Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і расійскі Савет Федэрацыі прапануюць урадам дзвюх краін распрацаваць адзіныя падыходы да выкладання гісторыі. У прыватнасці, прапануецца распрацаваць «стандарт, які ўтрымлівае канцэптуальныя ацэнкі гістарычных падзей і асобаў, а таксама адзіныя падыходы да выкладання гісторыі» і працягнуць працу па фармаванні «агульных стандартаў і падыходаў у ацэнцы сумеснай гісторыі Расіі і Беларусі. Але ёсць нюанс, і нават не адзін. У мінулым абедзвюх краін хапае эпізодаў, якія проста немагчыма прывесці да адзінага назоўніка. Расказваем пра некаторыя канкрэтныя прыклады.
Шматлікія войны і цывілізацыйны канфлікт
Возьмем з месца ў кар’ер: войны паміж продкамі сучасных беларусаў і рускіх ішлі пастаянна.
Будзем справядлівыя: першапачаткова ініцыятыва належала менавіта продкам беларусаў. У XIV стагоддзі вялікі князь літоўскі Альгерд тройчы хадзіў паходамі на Маскву. У адным з выпадкаў, у 1368-м, ён тры дні трымаў у аблозе маскоўскі Крэмль. Паводле легенды, палкаводзец прыставіў да сцяны дзіду і сказаў маскоўскаму князю Дзмітрыю (які неўзабаве атрымаў мянушку Данскі): «Памятай, што і дзіда літоўская стаяла пад Масквой». Ваяваў на ўсходзе і яго пляменнік Вітаўт (вайна 1406−1408 гадоў). У пачатку ХV стагоддзя мяжа паміж дзвюма дзяржавамі знаходзілася за 200 км на захад ад Масквы.
Гэта супрацьстаянне было па-свойму лагічным. Паміж Вільняй і Масквой разгарнулася барацьба за землі, якія калісьці ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі (сярэднявечнай дзяржавы, што існавала з IX стагоддзя на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны, а таксама часткова Польшчы і краін Балтыі). Але якраз у той час Вялікае Княства Літоўскае — дзяржава продкаў сучасных беларусаў і літоўцаў — зрабіла стаўку на саюз з Польшчай. Быць цэнтрам збірання былых земляў Кіеўскай Русі і адначасова саюзнікам Польшчы Вільня не магла. Паміж захадам і ўсходам нашыя продкі выбралі захад.

Пасля гэтага ініцыятыва пачала пераходзіць да Масквы. Для дакладнасці прывядзём усе ваенныя канфлікты: нашыя продкі ваявалі ў 1487−1494, 1500−1503, 1507−1508, 1512−1522, 1534−1537, 1561−1570, 1577−1582, 1609−1618, 1632−1634, 1654−1667 гадах. Акрамя гэтага, Расія змагалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі падчас Паўночнай вайны, умешваючыся ва ўнутраныя справы нашай краіны (1700−1721), удзельнічала ў вайне за польскую спадчыну (1733−1735), змагалася з Барскай канфедэрацыяй (аб'яднанне шляхты; 1768−1772), ваявала з намі ў 1792-м і душыла паўстанне Тадэвуша Касцюшкі ў 1794-м.
У большасці выпадкаў у пералічаных вышэй канфліктах Крэмль выступаў агрэсарам. Вядома, выключэнні здараліся: часам продкі сучасных беларусаў спрабавалі адбіць захопленыя раней тэрыторыі. Падчас знакамітай Смуты — перыяду глабальнага крызісу, які здарыўся ў Расіі ў пачатку XVII стагоддзя — на рускі трон запрасілі Уладзіслава, сына караля Рэчы Паспалітай (федэрацыя, у складзе якой знаходзіліся Польшча і Вялікае Княства Літоўскае). Войскі гэтай дзяржавы ўвайшлі ў Маскву, якую ўтрымлівалі некалькі гадоў. Але гэта, мабыць, і ўсё.
Сам факт наяўнасці такіх канфліктаў можа падацца тыповым для таго часу: паміж сабой ваявалі амаль усе еўрапейскія краіны. Але ўмоўныя англічане і французы, якія канфліктавалі адно з адным, былі прадстаўнікамі адной, агульнаеўрапейскай, цывілізацыі. А вось продкі беларусаў і рускіх — не. Цягам пяці стагоддзяў — з XIII да XVIII — яны развіваліся ў розных сістэмах каардынат.
Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая існавалі ў рэчышчы еўрапейскіх традыцый: з вольнасцямі для эліты, шырокай аўтаноміяй гарадоў (знакамітае Магдэбургскае права), агульнаеўрапейскімі працэсамі (напрыклад, Рэфармацыяй і Контррэфармацыяй), агульнакантынентальнай адукацыяй (на нашых землях адкрываліся езуіцкія калегіумы, якія існавалі ў іншых краінах Еўропы), еўрапейскімі мастацкімі напрамкамі і архітэктурнымі стылямі: раманскім, готыкай, рэнесансам.

У Расіі ўсяго гэтага не было. З еўрапейскім уплывам у сферы культуры яна паўнавартасна сутыкнулася толькі ў ХVIII стагоддзі. Не існавала ніякай аўтаноміі гарадоў, баяры былі зведзеныя да ролі княжацкіх слуг, курс быў узяты на ўсталяванне самадзяржаўнай улады манарха. Нездарма навуковец Арнольд Тойнбі вылучаў у сваёй працы «Вывучэнне гісторыі» асобныя заходнюю і рускую цывілізацыі. Такое развіццё дзвюх краін цягам пяці стагоддзяў ужо само па сабе несумяшчальнае, яго немагчыма прывесці да агульнага назоўніка.
Але існаваў яшчэ адзін аспект. Узятая на ўзбраенне канцэпцыя «Масква — трэці Рым» абгрунтоўвала выключнасць Расіі. Яна меркавала, што краіна становіцца пераемніцай, уласна, Рыма, а таксама Канстанцінопаля (сучаснага Стамбула) — цэнтраў, адпаведна, Рымскай і Візантыйскай імперый. Пры такім падыходзе пра раўнапраўны саюз з нашай краінай не магло ісці гаворкі. «Трэці Рым» мог толькі скараць суседнія народы і краіны — што і адбылося на ўсходзе (напрыклад, з заваяваным Казанскім ханствам), а потым і далей, у Сібіры. Нядзіўна, што мэтамі войнаў, якія мы пералічвалі вышэй, былі захоп сучасных беларускіх земляў і іх уключэнне ў Маскоўскую дзяржаву.
Урэшце менавіта гэта і адбылося ў канцы XVIII стагоддзя, калі адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай і тэрыторыя Беларусі была гвалтоўна ўключаная ў склад Расійскай імперыі.
Бітва пад Оршай, разня ў Мсціславе і Магілёве
У гісторыі кожнай нацыі існуюць падзеі, якія ўвайшлі ў нацыянальную міфалогію і нацыянальны пантэон. Сярод іх абавязкова сустракаюцца бітвы. Да прыкладу, у Расіі гэта бітва на Куліковым полі (1380). І ў гэтым выпадку зусім не важна, што неўзабаве пасля гэтай бітвы манголы, супраць якіх змагаўся князь Дзмітрый Данскі, спалілі Маскву, а іга існавала яшчэ стагоддзе. Нашмат больш прынцыповы той факт, што была здабытая адназначная перамога ў «генеральнай бітве», якая стала першым крокам да вызвалення. Таму для сучасных рускіх гэта вялікая падзея.
Бітва пад Оршай (1514), у якой ВКЛ разграміла большае па колькасці войска Рускай дзяржавы, цалкам упісваецца ў гэтую мадэль. Так, нашыя продкі разбілі войскі захопнікаў з усходу, але не змаглі вярнуць якія-кольвек буйныя захопленыя тымі гарады. Так, вайна працягвалася яшчэ восем гадоў, але той жа Смаленск застаўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. Аднак галоўнае іншае.
Паводле гісторыка Алеся Краўцэвіча, «мілітарызаваная Маскоўская дзяржава, нашмат большая [па тэрыторыі] чым ВКЛ, нарасціла ваенную сілу ў мангола-татарскія часы. Калі іга зрынулі, яны кінулі гэтую вайсковую масу на Захад, а потым на Сібір — як калісьці іспанцы, пасля заканчэння Рэканкісты, — на Амерыку. Для ВКЛ нашэсце такой масы маскавітаў было нечаканасцю. Ад сярэдзіны XV стагоддзя раз-пораз з-за ўсходняй мяжы паказвалася армія і несла спусташэнне. І немагчыма было яе спыніць. А пад Оршай удалося не проста спыніць, а знішчыць. Гэта была яркая перамога сярод страшнай паласы паразаў». Таксама, як адзначаў гісторык, «вобраз гетмана [Канстанціна] Астрожскага (менавіта ён узначальваў войска ВКЛ. — Заўв. рэд.) ламае расійскую ідэалагему. Маўляў, войны з ВКЛ — гэта супрацьстаянне праваслаўнай Русі з каталіцкім Захадам. Астрожскі быў праваслаўным, ён сядзеў у маскоўскай турме. Ён мог перайсці на бок Масквы, як зрабілі многія, але з першай магчымасцю ўцёк. Выбраў барацьбу за сваю Айчыну. Для яго праваслаўная Масква была страшнейшай за каталіцкі Захад».

З 1990-х гадоў дзень Аршанскай бітвы — 8 верасня — адзначаецца як Дзень беларускай вайсковай славы. Упісаць гэтую падзею ў агульную гісторыю нерэальна: як растлумачыць, навошта быццам бы «брацкія» народы змагаліся адзін супраць аднаго?
Аналагічная сітуацыя з іншымі падзеямі, якія адбыліся падчас супрацьстаяння з Масквой — дакладней, падчас крывавай вайны 1654−1667 гадоў. У самым яе пачатку, у 1654-м, адбылася страшная «мсціслаўская разня», падчас якой — паводле ацэнкі самога маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча Найцішэйшага — былі забітыя больш чым дзесяць тысяч чалавек (ёсць і маштабнейшыя ацэнкі, якія сцвярджаюць, што знішчылі больш за 15 тысяч чалавек).
Гэтых падзей не адмаўляюць і сучасныя расійскія гісторыкі. Праўда, трактуюць яны іх арыгінальна. Напрыклад, Аляксей Лобін сцвярджаў наступнае: «Гарнізон і жыхары Мсціслава аказвалі ўпарты супраціў арміі А.М.Трубяцкога, з прычыны чаго ваявода не мог гарантаваць па царскім указе захаванасць «дамоў і здабытку ад воінскага спусташэння». Горад быў узяты прыступам, а яго жыхары былі забітыя ці ўзятыя ў палон; г. зн. у дадзеным выпадку дзейнічалі законы вайны. Калі горад аказваў жорсткі супраціў, то аблога яго ішла згодна з правіламі ваеннай навукі таго часу — з разбурэннем і спусташэннем прылеглай да горада вобласці, з масіўным абстрэлам умацаванняў і будынкаў, з жорсткай сечай і разнёй у самім горадзе. Менавіта такім чынам дзейнічалі ўсе без выключэння войскі на варожай тэрыторыі».

Але акурат падчас таго канфлікту маскоўскі кіраўнік аддаваў адназначныя загады. Напрыклад, усё таму ж князю Трубяцкому ў 1655-м прадпісвалася «вверх по Неману реке по обе стороны и те места воевать, села и деревни и хлеб и сено и всякие конские корма жечь, а людей побивать и в полон имать и со всем без остатку разорять», а потым «до основания разорить, выжечь весь Слуцкий уезд».
У той жа вайне дасталася і Мінску, які акупавалі ў 1655-м на пяць гадоў. У 1667-м, калі завяршылася вайна, у горадзе жыло ўсяго дзве тысячы чалавек (раней, у канцы XVI стагоддзя, — каля 4−5 тысяч чалавек). Мінчукоў нават вызвалілі ад часткі падаткаў (здачы хлеба, прыёму войска на пастой і іншых). Пра спусташэнне горада праз 18 гадоў пасля вызвалення згадваў і чэшскі падарожнік Бернгард Танер. Ён ездзіў у Маскву разам з пасольствам Рэчы Паспалітай, а пазней выдаў на лацінскай мове кнігу «Апісанне падарожжа польскага пасольства ў Маскву ў 1678 годзе». Вось як ён апісваў будучую беларускую сталіцу: «Гэта горад вялікі, які шырока раскінуўся па ўзгорках і далінах. Ён пацярпеў ад масквіцян, якія зрынулі яго амаль у разваліны; але з цягам часу стаў ён прымаць лепшы выгляд». Са словаў Танера, расіяне не рабавалі праваслаўных храмаў, а толькі каталіцкія і ўніяцкія.
Але вернемся да загаду Трубяцкому пра Слуцкі павет. «Выдраная з кантэксту цытата створыць уражанне, што перад намі — нагляднае сведчанне крывавай палітыкі маскоўскага цара. Дзеянні царскіх войскаў на варожай тэрыторыі нічым не адрозніваліся ад падобных дзеянняў палякаў, літоўцаў або шведаў», — сцвярджае Лобін.
Сапраўды, не варта наіўна верыць, што продкі сучасных беларусаў у XVII стагоддзі прытрымліваліся палажэнняў яшчэ не створанай Жэнеўскай канвенцыі. Але розніца ў тым, што ў пераважнай большасці войнаў з Масквой жыхары нашай краіны абараняліся, а агрэсарамі выступалі суседзі з усходу. Адпаведна, і пакутавалі ад гэтых канфліктаў у першую чаргу продкі беларусаў. Дастаткова ўспомніць, што па выніках згаданай вайны 1654−1667 гадоў насельніцтва беларускіх земляў скарацілася ў два разы, яны знаходзіліся ў стане эканамічнай разрухі.
Ёсць і адваротныя прыклады дзеянняў у абарону сваёй тэрыторыі, якія завяршыліся масавай разнёй, — напрыклад, Магілёўскае паўстанне 1661 года, якое здарылася падчас усё той жа вайны. Падчас яго мясцовыя жыхары выразалі большую частку расійскага гарнізона, які стаяў у горадзе пасля яго захопу. Лічыцца, што паўстанне пачалося з абразаў, якімі царскія салдаты абсыпалі мясцовых гандлярак на рынку, і крыкаў «Пара! Пара!» — яны прагучалі з вуснаў бургамістра горада Язэпа Левановіча, што і стала сігналам да знішчэння акупантаў.

«Доўгі час бачачы сябе ў пагардзе ў масквіцян, ашалелых ад свайго шчасця, у прыніжэнні і ў заняпадзе, ён [Магілёў] абцёр свае бескарысныя слёзы рукою адчаю і, адушавіўшыся помстай, склаў змову 11 лютага 1661 года: пры боі ў набат перабіў 960 чалавек маскоўскай гарадской варты, з якой 150 выслізнула, і тым вярнуў сабе свабоду», — пісалі ў сваіх нататках пра Магілёў заходнія паслы, адпраўленыя ў Маскву.
Распрацаваць адзіны падыход да гэтых падзей немагчыма. Для рускіх паўстанне ў Магілёве — здрада, для беларусаў — адна са старонак барацьбы за свабоду.
Ліквідацыя нацыянальнай рэлігіі
Калісьці хрысціянства было адзіным. У 1054 годзе яно раскалолася на праваслаўе і каталіцтва (а потым і на пратэстантызм). З таго часу царкоўныя іерархі і свецкія кіраўнікі не пакідалі спробаў зноў аб’яднаць дзве галіны гэтай рэлігіі. Асабліва актыўнымі ў гэтым пытанні былі кіраўнікі ВКЛ. Прычына — сярод іх падданых былі як каталікі, так і праваслаўныя. Але апошнія падпарадкоўваліся Маскве — галоўнаму праціўніку ВКЛ на ўсходзе.
У 1439 годзе была заключаная Фларэнтыйская унія. Паводле яе, прызнавалася верхавенства папы над усімі хрысціянамі. У абмен Рым абяцаў дапамогу праваслаўнай Візантыйскай імперыі ў адбіцці агрэсіі з боку туркаў-асманаў. З шэрагу прычын гэты дакумент так і не стаў дзейнічаць, але сама ідэя была агучаная.
У 1569-м ВКЛ і Польшча аб’ядналіся ў Рэч Паспалітую, дзе прыярытэт аддаваўся каталіцтву. Прадстаўнікі гэтай канфесіі, а таксама кіраўнікі дзяржавы рабілі стаўку на акаталічванне краіны. У гэтым ім, здавалася б, магла дапамагчы унія, заключаная ў Брэсце ў 1596 годзе. Паводле яе ўсе вернікі прызнавалі ўладу папы рымскага, але пры гэтым захоўвалі сваю літургію на царкоўнаславянскай мове.

Унія ўкаранялася крывава. Дастаткова ўспомніць забойства ў 1623 годзе ўніяцкага мітрапаліта Іосіфа Кунцэвіча ў Віцебску. Але прайшоў час, і здарылася тое, на што ініцыятары працэсу нават не спадзяваліся: уніяцтва стала самай папулярнай рэлігіяй у ВКЛ. Гісторык Анатоль Грыцкевіч прыводзіў у сваім артыкуле наступныя лічбы: у канцы XVIII стагоддзя 75% жыхароў беларускіх земляў былі ўніятамі (у вясковай мясцовасці — 80%).
«З канца XVI да канца XVIII ст. беларуская мова ў рэлігійным жыцці была раўнапраўная з царкоўнаславянскаю. Навучанне, малітвы за выключэннем літургіі, адбываліся на беларускай мове. У XVIII ст. беларуская мова ва ўніяцкай царкве абмяжоўваецца. Аднак у розных пастановах гэтага перыяду загадвалася гаварыць з вернікамі на іх мове, або «простай мове», выкладаць катэхізіс, тлумачыць Евангелле, прамаўляць казанні па-беларуску», — пісаў Грыцкевіч. Паводле апошняга, газета «Мужыцкая праўда», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі, называла ўніяцтва нацыянальнай рэлігіяй беларусаў.
Уніяцтва адыграла станоўчую ролю ў беларускай гісторыі. Яно часткова дапамагло захаваць нацыянальную ідэнтычнасць пасля ўваходжання земляў Беларусі ў склад Расійскай імперыі, хоць і зблізіла жыхароў ВКЛ з палякамі.
Зрэшты, расійскія ўлады хутка зрабілі стаўку на ліквідацыю уніі. У 1839 годзе адбыўся Полацкі сабор. Асноўным ініцыятарам яго правядзення стаў мітрапаліт Іосіф Сямашка. Унію ліквідавалі пад дэвізам «Адрынутыя гвалтам, уз’яднаныя любоўю». Менавіта такі надпіс з’явіўся на спецыяльна адчаканеным медалі.
Толькі вось у рэальнасці ніякай любові не назіралася — вернікаў зноў навярталі гвалтоўна. Як адзначала гісторык Святлана Марозава, мелі месца шматлікія пратэсты з боку ўніяцкіх святароў і іх звароты ў Санкт-Пецярбург. Нягледзячы на ўсе пагрозы, 593 святары наогул адмовіліся мяняць веру. Усіх іх ізалявалі і адправілі ў манастырскія турмы. Потым 160 з іх выслалі ўглыб Расіі і ў Сібір.

Пра метады навяртання ў праваслаўе звычайных вернікаў можна даведацца з карэспандэнцыі, апублікаванай рускім публіцыстам і пісьменнікам Аляксандрам Герцанам у газете «Колокол»: «Мы получили на днях некоторые подробности о деле православного разбоя в Гродненской губернии, о котором мы писали в прошлом листе. Итак, эта ужасная история справедлива, и гнусный Симашко высек (тут і далей асобныя словы вылучаныя курсівам самой рэдакцыяй. — Заўв. рэд.) себе новый памятник на спине беззащитных жертв. Со стороны гражданского начальства истязанием заведовал окружной Новицкий. Этот полицейский апостол сек людей до тех пор, пока мучимый соглашался принять причастие от православного попа. Один 14-летний мальчик после двухсот розог отказался от такого общения со Христом, его снова начали сечь, и тогда только, уступая страшной боли, он согласился. Православная церковь восторжествовала!»
Дарэчы, у Заходняй Украіне ўніяцтва (яго іншая назва — грэка-каталіцтва) захавалася, бо гэтая тэрыторыя пасля падзелаў Рэчы Паспалітай належала не Расійскай, а Аўстрыйскай імперыі. Яно стала апорай для ўкраінцаў у іх нацыянальным руху і выгадавала кадры для барацьбы за Украінскую народную рэспубліку.
У 1946 годзе ўніяцтва было забароненае і ў СССР. Яго адраджэнне ва Украіне і Беларусі пачалося падчас перабудовы. Даследаванне БДУ 1992 года паказала, што грэка-каталікамі лічылі сябе каля 100 тысяч беларусаў. Магчыма, лічба была завышаная, магчыма, адлюстроўвала рамантызм першых гадоў незалежнасці. Зрэшты, у 2008-м колькасць уніятаў у Беларусі ўсё роўна выглядала пераканаўча — каля 10 тысяч.
Як растлумачыць беларусам, чаму расіяне ўкаранялі ў краіне сваю рэлігію сілай і крывёю, а расіянам — чаму беларусы-ўніяты не збіраліся масава навяртацца ў праваслаўе, незразумела.
Здушэнне паўстанняў і нацыянальнага руху
Ліквідацыя ўніяцтва аказалася далёка не адзіным рэпрэсіўным крокам з боку Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.
Быў закрыты Віленскі ўніверсітэт (1832), а затым — Горы-Горацкі земляробчы інстытут (1864), пасля чаго ў Беларусі не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Да пачатку XX стагоддзя не было ніводнай школы з выкладаннем на беларускай мове. Да таго ж часу забаранялася друкаванне кніг на роднай мове на лацінцы. А пераважную большасць кніг на кірыліцы не прапускала цэнзура. У афіцыйных дакументах Беларусь называлася «Паўночна-Заходнім краем», адмаўлялася існаванне беларусаў як асобнага народа.
Усе спробы супрацьстаяць гэтаму — як мірна, так і са зброяй у руках — караліся. Прыкладам мірнага супраціву сталі таемныя таварыствы філаматаў і філарэтаў, якія існавалі ў Вільні ў 1820-х гадах. Сярод іх прадстаўнікоў былі паэты Адам Міцкевіч і Ян Чачот, навуковец Ігнат Дамейка і многія іншыя. Усе яны былі звязаны з Віленскім універсітэтам.
Як адзначаў гісторык Алесь Белы, у выніковае абвінавачанне для ўдзельнікаў гэтых супольнасцяў увайшлі наступныя «грахі»: «1. Сам удзел у таемных таварыствах. Па сутнасці, аналагічны беларускаму жупелу «дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі», <…> 2. Беззаконнае прыўлашчванне сабе самавольнага ўплыву на выхаванне моладзі. <…> 3. Чытанне на сходах філарэтаў вершаў, не сумяшчальных з вернасцю расійскаму трону».
За гэтыя «злачынствы» пад суд аддалі 108 чалавек, 20 з іх выслалі ў Расію ці кінулі ў турму. «І за гэтую «жахлівую віну» былі паламаныя сотні лёсаў! Бо апроч 108 чалавек, прыгавораных урэшце да таго ці іншага пакарання, многія зламаліся нават ад самой дэманстратыўнай расправы», — пісаў Белы.

Цягам ХІХ стагоддзя жыхары Беларусі тройчы са зброяй у руках падымаліся на барацьбу з уладамі. Гаворка пра паўстанні 1794, 1830−1831 і 1863−1864 гадоў. І згаданы вышэй Міцкевіч, і Тадэвуш Касцюшка, лідар першага па часе паўстання, называлі сябе ліцвінамі — бо назва «Беларусь» яшчэ не замацавалася за ўсёй тэрыторыяй нашай краіны. Яны належаць адначасова некалькім культурам — беларускай, польскай і літоўскай, на аснове якіх фармавалася іх самасвядомасць.
Мэтай паўстання 1794 года было перадухіліць падзел Рэчы Паспалітай. Яно пацярпела няўдачу, а яго кіраўнік апынуўся ў зняволенні ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Краіна спыніла існаванне. Практычна з аналагічнай мэтай — але ўжо аднаўлення Рэчы Паспалітай — выступалі паўстанцы 1830−1831 гадоў. Сярод апошніх была Эмілія Плятэр, якая ўдзельнічала ў паўстанні і памерла ва ўзросце 25 гадоў. І толькі падчас трэцяга паўстання — у Беларусі яно праходзіла пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага — з’явіліся нацыянальныя лозунгі.

У нацыянальным пытанні ўсе ўдзельнікі паўстання выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Але калі частка паўстанцаў, хутчэй, стаяла на пазіцыі ўнітарнай дзяржавы, то Кастусь і яго паплечнікі былі за аднаўленне федэрацыі і прызнавалі правы беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў на самавызначэнне. Каліноўскі настойваў, каб адносіны з Варшавай будаваліся на раўнапраўі і суверэннасці. Сімвалічны пароль паўстанцаў — «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!». У 2013 годзе ў выданні «Беларускі гістарычны часопіс» былі апублікаваныя арыгіналы паказанняў Вітольда Парфіяновіча, які здрадзіў Каліноўскаму. У іх згадваўся гэты пароль, які сведчыў, што паўстанцы змагаліся менавіта за Беларусь.
Крывавае здушэнне Расіяй паўстанняў і нацыянальнага руху ніяк нельга ўпісаць у беларускую гісторыю як станоўчую з’яву. Усе тыя падзеі і абумовілі ў выніку тое, што нашая краіна ўсё ж стала незалежнай дзяржавай, аднак Расія гэтаму ўсяляк супрацьстаяла. Для беларусаў тое, што адбывалася тады — барацьба за самастойнасць, для расіян — спробы калоніі адкалоцца ад метраполіі. Магчыма, адзіны шанец для ўладаў хоць неяк упісаць гэтыя факты ў агульную гісторыю — заявіць, што беларусы, якія змагаліся за незалежнасць, былі «няправільнымі» (што, зрэшты, ужо і адбываецца).
Чытайце таксама


