Опубликовано 12 студзеня 2023 у 10.08
Адрес в интернете: https://zerkal0-view.online/news/cellar/30210.html    

Дар'я Домрачава дала інтэрв'ю часопісу НАК Беларусі — выказалася пра вайну, трэнерскую працу і сваё жыццё ў Манака

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, знакамітая беларуская біятланістка Дар’я Домрачава дала інтэрв'ю, у якім выказалася і пра вайну ва Украіне. Яе словы прыводзіць часопіс НАК Беларусі.

Дар'я Домрачава. Фота: TUT.BY

— Я, як і многія, знаходжуся ў здзіўленні ад таго, што ў нашыя дні вядуцца рэальныя ваенныя дзеянні, але, як і раней, лічу, што адхіленне спартоўцаў ад гонак ніякім станоўчым чынам не ўплывае на вырашэнне канфлікту. Сёння спорт уцягнулі ў палітыку. Я ж хачу бачыць спорт, свабодны ад палітыкі. Спорт — гэта выдатна. Палітыка, на маю думку, — не вельмі. Я ўпэўненая, што многія спартоўцы стаміліся ўжо ад гэтай тэматыкі вакол іх. Спорт мусіць аб’ядноўваць, а не наадварот, — заявіла Домрачава.

Нагадаем, што прыкладна ў такім жа духу біятланістка выказалася 22 сакавіка мінулага года:

— Я лічу абсалютна наіўным меркаваць, што адхіленне беларускіх і расійскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў дапаможа вырашэнню ваеннага канфлікту. На маю думку, такія меры толькі спрыяюць распальванню варожасці сярод людзей.

Разам са сваімі мужам, нарвежцам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам, Домрачава з восені 2019 года працавала са зборнай Кітая па біятлоне. Муж і жонка рыхтавалі азіяцкую каманду да Алімпіяды-2022 у Пекіне. На Гульнях кітайцы былі далёкія ад медалёў, і Домрачава з Б’ёрндаленам пакінулі зборную.

— Мы задаволеныя праведзенай у Кітаі працай, хоць і не дасягнулі пастаўленых перад сабой мэтаў. Разумеем, што ў спартоўцаў былі ўсе шанцы дамагчыся вышэйшых вынікаў пры стабільнай працы без мноства незапланаваных збояў. Паўтара года без спаборніцтваў для спартоўцаў узроўню кітайскай зборнай былі вельмі адчувальныя ў выніках усёй падрыхтоўкі, — ацаніла Дар’я гэты перыяд.

Таксама Домрачава расказала, што жыве ў Манака, дзе яе дачка Ксенія пайшла ў школу. Апошні раз сям’я была ў Беларусі восенню мінулага года. Найбліжэйшым часам, мяркуючы па ўсім, Дар’я не збіраецца працаваць.

— Сёння школьны расклад дачкі да многага абавязвае, а прафесія трэнера, як вы ведаеце, звязаная з частымі раз’ездамі. Мне хочацца аддаць больш часу інтарэсам Ксюшы, так што на найбліжэйшы год я не стаўлю перад сабой прафесійных задач. Але займаюся адукацыяй, вучуся па спецыяльнасці «дыеталогія і нутрыцыялогія», — сказала Домрачава.

Паводле словаў Дар'і, яна завяршыла кар’еру «ў самы прыдатны момант».

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO