Гучная стужка пра беларускія пратэсты і не толькі. Сабралі цікавыя фільмы, якія бясплатна пакажуць на «Паўночным ззянні»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Ужо 4 лістапада пачнецца дзясяты кінафестываль «Паўночнае ззянне»: два з паловай тыдні беларускія гледачы штодзённа змогуць атрымліваць асалоду ад прагляду 47 стужак з пяці праграм фэсту, сярод якіх міжнародная, беларуская, украінская. Глядзець усе фільмы можна бясплатна анлайн пасля рэгістрацыі, а таксама некаторыя стужкі пакажуць у кінатэатрах Вільнюса, Варшавы і Таліна. Пра самыя цікавыя з іх — у гэтым матэрыяле.

Гэта рэкламны матэрыял. Рэклама дапамагае нам працаваць і расказваць беларусам сапраўдныя навіны. Тэкст напісаны нашым партнёрам. Калі вы хочаце падтрымліваць незалежную беларускую журналістыку і прарэкламаваць свой прадукт, абавязкова напішыце нам.

Расклад паказаў складзены такім чынам, каб пры жаданні гледачы маглі паглядзець усе фільмы з праграмы — дастаткова на час фестывалю ўзяць за традыцыю бавіць час восеньскімі вечарамі за праглядам кіно.

Сёлетні фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін адбудзецца ў дзясяты раз — за гэты час «Паўночнае ззянне» вырасла і трансфармавалася з кінаагляду ў міжнародны кінафестываль з беларускім конкурсам, шматнацыянальным журы і ўласнай платформай, у івэнтах якой удзельнічаюць госці з розных краін.

— Калі ў 2015 годзе ў рамках першага кінафэсту мы паказалі толькі сем фільмаў, то ў сёлетняй праграме ў нас ужо 47 стужак, — прыводзіць лічбы заснавальніца кінафестывалю, прадзюсарка і рэжысёрка Воля Чайкоўская. — За дзесяць гадоў існавання «Паўночнага ззяння» мы аб’ядналі тысячы людзей, прадэманстравалі больш за 180 фільмаў з 13 краін свету і правялі больш за 100 афлайнавых і анлайнавых івэнтаў. І працягваем ззяць восенню 2024 года, таму запрашаю ўсіх далучацца да праглядаў класнага кіно.

Воля Чайкоўская, заснавальніца кінафестывалю «Паўночнае ззянне». Фота: «Паўночнае ззянне»
Воля Чайкоўская, заснавальніца кінафестывалю «Паўночнае ззянне». Фота: «Паўночнае ззянне»

На «Паўночным ззянні» трэці год запар будзе працаваць міжнароднае журы, удзельнікі якога адгледзяць фільмы беларускага конкурсу, міжнароднага конкурсу дэбютаў і конкурсу кароткага метра SHORTCUT. Ну а мы падрыхтавалі для нашых чытачоў гід па фільмах, якія варта абавязкова паглядзець.

15 скандынаўскіх і балтыйскіх фільмаў

Міжнародная праграма фестывалю адкрыецца паказам нарвежскага фільма «Песні Зямлі» (Нарвегія, 2023), які быў намінаваны на леташнюю прэмію «Оскар». Гэтую медытатыўную дакументальную стужку ацэняць аматары National Geographic, бо рэжысёрка Маргрэт Олін і яе 84-гадовы бацька Ëрген адпраўляюцца ў вандроўку па Нарвегіі: ф’ёрды, леднікі і вадаспады становяцца фонам для разважанняў аб адносінах з прыродай, сувязях паміж бацькамі і дзецьмі, а таксама для аповедаў Ëргена пра 55-гадовы шлюб з жонкай Магнхільд, іх агульныя радасці і філасофскае чаканне смерці.

Усяго сёлета ў міжнароднай праграме 15 фільмаў, і ўсе яны вельмі разнапланавыя. Вось яшчэ некалькі цікавых кінастужак:

  • «Нябачны бой» (Эстонія, Латвія, Грэцыя, Фінляндыя, 2023) — камедыя ад рэжысёра Райнера Сарнета, у якой спалучаюцца хэві-метал, кунг-фу і савецкі манастыр. Фільм атрымаў прыз за найлепшую рэжысуру ў праграме Orizzonti Венецыянскага кінафестывалю, намінаваны на European Film Awards, а таксама зараз змагаецца за «Оскар» ад Эстоніі.
  • Дакументальная сямейная драма «Браты Андэрсан» (Швецыя, 2024) пра любоў і трагедыю алкагалізму ў сям'і. У стужцы паказваецца гісторыя чатырох упартых братоў: Роя, Чэла, Лейфа і Роні. Рэжысёрка Юхана Бернхардсан праз фільм спрабуе аб’яднаць іх хаця б дзеля адной сустрэчы, бо яны не збіраліся разам доўгія дзесяць гадоў. Важная дэталь: гаворка ідзе пра сям’ю знакамітага рэжысёра Роя Андэрсана, а фільм зняты ягонай пляменніцай. Мы прывыклі думаць пра славутых рэжысёраў як пра нейкіх багоў, таму пабачыць самога Роя Андэрсана ў такім уразлівым стане вельмі кранальна і шчымліва.
  • Дакументальны дацкі фільм «Прамень» (Аляксандр Лінд, Данія, 2023) зняты пра малавядомы за межамі Даніі гучны арт-скандал вакол інсталяцыі мастачкі Эле-Мі Эйдруп Хансэн «Скульптура міру». Яна спалучыла лазерным праменем шэсць тысяч ваенных бункераў, пабудаваных дацкімі рабочымі падчас Другой сусветнай вайны, — і такім чынам «падсвяціла» дапамогу датчан нацыстам. Гэты праект разадраў гістарычныя раны ў дацкім грамадстве, і мастачка стала аб’ектам нападаў з боку ветэранаў, СМІ і ўладаў, што амаль зруйнавала яе кар’еру на наступныя 20 гадоў.

Беларуская праграма: без бюджэтаў, але з душой

Большасць з 16 стужак беларускіх рэжысёраў — гэта малабюджэтныя карціны, але ўсе яны аб’яднаныя тым, што маюць агульны беларускі код. Кожная з іх прымусіць задумацца гледачоў і паразважаць пра нядаўняе мінулае, сучаснасць і будучыню краіны.

Вось што трэба абавязкова ўбачыць, каб пазнаёміцца з творчасцю сучасных беларускіх рэжысёраў:

  • Поўнаметражны хіт «Пад шэрым небам» (Польшча, 2024) рэжысёркі Мары Тамковіч, які дэбютаваў сёлета на Нью-Ёркскім кінафестывалі Tribeca і паспеў атрымаць узнагароду на найбуйнейшым польскім кінафестывалі ігравых фільмаў у Гдыні. Стужка распавядае гісторыю журналісткі Лены, якую арыштоўваюць за асвятленне пратэстаў 2020 года, і паказвае пытанне цяжкага выбару паміж свабодай і бяспекай. Сюжэт заснаваны на рэальнай гісторыі журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, якія цяпер з’яўляюцца палітвязнямі.
  • У поўнаметражнай версіі нашумелага сатырычнага серыяла «Працэсы» (Польшча, 2023) рэжысёр Андрэй Кашперскі сабраў кафкіянскую калекцыю абсурдных анекдотаў пра грамадства, якое паступова трапляе пад уладу татальнага кантролю і прапаганды, а людзі ператвараюцца ў «шрубкі» сістэмы. Гэта сатыра на беларускую рэчаіснасць, у якой оруэлаўскія лозунгі «Вайна — гэта Мір» і «Свабода — гэта Рабства» становяцца часткай паўсядзённага жыцця.
  • Юрый Сямашка стварыў анімацыйны камедыйны трылер «Кроў і караоке» (Польшча, 2023), у якім паказваецца абсурдная і гумарыстычная гісторыя баязлівага ахоўніка супермаркета ў небяспечнай сітуацыі. Калі вам спадабаецца любоў рэжысёра да такой самаробнай анімацыі, то ў анлайн-кінатэатры беларускага кіно VODBLISK можна паглядзець і іншыя працы Юрыя.
  • У сваім эксперыментальным праекце «Транзіт» (Беларусь, 2023) мастак і акцыяніст Аляксей Кузьміч апавядае пра сваё затрыманне, збіццё, эміграцыю і вяртанне назад на Нямігу. У стужцы аўтар дае ключы да асэнсавання свайго мастацтва.
На паказах «Паўночнага ззяння», Талін, 2023 год. Фота: «Паўночнае ззянне»
На паказах «Паўночнага ззяння», Талін, 2023 год. Фота: «Паўночнае ззянне»

Тры фільмы пра вайну

Трэці год запар на «Паўночным ззянні» дэманструюцца ўкраінскія стужкі ў праграме UKRAINE MON AMOUR, прысвечанай барацьбе Украіны за свабоду.

Сёлета можна паглядзець тры фільмы:

  • Nice Ladies (Марыя Панамарова, Нідэрланды, Украіна, 2024) — кранальная гісторыя пра тое, як каманда ўкраінак-чырлідарак, якім за 50, трымаецца за сваё сяброўства падчас вайны. Перад кожнай з жанчын стаіць цяжкі выбар паміж «з'ехаць» і «застацца»: ці здолеюць яны ўратаваць сваё сястрынства і знайсці агульную мову?
  • Стужка «Святлабоязь» (Іван Астрахоўскі, Павол Пекарчык, Славакія, Чэхія, Украіна, 2023) паказвае паўсядзённае жыццё ўкраінскай сям'і ў тунэлях харкаўскага метро. З-за расійскіх бамбёжак 12-гадоваму хлопчыку не дазваляюць пакідаць станцыю, і сярод пакінутых вагонаў і перапоўненых платформ ён сустракае 11-гадовую дзяўчынку, з якой пасябруе. Ці змогуць гэтыя дзеці разам зноў адчуць прамяні сонца на сваіх тварах? Прэм’ера фільма адбылася на 80-м Венецыянскім міжнародным кінафестывалі, дзе ён атрымаў узнагароду Europa Cinemas Label Award.
  • Фільм «Песні зямлі, што павольна гарыць» (Вольга Журба, Украіна, Швецыя, Данія, Францыя, 2024) — гэта аўдыявізуальны дзённік паглыблення Украіны ў бездань татальнай вайны. Гледачы змогуць праз пейзажы, рэдкія размовы і выпадковыя сустрэчы асэнсаваць найглыбейшую трагедыю — нармалізацыю вайны.

Сапраўдная «Нязломнасць»

Сёлета на «Паўночным ззянні» ўпершыню пройдуць паказы спецыяльнай праграмы «Нязломнасць», якая мусіць паказаць здольнасць чалавечага духу трываць, адаптавацца і супраціўляцца. Нават у сучасным свеце, дзе так шмат хаосу і прыгнёту.

Можна будзе паглядзець тры фільмы, у якіх героі сутыкаюцца з надзвычайнымі абставінамі — палітычнымі, сацыяльнымі або экзістэнцыяльнымі — і знаходзяць у сабе сілы выстаяць:

  • «Прамое дзеянне» (Гіём Каё, Бэн Расэл, Германія, Францыя, 2024) — гісторыя пра барацьбу мясцовых актывістаў супраць будаўніцтва міжнароднага аэрапорта. З аднаго боку барыкад — французская сельская абшчына, якая перажыла некалькі высяленняў і ініцыявала новы экалагічны рух, а з другога — дзяржава, якая лічыць гэтых людзей «экатэрарыстамі». Прэм’ера фільма адбылася сёлета на 74-м Берлінскім кінафестывалі — стужка была прызнана найлепшай у рамках праграмы Encounters.
  • «Фарук» (Германія, Турцыя, Францыя, 2024) — фільм пра змаганне 90-гадовага мужчыны супраць зносу шматпавярховага дома. Для Фарука гэта не проста сцены, а страта месца, з якім звязаны вялікі перыяд яго жыцця, таму мужчына адмаўляецца высяляцца без барацьбы. І ўсё гэта бярэцца задакументаваць яго дачка — рэжысёрка Аслы Озге.
  • «Хто, калі не мы? Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі» (Юльянэ Тутэйн, Германія, 2023) — дакументальная стужка пра жыццё трох адважных беларускіх жанчын пасля пратэстаў 2020 года. Дар’я пасля арышту калегаў-праваабаронцаў працягвае сваю дзейнасць у выгнанні, 74-гадовая Ніна працягвае свой ціхі і настойлівы пратэст у Беларусі, а Таня, заснавальніца фестывалю правоў чалавека Watch Docs, жыве асобна ад мужа і сына, якія ўцяклі ва Украіну. Як атрымліваецца, што ў гэтых жанчын не знікае надзея на перамены?

Конкурс лаканічных гісторый

Праграма кароткаметражных фільмаў SHORTCUT — гэта зборнік дзесяці маленькіх гісторый ад рэжысёраў з Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Ісландыі і Харватыі. Усе працы ў розных жанрах даследуюць карані чалавечых адносін з блізкімі, домам, народнымі традыцыямі, мастацтвам, а таксама ўласнымі ўнутранымі траўмамі.

Вось некалькі кароткіх фільмаў з небанальнымі сюжэтамі:

  • «Нарвежскае патомства» (Марлен Эмілі Лінгстад, Данія, 2023) — гісторыя блогера, які падаўляе мужчынскую сэксуальнасць, а пасля смерці маці ўпершыню задумваецца пра працяг роду. Прэм’ера гэтага фільма адбылася сёлета ў Канах.
  • «Будо» (Аляксандр Тама, Аманда Огард, Швецыя, 2024) — анімацыя пра адзінокую японскую бабулю, якая ў супермаркеце сустракае чароўнага рыжага ката. Канечне, жанчына забірае яго дадому, але потым пачынаецца нечаканае…
  • «Валерыя» (Сара Юрынчыч, Харватыя, 2023) — эксперыментальны эсэістычны фільм, рэжысёрка якога на магіле сваёй бабулі адпраўляецца ў замагільны свет, што аб’ядноўвае жывых і мёртвых, сучаснасць і мінулае. Стужка ўжо атрымала некалькі ўзнагарод на міжнародных фестывалях, а таксама была прадстаўлена ад Харватыі на European Film Awards.
На паказе фільма «Мара» Сашы Кулак, Талін 2022 год. Фота: «Паўночнае ззянне»
На паказе фільма «Мара» Сашы Кулак, Талін, 2022 год. Фота: «Паўночнае ззянне»

Дзе глядзець «Ззянне»?

Анлайн-прагляд усёй праграмы «Паўночнага ззяння» цалкам бясплатны — як з Беларусі, так з любых іншых краін. Проста трэба зайсці на сайт northernlightsff.com, выбраць у праграме фільмы для прагляду, у час іх трансляцыі запусціць плэер і атрымліваць асалоду ад чароўнага свету кіно.

Для тых, каму не хапае атмасферы кінатэатру, арганізатары «Паўночнага ззяння» зладзілі паказы некаторых фільмаў у афлайне — у Варшаве, Таліне і Вільнюсе. Білеты ўжо ў продажы, а ў варшаўскіх кінатэатрах разам з паказамі яшчэ пройдуць сесіі пытанняў і адказаў з аўтарамі і героямі стужак.

Сачыце за навінамі фэсту ў сацсетках праекта: FB, Instagram, Telegram.

Калі захочаце падтрымаць «Паўночнае ззянне», на сайце ёсць магчымасць заданаціць на тое, каб каманда фестывалю магла працягваць працаваць і надалей.