Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. В мире тысячи медиков умерли из-за своей работы. В Беларуси их не стали считать — «Зеркало» получило закрытую статистику
  2. Демаркационная линия и 40 тысяч иностранных военных: стали известны подробности плана по гарантиям для Украины после прекращения огня
  3. В Пинском районе женщина покончила с собой после преследований по «экстремистским» статьям
  4. Многие люди, обнаружив на продукте плесень, просто ее срезают. Но это может обернуться серьезными проблемами со здоровьем — вот почему
  5. В Сирии люди попали в здание тюрьмы, в которой режим Асада тысячами пытал и убивал политзаключенных. Показываем фото оттуда
  6. «Имелись случаи игнорирования посещений митингов». Бухгалтеру написали нелестную характеристику — она пошла в суд
  7. Беларусы перестали слушать российских исполнителей. Почти весь топ-10 занял K-pop
  8. «Вызовет напряженность». Генпрокуратура раскритиковала чиновников за проблемы, которые получили «негативную реакцию в СМИ»
  9. Есть регион, который тянет вниз экономику страны. Из закрытого документа стали известны подробности проблем в этой области
  10. «Мы никого не меняем». В КГБ солгали об осужденных за границей беларусах и в очередной раз «бросили своих»
  11. «Создали разветвленную преступную организацию». На нескольких бойцов полка Калиновского завели уголовные дела
  12. Чиновников предупреждали, что грядут проблемы с популярным товаром. Они отрицали, пропаганда — злорадствовала. Похоже, опасения сбылись
  13. Эксперты назвали численность войск, которые Россия сосредоточила на трех приоритетных для нее направлениях
  14. Politico назвало самого влиятельного политика Европы в 2025 году (и это не Макрон или Путин)
  15. «Это не из-за отсутствия доброй воли». Поговорили с представителем МИД Польши по делам Беларуси о визах, «Орешнике» и Почобуте
  16. «Главное — успеть воспользоваться ситуацией». Эксперты прогнозируют перемены на рынке недвижимости — говорят, такое уже было 11 лет назад


Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і член Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка сышоў з Каардынацыйнай рады. Асноўнай прычынай палітык называе нязгоду з магчымай зменай стратэгіі барацьбы з рэжымам Лукашэнкі. Але ў блізкім да Каардынацыйнай рады коле называюць і іншую прычыну — магчымасць увядзення абмежаванняў, пасля якіх Латушка вымушаны быў бы пакінуць «парламент» дэмсіл. Спыталі ў яго, што паўплывала на гэтае рашэнне і як палітык ацэньвае рэформу адной з першых структур дэмсіл, якія з’явіліся пасля жніўня 2020 года.

Павел Латушко. Фото: TUT.BY
Павел Латушко. Фото: TUT.BY

— Вы казалі, што сышлі з Каардынацыйнай рады ў сувязі са зменай рэгламенту, магчымасцю прадстаўнікоў КР змяніць стратэгію барацьбы з рэжымам Лукашэнкі, у тым лiку адмовы ад стратэгіі санкцый. А таксама казалі, што «наступным разам паўстане пытанне, ці варта прыцягваць Лукашэнку да крымінальнай адказнасці, бо ставіцца пытанне, што трэба весці дыялог»… Удакладніце, калі ласка, размова ідзе пра нейкія намеры, прапісаныя ў праектах дакументаў ці заявах, альбо гэта пазіцыя асобных чальцоў КР? І што дакладна гэта за пазіцыя?

— Па-першае, я з павагай стаўлюся да ўсіх калегаў з Каардынацыйнай рады, там шмат самаахвярных людзей і важных для дэмакратычнага руху пазаўрадавых арганізацый. Па-другое, я працягваю барацьбу, застаюся членам Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўніком НАУ, і мы будзем працягваць рэалізацыю нашай стратэгіі.

Сыход з Рады — гэта не мая асабістая справа, а публічны інструмент, каб звярнуць увагу на тое, што адбываецца напярэдадні прыняцця новага рэгламенту КР і якія рызыкі ў сувязі з гэтым паўстануць. Недасканалая і не зусім адкрытая працэдура фарміравання такога важнага інстытута, як КР, стварае рызыкі дыскусіі наконт таго, ці мае права яна быць прадстаўнічым органам грамадзянскай супольнасці. Спроба праз рэгламент (дакумент, дзе прапісаныя склад, асноўная роля і дзейнасць структуры. — Прым. рэд.) змяніць фактычна кансэнсус, які сёння існуе сярод галоўных інстытутаў дэмсіл Беларусі, — гэта таксама выклік, які можа прывесці да ўнутраных спрэчак. Бо ў праекце рэгламенту, распрацаваным вузкім колам людзей, прапісана, што КР з’яўляецца прадстаўнічым органам усіх дэмсіл.

У тым жа праекце рэгламенту ўказана, што КР будзе мець права зацвярджаць стратэгію для ўсіх дэмсіл, стратэгічныя задачы для Кабінета і ўсіх палітычных інстытутаў, якія імкнуцца да палітычнага лідарства. Каардынацыйная рада таксама плануе прадстаўляць беларусаў на міжнароднай арэне. У гэтым выпадку ўзнікае праблема канкурэнцыі галасоў. І мой заклік да сяброў КР — не стварыць гэтай канфліктнай сітуацыі. Мы [члены КР з НАУ] неаднойчы прапаноўвалі сбалансаваць гэтую сістэму і ўзаемадзейнічаць.

Я не казаў пра тое, што ўжо ёсць стратэгія ці ідзе праца над ёй. Таму той, хто спрабуе мне паставіць гэтыя закіды, проста падманвае людзей. Я казаў, што з публічнай камунікацыі вядучых членаў КР, якія імкнуцца яе узначаліць, мы чуем, што яны выступаюць супраць санкцый, супраць інструментаў ціску.

«[Сыход з КР] звязаны не персанальна са мной, гэта звязана з падыходам, які можа ў канцы прывесці да змены стратэгіі дэмакратычных сіл Беларусі», — казаў Павел Латушка ў эфіры «Еўрарадыё».

Пры гэтым наконт заявы Паўла Латушкі, што вядучыя члены КР выступаюць супраць санкцый, у самой арганiзацыі заяўлялi, што не прымалі ніякіх рашэнняў цi заяў на гэтую тэму.

Гэта рызыка для агульна прынятай стратэгіі, пабудаванай на аснове трох патрабаванняў беларускага народа (яны вядомыя, і іх не трэба нагадваць). Такім чынам, мне было важна падкрэсліць, што рэформа КР стварае рызыку пераходу ад стратэгіі ціску да стратэгіі саступак рэжыму. І ствараецца яна праз праект рэгламенту Каардынацыйнай рады, праз які закладваецца спроба падпарадкаваць сабе асноўных удзельнікаў, у тым ліку і НАУ.

— Ці можаце яшчэ раз удакладніць, які варыянт барацьбы з рэжымам Лукашэнкі вы бачыце найбольш эфектыўным?

— Мы бачым, што на сёння значна павялічыліся знешнія фактары ціску, якія раней ніколі не прымяняліся адносна рэжыму Лукашэнкі. Ужо зараз мы бачым, што яны моцна трыгераць сістэму, пазбаўляюць яе рэсурсаў. Разам з антываенным настроем беларусаў яны ствараюць падставы для патэнцыяльнага сацыяльнага выбуху. Можа [ён адбудзецца] не сёння і не заўтра, але ў перспектыве. Гэта падстава для ліквідацыі рэжыму, бо калі гэтага не адбудзецца, Беларусь будзе змушана жыць у сітуацыі, у якой мы знаходзімся зараз.

Мы лічым, што немагчыма адмовіцца ад гэтых інструментаў, калі за трыбунал над Лукашэнкам прагаласаваў Еўрапарламент, Парламенцкая асамблея Савету Еўропы, калі фактычна рэалізуецца гандлёвае эмбарга, калі шэраг краін прымае рэзалюцыі аб прызнанні КДБ і ГУБАЗіКа тэрарыстычнымі арганізацыямі. Нельга зараз адмаўляцца ад гэтых моцных інструментаў ціску, якія прывядуць — раней ці пазней — да выканання народных патрабаванняў, на падставе якіх і была створана КР. А што ўзамен іх? Аднабаковыя саступкі, перамоўная пазіцыя… А якая? Перагарнуць старонку?

Я як дыпламат разумею, што, калі заходнія партнёры будуць чуць два мэсэджы: з аднаго боку — які прадстаўляе Кабінет, з другога — які патэнцыйна можа прадстаўляць Рада, — што яны выберуць? Хутчэй за ўсё, дыялог. Тады мы вернемся ў гісторыю, якая паўтаралася кожныя пяць гадоў.

Беларусь цяпер па факце — акупаваная тэрыторыя, у нас знаходзяцца замежныя ваенныя часткі. Ці можам мы зараз адмовіцца ад барацьбы за незалежнасць? Нашы партызаны ў Мачулішчах учора паказалі, што [змяніць сітуацыю могуць] толькі дзеянні і моцны ціск. Я лічу, што нам трэба працягваць выкарыстоўваць тры інструменты. Гэта ўнутраны падпольны рух, стварэнне протаарміі, элементы якой закладваюцца ў складзе УСУ, трэці інструмент — міжнародны ціск на рэжым.

— Стратэгія барацьбы, якую абралі і вядуць дэмсілы, працуе?

— Гэта ўсё адносна і вельмі ацэначна. У нас няма выніку, на які мы разлічваем. Але я не пагаджуся з тым, што яна не працуе. Лукашэнка пастаянна адчувае моцны ціск — унутраны і знешні. Але ж немагчыма перавярнуць сітуацыю ў адзін момант.

Таму НАУ лічыць, што трэба аб’яднацца па гэтых трох галоўных накірунках і сілы накіраваць на гэта. Рэзалюцыі Еўрапарламента і ПАСЕ не валяцца з неба, не з’яўляюцца проста так і рэзалюцыі чэшскага ці літоўскага парламентаў. Гэта праца тых інстытутаў, якія працуюць сёння.

Усё гэта рэжым адчувае, і гэта стварае пагрозы для яго. Галоўнае, каб мы перайшлі ў сітуацыю, калі гэтая пагроза будзе настолькі моцнай, што прывядзе да зрухаў і змен у Беларусі.

Обьединенный переходный кабинет демократических сил Беларуси.Александр Азаров, Павел Латушко, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский и Валерий Сахащик на конференции «Новая Беларусь». Вильнюс, Литва. 9 августа 2022 года. Фото:"Зеркало"
Обьединенный переходный кабинет демократических сил Беларуси. Александр Азаров, Павел Латушко, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский и Валерий Сахащик на конференции «Новая Беларусь». Вильнюс, Литва. 9 августа 2022 года. Фото: «Зеркало»

— Усё ж ад часткі беларусаў можна пачуць, что робіцца недастаткова. Калі б да вас прыйшлі з такімі заявамі, што б вы адказалі?

— Згодны. Заўсёды недастаткова, бо няма пакуль таго выніку, на які мы разлічваем. Але адна справа — казаць такое і крытыкаваць, стоячы ўбаку, і іншая — далучацца да дзеянняў. Я заўсёды адкрыты да крытыкі як з боку калег у КС, так і з боку СМІ. Гэта нармальна, але ў гэтай сітуацыі важна паказваць максімальна шырокае адзінства. Ёсць пагроза, што гэтае адзінства можа даць шчыліну.

Зараз, на мой пункт гледжання, ствараецца пагроза змены стратэгіі. Я бачу такую камунікацыю — публічную і непублічную. Гэта можа прывесці да сітуацыі, калі хтосьці будзе імкнуцца дамовіцца з Лукашэнкам, а мы з другога боку будзем цягнуць яго ў міжнародны трыбунал у Гаагу. Ці такія моцныя супярэчнасці дапамогуць нам дасягнуць мэты? Думаю, што не.

— Ёсць версія, што ваш сыход з Каардынацыйнай рады — гэта крок на апярэджанне ў сувязі з галасаваннем аб немагчымасці сумяшчэння некалькіх пазіцый у розных структурах дэмсіл. Гэта так?

— Не буду пярэчыць, гэта адзін з элементаў майго кроку. Але галоўнае — не персаналізацыя лёсу Паўла Латушкі. Мы не раздаём і не займаем пасады, мы атрымліваем крымінальныя справы. Менавіта сёння абвясцілі, што ў адносінах Латушкі, Ціханоўскай і іншых калег запрасілі да 19 гадоў пазбаўлення волі.

Я меў сустрэчу з вузкай групай распрацоўшчыкаў першай рэдакцыі рэгламенту КР, якія прапанавалі не дапусціць магчымасці адначасовага членства прадстаўніка Кабінета ў КР. Я ім прывёў прыклад: калі мы паглядзім тэлевізар у Польшчы, то пабачым, што ў Сейме сядзіць прэм’ер-міністар, які адначасова з’яўляецца дэпутатам, а таксама віцэ-прэм'ер, які з’яўляецца кіраўніком лідыруючай партыі і адначасова дэпутатам, міністар замежных спраў. Тое самае ў Літве. Бо парламенцкая рэспубліка будуецца па прынцыпе, што калі абіраецца парламент, то ён фарміруе ўрад, які мае даволі добрую камунікацыю з ім.

Мая прапанова ў тым, што лепш запрасіць усіх чальцоў Кабінета ў склад Каардынацыйнай рады і, наадварот, прадстаўніка КР зрабіць членам Кабінета. Тады мы пабудуем сувязі і больш скаардынуемся. Бо калі будзе крытычны момант, калі нам трэба будзе прымаць вельмі хутка важныя палітычныя рашэнні, ці нам патрэбны такія сувязі і каардынацыя дзеянняў? Напэўна, патрэбны. Але мне падаецца, што группа асоб вырашыла, што яны маюць іншую стратэгію і хочуць змяніць цэнтар палітычных сіл. Гэта не адпавядае маёй стратэгіі, як і маёй каманды, і майму падыходу як прадстаўніка ў Кабінеце.

Пытанне не было ў тым, каб Латушку выключыць, гэта працэдурнае галасаванне (па непацверджанай афіцыйна інфармацыі, у КР могуць увесці абмежаванне, што члены Аб’яднанага пераходнага кабінета не могуць уваходзіць у склад Рады. — Прым. рэд.), але так сталася, што толькі адзін з членаў Кабінета з’яўляецца сябрам КР, то-бок я. І гэта пры тым, што пры першым складзе КР я набраў найбольшую колькасць галасоў і быў абраны ў прэзыдыум.

Я ніколі не прэтэндаваў на тое, каб быць кіраўніком Рады, бо для мяне галоўнае не пасады. Але ж я казаў, што Лукашэнка будзе выносіць прысуд за дзейнасць у КР, а яе чальцы адначасова пазбавяць мяне членства ў ёй. Ці з’яўляецца гэта правільным нават з маральнага пункту гледжання? Трохі незразумела, ці мы партнёры, ці мы разумеем, што вядзём барацьбу супраць аднаго ворага.

Але гэта мой прыватны кавалачак ацэнкі, ён не мае ніякага дачынення да таго, што я казаў вышэй, бо галоўнае — гэта агульная справа.

Калі Латушка і сябры НАУ — не члены КР, я разумею, што наступны этап — ставіцца задача выключыць з Кабінета працэдурай неўзгаднення мяне як яго члена. І я апынаюся ў сітуацыі, калі буду проста кіраўніком НАУ. Ці змагу я эфектыўна рэалізаваць тую стратэгію, пра якую казаў вышэй? Думаю, што мне будзе значна цяжэй, як і камандзе НАУ. Значыць, ідзе доўгатэрміновая мэтанакіраваная гульня. І мы бачым гэтую стратэгію: трэба прыбраць з КР і Кабінета менавіта тых, хто выступае за актыўную пазіцыю супраць рэжыму. Падкрэслю: гэта прагноз, які я бачу як палітык і які бачыць мая каманда. Важна не губляць час на працэсы, а накіраваць усе сілы на вынік.

Няма праблемы ў тым, што КР будзе пытацца ажыццяўляць публічны ціск, накіроўваць запыты ў Кабінет. Гэта нармальна, але дамінаваць адзін над другім — такі падыход, які патэнцыйна стварае канфліктнасць.

Яшчэ адно маё пытанне як юрыста, як можна пазбавіць мандата дэпутата, які ўжо абраны. Я быў абраны ў першы склад КР страйкамам Купалаўскага тэатра, які пісьмова пацвердзіў мае паўнамоцтвы, і зараз мой мандат пацверджаны ў новым складзе КР. Тым больш працэдурай пераходу з першага складу ў другі не была абумоўлена наяўнасць альбо адсутнасць членства ў Кабінеце. Пазбаўленне мандату проста не адпавядае прынцыпам права.

— Ці можа КР уплываць на дзейнасць Кабінета і ці вялікае яго прадстаўніцтва ў міжнародных адносінах?

— Узнікае пытанне прадстаўніцтва Каардынацыйнай рады альбо працэдуры яе фарміравання: ці яна можа быць прынята і ацэнена як абсалютна празрыстая і прадстаўнічая, ці ведаем мы членаў КР, ці мы ведалі іх праграмы. Частка членаў Рады не падае свае імёны і прозвішчы. Гэта зразумела з прынцыпаў бяспекі. Але ці можа быць такая сітуацыя, што за прыняцце рашэнняў па стратэгіі альбо адносна выключэння і ўключэння кагосьці ў КР галасуюць людзі, якія нам невядомыя. Усе ведаюць пазіцыю Паўла Латушкі і НАУ — яна публічная, але я не ведаю пазіцыю гэтых людзей, не ведаю нават іх імёнаў і прозвішчаў.

Што датычыцца міжнароднай арэны, то Каардынацыйная рада — гэта прызнаны орган і мае права прадстаўляць Беларусь. Але тут узнікае пытанне, што гэта было датычна першага складу КР, у падтрымку якога на платформе «Голас» было

аддадзена 500 тысяч галасоў. Ці магчыма сёння правесці такое апытанне? Давайце правядзём.

Мы ўсе сёння знаходзімся ў нестандартнай сітуацыі. Такія ж самыя прэтэнзіі можна паставіць і да КР, і да Кабінета. Таму тым больш ці можам мы казаць, што хтосьці больш важны, а нехта — менш. Давайце тады дамаўляцца і будаваць узаемаадносіны — ствараць адзіны моцны кулак для супрацьдзеяння рэжыму і змены сітуацыі ў Беларусі.