У якую краіну беларусы часцей за ўсё з'язджаюць працаваць (вы напэўна без асаблівых праблем яе адгадаеце)
Читать по-русски


У студзені-чэрвені гэтага года 110,7 тысячы беларусаў афіцыйна выехалі на заробкі за мяжу. Пра гэта паведамляе Белстат.

Фото: pixabay.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

Колькасць беларусаў, якія афіцыйна часова выехалі на заробкі за мяжу ў першым паўгоддзі, скарацілася на 3,9% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га. Гаворка пра тых, хто працуе да аднаго года і паведаміў пра гэта беларускім уладам (то-бок насамрэч іх колькасць можа быць большай).

Паведамляецца, што большасць такіх гастарбайтараў працавала ў Расіі (61,3%). Гэтыя звесткі Белстат атрымаў у выніку выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак.

На 26 ліпеня ў цэлым па краіне не хапае амаль 164,6 тысячы работнікаў. Столькі прапановаў ад наймальнікаў размешчана ў агульнарэспубліканскім банку вакансій.

Тым часам у Беларусі «выпараюцца» работнікі. Так, у красавіку зноў скарацілася колькасць занятых у эканоміцы, паведамляў Белстат. Гэты паказчык раней вырас у сакавіку і лютым, а да гэтага падаў тры месяцы запар.

Вырашыць праблему з недахопам работнікаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. Сярод прычын — ад’езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні праз «палітыку».

Раней, 9 красавіка, Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на дэфіцыт кадраў на заводах. Пры гэтым прамысловыя прадпрыемствы па-ранейшаму не хочуць браць на працу тых, хто засвяціўся па «палітычных» артыкулах.

На гэтым фоне Мінпрацы пашырыла спіс рабочых прафесій, на якія могуць наймацца замежнікі, што не маюць дазволу на пастаяннае пражыванне ў Беларусі.

Чытайце таксама