Цяпер беларусаў, якія з'ехалі з краіны, могуць пазбаўляць грамадзянства. Пад пагрозай наогул усе эмігранты — расказваем
Читать по-русски


Сёння ў Беларусі набылі моц змены ў законе «Аб грамадзянстве». Адно з галоўных новаўвядзенняў дакумента — улады атрымаюць магчымасць пазбаўляць грамадзянства людзей, якія з’ехалі з краіны, за «экстрэмісцкую дзейнасць» і «нанясенне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі». Тлумачым, чаму гэтая норма можа закрануць значна большую колькасць людзей, чым падаецца на першы погляд.

ВНЖ Литвы. Фото: Zerkalo.io
Беларускі пашпарт і ВНЖ Літвы. Фота: «Люстэрка»

Каго змогуць пазбавіць грамадзянства паводле новай версіі закона?

Гвалтоўна — дзве катэгорыі людзей:

  • тых, хто паступіў на вайсковую службу, службу ў паліцыю, органы бяспекі, юстыцыі або іншыя дзяржорганы замежнай дзяржавы;
  • грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой і ў дачыненні да якіх ёсць дзейны прысуд беларускага суда, што пацвярджае іх удзел «у экстрэмісцкай дзейнасці або нанясенне імі цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Заўважым таксама, што ў дакуменце не выкарыстоўваецца тэрмін «пазбаўленне грамадзянства», у законе гаворка ідзе пра яго «страту». Рэч у тым, што артыкул 10 абноўленай у 2022 годзе Канстытуцыі абвяшчае: «Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь ці права змяніць грамадзянства». Але следам пазначана: «Набыццё і спыненне грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам». Аднак сутнасці з’явы гэта не мяняе — фактычна гэта менавіта пазбаўленне грамадзянства людзей, якія атрымалі яго па нараджэнні.

Важна таксама тое, што папраўкі ў закон, якія дазваляюць сілком адбіраць грамадзянства ў беларусаў, супярэчаць шматгадовай палітыкцы ААН у барацьбе са з’явай безграмадзянства. Яна цесна звязаная з палітычна нестабільнымі рэгіёнамі або дыскрымінацыяй розных катэгорый людзей у асобных краінах, а таму Беларусь пасля з’яўлення працэдуры пазбаўлення грамадзянства становіцца ў адзін шэраг з такімі дзяржавамі, як М’янма, Сірыя ці Ірак.

Магчыма, дачытаўшы да гэтага месца, вы маглі вырашыць, што адбіраць грамадзянства змогуць толькі ў вядомых праціўнікаў улады, завочна асуджаных па сур’ёзных артыкулах. Аднак гэта не так — рэжым можа пазбавіць грамадзянства фактычна любога беларуса, які з’ехаў і на якога на радзіме завядуць крымінальную справу. Дапамогуць у гэтым КДБ, СК і Генпракуратура.

Чаму пазбавіць грамадзянства могуць любога чалавека, які з’ехаў

У папраўках да закона ёсць вялікі пералік артыкулаў, прысуды па якіх робяць магчымай працэдуру пазбаўлення грамадзянства.

  • 122 (Падрыхтоўка альбо вядзенне агрэсіўнай вайны);
  • 123 (Прапаганда вайны);
  • 124 (Акт тэрарызму ў дачыненні да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі);
  • 125 (Напад на ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай);
  • 126 (Акт міжнароднага тэрарызму);
  • 127 (Генацыд);
  • 128 (Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва);
  • 129 (Вытворчасць, назапашванне альбо распаўсюд забароненых сродкаў вядзення вайны);
  • 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці);
  • 130−1 (Рэабілітацыя нацызму);
  • 130−2 (Адмаўленне генацыду беларускага народа);
  • 131 (Экацыд);
  • 132 (Вярбоўка, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наймітаў);
  • 133 (Найміцтва);
  • 134 (Выкарыстанне зброі масавага паражэння);
  • 135 (Парушэнне законаў і звычаяў вайны);
  • 136 (Злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў);
  • 137 (Бяздзейнасць ці адданне злачыннага загаду падчас узброенага канфлікту);
  • 287 (Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання);
  • 289 (Акт тэрарызму);
  • частка 2 артыкула 290 (Пагроза здзяйсненнем акту тэрарызму);
  • 290−1 (Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці);
  • 290−2 (Спрыянне тэрарыстычнай дзейнасці);
  • 290−3 (Праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці);
  • 290−4 (Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй);
  • 290−5 (Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі);
  • 291 (Захоп закладніка);
  • 292 (Захоп будынкаў і збудаванняў);
  • 293 (Масавыя беспарадкі);
  • частка 4 артыкула 294 (Крадзеж агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў або выбуховых рэчываў);
  • частка 4 артыкула 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
  • частка 4 артыкула 309 (Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін);
  • частка 3 артыкула 311 (Крадзеж альбо захоп з мэтай згону чыгуначнага рухомага саставу, паветранага ці воднага судна);
  • частка 3 артыкула 322 (Незаконныя набыццё, захоўванне, выкарыстанне, збыт альбо разбурэнне радыеактыўных матэрыялаў);
  • частка 3 артыкула 323 (Крадзеж радыеактыўных матэрыялаў);
  • частка 3 артыкула 324 (Пагроза небяспечным выкарыстаннем радыеактыўных матэрыялаў);
  • частка 2 артыкула 333 (Незаконны абарот моцнадзейных ці атрутных рэчываў);
  • 356 (Здрада дзяржаве);
  • 357 (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
  • 359 (Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча);
  • 360 (Дыверсія);
  • 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім);
  • 361−2 (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
  • 361−3 (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу);
  • 361−4 (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці);
  • 361−5 (Праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці);
  • 362 (Забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў, вайскоўца);
  • частка 2 артыкула 367 (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

А таксама дзеянні па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці альбо па матывах варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы, прадугледжаныя артыкуламі КК:

  • часткай 2 артыкула 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў ці іншай асобе, што ахоўвае грамадскі парадак);
  • 364 (Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў);
  • 366 (Гвалт ці пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак);
  • 388 (Гвалт у дачыненні да суддзі або народнага засядальніка).

Аднак мы памятаем, што гаворка ідзе пра грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой. Асудзіць іх можна толькі «дыстанцыйна» — то-бок з дапамогай інстытуту «спецыяльнай вытворчасці», які з’явіўся нядаўна.

І далей, здавалася б, пачынаецца прававая калізія: завочна можна судзіць толькі па 47 артыкулах КК. А пазбаўляць грамадзянства — па 52. Але ўлады ўжо прыдумалі, як абысці гэтую нестыкоўку: у законе пра змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, па якім і з’явілася працэдура завочных судоў, ёсць агаворка: па рашэнні генпракурора альбо старшыні Следчага камітэта, старшыні КДБ і са згоды генпракурора спецыяльная вытворчасць можа праводзіцца ў іншых выпадках — то-бок наогул па любых артыкулах.

Такім чынам, пазбаўленне грамадзянства можа пагражаць усім беларусам, якія з’ехалі за мяжу і супраць якіх на радзіме завядуць крымінальныя справы.

Як будуць пазбаўляць грамадзянства за паступленне на службу ў войска ці дзяржорганы іншай краіны?

Тлумачэнні з гэтай нагоды апублікаваныя на сайце Міністэрства замежных справаў. Як вынікае з гэтай інфармацыі, ёсць два сцэнары:

  • грамадзянін Беларусі сам падае заяву ў адвольнай форме, у якой расказвае пра сваё паступленне на службу ў дзяржорганы замежнай дзяржавы;
  • альбо працэдуру ініцыюе беларускі орган дыпламатычнай службы (напрыклад, амбасада), кіраўнік якога прыме адпаведнае рашэнне на падставе наяўных дакументальных пацверджанняў факту паступлення на такую службу.

Як гэта будзе працаваць, пакуль незразумела. Падаецца малаімаверным, што беларусы масава будуць паведамляць уладам пра тое, што пачалі служыць, напрыклад, ва ўзброеных сілах іншай краіны. У выпадку ж з ініцыятывай з боку дыпламатычных службаў не зусім ясна, як яны атрымаюць неабходныя дакументальныя пацверджанні. Ва ўмовах фактычнай міжнароднай ізаляцыі Беларусі можна ўсумніцца ў тым, што дзяржорганы ўмоўнай Польшчы ці Літвы будуць падаваць такія дакументы ў беларускія амбасады і консульствы на запыт. Калі ж гаворка, напрыклад, пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, то незразумела, ці будуць лічыцца дакументальнымі пацверджаннямі фота і відэа беларусаў у вайсковай форме, на якіх відаць іх твары. З фармальнага пункту гледжання такія матэрыялы сведчаннем быць не могуць — аднак беларуская практыка правапрымянення паказвае, што ў тэорыі магчымае ўсё.

Фото: Полк Каліноўскага / Telegram
Байцы палка Каліноўскага ў складзе УСУ. Фота: полк Каліноўскага / Telegram

Як будзе выглядаць жыццё беларуса, пазбаўленага грамадзянства?

Мы падрабязна расказвалі пра гэта ў асобным матэрыяле. Цяпер толькі згадаем галоўнае.

Па-першае, што далей будзе з беларускімі пашпартамі, пакуль незразумела — зрабіць дакумент несапраўдным або забраць яго могуць беларускія ведамствы (напрыклад, супрацоўнікі Памежнага камітэта падчас перасячэння мяжы ці супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой — у амбасадах і консульствах). Атрымліваецца, што для анулявання пашпарта беларусу трэба самому прыйсці да консула. Калі гэтага не рабіць, то пашпарт, імаверна, будзе лічыцца ўладамі краіны знаходжання і іншых краін сапраўдным да заканчэння тэрміну яго дзеяння. А вось новы такі дакумент атрымаць ужо не ўдасца — ні ў консульстве за мяжой, ні ў Беларусі. Ці можна будзе падарожнічаць па такім пашпарце, мы не ведаем — згадак падобнай практыкі мы не знайшлі.

Па-другое, дэпартаваць беларусаў у Беларусь праз пазбаўленне грамадзянства не будуць. З моманту пазбаўлення грамадзянства (калі яно ў вас адзінае) вы становіцеся апатрыдам — то-бок чалавекам без падданства. Дэпартаваць вас папросту няма куды, бо нават калі краіна знаходжання папросіць у Беларусі інфармацыю пра вас, то з прадстаўніцтва МЗС прыйдзе адказ, што грамадзянінам краіны вы не з’яўляецеся, адпаведна, падставаў прымаць вас назад у яе няма.

Па-трэцяе, у выпадку пазбаўлення грамадзянства варта адразу ж паведаміць органам дзяржавы, у якой вы знаходзіцеся, каб пачаць працэдуру легалізацыі. Большасць краін зацікаўленая ў тым, каб весці ўлік такіх асобаўі даць ім нейкі прававы статус. На месцы апатрыду падкажуць, куды яму варта звярнуцца і што зрабіць, каб заставацца ў легальным полі. На першапачатковым этапе гаворка часцей за ўсё будзе ісці пра атрыманне пасведчання асобы без грамадзянства.

Большасць дзяржаваў ЕС (за выключэннем Польшчы, Эстоніі, Мальты і Кіпра) падпісалі і ратыфікавалі два асноўныя міжнародныя дакументы, якія рэгулююць правы людзей без грамадзянства: Канвенцыю ААН пра статус апатрыдаў 1954 года і Канвенцыю ААН 1961 года пра скарачэнне безграмадзянства. Паводле гэтых дакументаў краіна знаходжання будзе абавязаная выдаць асобе без грамадзянства часовае пасведчанне асобы і забяспечыць мінімальны набор правоў: на адукацыю, працу, жыллё, адміністрацыйную дапамогу, праязныя дакументы. Таксама калі ў апатрыда на тэрыторыі дзяржавы, што падпісала абедзве канвенцыі, народзіцца дзіця, то гэтая краіна будзе абавязаная даць яму сваё грамадзянства.

У выпадку з краінамі, якія не падпісалі гэтыя канвенцыі, дзейнічаць будзе нацыянальнае заканадаўства. Для беларусаў асабліва актуальная сітуацыя з Польшчай, дзе жывуць тысячы палітэмігрантаў з нашай краіны. З 1 ліпеня ў Польшчы пачалі дзейнічаць папраўкі, паводле якіх беларусам з любым відам на жыхарства ў гэтай краіне, што засталіся без пашпартоў (ці ніколі іх не мелі, напрыклад дзецям) будуць выдаваць праязны дакумент замежніка па спрошчанай працэдуры і без аплаты збораў — праўда, новыя правілы дзейнічаюць да 31 снежня гэтага года.

Фото: пресс-служба Офиса Светланы Тихановской
Польскі праязны дакумент замежніка. Фота: прэс-служба Офіса Святланы Ціханоўскай

Пасля атрымання першасных дакументаў і легалізацыі апатрыды звычайна могуць карыстацца тымі ж працэдурамі, што і іншыя замежнікі (гэта зафіксавана ў Канвенцыі 1954 года). То-бок маюць права атрымліваць дазволы на часовае і пастаяннае знаходжанне, а таксама на грамадзянства (пры выкананні пэўных умоваў, якія кожная краіна вызначае самастойна).

Па-чацвёртае, падарожнічаць пазбаўлены грамадзянства беларус зможа пры наяўнасці адпаведных дакументаў — напрыклад, ужо згаданага праязнога дакумента замежніка. У Беларусі ж пазбаўлены грамадзянства чалавек будзе разглядацца як іншаземец — што, зрэшты, не пазбаўляе яго права набываць уласнасць, валодаць і распараджацца маёмасцю (а таксама завяшчаць або перадаваць яе іншым).

Калі зусім спрашчаць, то асоба без грамадзянства пры наяўнасці дакументаў разглядаецца ўсімі дзяржавамі (у тым ліку «роднай») як іншаземец. Што, зрэшты, не перашкаджае яму атрымліваць новае грамадзянства ў якой-небудзь з краін.

Чытайце таксама