На чэмпіянаце свету па футболе не згуляе, магчыма, найлепшы форвард планеты. Расказваем, хто яшчэ з зорак прапусціць ЧС
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Чэмпіянат свету па футболе ў Катары пачнецца ўжо 20 лістапада. Але многія зоркі сусветнай велічыні прапусцяць турнір. Прычым не толькі праз тое, што іх зборныя не адабраліся на планетарнае першынства, але і з іншых прычынаў. Зрабілі падборку самых яркіх, на нашую думку, гульцоў, якія будуць сачыць за ЧС збоку.

Серхіа Рамас — Іспанія

Серхио Рамос во время матча Лиги высшей лиги Франции между "Пари Сен-Жермен" и "ESTAC Troyes" в Париже, Франция, 29 октября 2022 года. Фото: Reuters
Серхіа Рамас падчас матча чэмпіянату Францыі паміж ПСЖ і «Труа», 29 кастрычніка 2022 года. Фота: Reuters

Легенда мадрыдскага «Рэала» і іспанскага футбола. Рамас выступаў за «каралеўскі» клуб з 2005 па 2021 год. Пяць разоў выйграваў чэмпіянат Іспаніі, чатыры разы — Лігу чэмпіёнаў. Акрамя профільных абавязкаў цэнтральнага абаронцы Серхіа паспяваў і забіваць галы. Напрыклад, на яго рахунку мяч у браму «Атлетыка» на 93-й хвіліне ў фінале ЛЧ-2014 — дзякуючы Рамасу «Рэал» тады зраўняў лік, а потым даціснуў апанента ў дадатковы час.

Летам 2021 года гулец перайшоў на правах вольнага агента ў ПСЖ. Але праз траўму першы сезон у Парыжы атрымаўся скамечаным — усяго 12 матчаў у чэмпіянаце Францыі. Цяпер Рамас набраў форму, пастаянна выходзіць на поле, але, мабыць, трэнерскі штаб зборнай вырашыў зрабіць стаўку на маладзейшых гульцоў. Усё-такі Серхіа ўжо 36 гадоў.

За зборную ён выступаў на чатырох чэмпіянатах свету і трох чэмпіянатах Еўропы. Пераможца ЧС-2010, ЧЕ-2008 і ЧЕ-2012.

— Чэмпіянат свету ў Катары? Вядома, гэта была адна з тых мараў, якія я хацеў рэалізаваць. Гэта быў бы мой пяты ЧС, але, на жаль, мне давядзецца глядзець яго дома. Гэта цяжка, але сонца ўсё роўна ўстае кожны новы дзень, — напісаў Рамас у сваім інстаграме.

Раберта Фірміна — Бразілія

Роберто Фирмино из «Ливерпуля» борется за мяч с Эдсоном Альваресом из «Аякса» во время матча группы А Лиги чемпионов УЕФА между амстердамским «Аяксом» и «Ливерпулем» на стадионе «Йохан Кройф Арена» в Амстердаме, Нидерланды, 26 октября 2022 года. Фото: Reu
Раберта Фірміна змагаецца за мяч з Эдсанам Альварэсам з «Аякса» ў матчы Лігі чэмпіёнаў, 26 кастрычніка 2022 года. Фота: Reuters

Вінгер «Ліверпуля» маладзейшы за Рамаса (31 год), але і яго не ўключылі ў заяўку на турнір. Хоць наконт праблемаў са здароўем у зоркі «чырвоных» нічога не паведамлялася.

Фірміна выступае за «Ліверпуль» з лета 2015 года. Чэмпіён Англіі-2019/2020, пераможца Лігі чэмпіёнаў-2018/19. У складзе зборнай выйграваў у 2019-м Кубак Амерыкі, а праз два гады стаў з ёю на гэтым турніры другім.

— Я быў шакаваны, калі шчыра. Ён заслугоўваў таго, каб паехаць. Гэта паказвае, што зборная Бразіліі неймаверна моцная і таленавітая, раз можа дазволіць сабе не ўзяць такога футбаліста. Гэта вар’яцтва, — пракаментаваў нетраплянне Раберта ў заяўку галоўны трэнер «Ліверпуля» Юрген Клоп.

А вось як адрэагаваў сам Фірміна:

— Чэмпіянат свету — мара кожнага гульца. Я — не выключэнне. Учора [пры абвяшчэнні складу] усё склалася не так, як я сабе ўяўляў або марыў, але я магу азірнуцца назад і сказаць, што ў сваім сэрцы я ўдзячны Богу за тое, што ён дазволіў мне жыць гэтай марай, як і многім іншым.

У гэтым сезоне на рахунку бразільца сем забітых мячоў і тры галявыя перадачы ў 13 паядынках англійскай Прэм’ер-лігі, а таксама 2+1 у шасці матчах Лігі чэмпіёнаў.

Сад’ё Манэ — Сенегал

Садио Мане во время матча Лиги Чемпионов Байер (Мюнхен) против Интера (Милан) в Мюнхене, Германия, 1 ноября 2022 года. Фото: Reuters
Прарыў Сад'ё Манэ ў гульні Лігі чэмпіёнаў «Баварыя» — «Інтэр», 1 лістапада 2022 года. Фота: Reuters

30-гадовы футбаліст «Баварыі» быў траўмаваны 8 лістапада ў матчы чэмпіянату Германіі з «Вердэрам» і быў заменены ў першым тайме. На наступны дзень паведамлялася, што сенегалец выбыў на некалькі тыдняў і прапусціць чэмпіянат свету. Аднак Манэ ўсё ж трапіў у выніковую заяўку каманды. І хоць генеральны сакратар ФІФА Фатма Самура сур’езна разлічвае, што вінгеру вярнуцца ў строй дапамогуць шаманы, з’яўленне гульца на полі ў Катары амаль выключанае.

Манэ — легенда Сенегала. Футбаліст прэзентаваў краіну на Алімпіядзе-2012, Чэмпіянаце свету-2018. Выйграў з камандай першае ў гісторыі краіны золата Кубка афрыканскіх нацый у 2021-м і заваяваў срэбра за два гады да гэтага.

На клубным узроўні найбольшую вядомасць атрымаў у «Ліверпулі», куды перайшоў летам 2016-га. Доўгія гады быў у трыа атакі «чырвоных» разам з Фірміна і Салахам. У чэмпіянаце Англіі-2018/19 нават забіў з Салахам аднолькавую колькасць мячоў — па 22, падзяліўшы званне найлепшага бамбардзіра. У 2022-м заняў другое месца ў намінацыі на «Залаты мяч» (штогадовая прэмія найлепшаму футбалісту свету), саступіўшы толькі Карыму Бензема.

Улетку 2022 года перайшоў у «Баварыю». У яго шэсць галоў і тры асісты ў 14 матчах чэмпіянату Германіі ў гэтым сезоне. Таксама Сад’ё тройчы забіваў у цяперашнім розыгрышы Лігі чэмпіёнаў, у тым ліку «Барселоне».

Махамед Салах — Егіпет

Мохаммед Салах во время матча Лиги чемпионов Ливерпуль против Наполи в Ливерпуле, Великобритания, 1 ноября 2022 года. Фото: Reuters
Махамед Салах (злева) радуецца голу ў браму «Напалі» ў Лізе чэмпіёнаў, 1 лістапада 2022 года. Фота: Reuters

Яшчэ адзін футбаліст «Ліверпуля» і нядаўні партнёр Манэ па камандзе. У яго выпадку з пралётам міма Катара ўсё празаічна — Егіпет не адабраўся на чэмпіянат свету.

У стыкавых матчах зборная Салаха прайграла менавіта Сенегалу. Лёс пуцёўкі на ЧС вырашыўся ў серыі пенальці. Махамед не трапіў у браму, а Егіпет саступіў. Прычым падчас выканання ўдару Салаху свяцілі лазерам у вочы. Цікава, што менавіта па пенальці Сенегал перамог егіпцян і ў фінале Кубка Афрыкі-2021.

30-гадовы Салах гуляе за «Ліверпуль» з лета 2017 года. У Прэм’ер-лізе забіў 124 галы ў 194 матчах, з якіх шэсць былі ў цяперашнім чэмпіянаце. Як і Фірміна з Манэ, форвард з Егіпта — пераможца Лігі чэмпіёнаў-2018/19 і чэмпіён Англіі-2019/2020. У сезоне 2017/18 накалаціў у Прэм’ер-лізе 32 мячы ў 36 матчах, апярэдзіўшы ўсіх у спрэчцы за званне найлепшага бамбардзіра.

Сваю нацыянальную зборную форвард двойчы выводзіў у фінал Кубка Афрыкі. Прайграны па пенальці матч мы ўжо згадалі. А ў 2017-м Егіпет саступіў у вырашальным паядынку Камеруну — 1:2.

Таксама Салах — удзельнік Алімпіяды-2012 і Чэмпіянату свету-2018. Дарэчы, на Гульнях у Лондане Егіпет быў у адной групе з Беларуссю. У вырашальным матчы за выхад у плэй-оф афрыканцы перамаглі нашую каманду (3:1), а Салах адкрыў лік.

Марка Ройс — Германія

"Боруссия" Дортмунд - "Шальке-04". Марко Ройс получает очередную травму, 17 сентября 2022 года. Фото: REUTERS/Thilo Schmuelgen
«Барусія» Дортмунд — «Шальке-04». Марка Ройс атрымлівае чарговую траўму, 17 верасня 2022 года. Фота: Reuters/Thilo Schmuelgen

Мабыць, галоўны няўдачнік сусветнага футбола. Падрабязна пра 33-гадовую зорку дортмундскай «Барусіі» мы расказвалі тут. Толькі сцісла нагадаем пра яго пакуты.

У таварыскім матчы з Арменіяй за шэсць дзён да старту Чэмпіянату свету-2014, які Германія выйграла, Марка падвярнуў нагу. У траўні 2016 года атрымаў траўму пахвіны, выбыў на паўгода і не паехаў на чэмпіянат Еўропы. На ЧЕ-2020, які праз каранавірус быў перанесены на 2021 год, футбаліст не згуляў, спаслаўшыся на стомленасць пасля сезона. І вось пропуск новага топ-турніру. Магчыма, апошняга ў кар’еры Ройса.

17 верасня ў матчы чэмпіянату Германіі паміж дортмундскай «Барусіяй» і «Шальке 04» футбаліст быў заменены на 32-й хвіліне і пакінуў поле на насілках. Чарговая траўма галенастопа прымусіла паўабаронцу аднаўляцца некалькі тыдняў. У матчы з «Уніянам» (16 кастрычніка) ён вярнуўся на поле ў пачатку другога тайма. Аднак пасля гульні адчуў дыскамфорт. Новая спроба праверыць свае сілы была зробленая 5 лістапада ў матчы з «Бохумам». Але пасля фінальнага свістка Марка зразумеў, што не гатовы гуляць на чэмпіянаце свету.

— Хацелася б падзяліцца з вамі больш прыемнымі навінамі, але, на жаль, нічога не зменіш. І я, і ўсе астатнія мусяць гэта прыняць. Мая вялікая мара, на жаль, разбітая! — напісаў Ройс.

Нагадаем, што ён тройчы прызнаваўся найлепшым гульцом сезона ў Бундэслізе (2011/12, 2013/14, 2018/19), двойчы — футбалістам года ў Германіі (2012, 2019).

Эрлінг Холан — Нарвегія

Эрлинг Холлан во время матча Манчестер Сити против Фулхэма, Манчестер, Великобритания, 5 ноября 2022 года. Фото: Reuters
Эрлінг Холан пасля гола ў матчы «Манчэстэр Сіці» — «Фулхэм», 5 лістапада 2022 года. Фота: Reuters

Ці не найлепшы форвард сучаснага футбола. Сапраўдная машына па вытворчасці галоў, хоць нарвежцу ўсяго 22 гады.

Улетку ён папоўніў шэрагі «Манчэстэр Сіці» і вельмі рэдка сыходзіць з поля без забітага мяча. Так, у Холана ўжо 13 галоў у 18 матчах Прэм’ер-лігі, а таксама пяць мячоў у чатырох гульнях Лігі чэмпіёнаў. У дортмундскай «Барусіі», адкуль Эрлінг перабраўся ў Англію за 75 мільёнаў еўра, форвард вызначыўся 86 разоў у 89 матчах ва ўсіх турнірах.

За зборную Нарвегіі Холан забіў 21 гол у 23 матчах. Цікава, што ён нарадзіўся ў Лідсе (бацька Эрлінга, Альф-Інге, таксама быў футбалістам, гуляў за «Нотынгем Форэст», «Лідс Юнайтэд» і ўсё той жа «Манчэстэр Сіці»), але ў раннім дзяцінстве яго сям’я вярнулася на гістарычную радзіму.

— Я жыў у Англіі тры з паловай ці чатыры гады, а ў Нарвегіі — значна даўжэй. Так што выбар на карысць Нарвегіі быў для мяне натуральным. Не ведаю, як бы ўсё склалася, калі б мой тата гуляў у Англіі даўжэй. Магчыма, тады я б стаў англічанінам! Але я нарвежац і ганаруся гэтым, — заявіў форвард.

На чэмпіянат свету ў Катары скандынавы не трапілі. Яны занялі трэцяе месца ў сваёй групе ў рамках адборачнага турніру, прапусціўшы наперад Нідэрланды і Турцыю.

— Я амаль упэўнены, што яму спадабалася б стаць удзельнікам чэмпіянату свету. Магчыма, ён будзе на наступным мундыялі або на Еўра. У Холана ёсць дом у Марбельі, куды ён паедзе [на час перапынку ў чэмпіянаце Англіі] і будзе гуляць у гольф. Спадзяюся, ён не будзе шмат піць і есці і вернецца ў добрай форме, — сказаў галоўны трэнер «Манчэстэр Сіці» Пеп Гвардыёла.