Настаўнік прадчуваў трагедыю, здолеў выратаваць дзяцей, але сам загінуў. Як 20 гадоў таму ў школьнай спартзале абрынуўся дах
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У той дзень настаўнік фізкультуры Пётр Любашэнка не хацеў ісці на працу. Сустрэўшы суседку, паскардзіўся: «Ноч не спаў, нешта шчаміла ўнутры, дыхаць не давала». А жонцы да гэтага казаў: «Усё роўна калісьці столь [у школе] абрынецца». Прадчуванне яго не падвяло. 20 гадоў таму, 27 студзеня 2004 года, у пасёлку Краснаполле Магілёўскай вобласці здарылася трагедыя: падчас заняткаў фізкультурай у спартовай зале школы, дзе працаваў Любашэнка, абрынулася столь. Успамінаем падрабязнасці гэтай страшнай гісторыі.

Чарнобыльскі падарунак-даўгабуд

Краснаполле — гэта гарадскі пасёлак на самым усходзе Беларусі, цэнтр аднайменнага раёна. Па апошнім моцна ўдарыла катастрофа, якая здарылася на Чарнобыльскай АЭС. 83 вёскі рэгіёна адсялілі, людзі пачалі самі з’язджаць з забруджаных радыенуклідамі тэрыторый. У выніку колькасць насельніцтва ў раёне стала імкліва скарачацца. У 1979-м там жыло 26 тысяч чалавек, праз дзесяць гадоў — ужо 20,9 тысячы, на час трагедыі — 12,9 тысячы (забягаючы наперад, скажам, што гэты працэс не спыніўся: у 2023-м у раёне засталося ўсяго 8,9 тысячы чалавек, з іх у самім гарадскім пасёлку — толькі 5,7 тысячы).

Пасля аварыі на ЧАЭС раёну вырашылі дапамагчы: у 1988 годзе ў пасёлку заклалі фундамент для новага будынка мясцовай школы № 1 (цяпер гэта Краснапольская раённая гімназія). Але неўзабаве здарыўся эканамічны крызіс, потым распаўся Савецкі Саюз — будаўніцтва давялося закансерваваць. Да 1998 года ў будынку не хапала ўнутраных інжынерных сетак, аздаблення і добраўпарадкавання тэрыторыі.

У 1999-м грошы на гэта знайшліся. Працы пачаліся, потым, мяркуючы з усяго, спыніліся, а ў снежні 2001 года аднавіліся хуткаснымі тэмпамі: амаль праз месяц была здадзеная першая частка комплексу для пачатковай школы. У лютым 2002-га на ўрачыстую цырымонію яе адкрыцця прыехаў тагачасны кіраўнік Магілёўскай вобласці Барыс Батура. А ў пачатку наступнага навучальнага года школу здалі цалкам.

Краснопольская школа № 1 (теперь гимназия). Фото: krasnopolie.znaj.by
Краснапольская школа № 1 (цяпер гімназія). Фота: krasnopolie.znaj.by

Будынак, калі глядзець зверху, быў квадратнай формы, а ў цэнтры яго размясцілася спартзала, што займала вышыню другога і трэцяга паверха. Яе памеры дазвалялі займацца адначасова дзвюм групам. Кабінеты ж знаходзіліся па перыметры будынка. Але ў навабуда працякаў дах, таму зусім яшчэ новую школу перыядычна даводзілася рамантаваць.

Трагедыя і дзівосныя выратаванні

27 студзеня 2004 года ў раскладзе ў двух класаў — 9 «Б» і 10 «А» — другім урокам стаяла фізкультура. У планах была лыжная падрыхтоўка. Але надвор’е ёй не спрыяла. Як расказваў адзін з настаўнікаў фізкультуры, раніцай ён адправіў сваіх дзяцей на двор, але яны праз дзесяць хвілін вярнуліся са скаргай: мокры снег прыліпаў да лыжаў, таму катацца было немагчыма. Так што на другім уроку занятак перанеслі ў залу.

Яго вёў дасведчаны 53-гадовы настаўнік фізкультуры Пётр Любашэнка. Іншыя педагогі нават праз гады гаварылі пра яго з захапленнем. «Назаўжды застанецца ў маёй памяці адна размова з ім. Я, настаўнік-пачатковец, даваў адкрыты ўрок па гімнастыцы, а пасля ўрока паспяшаўся спытаць меркавання Пятра Васільевіча, бо яно мне было так важнае. А ён мне тады адказаў, што яго ўласныя адкрытыя ўрокі былі слабейшыя, чым мой, гэты. Вядома ж, так не было, але ён тады так падтрымаў мяне, як не падтрымліваў больш ніхто. Успамінаецца яшчэ выпадак, калі Пётр Васільевіч атрымаў заслужаную ўзнагароду за выдатную працу, але аддаў яе іншаму свайму калегу са словамі: „Лічу, што ты яе варты больш, чым я“», — расказваў адзін з настаўнікаў.

«Успаміны толькі цёплыя, бо ён ніколі не павышаў голасу, толькі канструктыўныя заўвагі і настрой на перамогу ўпэўненым і спакойным тонам», — дадаваў іншы.

Фото: onliner.by
Настаўнік фізкультуры Пётр Любашэнка — на фатаграфіі злева ўверсе. Фота: onliner.by

«Пра яго любога спыні ў Краснаполлі, і ён скажа: найдабрэйшай душы чалавек, — успаміналі яго родныя. — Ніколі нікога ён не пакрыўдзіў у жыцці, нікому ў дапамозе не адмаўляў. Як Чарнобыль здарыўся, клікалі з’ехаць. Не, кажа, нікуды я не паеду, тут застануся. Усё жыццё, як тэхнікум скончыў і з войска прыйшоў, у школе. Дзеці яго любілі. Але вось у гэтую новую школу ісці не хацеў. Лілі (жонка настаўніка. — Заўв. рэд.) не раз казаў, што не хачу пераходзіць сюды, што ўсё роўна калісьці столь абрынецца. І ўсё паўтараў, што хоць бы былі вакацыі, хоць бы не здарылася гэта падчас урокаў. А ў ноч перад трагедыяй не спаў: „Нешта шчаміла ўнутры, дыхаць не давала“».

Усяго ў двух класах вучылася больш за паўсотні чалавек. Але, як гэта часта бывае, каля траціны падлеткаў не ўзяла з сабой на ўрок спартовай формы. Таму частка з іх сядзела на лаўках уздоўж сцен спартзалы. Некаторыя, хто быў без формы, чакалі званка з урока ў раздзявалках, дзе ў тым ліку рыхтаваліся да кантрольнай па рускай мове. Яшчэ пяцёра акурам перад абвалам даху пайшлі ў настаўніцкі пакой глядзець па відэамагнітафоне леташні выпускны. Адсутнасць у зале выратавала многім з іх жыццё: у момант абвалу даху выскачыць з памяшкання змаглі не ўсе.

На момант катастрофы ў спартзале было 47 вучняў і тры выкладчыкі. Тыя з іх, хто пераапрануўся ў форму, гулялі ў валейбол і баскетбол.

На гадзінніку было 9.20 раніцы. Вучань 9 «Б» класа Павел Бялосаў, які таксама забыў форму, сядзеў на лаўцы непадалёк ад дзвярэй раздзявалкі. «Сядзець было нудна. Мы папрасілі баскетбольны мяч, каб пакідаць у кальцо, але фізрук адмовіў. Карацей, сядзелі і сумавалі. І тут раптам пачуў гук, нібыта ад згінання пілы, і паглядзеў уверх. Адхілюся ад тэмы: хачу сказаць, што дах у нас трымаўся на доўгай папярочнай бэльцы, або ферме, як яна правільна называецца. Яе падтрымлівалі толькі выступы з бакоў. Па цэнтры падтрымкі не было ніякай. <…> Дык вось гэтая ферма злева пачала прагінацца», — успамінаў ён.

«І я акурат глядзеў у гэты бок. Кавалак перакрыцця адляцеў і з грукатам зваліўся ўніз. У мяне першая думка была дурная: „Ні храна сабе! Відаць, заняткаў не будзе“. Мне падалося, што прайшло тры секунды, і ўсё пачало развальвацца», — дадаваў яго аднакласнік Ігар Штымак.

У адным з інтэрв'ю Павел Бялосаў расказваў пра наступныя падзеі так: «І раптам у адзін момант перад вачыма аказаліся абломкі плітаў і перакрыццяў. Долі секунды хапіла, каб зразумець, што адбываецца нешта страшнае, і выскачыць у адчыненыя дзверы раздзявалкі для хлопчыкаў».

Трагедия в школе в Краснополье. 2004 год. Фото: mchs.gov.by
Трагедыя ў школе ў Краснаполлі. 2004 год. Фота: mchs.gov.by

А вось у іншым інтэрв'ю ён успамінаў пра гэтыя падзеі крыху інакш: «Дзверы ў раздзявалку былі адчыненыя, і я мог бы пабегчы туды. Але ад нечаканасці нічога такога не зрабіў, стаў проста закрываць галаву рукамі. Выразна, як у запаволеным кіно, запомніўся хлопец з 10-га класа, які стаяў пасярод залы з баскетбольным мячом. Ён толькі і паспеў, што галаву падняць».

Тады Павел расказваў, што яго выратаваў аднакласнік — тузануў за рукаў і крыкнуў на вуха: «Валі!» За долю секунды да таго, як пліты перакрыцця зваліліся на месца, дзе толькі што быў хлопец, ён і паспеў выскачыць у раздзявалку: «Мяне нечым дзеўбанула па галаве, і ў раздзявалцы я паваліўся, — казаў сведка трагедыі. — Апошняе, што памятаю: я азірнуўся і ўбачыў неба праз дах спартзалы і аднакласніка, якога прыціснула плітой. Ён быў разам з намі, але не паспеў выбегчы (мяркуючы з усяго, гэта быў Аляксандр Прусаў, пра яго мы скажам ніжэй. — Заўв. рэд.). А на месцы лавачкі, дзе мы сядзелі, ляжала куча абломкаў. Яшчэ некалькі секунд, і я быў бы пад імі».

Ігар Штымак бег амаль апошнім. Кавалкі даху абвальваліся ўсё больш і больш. І раптам хлопец паваліўся. Нагу прыціснула часткай даху: «Кажуць, нібыта ўсё жыццё перад вачыма пралятае. Я зразумеў, як гэта. За паўсекунды ўсе мае кароткія 15 гадоў прайшлі як кіно. Думак не было наогул. Безвыходнасць — хай будзе што будзе. А потым у галаве праплыла карцінка „Бестрывожнасць“ з Windows XP. І ўсё. Калі ўсё крыху сціхла, я паспрабаваў выдраць нагу з-пад пліты. Парваў чаравік, але дабраўся да раздзявалкі. Дзякуй богу, дзверы не заваліла».

Павел Бялосаў успамінаў, што, заскочыўшы ў раздзявалку, хлопцы пачалі выбіваць зачыненыя дзверы, якія вялі ў фае — ключ быў толькі ў настаўніка. «Тады ў нас была паніка. Мы ж не ведалі, будзе падаць столь у раздзявалцы ці не. Трэба было вельмі хутка нешта рабіць. Пачалі выбіваць дзверы. Змаглі. Я выскачыў і ўпаў у рукі прыбіральшчыцы. Памятаю храбусценне шкла пад нагамі: у калідоры ад ціску выбіла вокны. Мяне адвялі ў настаўніцкую і перавязалі», — расказваў ён. Потым дактары дыягнаставалі ў падлетка адкрытую чэрапна-мазгавую траўму, а да гэтага ён нават паспеў схадзіць дадому, супакоіць сястру, што жывы. З дому школьніка ўжо забірала хуткая.

Пра сваё выратаванне расказваў і іншы школьнік, Юрый Ларыёнаў: «І тут як па пстрычцы пачуўся рэзкі шоргат, трэск. Нібыта стралялі са стрэльбы, толькі разоў у 100 мацней. Зрэагаваць і некуды ўцячы проста не было часу. Я быў практычна ў цэнтры залы. Інстынктыўна зразумеў: трэба бегчы да сцяны. Адбег, сеў і закрыў вочы. Зразумеў, што ўжо, відаць, надышоў той самы апошні дзень. У думках падрыхтаваўся паміраць. Нічога зрабіць не мог. Зажмурыўся яшчэ мацней».

Так выглядел спортзал в школе Краснополья до того, как рухнул потолок. Фото: onliner.by
Так выглядала спартзала ў школе Краснаполля да таго, як абрынулася столь. Фота: onliner.by

Але адбыўся цуд. «Я тады зразумеў: гэта быў не мой час паміраць. Гэтыя пліты зваліліся так, што паміж імі ўтварыўся трохкутнік. Калі ўсё сціхла, я расплюшчыў вочы і ўбачыў цьмянае святло. Пачаў прабірацца да святла і вылез вонкі. Шчыра скажу, карцінка была шакавальная: падлогі не было, зламаныя пліты па тры метры вышынёй. І цэментны пыл — велізарнае воблака», — успамінаў ён. Юрый убачыў сваю аднакласніцу Юлю, якая таксама выбралася аднекуль. Яны пабеглі да выхаду, але тут заўважылі чыюсьці руку: «Гэта быў Арцём. Мы хуценька раскапалі яго і ўсе разам пачалі выбірацца».

Пашанцавала не толькі ім. Напрыклад, у адным з кутоў залы стаяла цэлая куча хлопцаў і дзяўчат — чалавек 5−7. Пліта валілася проста на іх, але павісла на арматуры — так яны і выжылі.

Паніка ў пасёлку і страшныя знаходкі сярод руінаў

Відавочцы трагедыі патэлефанавалі ратавальнікам. Першымі да месца аварыі прымчалі байцы Краснапольскага раённага аддзела МНС. За імі — дзяжурная змена Магілёўскага выратавальнага атрада. Авіяцыя МНС даставіла з Мінска ратавальнікаў Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «Зубр», у тым ліку кінолага з сабакам і неабходную спецтэхніку. Завалы разбірала больш за 200 работнікаў МНС, а таксама 120 работнікаў іншых службаў, выкарыстоўваючы звыш 40 аўтакранаў.

Тым часам у гарадскім пасёлку распаўсюдзілася паніка: да месца трагедыі прыйшла палова жыхароў Краснаполля. А вось сабраць і пералічыць дзяцей тады не ўдалося. Спачатку, у сярэдзіне дня, была інфармацыя, што загінула сем чалавек. Таму бацькі спрабавалі прабіцца праз ачапленне, рваліся ў бальніцу.

У 10.50 з-пад завалаў дасталі настаўніка і трох дзяцей. Настаўнікам быў Пётр Любашэнка. Паводле відавочцаў, ён выбіў нагой дзверы, якія заклінавала, дапамог выбрацца калегу і некалькім вучням, але яму самому не хапіла некалькі секунд. Ратавальнікі даставілі педагога ў бальніцу, дзе ён памёр. Яшчэ двое дзяцей, якіх дасталі з-пад завалаў разам з ім, выжылі.

Трагедия в школе в Краснополье. 2004 год. Фото: mchs.gov.by
Трагедыя ў школе ў Краснаполлі. 2004 год. Фота: mchs.gov.by

Трэці падлетак памёр на месцы. Гэта быў дзесяцікласнік Віктар Баброў. Пра яго дзеянні ў той момант ёсць дзве супрацьлеглыя версіі. Паводле адной з іх, ён ужо кінуўся да выхаду, але ўбачыў пасярод залы разгубленую аднакласніцу Ганну Акіншаву і паспрабаваў яе выратаваць. Тая ў момант абвалу даху была амаль у самым цэнтры спартзалы. «Я адразу схаваўся пад сценку ў нішу, пліта побач звалілася, — успамінаў адразу пасля трагедыі іх аднакласнік, згаданы вышэй Юрый Ларыёнаў. — Анька там была. Да яе кінуўся Віцька Баброў. Я, калі вылез, бачыў, як тырчалі Аньчыны ногі…» У выніку загінулі абое.

Але праз гады той жа Ларыёнаў расказваў пра гэтую падзею зусім па-іншаму: «Мы тады гулялі ў валейбол. Гулялі тры на тры — трое хлопцаў і тры дзяўчынкі. Мяч паляцеў у кут. Па ідэі, за ім мусіў ісці я, але пайшоў Віця Баброў. Пісалі тады ў газетах, што ён ратаваў Аню. Але я вам так скажу: не паспявалі яны нікога ратаваць. Усё адбылося так хутка, што людзі нават апамятацца не паспелі. Віця пабег па мяч у кут залы. Тамсама была і Аня».

Пасля знаходжання целаў Любашэнкі і Баброва пад заваламі заставаліся двое школьнікаў. Каля 13 гадзін з горада Касцюковічы той жа Магілёўскай вобласці прыбыў кран з доўгай стралой (МНС пісала, што ў працах былі задзейнічаныя два 40-тонныя краны — магчыма, гэта быў адзін з іх). Але пліты былі занадта цяжкімі.

Толькі ў 17.12 «Магілёўхімвалакно» адправіла ў Краснаполле свой магутны 140-тонны кран. Пасля гэтага і дасталі целы астатніх школьнікаў. Ганну Акіншаву знайшлі мёртвай у 18.42. А ў 18.53 дасталі труп згаданага ў пачатку тэксту дзевяцікласніка Аляксандра Прусава. Разам з братам-блізнюком Юрыем яны стаялі ля брусоў. Да сцяны, якая падала, было метраў пяць. Юрый адскочыў першым. «Я бачыў краем вока, што на кагосьці падаюць пліты, — успамінаў ён праз суткі ў бальніцы. — Не ведаю, на каго». Хлопец не здагадваўся, што гэта быў яго брат.

Трагедия в школе в Краснополье. 2004 год. Фото: mchs.gov.by
Трагедыя ў школе ў Краснаполлі. 2004 год. Фота: mchs.gov.by

Акрамя таго, каля 20 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці — у асноўным пераломы, чэрапна-мазгавыя. Цяжэй за ўсё быў траўмаваны 15-гадовы Аляксандр Якушаў, дастаўлены на лячэнне ў Цэнтр дзіцячай нейрахірургіі на базе 9-й бальніцы Мінска. Яшчэ сямёра лячыліся ў Краснапольскай раённай бальніцы. Таксама многім спатрэбілася дапамога псіхолага.

Але ахвяр магло быць нашмат больш. Праз 15 хвілін пасля абвалу даху ў спартзале школы была запланаваная ​​​​​лінейка вучняў малодшых класаў — на яе мусіла прыйсці 250 чалавек. А яшчэ важна, што вытрымалі перакрыцці першага паверха. Унізе былі сталоўка і актавая зала.

Суд і жыццё пасля трагедыі

На наступны дзень, 28 студзеня, у школу прыехаў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў генпракурору Віктару Шэйману правесці «самае дбайнае» расследаванне прычын трагедыі і падкрэсліў, што «ўсе вінаватыя мусяць быць знойдзеныя і панесці адказнасць, нягледзячы на той факт, што школа пачынала будавацца яшчэ ў 80-х гадах». Палітык сказаў, што трагедыя ў Краснаполлі — «вынік галавацяпства, расхлябанасці і разгільдзяйства». «Вінаватыя і простыя людзі, якія будавалі школу, і начальнікі. Нашая задача цяпер — не спяшацца з ацэнкамі і без усялякай злосці разабрацца, чаму так адбылося. Я не прыхільнік сячы з гарачкі. Але попыт з вінаватых будзе жорсткі».

Але гэта ўсё словы. Што ж на практыцы? Падчас следства высветлілася прычына абвалу даху: жалезабетонную ферму (вялізную канструкцыю, якая падтрымлівала дах) у працэсе дабудоўвання замянілі на металічную, а на Магілёўскім заводзе металаканструкцый яе зварылі няякасна. Да таго ж на даху школы ляжаў 40-сантыметровы слой снегу, які ніхто не прыбіраў.

Трагедия в школе в Краснополье. 2004 год. Фото: mchs.gov.by
Трагедыя ў школе ў Краснаполлі. 2004 год. Фота: mchs.gov.by

Суд, які завяршыўся ў красавіку 2005 года, назваў вінаватымі васьмярых чалавек. Усе яны абвінавачваліся па артыкуле 428 Крымінальнага кодэкса (Службовая халатнасць, якая прывяла па неасцярожнасці да смерці чалавека) і атрымалі розныя тэрміны — ад 4 да 6 гадоў.

Гэта:

  • Сяргей Ганчароў — былы галоўны інжынер Упраўлення капітальнага будаўніцтва Краснапольскага райвыканкама;
  • Алег Іванчанкаў — былы галоўны інжынер праекта інстытута «Магілёўграмадзянпраект»;
  • Наталля Кожанава — былы майстар цэха Магілёўскага завода тэхналагічных металаканструкцый;
  • Віктар Казлоў — былы інжынер па наглядзе Магілёўскага завода тэхналагічных металаканструкцый;
  • Ірына Крывашэева — былы прараб Краснапольскай ПМК (перасоўная механізаваная калона — установа, якая ажыццяўляе будаўнічыя, мантажныя ці рамонтныя работы. — Заўв. рэд.);
  • Міхаіл Лявонаў — былы прараб Магілёўскай ПМК (гэтае прадпрыемства мантавала ферму, што падтрымлівала дах);
  • Анатоль Сталяроў — былы інжынер па тэхнаглядзе Упраўлення капітальнага будаўніцтва Краснапольскага райвыканкама;
  • Аляксандр Удот — былы намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама.

Ганчарова, Лявонава і Сталярова неўзабаве амніставалі як ліквідатараў-чарнобыльцаў, астатнім «скінулі» па годзе тэрміну.

Фото: onliner.by
Фотаздымак вучняў, якія ў 2004 годзе былі ў 10 «А» класе Краснапольскай школы, з партрэтамі загінулых вучняў і настаўніка. Фота: onliner.by

У фігурантаў гэтай справы, а таксама ў родных загінулых асобныя прысуды выклікалі здзіўленне. Мамы трох загінулых дзяцей і ўдава настаўніка фізкультуры так і не зразумелі, за што пасадзілі экс-намесніка кіраўніка райвыканкама: «Школа больш за дзесяць гадоў будавалася. Дах рабілі не за Удотам. Ён што, потым на вока мог вызначыць, што ферма кепска звараная? Ці сам яе варыў?»

З гэтым былі згодныя і самі вучні: «Нават шкада было гэтых простых людзей, якія не ў той час паставілі свой подпіс. Гэта ж быў даўгабуд, там столькі людзей змянілася. Ды і відавочна не работнікі сярэдняга звяна былі вінаватыя».

Алега Іванчанку абвінавацілі ў службовай халатнасці: маўляў, ён ажыццяўляў аўтарскі нагляд за будаўніцтвам школы. Той тлумачыў, што ў гады, калі ставілі ферму, аўтарскі нагляд ажыццяўляў зусім іншы чалавек: «Але ён даўно з’ехаў жыць у Германію. Напэўна, я ў гэтую гісторыю трапіў як апошні ГІП (галоўны інжынер праекта. — Заўв. рэд.) на школе».

«Ёсць жа людзі, якія прымушалі ўводзіць недабудаваную школу, — дзівіўся Іванчанка. — Якія падпісвалі акт пра прыёмку таго ж даху над спартзалай. У нашую кампанію [асуджаных] яны чамусьці не трапілі. Я ўпершыню з’явіўся на школе ў 98-м. Школа стаяла ўжо гатовай, заставаліся ўнутраныя інжынерныя сеткі, аздабленне і добраўпарадкаванне. То-бок усе папярэднія стадыі будаўніцтва былі скончаныя і прынятыя, у мяне былі на руках чатыры акты абследавання школы. Як я мог падвергнуць сумневу прафесіяналізм тых, хто прымаў папярэднія этапы будаўніцтва? Урэшце, гэтая злашчасная ферма была атрыманая як гатовы выраб, за якасць якога нясе адказнасць яе вытворца».

Паводле былога галоўнага інжынера, у яго былі пытанні і наконт некаторых таварышаў па няшчасці. Напрыклад, Лявонаў, кажа ён, не мантаваў ферму. Гэта рабіў яго зменшчык, але той памёр, таму вінаватым, на думку Іванчанкі, зрабілі Лявонава. Кожанава падала ў суд у якасці доказу бальнічны за той час, калі варылі ферму, але суддзяў гэта не пераканала. Казлоў адказваў за пад’ёмнае абсталяванне, але не меў дачынення ні да зваркі, ні да аддзела тэхнічнага кантролю.

Асуджаныя таксама мусілі выплаціць больш за мільярд рублёў (да дэнамінацыі) дзяржаве за аднаўленне школы і ад 1 да 4 млн — сем’ям загінулых і пацярпелым. Але ў жніўні таго ж года Вярхоўны суд скасаваў гэтае рашэнне і перадаў адказнасць арганізацыям, дзе працавалі людзі: паводле заканадаўства менавіта яны неслі матэрыяльную адказнасць за шкоду, нанесеную работнікамі. У выніку за загінулых сем’ям выплацілі па 10 млн рублёў (4,6 тысячы даляраў паводле тагачаснага курсу), а пацярпелым — менш.

Трагедия в школе в Краснополье. 2004 год. Фото: mchs.gov.by
Трагедыя ў школе ў Краснаполлі. 2004 год. Фота: mchs.gov.by

Як склаліся лёсы людзей, што мелі дачыненне да той катастрофы? З асуджаных мы знайшлі згадку толькі пра Аляксандра Удота. На момант суда ён працаваў у будаўнічай арганізацыі ў Магілёве. Пасля вызвалення вярнуўся ў гэтую ж сферу. У сярэдзіне дзясятых гадоў ён двойчы (тут і тут) згадваўся ў прэсе як кіраўнік Краснапольскай перасоўнай механізаванай калоны № 3. У 2019-м ёю кіраваў ужо іншы чалавек.

Што да вучняў школы, то ва ўстанове цэлы год пасля трагедыі не ладзілі ні святаў, ні дыскатэк. Але паступова жыццё ўзяло сваё. У сям'і Прусавых, дзе загінуў адзін з блізнятаў, праз год нарадзілася дзіця, неўзабаве ўсе яны з’ехалі з Краснаполля. Цяпер Юрый працуе ў Расіі. Павел Бялосаў з’ехаў у Магілёў, дзе працуе ў адной з крамаў тэхнікі. Ігар Штымак стаў прадпрымальнікам, Юрый Ларыёнаў — трэнерам у дзіцяча-юнацкай спартовай школе. Двое апошніх, а таксама некаторыя з іх аднакласнікаў засталіся ў Краснаполлі.

У гарадскім пасёлку пра трагедыю не забываюць. Нездарма ў той самай школе, якая стала гімназіяй, вось ужо 20 гадоў праводзіцца штогадовы адкрыты турнір па валейболе. Ён прысвечаны памяці настаўніка фізкультуры Пятра Любашэнкі, які загінуў, ратуючы сваіх вучняў.

Чытайце таксама