29 гадоў таму, 20 ліпеня 1994 года, Аляксандр Лукашэнка прынёс прэзідэнцкую прысягу ў Авальнай зале Дома ўрада, трымаючы руку на нядаўна прынятай беларускай Канстытуцыі. Клятву служыць народу краіны перад дэпутатамі Вярхоўнага Савета палітык даваў пад бел-чырвона-белым дзяржаўным сцягам на трыбуне з гербам «Пагоня». Але ўжо неўзабаве Вярхоўны Савет Лукашэнка разагнаў, а дзяржаўную сімволіку і Канстытуцыю змяніў з дапамогай некалькіх сумнеўных з прававога пункту гледжання рэферэндумаў. У выніку палітыка, які ўтрымлівае ўладу ўжо амаль траціну стагоддзя, нярэдка называюць тыранам, дыктатарам (так сябе часам іранічна заве нават ён сам) і ўзурпатарам. Але, можа, гэта не аб’ектыўная рэальнасць, а толькі нейкія штампы? Разбіраемся, у якой ступені гэтыя тры тэрміны сапраўды падыходзяць для характарыстыкі Лукашэнкі з лінгвістычнага пункту гледжання.
Слова «тыран» паходзіць са старажытнагрэцкай мовы. У ёй так называлі аднаасобных кіраўнікоў, што захапілі ўладу ў дэмакратычных і алігархічных гарадах-дзяржавах (полісах), а таксама іх нашчадкаў.
Важна, што першапачаткова (у VII стагоддзі да н.э.) у яго не было негатыўнага падтэксту — гэта быў тытул, падобны да «караля» ці «цара». Больш за тое, многія жыхары полісаў былі незадаволеныя арыстакратычнымі рэжымамі, у якіх уладу мела абмежаванае кола гараджан высакароднага паходжання. У такой сітуацыі тыраны, якія часта выходзілі з нізоў, лёгка маглі знайсці падтрымку ў асяроддзі менш шляхетных слаёў грамадства. Часта захоп улады тыранамі быў падобны да працэсу, які мы б назвалі народнай рэвалюцыяй, а тыраны ў іх выступалі як рэвалюцыйныя лідары.
Зрэшты, з часам аказалася, што такія ўладары схільныя да ўстанаўлення дэспатыі — палітычнага рэжыму з неабмежаванай уладай кіраўніка і вузкай групы прывілеяваных асобаў. Некаторыя са старажытнагрэцкіх тыранаў былі эфектыўнымі менеджарамі, заступнікамі мастацтваў і будаўніцтва. А многія тыраніі ў выніку дапамагалі полісам пераходзіць ад улады вузкай праслойкі арыстакратыі да больш дэмакратычнай формы кіравання. Але ў цэлым старажытных грэкаў з часам пачаў моцна раздражняць незаконны спосаб прыходу тыранаў да ўлады і спробы сканцэнтраваць яе ў адных руках. Тыранія набыла кепскую славу, а тыраназабойцы пачалі лічыцца народнымі героямі.
З часам слова «тыран» змяніла сэнс і пачало абазначаць наогул любога кепскага і жорсткага кіраўніка, які дзейнічае з дапамогай самавольства і гвалту. Яго сінонімам стала слова «дэспат». Іншасказальна тыранамі таксама называюць не толькі кіраўнікоў дзяржаваў, але і наогул людзей, якія сістэматычна мучаць і пазбаўляюць спакою навакольных.
Ці падыходзіць пад сучаснае вызначэнне слова «тыран» Аляксандр Лукашэнка? Для адказу на гэтае пытанне трэба вызначыць, ці дзейнічае палітык у сваіх мэтах з дапамогай самавольства, жорсткасці і гвалту.
Словам «самавольства» называюць нічым не абмежаваныя адсутнасць законнасці, справядлівасці. Таксама «самавольства» — антонім слова «законнасць».
Пасля таго як вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года былі фальсіфікаваныя (факт фальсіфікацыі прызнаны незалежнымі назіральнікамі, міжнароднымі арганізацыямі і нават часткай чальцоў выбарчых камісій), Беларусь ахапілі самыя масавыя пратэсты ў яе гісторыі. Многія грамадзяне ўспрынялі агучаныя вынікі выбараў як несправядлівыя, выйшлі на вуліцы для таго, каб выказаць сваё меркаванне — і сутыкнуліся з сапраўдным самавольствам з боку сілавікоў у выглядзе беспрэцэдэнтных па маштабах і жорсткасці гвалту і масавых рэпрэсій. Пры гэтым сотні скаргаў на злачынныя дзеянні сілавікоў засталіся без разгляду з боку дзяржаўных органаў.
Утрыманне ўлады з дапамогай незаконных гвалту і жорсткасці цалкам адпавядае слоўнікаваму вызначэнню слова «тыран». Лукашэнка стаў непасэрдным выгадаатрымальнікам ад здушэння пратэстаў у 2020 годзе — а ў дзяржаве з жорсткай вертыкаллю ўлады няма сумневу, што за арганізацыяй усяго гэтага самавольства стаіць менавіта ён. Больш за тое, у верасні 2020 года палітык, які мусіць быць «гарантам Канстытуцыі», у размове з супрацоўнікамі беларускай пракуратуры адкрыта дапусціў магчымасць парушэння законаў у сітуацыях пагрозы для ўтрымання ім аднаасобнай улады.
Такім чынам, адных толькі падзей 2020 года з лішкам хапае для таго, каб лічыць Лукашэнку тыранам. Але ў яго палітычнай біяграфіі хапае і іншых праяваў самавольства і беззаконня. Адно з іх — знікненне і імавернае забойства палітычных праціўнікаў Лукашэнкі на мяжы стагоддзяў, у якіх, паводле мноства сведчанняў і нават паводле афіцыйнай інфармацыі беларускіх сілавых ведамстваў, былі замяшаныя людзі з найбліжэйшага атачэння палітыка.
У 2019 годзе экс-баец беларускага САХРа Юрый Гараўскі прызнаўся ў тым, што 20 гадоў таму ўдзельнічаў у выкраданнях і забойствах палітычных праціўнікаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Паводле словаў Гараўскага, загад на ліквідацыю Ганчара сілавікі атрымалі праз тое, што «ў яго быў стапрацэнтны кампрамат для адхілення Лукашэнкі» ад улады.
Гэты тэрмін паходзіць з лаціны. У Рымскай рэспубліцы так называлі асаблівую часовую пасаду з вялікімі паўнамоцтвамі, на якую ставілі людзей для вырашэння дзяржаўных крызісаў. Дыктатар таго часу — гэта такі антыкрызісны кіраўнік агульнадзяржаўнага маштабу.
Як і грэцкі «тыран», слова першапачаткова не мела негатыўнай афарбоўкі (у перакладзе яно наогул азначае проста «прызначэнец»), але з ходам часу і ў іншых мовах набыло іншы сэнс. Цяпер так прынята называць дзяржаўных лідараў, якія звяртаюцца да сілы і махлярства дзеля атрымання ўлады. Дыктатары ўтрымліваюць яе з дапамогай запалохвання, тэрору і абмежавання грамадзянскіх свабодаў. Таксама яны актыўна выкарыстоўваюць прапаганду, каб атрымаць і захаваць падтрымку хаця б часткі грамадства.
Такія рэжымы вельмі разнастайныя па сваёй прыродзе і паходжанні. У Лацінскай Амерыцы дыктатарамі вельмі часта станавіліся афіцэры і генералы, якія прыйшлі да ўлады падчас вайсковых пераваротаў (але не толькі яны). У першай палове XX стагоддзя ў Еўропе ўзнік новы тып таталітарных дыктатараў, у якіх дзяржава атаясамлівалася з адзінай масавай кіраўнічай партыяй і яе харызматычным лідарам — як у сталінскім СССР (дзе дыктатура партыйнага лідара маскіравалася пад «дыктатуру пралетарыяту») і ў нацысцкай Германіі. А ў новых дзяржавах Афрыкі і Азіі, якія з’явіліся пасля Другой сусветнай вайны на аскепках каланіяльных імперый, дыктатарскую ўладу захапілі многія абраныя на падставе дэмакратычных працэдур прэзідэнты і прэм’ер-міністры. Аказалася, што канстытуцыйныя механізмы былых еўрапейскіх метраполій без развітога сярэдняга класа эфектыўна не працуюць.
Цікава, што дыктатура неабавязкова выглядае як нейкі трыумф беззаконня: для яе дастаткова адсутнасці дзейсных канстытуцыйных абмежаванняў дыктатарскай улады. То-бок фармальна дыктатар можа кіраваць на законных падставах. Той жа Адольф Гітлер у нацысцкай Германіі паспяхова даваў рады наданню ілюзорнай легітымнасці свайму рэжыму, атрымаўшы велізарныя паўнамоцтвы на падставе закона.
У сучасных уяўленнях дыктатар — гэта асоба, якая мае абсалютную (то-бок неабмежаваную) палітычную ўладу ў нейкай краіне, альбо чалец невялікай групы, якая мае такую ўладу. Адпаведна, форма дзяржаўнага кіравання, пры якой уладу мае дыктатар (аднаасобны або калектыўны — напрыклад, у выглядзе партыі), называецца дыктатурай.
Цяпер палітычныя сістэмы дыктатарскага тыпу існуюць у дзвюх асноўных формах: таталітарнай (больш жорсткай) і аўтарытарнай. Некаторыя дыктатуры палітолагі адносяць да змяшаных — яны спалучаюць рысы як таталітарызму, так і аўтарытарызму.
Адпаведна, каб зразумець, ці можна лічыць кіраўніка дыктатарам, варта адказаць на пытанне: наколькі неабмежаваная яго ўлада? Пытанне не такое простае, як можа падацца на першы погляд. Сучасныя дыктатуры часта «прыкідваюцца» дэмакратыямі, а ў іх заканадаўстве могуць быць нават прадугледжаныя нейкія фармальныя інструменты для абмежавання дыктатарскай улады.
Нават у адпаведнасці з неаднаразова змененай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь яе прэзідэнт фармальна ўсё яшчэ можа быць зняты з пасады ў выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння ім гэтага дакумента. Правам адхіляць прэзідэнта ад улады ў свежай версіі асноўнага закона надзелены Усебеларускі народны сход. Вядома, у Беларусі працэдура імпічменту яшчэ ні разу не была даведзеная да канца — але такое бывае і ў па-сапраўднаму дэмакратычных, не дыктатарскіх краінах.
Каб адказаць на пастаўленае пытанне, мы звернемся да іншага інструменту. Адсутнасць адказнасці дзяржавы перад грамадзянінам і грамадствам — найважнейшая характарыстыка дыктатуры, бо гэта форма кіравання, якая ў найважнейшых пытаннях палітычнай самаарганізацыі грамадства ёсць поўнай супрацьлегласцю дэмакратыі. Дзякуючы гэтаму з адказам на пытанне, ці пануе ў Беларусі дыктатура і ці дыктатар Лукашэнка, нам дапаможа індэкс дэмакратыі, які штогод разлічваюць аналітыкі брытанскага часопіса The Economist.
Паводле апошняга рэйтынгу за 2022 год, Беларусь аказалася самай недэмакратычнай краінай Еўропы. Яна набрала ўсяго 1,99 «бала дэмакратыі» з 10 магчымых, саступіўшы не толькі далёка не самай прыкладнай Расіі (2,28), але і Кубе, Судану, Венесуэле, Саудаўскай Аравіі, Лівіі і Эрытрэі. Пры гэтым складальнікі рэйтынгу лічаць аўтарытарнымі краіны, якія набралі менш за 4 балы. З менш чым двума баламі Беларусь асталявалася ў групе найменш дэмакратычных і найбольш аўтарытарных дзяржаў свету, у якой размясціліся такія агульнапрызнаныя дыктатуры, як Іран, Туркменістан, Сірыя, КНДР, М’янма і Афганістан.
На падставе гэтага можна канстатаваць, што Аляксандра Лукашэнку цалкам магчыма называць дыктатарам, нягледзячы на захаванне ў Беларусі фармальных заканадаўчых працэдураў для яго адхілення ад улады.
Тэрмін «узурпатар» таксама прыйшоў з лаціны, у якой слова usurpare азначае «захапіць, «гвалтоўна ўзяць», «выкарыстаць» (і гэта адзіны тэрмін у нашым спісе, які яшчэ з часоў антычнасці нёс негатыўную афарбоўку). Так называюць чалавека, які незаконна захапіў і ўтрымлівае ўладу, пасаду, становішча, чужое месца ці маёмасць. Іншымі словамі, узурпатар у палітычным сэнсе — гэта чалавек, які кіруе краінай, рэгіёнам або горадам без фармальнага і юрыдычнага права прэтэндаваць на такую ўладу.
Рэспубліка Беларусь, паводле Канстытуцыі, — дэмакратычная і прававая дзяржава, адзінай крыніцай улады ў якой застаецца народ. Гэта значыць, што фальсіфікацыя прэзідэнцкіх выбараў з мэтай здабыцця ці ўтрымання ўлады — гэта акт узурпацыі, роўна як і гвалт у дачыненні да беларусаў, якія не пагадзіліся з гэтай самай фальсіфікацыяй. Факты, якія пацвярджаюць гэта, мы пералічвалі вышэй у раздзеле пра слова «тыран».
Зрэшты, паводле некаторых ацэнак, Лукашэнка ўзурпаваў уладу ў Беларусі значна раней за 2020 год. Пісьменнік Васіль Быкаў ужо ў красавіку 1995 года (пасля збіцця дэпутатаў Вярхоўнага Савета, здзейсненага, імаверна, па ўказанні Лукашэнкі) заявіў, што краінай цяпер «кіруе прэзідэнцкая хунта» (то-бок група людзей, якія прыйшлі да ўлады ў выніку дзяржаўнага перавароту).
У сваю чару, Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларусі ў лістападзе 1996 года назваў момантам захопу ўлады Лукашэнкам юрыдычна спрэчны рэферэндум па змене Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім палітык атрымаў практычна неабмежаваную ўладу. Нагадаем, тады цягам года паміж Лукашэнкам і парламентам развіваўся канфлікт, які мог прывесці да імпічменту праз абвінавачванні ў парушэнні палітыкам Канстытуцыі, аднак у выніку з сітуацыі выйшаў пераможцам якраз Лукашэнка, які замяніў Вярхоўны Савет лаяльным дзвюхпалатным Нацыянальным сходам і надзяліў сябе заканадаўчымі паўнамоцтвамі.
Такім чынам, можна канстатаваць, што і «тыран», і «дыктатар», і «ўзурпатар» — карэктныя тэрміны для апісання Аляксандра Лукашэнкі як палітыка.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO