Сорак гадоў таму, 15 жніўня 1984 года, у Камеруне адбылося загадкавае здарэнне, якое забрала жыцці некалькіх дзясяткаў чалавек. Праз два гады гісторыя паўтарылася, але ўжо з нашмат жахлівейшымі наступствамі — гэтым разам загінулі тысячы. Людзі паміралі раптоўна, без відавочных прычын, проста ля парогаў сваіх дамоў. Жывёлы нежывыя падалі на пашах. Здавалася, быццам нябачны забойца прайшоўся праз афрыканскія вёскі. Але самае трывожнае ў тым, што такая катастрофа, толькі ў значна маштабнейшым выглядзе, дагэтуль пагражае мільёнам людзей, якія жывуць ля берагоў Чорнага мора. Расказваем падрабязней, у чым сутнасць пагрозлівай з’явы, пра якую ідзе гаворка.
Рана раніцай 15 жніўня 1984 года ў ваколіцах возера Манун у Камеруне адбылася трагедыя. Абда Нканжуоне, мясцовы жыхар, выправіўся на ровары ў суседнюю вёску. Спускаючыся ў нізіну ля дарогі, ён убачыў жудасную карціну: прыпаркаваны грузавік з целам мясцовага святара непадалёк, крыху далей — матацыкліст, што застыў у сядле свайго байка. Абодва былі мёртвыя.
Далей па дарозе Нканжуоне назіраў усё больш жахлівыя сцэны: статкі мёртвых авечак, аўтамабілі са здранцвелымі целамі ўнутры. Адчуваючы ўсё большую слабасць, ён быў вымушаны злезці з ровара і далей пайсці пешшу. Сустрэўшы ў дарозе знаёмага, Нканжуоне з жахам усвядоміў, што не можа вымавіць ні слова папярэджання. Яму ўдалося дабрацца да найбліжэйшай вёскі і выжыць, але той самы прыяцель і яшчэ 36 чалавек, якія апынуліся ў нізіне так раніцы, выратавацца не змаглі.
Паліцэйскія і медыкі, якія прыбылі на месца здарэння, убачылі незвычайную з’яву: над зямлёй слалася бялявае воблака вышынёй каля трох метраў. Адчуўшы галавакружэнне і млоснасць, яны спешна пакінулі небяспечную зону. Калі туман разышоўся, вачам ратавальнікаў адкрылася жахлівая карціна: дзясяткі мёртвых людзей і жывёл ляжалі на зямлі. На целах загінулых знайшлі дзіўныя пашкоджанні скуры, што нагадвалі апёкі ці пухіры. Пазней даследчыкі выявілі, што расліннасць на беразе возера была прымятая, нібы яе накрыла магутная хваля. Сама вада ў возеры набыла незвычайнае чырванавата-карычневае адценне.
Пра катастрофу імгненна разышліся чуткі. Некаторыя казалі, што ва ўсім вінаватыя змоўнікі, якія спрабуюць здзейсніць дзяржаўны пераварот. Ці, магчыма, сам урад правёў хімічную атаку. Іншая версія заключалася ў тым, што даўно заснулы вулкан над возерам Манун зноў актывізаваўся.
Амаль роўна праз два гады пасля гэтых падзей здарылася яшчэ маштабнейшая катастрофа. Гэтым разам месцам дзеяння стала возера Ньёс, размешчанае ў паўночна-заходнім рэгіёне Камеруна.
Мясцовыя жыхары называлі яго «кепскім возерам». Існавала легенда пра злога духа, які выходзіў з вады, каб забіць усіх, хто жыў паблізу. Як выявілася, гэтая легенда, відаць, была памяццю пра цалкам рэальную пагрозу.
Возера ўтварылася ў кратары вулкана ўсяго каля 400 гадоў таму. Яно вылучалася незвычайным спакоем: яго воды практычна не змешваліся, хаваючы пад паверхняй смяротную небяспеку. Дзесяцігоддзямі вадаём назапашваў у сваіх глыбінях тое, што ў выніку ператварыла яго ў бомбу запаволенага дзеяння.
Увечары 21 жніўня 1986 года гэтая бомба выбухнула. Нешта справакавала катастрофу: магчыма, невялікі землятрус, падводны апоўзень ці нават моцны вецер. Вынік быў ашаламляльным: возера Ньёс літаральна выбухнула, выкінуўшы ў паветра слуп вады вышынёй больш за 90 метраў і стварыўшы невялікае цунамі.
Але самае страшнае пачалося пасля гэтага. Праз наваколле імкліва пракацілася хваля смерцяў. Вёскі побач з вадаёмам практычна не мелі шанцаў на выжыванне. У суседняй вёсцы Ньёс, дзе жыло каля 800 чалавек, у жывых засталіся толькі шасцёра — тыя, хто зарыентаваўся і паспеў хутка з’ехаць на матацыклах.
Катастрофа распаўсюджвалася ўсё далей, дасягаючы нават вёсак за 25 кіламетраў ад возера. Жыхары наваколля, якія выйшлі з дамоў, каб высветліць крыніцу дзіўнага шуму, падалі нежывымі ля сваіх парогаў. Людзі, якія ў гэты час спалі, паміралі, нават не прачнуўшыся, а іх сваякі не адразу разумелі, што адбылося.
Усе агні ў акрузе раптам патухлі. Людзі і жывёлы ляжалі мёртвыя. Агулам загінула 1746 чалавек. Вёскі Ньёс, Кам, Ча і Субум былі практычна знішчаныя. Акрамя людзей загінула больш за 3500 галоваў жывёлы. Усё гэта адбылося ўсяго за некалькі хвілін.
Само возера, як і ў выпадку двухгадовай даўніны, таксама змянілася: яго колер з ясна-блакітнага стаў глыбока чырвоным.
Тое, што адбылося на азёрах Манун і Ньёс, навукоўцы называюць лімналагічнай катастрофай або лімнічным вывяржэннем. Каб зразумець, як гэта працуе, трэба разабрацца, як вуглякіслы газ раствараецца ў вадзе.
Усе газы маюць пэўную растваральнасць — мяжа, пасля якой больш іх дадаць у ваду нельга. Для CO2 яна складае крыху менш за адзін літр на літр вады пры звычайнай атмасфернай тэмпературы і нармальным ціску. Далейшыя спробы дадаць больш газу ў ваду не будуць мець эфекту.
Аднак растваральнасць газу ў вадзе можна павялічыць, калі павысіць ціск ці знізіць тэмпературу. Такія ўмовы акурат назіраюцца на дне вельмі глыбокіх вадаёмаў. Як і многія кратарныя азёры, Ньёс мае вельмі вялікую глыбіню — каля 208 метраў. Ціск на дне велізарны: у 20 разоў большы, чым на паверхні, і растваральнасць вуглякіслага газу, адпаведна, у 20 разоў вышэйшая. То-бок на дне возера Ньёс адзін літр вады можа ўтрымліваць амаль 20 літраў гэтага газу. Для параўнання: у звыклай нам газіроўцы звычайна ў тры-пяць разоў больш CO2, чым можа растварыць вада ў звычайных умовах.
Але адкуль вуглекіслата на глыбіні? Яна паступала ў ваду з прычыны вулканічнай актыўнасці, якая захоўвалася на дне возера Ньёс. Газ прасочваўся праз расколіны ў пародзе, у выніку трапляючы менавіта туды, дзе яго растваральнасць найвышэйшая. Гадамі, дзесяцігоддзямі — магчыма, нават стагоддзямі — ён назапашваўся ў глыбінях. Вада на дне рабілася ўсё больш насычанай, ператвараючыся ў своеасаблівую газаваную бомбу запаволенага дзеяння. Любое значнае хваляванне — падводны апоўзень, невялікі землятрус ці нават моцны вецер — магло справакаваць катастрофу.
Калі насычаная CO2 вада пачынае падымацца, ціск падае, і раствораны газ пачынае вылучацца ў выглядзе бурбалак (той самы эфект можна ўбачыць, адкрываючы бутэльку газіроўкі ці іншага напою, багатага вуглекіслатой). Гэтыя бурбалкі, у сваю чаргу, забіраюць з сабой яшчэ больш вады, ствараючы эфект ланцуговай рэакцыі. У выніку адбываецца імклівы выкід велізарнай колькасці вуглякіслага газу на паверхню.
У выніку халодная насычаная CO2 вада, якая спачывала на дне возера многія гады, падымаецца на паверхню з выбухной хуткасцю, выклікаючы аднамомантны выкід велізарнай колькасці вуглякіслага газу. Ён цяжэйшы за паветра, таму сцелецца па зямлі шчыльным воблакам, выцясняючы кісларод. Людзі і жывёлы, якія трапілі ў зону такога воблака, гінуць ад удушша. Пры гэтым сам працэс выкіду газу можа быць адносна ціхім, што робіць яго яшчэ больш падступным: ахвяры часта нават не паспяваюць зразумець, што адбываецца.
Адна з вядомых трагічных ілюстрацый гэтага эфекту ў меншым маштабе здарылася ў адной з маскоўскіх лазняў у 2020 годзе: тады падчас святкавання дня нараджэння расійскай блогеркі Кацярыны Дзідзенка ў басейны высыпалі каля 30 кг сухога лёду (фактычна, моцна сціснутага ў нізкай тэмпературы вуглякіслага газу) — газападобны, хутка вызвалены CO2 выцесніў з памяшкання паветра і забіў трох гасцей, у тым ліку мужа імянінніцы, яшчэ некалькі чалавек сур’ёзна атруціліся.
Тое самае, але ў значна большым маштабе, адбылося ў Камеруне ў 1984 і 1986 гадах. Сёння на азёрах Манун і Ньёс усталяваныя спецыяльныя дэгазацыйныя трубы, якія пастаянна выпускаюць з вады назапашаны вуглякіслы газ і перадухіляюць яго назапашванне да небяспечных узроўняў.
Яшчэ больш патэнцыйна небяспечны вадаём Афрыкі — возера Ківу, размешчанае на мяжы Руанды і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Ківу, як і Ньёс, вылучае газы з дна. Але ў гэтым выпадку гэта не толькі вуглекіслата, але і метан — па сутнасці, прыродны газ, які выкарыстоўваецца ў бытавых плітах і печах. Дакладныя наступствы і рызыка для насельніцтва, што жыве вакол возера, да канца не вядомыя. Аднак прыродны газ лёгка запальваецца, а памеры Ківу больш чым у тысячу разоў перавышаюць памеры возера Ньёс. Такая лімналагічная катастрофа можа стаць адным з найбуйнейшых стыхійных бедстваў ў гісторыі чалавецтва.
На шчасце для беларусаў, у нашай краіне азёр з вулканічнай актыўнасцю на дне няма. А самы глыбокі вадаём у Беларусі — возера Доўгае ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці — мае глыбіню ўсяго 53,6 метра.
Але якім бы страшным ні быў выкід CO2 з Ньёса, вуглякіслы газ, хоць і смяротны, не гаручы. Гэтага нельга сказаць пра Чорнае мора, якое ўяўляе сабой значна сур’ёзнейшую пагрозу.
Гэта мора ўнікальнае тым, што яно — найбуйнейшы ў свеце вадаём з анаэробнымі ўмовамі. Гэта значыць, што большая частка яго водаў пазбаўленая кіслароду. Замест гэтага ў глыбінях Чорнага мора за тысячагоддзі назапасілася велізарная колькасць серавадароду — атрутнага газу з характэрным пахам тухлых яек.
Серавадарод утвараецца ў выніку жыццядзейнасці анаэробных бактэрый, якія раскладаюць арганічныя рэчывы на дне мора. У звычайных умовах гэты газ акісляецца кіслародам, але ў Чорным моры апошні адсутнічае на глыбінях больш за 150−200 метраў. Праз гэта, паводле ацэнак навукоўцаў, агульны аб’ём растворанага серавадароду ў Чорным моры можа перавышаць 4,5 мільярда тон.
Гэтая асаблівасць робіць глыбіні Чорнага мора недаступнымі для большасці формаў жыцця. Толькі некаторыя віды бактэрый здольныя існаваць у такіх умовах. Але, што яшчэ больш трывожна, гэта стварае патэнцыйную пагрозу для мільёнаў людзей, якія жывуць на ўзбярэжжы. Моцны землятрус, падзенне буйнога астэроіда ці нават ядзерны выбух у Чорным моры могуць прывесці да масавага выкіду серавадароду ў атмасферу. Наступствы такой падзеі могуць быць катастрафічнымі.
Згодна з разлікамі даследчыкаў, падзенне астэроіда дыяметрам адзін кіламетр у паўночную частку мора можа стварыць воблака серавадароду, якое накрые плошчу ад 5760 да 9920 квадратных кіламетраў. У зону паражэння можа трапіць ад 1,4 да 2,47 мільёна чалавек. І нават падзенне параўнальна невялікага астэроіда дыяметрам 70 метраў можа стварыць смяротнае воблака плошчай ад 105 да 210 квадратных кіламетраў, пагражаючы жыццям 26−52 тысяч чалавек.
Серавадарод надзвычай таксічны. Нават невялікая яго канцэнтрацыя ў паветры выклікае галаўны боль, галавакружэнне і млоснасць. Удыханне высокіх канцэнтрацый газу прыводзіць да страты прытомнасці і смерці за некалькі хвілін. Акрамя таго, серавадарод лёгка запальваецца і можа ўтвараць выбухованебяспечныя сумесі з паветрам. У выпадку маштабнага выкіду гэта можа прывесці да катастрафічных пажараў і выбухаў.
І хоць імавернасць падзення буйнога астэроіда ў Чорнае мора вельмі малая, існуюць больш рэальныя пагрозы. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну акваторыя вадаёма трапіла ў непасрэдную зону баявых дзеянняў. Крамлёўскае кіраўніцтва ўсё часцей намякае на магчымасць выкарыстання ядзернай зброі. Паводле ацэнак даследчыкаў, ядзерны выбух магутнасцю адна мегатона ў трацілавым эквіваленце можа быць супастаўны з падзеннем ў мора астэроіда дыяметрам каля 33 метраў. А выбух магутнасцю 50 мегатон (што прыкладна адпавядае магутнасці самай буйной калі-кольвек выпрабаванай ядзернай бомбы) можа мець эфект, параўнальны з падзеннем астэроіда дыяметрам каля 120 метраў.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO