«Патрыятычнае выхаванне трэба пачынаць менавіта з ранняга, дашкольнага ўзросту. І хоць хтосьці кажа, што ў 3−4 гады яшчэ рана, а я лічу, што не рана», — заяўляла яшчэ ў красавіку гэтага года кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Сама па сабе ідэя выхавання патрыётаў, вядома, правільная, вось толькі падчас яе рэалізацыі што да школьнікаў улады ў асноўным робяць стаўку на армію і мілітарысцкую ідэалогію. Толькі ў Мінску колькасць ваенна-патрыятычных клубаў для дзяцей вырасла ў два разы. У сувязі з гэтым успомнілі, як падобным чынам выхоўвалі дзяцей і падлеткаў у Трэцім Рэйху і чым усё гэта скончылася.
Ад моладзевай арганізацыі — да масавага руху
1918 год — вяха ў гісторыі Германіі. У выніку Першай сусветнай вайны гэтая краіна страціла 10% насельніцтва і 13% тэрыторыі, а таксама свае калоніі. Берлін і яго саюзнікаў абвясцілі вінаватымі ў канфлікце (што было справядліва толькі часткова). Краіна мусіла выплачваць рэпарацыі. У грамадстве панавалі настроі рэваншу, была папулярнай легенда пра «ўдар нажом у спіну» (нібыта імкненне Германіі да сусветнай гегемоніі абрынулася не з прычыны няздзейсненасці гэтай мары, а праз здраду купкі ўнутраных ворагаў — у прыватнасці, габрэяў).
У дадатак знікла Германская імперыя. Веймарская рэспубліка (так гісторыкі называлі палітычны рэжым, які існаваў у 1918−1933 гадах), якая ўзнікла на яе месцы, аказалася нестабільнай. Частка грамадства адчувала патрэбу ў «цвёрдай руцэ», якая дапамагла б вырашыць усе праблемы. Альтэрнатываў фактычна было дзве: камуністы і нацысты.

Першыя — Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя (НСДАП) на чале з Адольфам Гітлерам — з’явіліся на свет яшчэ ў 1920-м. Ужо праз два гады яны стварылі ў Мюнхене сваю першую моладзевую арганізацыю — Jugendbund der NSDAP (з нямецкай — «Саюз моладзі НСДАП»). У цэлым у гэтым не было нічога дзіўнага, такія структуры былі тыповымі як для Германскай імперыі, так і для Веймарскай рэспублікі. Але пра тое, у што можна ператварыць бяскрыўдную на першы погляд моладзевую арганізацыю, не здагадваўся яшчэ ніхто.
У той час, у першай палове дваццатых, здавалася, што пагроза прыходу да ўлады ў Германіі радыкалаў ліквідаваная. Яшчэ раней, у 1919-м, правалілася спроба камуністаў стварыць Баварскую савецкую рэспубліку, якая праіснавала нядоўга. У 1923-м быў задушаны нацысцкі «Піўны путч» у Мюнхене. Пасля гэтага і самі нацысты, і іх моладзевыя арганізацыі часова сышлі ў падполле, але ўжо ў 1924-м пачалі адраджацца. Прайшоўшы некалькі пераназыванняў і рэструктурызацый, нацысцкая моладзевая арганізацыя ў ліпені 1926-га атрымала канчатковую і вядомую ўсім назву Hitlerjugend (гітлерюгенд, даслоўна перакладаецца «Саюз Гітлера» або «Арганізацыя Гітлера»). Першапачаткова ў яе запісаліся 700 хлопчыкаў. Апошняе важна: туды спачатку бралі менавіта хлопцаў — паралельна існаваў Саюз нямецкіх дзяўчат.
У наступныя шэсць гадоў Гітлерюгенд падпарадкоўваўся СА (літаральны пераклад — «штурмавыя атрады», яны ствараліся з 1921 года з ліку былых вайскоўцаў для запалохвання праціўнікаў нацыстаў). У 1932 годзе ў СА ўваходзіла 400 тысяч немцаў, а на момант захопу ўлады Гітлерам у пачатку 1933 года сумарная колькасць чальцоў САнабліжалася да двух мільёнаў чалавек — то-бок у 20 разоў больш, чым магла, паводле Версальскай мірнай дамовы, налічваць рэгулярная нямецкая армія.

У падначаленні СА была свая логіка — моладзь адкрыта і цынічна выкарыстоўвалі для захопу ўлады, таму прымалі ў Гітлерюгенд толькі старэйшых за 14 гадоў. Яны ўвесь час удзельнічалі ў маршах НСДАП, а таксама іх бойках з праціўнікамі. Часта тыя заканчваліся крывёю.
У апошнія два гады перад прыходам нацыстаў да ўлады загінула больш чым 20 падлеткаў, якія былі ў гітлерюгендзе. Самай рэзананснай стала гібель у Берліне ў 1932-м 15-гадовага Герберта Норкуса. Калі ён разам з сябрамі раздаваў улёткі, на іх напалі іх равеснікі-камуністы. Юныя нацысты кінуліся бегчы, але Герберта дагналі і некалькі разоў ударылі нажом, пасля чаго ён памёр ад страты крыві. У нацысцкай Германіі яго абвясцілі пакутнікам, у гонар яго называлі вуліцы і плошчы, а сам ён стаў адным з сімвалаў руху.
Сам гітлерюгенд тым часам рос. У 1930-м яго колькасць складала ўжо 20 тысяч (нагадаем, за чатыры гады да гэтага — усяго 700). Гэта адлюстроўвала агульную зацікаўленасць немцаў Гітлерам, нацыстамі і іх ідэалогіяй. Сусветны эканамічны крызіс (1929−1933) прывёў да рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця і масавага беспрацоўя. У гэтых умовах стала запатрабаванай дэмагагічная палітыка фюрэра, які абяцаў хуткае рашэнне ўсіх эканамічных праблем, выразна называў «вінаватых» (імі, на яго думку, перш за ўсё былі габрэі) і ставіў сваёй мэтай перагляд вынікаў Першай сусветнай. У 1930-м НСДАП атрымала 19,3% на выбарах у парламент, сфармаваўшы другую па колькасці фракцыю і стаўшы рэальнай палітычнай сілай.

У наступным годзе гітлерюгенд атрымаў новага кіраўніка, Бальдура фон Шыраха. Менавіта за ім арганізацыя ўвайшла ў 1933-ы, калі нацысты спачатку перамаглі на выбарах і сфармавалі ўрад, а потым ажыццявілі дзяржаўны пераварот і ўсталявалі сваю дыктатуру.
У гітлерюгендзе — уся моладзь
На момант прыходу нацыстаў да ўлады ў студзені 1933 года колькасць чальцоў гітлерюгенда складала ўжо каля 100 тысяч. У канцы таго года яно перавысіла 2 мільёны (30% нямецкіх падлеткаў ва ўзросце 10−18 гадоў). У 1937-м складала 5,4 мільёна (65%). У 1940-м — ужо 7,2 мільёна (82%). Якраз у тым годзе фон Шыраха перавялі на пасаду гаўляйтара Вены. Яго пераемнікам стаў Артур Аксман, які ўзначальваў арганізацыю да яе забароны. Дарэчы, ён заставаўся ў бункеры Гітлера да апошніх дзён фюрэра і потым расказаў на допытах пра самагубства правадыра і яго жонкі Евы Браўн.

Як стаў магчымы такі хуткі рост арганізацыі? Прыйшоўшы да ўлады, нацысты пачалі праводзіць уніфікацыю ва ўсіх сферах. У тым ліку і ў моладзевай палітыцы. Пасля таго як усе палітычныя партыі былі распушчаныя (і засталася толькі адна НСДАП), кіраўніцтва гітлерюгенда марыла паўтарыць гэты шлях.
У красавіку 1933 года актывісты гітлерюгенда напалі на берлінскае бюро «Імперскага камітэта нямецкага моладзевага руху». Яны захапілі памяшканні, учынілі там пагром і захапілі картатэку з інфармацыяй пра чальцоў — потым гэта спатрэбілася для разгрому ўсіх альтэрнатыўных моладзевых рухаў. У наступныя гады Шырах і яго падначаленыя распусцілі іх, прымушаючы ліквідавацца або далучыцца да гітлерюгенда. Для гэтага не грэбавалі ціскам. Напрыклад, дзецям, якія не жадалі ўступаць у арганізацыю, прапаноўвалася пісьмова растлумачыць прычыну, а таксама пазначыць месца працы бацькі і імя яго працадаўцы. Зразумела, гэта прыводзіла толькі да рэпрэсій у дачыненні да апазіцыйна настроеных бацькоў.
Канкрэтны прыклад прыводзіў у размове з TUT.BY немец Паўль Зюдмаер. Яго бацька не пускаў хлопчыка на сходы гітлерюгенда. Тады па дзіця прыехаў на ровары кіраўнік іх тэрытарыяльнай арганізацыі ва ўніформе. Зюдмаер-старэйшы прагнаў нацыста са словамі: «Ідзі адсюль, ідыёт! Дзіця мусіць працаваць, а не глупствам займацца». Пасля гэтага яму давялося пазнаёміцца з таемнай дзяржаўнай паліцыяй — гестапа.

У снежні 1936 года з’явіўся «закон пра гітлерюгенд», які абвяшчаў, што «ўся нямецкая моладзь на тэрыторыі Рэйха аб’ядноўваецца ў гітлерюгенд». Фактычна была зафіксаваная манаполія гэтай арганізацыі на моладзевую палітыку. У 1939-м з’явіўся дэкрэт «Пра абавязковую моладзевую службу», згодна з якім сяброўства ў арганізацыі стала абавязковым. Пасля гэтага ў гітлерюгенд ўвайшла практычна ўся моладзь краіны.
Гэта цалкам адпавядала імкненню нацыстаў залучыць у супрацоўніцтва ўсё насельніцтва. У нацысцкай партыі было каля 12% насельніцтва Германіі (каля 8,5 млн). Яшчэ каля 10 млн знаходзілася ў «далучаных» арганізацыях: СА, працоўным фронце, гітлерюгендзе і іншых. Ухіліцца ад супрацоўніцтва з рэжымам было практычна немагчыма.
Кажучы пра рост колькасці чальцоў гітлерюгенда важна не забываць яшчэ пра некалькі аспектаў. Першы — адсутнасць якіх-кольвек альтэрнатываў для моладзі пасля закрыцця канкурэнтаў. Другі — які палохае найбольш — добраахвотнае ўступленне туды многіх школьнікаў. Гэта можна растлумачыць эфектыўнай прапагандай і нават элементам масавага псіхозу.
«Нам падабалася гэта. Мы хацелі зрабіць свой унёсак. Таямнічая сіла цягнула нас да калонаў, што маршыравалі пад трапяткімі сцягамі. Мы глядзелі толькі наперад. Людзі спявалі і адбівалі барабанны пошчак. Хіба гэтае яднанне, гэтая супольнасць не былі цудам?» — успамінала адна з удзельніцаў гэтай арганізацыі. «У песнях, якія мы спявалі, і вершах, якія мы чыталі, свет уяўляўся чыстым, светлым і зіхоткім, Сонца і зямля належалі нам, і заўтра ўвесь свет мусіў стаць такім самым», — казаў іншы.
Падрыхтоўка будучых салдат і прыхільнікаў фюрэра
У комплексе гэта прывяло да татальнага дамінавання арганізацыі ў жыцці падлеткаў з 10 да 18 гадоў. Дзеці менавіта такога ўзросту прымаліся ў гітлерюгенд пасля таго, як нацысты захапілі ўладу. Цырымонія прыёму была ўрачыстай і праходзіла 20 красавіка, у дзень нараджэння Гітлера. Прынятыя траплялі ў першую групу — юнгфольк («народная моладзь»). У 14 гадоў пасля аналагічнай паводле маштабу цырымоніі яны траплялі ў старэйшую групу — уласна гітлерюгенд. Такое ж ўзроставае дзяленне існавала і ў дзяўчат: з 10 да 14 гадоў — юнгмедэльбунд, то-бок «саюз дзяўчат», з 14 да 18 — Саюз нямецкіх дзяўчат.
Як адзначала даследчыца Вольга Германава, у дзейнасці гітлерюгенда можна вылучыць два асноўныя напрамкі: фізічны і ідэалагічны.

Першы меў адкрыта мілітарысцкі характар. Нароўні са спартыўнымі практыкаваннямі праходзілі страявыя і тактычныя заняткі. «Маршыраванне, крычалкі, практыкаванні, якія доўжыліся гадзінамі, мусілі выхоўваць у дзецях салдацкую дысцыпліну. Армія Германіі ў будучыні атрымала гатовых салдат. Дзяўчаты таксама былі ўключаныя ў гітлераўскі рух. Актыўна прапагандаваны ідэальны тып дзяўчыны — гэта жанчына-спадарожніца, паплечніца мужчыны-змагара, якая дапамагае яму ў яго дзеяннях на карысць нацыянал-сацыялізму», — пісала Германава.
Другім напрамкам было ідэалагічнае выхаванне, якое праходзіла ў некалькіх формах. Самымі вядомымі з апошніх былі вечары адпачынку. «Штотыдзень у серады чальцы гітлерюгенда збіраліся на так званых „хатніх вечарах“, каб вывучаць германскія гераічныя паданні і легенды. На „хатніх вечарах“ ніхто не мог выступаць з крытыкай, не ладзіліся дыскусіі, усё было як у войску — па загадзе або камандзе», — адзначала даследчыца.
Іншай формай ідэалагічнага выхавання быў лагер, які нагадваў ваенізаванае паселішча. Распарадак дня прадугледжваў спартыўную гімнастыку і навучанне, тэмы якога былі вытрыманыя ў рамках наяўнай ідэалогіі. Праз «хатнія вечары» і размовы ў лагерах дзецям убівалі ў галовы антысемітызм, расізм, захапленне Гітлерам.
Дадамо, што нацысты дзейнічалі не так ужо ў лоб, як гэта можа падавацца. У гітлерюгендзе выкарыстоўвалі прынцып: «Моладзь вядзе моладзь». Часцяком лідары арганізацыі былі ненашмат старэйшыя за сваіх падначаленых. У праграму ўваходзілі ўрокі музыкі, аўтаспорт, верхавая язда, кулінарыя і нават часам тэніс, каб прывабіць як найбольш падлеткаў. Хоць у безумоўным прыярытэце былі фізічная падрыхтоўка і ваенізаваныя вучэнні.

Важна, што сяброўства ў арганізацыі займала практычна ўвесь вольны час моладзі. Дзеці былі абавязаныя пастаянна наведваць сходы і мерапрыемствы. Праз гэта ў іх заставалася менш часу на школу, царкву і сям’ю. Тым больш што школа ў фармаванні нацыянал-сацыялістычнага светапогляду адрыгрывала другарадную ролю пасля гітлерюгенда. У выніку часцяком менавіта камандзіры арганізацыі, а не бацькі фармавалі мысленне юных немцаў.
«Гэтыя хлопчыкі і дзяўчаты ў дзесяць гадоў прыходзяць у нашыя арганізацыі і часта толькі там упершыню атрымліваюць глыток свежага паветра; праз чатыры гады яны трапляюць з юнгфолька ў гітлерюгенд, дзе мы іх пакідаем яшчэ на чатыры гады <…>. А калі яны ўсё яшчэ не стануць дасканалымі нацыянал-сацыялістамі, тады іх прызавуць у „Службу працы“ (арганізацыя, у якой юнакі адбывалі працоўную павіннасць перад службай у войску. — Заўв. рэд.) і будуць шліфаваць цягам шасці-сямі месяцаў. <…> А тым, што ўсё яшчэ застанецца ад класавай свядомасці ці саслоўнага статусу, <…> зоймецца вермахт (узброеныя сілы Германіі. — Заўв. рэд.)», — адкрыта гаварыў у 1938-м Адольф Гітлер. Варта прызнаць, што яго планы былі паспяхова рэалізаваныя.
Бессэнсоўнае кровапраліцце і ганебны фінал
Доўгі час забавы гітлерюгенда падаваліся гульнямі падлеткаў. Але толькі да часу: неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна. Чым даўжэй яна ішла, тым мацней нацысты адчувалі недахоп людскіх рэсурсаў, былі праблемы з лагістыкай.
Першапачаткова чальцоў арганізацыі выкарыстоўвалі на дапаможных працах (напрыклад, кур’ерамі або для адпраўкі пасылак на фронт). У 1943-м справа дайшла да рэальнай баявой службы: у кастрычніку была створаная 12-я танкавая дывізія СС гітлерюгенд. Яна складалася з юнакоў 1926 года нараджэння (на момант прызыву ім было па 16−17 гадоў), ваявала ў Францыі з саюзнікамі, што там высадзіліся, і запляміла сябе забойствам канадскіх палонных і Аскскім кровапраліццем — расстрэлам 86 ні ў чым не вінаватых французаў.
У кастрычніку 1944 года сітуацыя для Гітлера стала крытычнай. Савецкія войскі ўступілі ў Нарвегію, вызвалялі Славакію і Балгарыю, заходнія саюзнікі працягвалі выбіваць нацыстаў з Францыі. Вайна падышла непасрэдна да тэрыторыі Трэцяга Рэйха. Сіл вермахта не хапала, таму фюрэр наважыўся на крайнія меры.

На прапанову начальніка Генштаба сухапутных войскаў Хайнца Гудэрыяна 18 кастрычніка з’явіўся загад пра поўную мабілізацыю ўсяго мужчынскага насельніцтва ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў (нагадаем, у гітлерюгенд ўваходзілі падлеткі да 18 гадоў). Дата была падабраная сімвалічна. У гэты ж дзень у 1813 годзе Напалеон у бітве пад Ляйпцыгам пацярпеў адну са сваіх найцяжэйшых паразаў — гэта стала пралогам да вызвалення Германіі ад яго ўлады.
Новае аб’яднанне мабілізаваных атрымала назву фольксштурм. У яго не траплялі габрэі і ромы, людзі, якія ўжо служылі ў войску ці былі ў зняволенні, а таксама прадстаўнікі некаторых нацыянальных меншасцяў (французскай, польскай і славенскай). Усе астатнія былі абавязаныя служыць: за ўхіленне каралі па законах ваеннага часу — зняволеннем у канцлагеры ці расстрэлам. Зрэшты, нацысты здолелі мінімізаваць супраціў людзей: у краіне прайшла актыўная прапагандысцкая кампанія. Апалчэнцаў пераконвалі, што яны будуць абараняць сваю Айчыну.
Усе мабілізаваныя захоўвалі ранейшае месца працы, пасаду і абавязкі. Але служба ў фольксштурме лічылася прыярытэтам. Навабранцаў планавалі падзяліць на чатыры катэгорыі. Да першай аднеслі людзей, не занятых на вытворчасці. Гэта быў прынцыповы крытэр: фюрэр не хацеў зніжаць эфектыўнасць нямецкай ваеннай эканомікі. У другую трапілі людзі, занятыя на вытворчасці. Яны маглі служыць толькі ў сябе «на месцах» і начавалі ў сваіх кватэрах (першая катэгорыя — у казармах). У трэцюю — хлопцы ва ўзросце 16−20 гадоў. У чацвёртую — людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і добраахвотнікі, старэйшыя за 60 гадоў. Але на практыцы паўсталі два тыпы фольксштурмаўскіх атрадаў: узброеныя і няўзброеныя. Пазней у апалчэнне пачалі прызываць і жанчын, старэйшых за 18 гадоў, і нават падлеткаў 10−14 гадоў.

Усяго ж у фольксштурм трапіла каля 6 млн чалавек. Але іх выніковая эфектыўнасць аказалася нізкай. У апалчэнцаў не было фізічнай падрыхтоўкі, добрай зброі (некаторыя байцы атрымлівалі нават вінтоўкі другой паловы ХІХ стагоддзя, але пераважала трафейная зброя). Час падрыхтоўкі быў абмежаваны: 48-гадзінная ваенная падрыхтоўка пасля працы або вучобы, па 2 гадзіны ў будні дзень і 6 гадзін у выхадны. Але здаралася, што ў бой кідалі і без яе.
Частка фольксштурма выкарыстоўвалася для будаўніцтва і аховы тылавых умацаванняў. Гэта рашэнне аказалася па-свойму эфектыўным: яно давала магчымасць адправіць рэзервы на фронт. А вось непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях аказаўся неэфектыўным. Апалчэнцы не маглі супрацьстаяць рэгулярным войскам праціўнікаў Трэцяга Рэйха. Многія з навабранцаў разбягаліся або станавіліся гарматным мясам, якое выкарыстоўвалі, каб закрыць чарговы прарыў на фронце.
Зразумела, былі і выключэнні. Найбольш вядомым эпізодам стала абарона крэпасці Брэслаў (сучасны Вроцлаў), якая доўжылася да 6 траўня 1945 года — на той час нават асноўныя часткі вермахта ўжо спынілі баявыя дзеянні. Фольксштурмаўцы актыўна абаранялі Берлін і Кёнігсберг (сучасны Калінінград) — у барацьбе за апошні апалчэнец Эрнст Цібужы падпаліў за адзін бой адразу пяць савецкіх танкаў. Але гэтыя выключэнні толькі пацвярджалі правіла: перамога саюзнікаў была справай часу. Фанатычны супраціў з боку фольскштурма толькі прывёў да вялікіх стратаў з абодвух бакоў. Паводле ацэнак гісторыкаў, ад 60 да 70 тысяч падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з шэрагаў гітлерюгенда загінулі ў баях Другой сусветнай вайны.
Пасля падзення нацысцкага рэжыму гітлерюгенд быў забаронены разам з НСДАП і іншымі арганізацыямі ў рамках палітыкі дэнацыфікацыі. Але сваю чорную справу ён зрабіў. Мільёны падлеткаў дзесяцігоддзямі ўбіралі яго прапаганду. Так што рэальны ўплыў гэтай арганізацыі аказаўся нашмат даўжэйшы, чым жыццё Трэцяга Рэйха.
Чытайце таксама


