ён назваў урады Расіі і Беларусі аўтарытарнымі рэжымамі.

У гады свайго прэзідэнцтва палітык актыўна выступаў за пашырэнне NATO на ўсход. Пасля адстаўкі ён не адмовіўся ад сваіх сваіх поглядаў: «Я за ўступленне ў NATO Украіны, Грузіі і нават Беларусі, калі яна вызваліцца ад рэжыму Лукашэнкі». «Альянс — гэта сфармаваная структура з моцнымі каштоўнасцямі і выразнымі геаграфічнымі межамі, і прыём новых чальцоў мусіць адпавядаць яго ўнутранай логіцы і жаданню саюзнікаў», — дадаваў Гавал.

Перед домом Гавела в Праге. 2011 год. Фото: Reuters
Перад домам Гаўла ў Празе, 2011 год. Фота: Reuters

За два гады да гэтага ён сустракаўся з тагачасным лідарам беларускай апазіцыі Аляксандрам Мілінкевічам і заявіў, што стане побач з ім, «каб абараніць незалежнасць Беларусі, калі ёй будзе пагражаць рэальная небяспека».

У апошнія гады жыцця Гавал пакутаваў на хранічны бранхіт, перанёс некалькі складаных аперацый на лёгкіх і кішэчніку. У снежні 2011-га яго шпіталізавалі з прычыны вострых праблем з дыханнем. 18 снежня ён памёр, пражыўшы 75 гадоў.

У гісторыі Гавал застаўся прыкладам змагара за свабоду, які здолеў сумясціць творчасць і кіраўніцтва краінай — менавіта дзякуючы Вацлаву яна стала дэмакратычнай дзяржавай.