Самы забаронены беларускі пісьменнік атрымаў прэстыжную прэмію і 20 тысяч еўра — вось за што
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч атрымаў Ляйпцыгскую кніжную прэмію за ўнёсак у еўрапейскае ўзаемаразуменне (уручэнне адбудзецца ў 2025 годзе) — узнагарода прысуджаная за раман «Сабакі Еўропы». Пра гэта пісьменнік паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.

Ольгерд Бахаревич. Фото: Юлия Тимофеева
Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева

Як адзначыла, кажучы пра раман, сябра журы Майке Альбат, гэтая «шалёная сумесь палітычнага трылера, эпасу, прыгодніцкай гісторыі, сатыры і казкі» забірае чытача «ў самыя цёмныя куткі сучаснасці». Там аўтар знаходзіць вытокі супярэчнасцяў, якім ён «дае разгарэцца ў 2050 годзе паміж Мінскам, Вільнюсам, міжземнаморскім востравам, Гамбургам, Прагай і Берлінам». Яна дадала, што рашэнне журы было «абсалютна аднагалосным».

Нямецкамоўная публіка пазнаёмілася з кнігай дзякуючы перакладу, які зрабіў Томас Вайлер. «Сабакі Эўропы» на нямецкай выйшлі ў лютым 2024 года, замовіць кнігу можна на сайце выдавецтва.

Ляйпцыгская кніжная прэмія за ўнёсак у еўрапейскае ўзаемаразуменне ўручаецца штогод з 1994 года. Грашовы прыз складае 20 тысяч еўра.

Нагадаем, у траўні 2022 года арыгінал кнігі на беларускай мове быў прызнаны «экстрэмісцкім». Ён стаў першым мастацкім творам беларускай літаратуры, які атрымаў такі статус. Пазней, у сакавіку 2023 года, такі ж статус атрымала кніга Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А.».

«Сабакі Эўропы» выйшлі ў выдавецтве «Логвінаў» у апошнія дні 2017 года, потым кніга была перавыдадзеная ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2021-м. Раман складаецца з шасці частак, кожная з якіх можа лічыцца асобным творам. Сувязі паміж імі невыразныя, больш за тое, часткі рамана можна чытаць у любой паслядоўнасці.

Паводле жанру «Сабакі Еўропы» — змрочная антыўтопія. Сярод сюжэтных ліній вылучаюцца дзве.

Адна з іх развіваецца ў 2049 годзе на тэрыторыі Беларусі, якая да таго часу страціла незалежнасць і знаходзіцца пад поўнай уладай Расіі. З дапамогай бязлітаснай сатыры на «савок» Бахарэвіч перадае атмасферу абсалютнай безнадзейнасці і поўнага выраджэння беларускай нацыі.

Дзеянне другой пачынаецца ў Берліне, дзе знаходзяць памерлага паэта. Супрацоўнік службы ідэнтыфікацыі неапазнаных асобаў мусіць сабраць звесткі пра памерлага, які пісаў вершы на невядомай яму мове. Імкнучыся знайсці гэтую інфармацыю, ён выпраўляецца ў падарожжа і сутыкаецца з культурнай дэградацыяй заходняй цывілізацыі, якая адмовілася ад кніг.

Паводле Бахарэвіча, адмова ад культуры і роднай мовы — жыхары Беларусі гавораць выключна на трасянцы — прыводзіць да вымірання ўсяго жывога, будзе гэта жабрацкі Усход ці багаты Захад.

Набыць кнігу на беларускай мове можна па спасылцы.