Ліквідуецца адна з найбуйнейшых моўных школ Беларусі Streamline
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Навучальны цэнтр «Адукацыйныя тэхналогіі», вядомы пад брэндам Streamline Language School, 17 кастрычніка падаў на ліквідацыю. Пра гэта паведаміў Альянс расследавальнікаў Беларусі са спасылкай на запіс у Адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: TUT.BY
Фота выкарыстанае ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Выданне сцвярджае, што рашэнне пра ліквідацыю было прынятае пасля праверкі, якую арганізаваў Дэпартамент фінрасследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

«У пачатку кастрычніка ў офіс прыехаў ДФР з ператрусам, пасля чаго адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнесам з усімі інструментамі і рэсурсамі. Таксама былі заблакаваныя рахункі. Выкладчыкам не змаглі выплаціць заробак, а студэнты — аплаціць навучанне», — піша Альянс расследавальнікаў Беларусі.

Reform.news не ўдалося звязацца з кіраўніцтвам навучальнага цэнтра, але на сайце наведнікаў сустракае аб’ява: «З тэхнічных прычын мы часова не можам пракансультаваць вас наконт навучання». Сацсеткі цэнтра не абнаўляюцца з пачатку кастрычніка.

«На гэты момант у нас прыпынены набор у сувязі з тэхнічнымі непаладкамі. У любым выпадку вы пакуль не зможаце аплаціць», — адказалі ў кантакт-цэнтры Streamline выданню Tochka.by, не ўдакладніўшы, ці чакаецца найбліжэйшым часам закрыццё моўнай школы.

Таксама там расказалі, што студэнты пакуль змогуць працягваць навучанне, а калі ўсе тэхнічныя непаладкі будуць выпраўленыя, кліенты змогуць унесці аплату.

Streamline Language School — найбуйнейшая школа замежных моваў у Беларусі, заснаваная ў 1998 годзе. За 23 гады выкладання з яе сценаў выйшла больш за 100 000 выпускнікоў. Кампанія прапаноўвала анлайн- і афлайн-навучанне ў Мінску і ў кожным абласным цэнтры.