Вольга Бондарава накінулася на «Мінсктранс» праз паланізмы. Мы падлічылі і высветлілі, што сама яна выкарыстоўвае іх нашмат часцей
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Праўладная актывістка Вольга Бондарава ўстурбавалася праз чысціню беларускай мовы. У канцы траўня яна апублікавала ў сваім тэлеграм-канале пост, у якім абурылася тым, што валідатар у мінскім аўтобусе выкарыстоўвае ў службовым тэкставым паведамленні пазычанае з польскай мовы слова «кіроўца». Жанчына, якая паступіла ў 2022 годзе ў БДПУ на спецыяльнасць «беларуская мова і літаратура», назвала гэта «свядомай працай па апалячванні беларускага народа». І запатрабавала прыцягнуць да адказнасці тых, хто «калечыць і забруджвае» дзяржаўныя мовы Беларусі. Падобна, што актывістка, якая плануе стаць выкладчыцай беларускай мовы, не ў курсе, што пазычанні — гэта нармальна для ўсіх моваў. А таксама што яна сама выкарыстоўвае такія словы кожны дзень. Тлумачым, што не так з прэтэнзіямі Бондаравай.

Беларуская мова і праўда «забруджаная» пазычаннямі?

Працэс пазычання словаў і абаротаў з іншых моваў натуральны і звычайны. У працэсе гістарычнага развіцця яны ўзаемадзейнічаюць адна з адной і ўзаемна ўзбагачаюцца. Цэлыя пласты навуковай лексікі ў многіх мовах пазычаныя з грэцкай і лаціны, а імёны са славянскімі каранямі носіць абсалютная меншасць беларусаў.

Адзначым, што іншыя мовы не толькі ўплывалі на беларускую, але і самі ўзбагачалі сваю лексіку за кошт яе. Пазычанні з нашай мовы ёсць у рускай, польскай, літоўскай і ідышы, пра гэта мы расказвалі ў асобным тэксце.

Вельмі часта пазычанне адбываецца ў сувязі з грамадскім ці навукова-тэхнічным прагрэсам, калі носьбітам нейкай мовы бывае прасцей узяць ужо гатовае паняцце, чым прыдумляць новае. Рэвалюцыя, эвалюцыя, партыя, аўтамабіль, тэлефон, электрон, камп’ютар, ноўтбук, чат, СМС, анлайн, экран — мы пастаянна карыстаемся пазычанымі словамі для называння сутнасцяў і з’яваў, з якімі не сутыкаліся нашыя продкі. І часта нават не задумваемся, што яны паходзяць з іншых моваў.

Больш за тое, у многіх выпадках такія зручныя словы праходзяць праз цэлы ланцужок пазычанняў. Напрыклад, праз пасярэдніцтва той жа польскай у беларускую трапіла мноства словаў з трэціх моваў. Да іх ліку адносіцца і той самы «кіроўца». Слова, што абурыла Бондараву, — пазычанне і для польскай мовы, у якую яно трапіла з нямецкай: польскае kierować (кіраваць, паварочваць) паходзіць ад нямецкага kehren (паварочваць). Да гэтай жа катэгорыі нямецкіх словаў, пазычаных беларускай мовай праз польскую, адносяцца, напрыклад, «варунак», «абцас», «дрот», «вандраваць», «шпалеры».

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Хапае ў беларускай і ўласна польскіх па паходжанні словаў. Гэта, напрыклад, «улада», «хустка», «сукенка», «падатак», «кахаць». Існуюць паланізмы і на фанетычным (то-бок гукавым) узроўні — напрыклад, замена на польскі «ц» усходнеславянскага «ч» і паўднёваславянскага «шч» у такіх словах, як «моц», «цуд». Ёсць яны і ў прынцыпах словаўтварэння: выкарыстанне суфіксаў «оўк» — «таксоўка», «дахоўка», «ус» — «мамуся», «бабуся». Да сінтаксічных паланізмаў адносяцца канструкцыі накшталт «а пятай (гадзіне)», «жыць з … (заробку)», «перапрацоўваць … на … (дрэва на паперу)».

Вядома, дзіўна лічыць, што праз капрыз Бондаравай беларуская мова мусіць пазбавіцца ад паланізмаў, частка з якіх трывала прапісалася ў ёй яшчэ XVI страгоддзя.

Яшчэ больш дзіўна выглядала б спроба замяніць гэтыя словы русізмамі, як хоча Бондарава (яна прапануе выкарыстоўваць замест слова «кіроўца» узятае з рускай «вадзiцель»). Многія з рускіх пазычанняў, якія ўжо трапілі ў нашую мову, так і не прыжыліся і з часам выцясняюцца беларускімі эквівалентамі (напрыклад, «айцец» — «бацька», «крэпаснічаства» — «прыгон», «пісец» — «пісар»).

Як адзначаў кандыдат філалагічных навук Юрась Бабіч, слова «кіроўца» значна лепш адпавядае нацыянальным асаблівасцям беларускай мовы, чым «вадзіцель». У рускай мове слова «водитель» утворанае ад дзеяслова «водить» — і гэта лагічна. Бо для рускай мовы абсалютна нармальна гучаць канструкцыі «водить машину», «водить грузовик», «водить автобус». У беларускай жа мове машынамі і аўтобусамі кіруюць — а вадзіць можна, напрыклад, дзяцей за руку, алоўкам па паперы ці сяброўку ў тэатр.

Яшчэ адзін беларускі мовазнавец, кандыдат філалагічных навук Алесь Каўрус, звяртаў увагу на тое, што слова «кіроўца» цалкам адпавядае нормам словаўтварэння беларускай мовы, калі назоўнікі ўтвараюцца ад дзеясловаў з дапамогай суфікса «-ца»: «прамоўца», «суразмоўца», «выступоўца», «бізнесоўца», «мовазнаўца» і гэтак далей. На думку Каўруса, «нават калі гэта („кіроўца“. — Заўв. рэд.) пазычанне, яно не мае відавочных рысаў польскай мовы».

Але можна дапусціць, што скіраваны супраць «кіроўцы» пост Вольгі Бондаравай не распаўсюджваецца на ўсю мову. Хутчэй за ўсё, актывістка проста не ўсведамляе маштабаў пазычанняў з польскай мовы ў абедзве дзяржаўныя мовы Беларусі. І дэманстратыўна ўхапілася за нейкі паланізм, пра існаванне якога выпадкова даведалася — магчыма, на лекцыях у БДПУ. У іншым выпадку вельмі складана растлумачыць, чаму ў сваёй барацьбе за чысціню дзяржаўных моваў яна яшчэ не выступіла за перайменаванне паланізаванага «Мінска» ў беларускі «Менск», «Навагрудка» — у «Наваградак», а «Гродна» — у «Горадню».

Як сама Бондарава «забруджвае і калечыць» другую дзяржаўную мову — рускую

У сваім пасце пра валідатары «Мінсктранса» Вольга Бондарава заклікае чыноўнікаў прыцягваць да адказнасці тых, хто «калечыць і забруджвае» абедзве дзяржаўныя мовы. Праўда, ні ў Крымінальным кодэксе, ні ў КаАП няма артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за «калечанне і забруджанне» мовы. Але мы ў парадку разумовага эксперыменту дапусцім, што актывістка мае рацыю і караць за такія дзеянні варта. У такім выпадку ёй самой давядзецца прыйсці з павіннай, бо яе ўласнае маўлене поўнае пазычанняў з польскай.

Ольга Бондарева. Фото: Гродненская правда
Вольга Бондарава. Фота: «Гродненская правда»

Адзначым, што Вольга Бондарава ў паўсядзённых зносінах карыстаецца рускай мовай і пераважна на ёй робіць публікацыі ў сваіх тэлеграм-каналах. Руская мова — дзяржаўная ў Рэспубліцы Беларусь, а значыць, «забруджванне» яе паланізмамі роўна гэтак жа супярэчыць перакананням актывісткі, як і «забруджванне» беларускай. Але руская за многія стагоддзі таксама пазычыла з польскай шырокую групу словаў-паланізмаў, і цяпер без іх яе немагчыма ўявіць.

З польскай мовы руская пазычыла, напрыклад, назоўнікі «буханка», «повидло», «пончик», «шумовка», «бричка», «магнат», «матрона», «шулер», «индюк», прыслоўі «невинно», «добровольно», злучнік «если». Ёсць у рускай мове і паланізмы-транслятары, то-бок словы, якія трапілі з іншых моваў спачатку ў польскую, а ўжо з яе — у рускую. У XVII стагоддзі польская мова наогул выступала ў ролі пастаўшчыка еўрапейскіх навуковых, адміністрацыйных, юрыдычных, тэхнічных і свецкіх бытавых словаў і паняццяў для рускай. Сярод паланізмаў-транслятараў ёсць, напрыклад, «амуниция», «бутылка», «гонор», «дивизия», «кухня», «музыка», «паспорт», «почта», «приватный», «пудра», «рисунок», «рынок», «рыцарь», «танец», «тарелка», «цифра», «шпага», «штука», «штурм», «штык». А таксама такія геаграфічныя назвы, як «Венгрыя», «Баварыя» і «Парыж».

Усяго ж слоўнік паланізмаў у рускіх тэкстах XIX-XX стагоддзяў налічвае каля 1000 словаў і выразаў, якія трапілі да нашых усходніх суседзяў з польскай ці праз яе пасярэдніцтва.

Цікава, што значная частка паланізмаў трапіла ў рускую мову таксама не наўпрост, а праз старабеларускую мову ўсходнеславянскага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, якую ў расійскіх крыніцах прынята называць заходнерускай.

Восточнославянские языки в конце XIV века. На карте для обозначения старобелорусского языка используется российский термин «западнорусский язык». Карта: Koryakov Yuri. CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Усходнеславянскія мовы ў канцы XIV стагоддзя. На карце для абазначэння старабеларускай мовы выкарыстоўваецца расійскі тэрмін «заходнеруская мова». Карта: Koryakov Yuri. CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Але вернемся да Вольгі Бондаравай. Як выявілася, у адпаведнасці з яе ж поглядамі, сама актывістка старанна «калечыць і забруджвае» паланізмамі рускую мову. Вось як часта асобныя паланізмы сустракаюцца ў пастах і рэпостах яе тэлеграм-канала:

  • пончик — 2 разы;
  • буханка — 4 разы;
  • шулер — 7 разоў;
  • агентура — 18 разоў;
  • бутылка — 24 разы;
  • невинно — 45 разоў;
  • рынок — 89 разоў;
  • кухня — 98 разоў;
  • добровольно — 102 разы;

Таксама мы паспрабавалі падлічыць колькасць выкарыстанняў паланізмаў «музыка» і «если» ў пастах Бондаравай, але ў абодвух выпадках пасля 200 збіліся. Акрамя таго, у сваіх тэкстах жанчына пастаянна выкарыстоўвае паланізаваныя версіі назваў беларускіх гарадоў накшталт Мінска і Гродна.

Калі пагадзіцца з актывісткай у тым, што выкарыстанне паланізмаў «забруджвае» дзяржаўныя мовы Беларусі, выявіцца, што яе ўласны ўнёсак у гэтае самае забруджванне значна пераўзыходзіць сціплы ўплыў аўтобусных валідатараў.

А чаму Бондараву наогул пачало хваляваць гэтае пытанне?

На першы погляд заява Вольгі Бондаравай выглядае як праява моўнага пурызму — дзейнасці, скіраванай на ачышчэнне мовы ад іншародных пазычанняў. Прыхільнікі пурызму (ад лацінскага purus — «чысты») лічаць, што пазычанні шкодныя для іх роднай мовы. І імкнуцца яе чысціць, замяняючы шкодныя, на іх думку, пазычаныя элементы на нешта спрадвечнае.

Моўны пурызм часта разглядаецца як форма нацыяналізму. Так, у XIX стагоддзі ён разглядаўся як спосаб умацавання англійскай ідэнтычнасці ў Вялікабрытаніі, дзе нацыяналістычна настроены паэт і святар Уільям Барнс прапаноўваў прыбраць шматлікія пазычанні з літаратурнай англійскай мовы і наблізіць яе да народнай гаворкі і дыялектаў. Калі б сучаснікі прынялі ўсе прапановы Барнса, цяпер у англійскай мове былі б такія словы, як sunprint — «фатаграфія», speechcraft — «граматыка», birdlore — «арніталогія», wortlore — «батаніка», welkinfire — «метэор», fore-elders — «продкі», bendsome — «гнуткі».

Тады ж, у XIX стагоддзі, рост нацыяналістычных настрояў у нямецкім грамадстве прывёў да з’яўлення «Агульнагерманскага моўнага саюза», які займаўся выкараненнем залішніх пазычанняў і істотна папоўніў нямецкую лексіку новымі словамі на базе звыклых для нямецкага вуха каранёў (Abteil — «купэ», Bahnsteig — «перон», Fahrschein — «праязны білет», Postkarte — «паштоўка»).

У сувязі з гэтым барацьба Вольгі Бондаравай за чысціню беларускай мовы выглядае вельмі дзіўнай: няўжо рускамоўная праўладная актывістка раптам стала беларускай нацыяналісткай? Вядома, не. Да моўнага пурызму ў сваёй дзейнасці ахвотна звярталіся не толькі нацыяналісты, але і прыхільнікі іншых ідэалогій. Прыкметнае месца моўны пурызм займаў у афіцыйнай моўнай палітыцы таталітарных дзяржаваў — у тым ліку нацысцкай Германіі, фашысцкіх Італіі і Румыніі, камуністычных СССР, Кітая і Албаніі.

Гитлер и Муссолини во время визита последнего в Мюнхен, 19 июля 1940 года. Фото: img.audiovis.nac.gov.pl/PIC/PIC_2-12512.jpg, commons.wikimedia.org
Лідары нацысцкай Германіі Адольф Гітлер і фашысцкай Італіі Беніта Мусаліні падчас візіту апошняга ў Мюнхен, 19 ліпеня 1940 года. Фота: img.audiovis.nac, commons.wikimedia.org

У шматнацыянальных камуністычных СССР і Кітаі барацьба за чысціню адпаведна рускай і кітайскай моваў пайшла яшчэ далей, чым у моўных пурыстаў-нацыяналістаў. Лексіка рускай і кітайскай моваў не проста замяняла некаторыя пазычанні ўнутры «сваіх» моваў, але і пачала актыўна ўкараняцца ў мовах этнічных меншасцяў.

Пазычанні з рускай у сярэднім складалі 70−80% новых словаў у нацыянальных мовах народаў СССР. Так у кыргызскай мове, якая адносіцца да кыпчакскай групы цюркскай моўнай сям'і, з’явіліся словы «ветеран», «взнос», «врач», «вратарь», «втулке» (затычка), «водопровод». А ў мову комі фіна-вугорскай групы ўральскай моўнай сям'і праніклі такія словы, як «очки», «капуста», «картинка», «час». Падобная прымусовая русіфікацыя адбывалася і ў дачыненні да беларускай мовы.

Калі ўважліва прыгледзецца да заявы Бондаравай, можна лёгка заўважыць, што яе турбуе нават не факт ужывання пазычання ў беларускай мове, а тое, што пазычанне выкарыстанае «няправільнае». Актывістка незадаволеная тым, што валідатар выкарыстоўвае слова «кіроўца», пазычанае з польскай мовы, замест «вадзіцеля» — яго «агульнасавецкага» сіноніма, які прыйшоў з рускай мовы.

Таму фактычна заява Бондаравай — гэта нават не моўны пурызм, а праява ідэалогіі вялікадзяржаўнага рускага шавінізму, якой прытрымліваецца актывістка.

Нагадаем, што Вольга Бондарава не ўпершыню спрабуе выдаць свае ілжывыя і даволі дзіўныя ўяўленні пра гісторыю Беларусі за аб’ектыўныя факты. Так, у студзені яна з няведання абвясціла «змагарскімі» савецкія баявыя ордэны, лагатып ДАІ і гербы гарадоў, зацверджаныя Лукашэнкам.

Чаго насамрэч патрабуюць радыкальныя прыхільнікі Лукашэнкі? «Люстэрка» спакойна і ўзважана разбірае тэзісы прапагандыстаў. Мы называем рэчы сваімі імёнамі і паказваем абсурд таго, што адбываецца. Бо часам гумар — гэта адзіны спосаб захаваць здаровы розум у беларускай рэчаіснасці.

Падтрымайце рэдакцыю, каб мы маглі ствараць больш такіх матэрыялаў

Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.