У верасні 2022 за кратамі за выкананне сваёй працы за кратамі знаходзіцца 31 беларускі журналіст. Беларуская асацыяцыя журналістаў звязалася са сваякамі, сябрамі і калегамі палітвязняў і даведалася ад іх апошнія навіны.
Кацярына Андрэева

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў пакаранне журналістцы «Белсата» Кацярыне Андрэевай — восем гадоў і тры месяцы пазбаўлення волі. Але фармулёўку абвінавачання скарэктавалі. Замест «выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» журналістку абвінавацілі ў шпіянажы. Апеляцыйную скаргу разглядалі ў закрытым рэжыме. Па словах сваякоў, лісты і бандэролі да яе даходзяць.
Настрой у журналісткі ўпэўнены, піша БАЖ: трымаецца і не губляе надзеі. Неўзабаве чакаецца этапаванне Андрэевай у калонію ў Гомелі.
Кацярыну Андрэеву асудзілі па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 356 КК (Шпіянаж).
Андрэй Кузнечык

Журналіст Андрэй Кузнечык асуджаны на шэсць гадоў паводле арт. 361−1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Адбываць пакаранне яго накіравалі ў магілёўскаю калонію. Напрыканцы лета журналіст спаткаўся з роднымі.
Па іх словах, Андрэй спадзяваўся, што ў калоніі будзе хоць крыху камфортней, бо сумаваў па свежым паветры. Але не пашанцавала з надвор’ем. Казаў, што пачаўся кашаль: ці прастыў, ці алергія на гэты горад.
Пры гэтым журналіст працягвае клапаціцца пра жонку і дзяцей: нагадвае, каб Яніну вадзілі на забаўкі, каб жонка адпачывала, каб у сына Мацвея была нейкая мужчынская кампанія час ад часу, пакуль таты няма. Нават у такіх умовах Андрэй знаходзіць час і натхненне для новых вершаў, каб перадаць дзецям хоць частку сваёй любові.
Ірына Слаўнікава

Па словах родных, асабліва ніякіх навін ад журналісткі «Белсата» Ірыны Слаўнікавай няма. Зараз яна сядзіць у гомельскім СІЗА, чакае апеляцыю.
Са здароўем і настроем усе добра. Бандэролі даходзяць, а вось лісты не ад усіх — толькі ад родных, ад самых блізкіх. Было некалькі спатканняў са сваякамі пасля прысуду.
Ірыну Слаўнікаву абвінавацілі па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 361−1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Вырак суда: пяць гадоў.
Аляксандр Любянчук

Аляксандра затрымалі сёлета 26 мая. Журналісту ўжо выставілі абвінавачванні, але дакладны крымінальны артыкул, які яму інкрымінуюць, невядомы — адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
Як расказалі БАЖ блізкія Аляксандра, журналіст трымаецца добра, бадзёра. Чакае любых спосабаў перадаць прывітанне: лістоў, паштовак, тэлеграм, грашовых пераводаў. Шмат чытае як беларускую літаратуру, так і сусветную. А яшчэ вельмі сумуе па беларускай прыродзе, да якой ён так прывязаўся, жывучы апошнія гады на вёсцы.
Сяргей Гардзіевіч

Журналіст ганцавіцкага партала «Першы рэгіён» Сяргей Гардзіевіч павінен выйсці на волю ўжо 27 кастрычніка. Яго затрымалі 22 снежня 2020 года і абвінавацілі па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 188 КК (Паклёп). Яму прысудзілі паўтары гады зняволення.
Пра навіны Алега расказалі калегі. Па іх словах, лісты журналіст не атрымлівае, бо яго прымусілі напісаць адмову ад атрымання карэспандэнцыі. Але амаль кожны тыдзень мае сувязь з жонкай праз мэсэнджар. За ўвесь час знаходжання за кратамі ён не бачыўся з роднымі.
Валерыя Касцюгова

Журналістка, палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгова знаходзіцца за кратамі больш за год. Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года і вінавацяць у «закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (арт. 361 КК) і ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (арт. 357 КК).
Па словах блізкіх, лісты да яе даходзяць, але абмежавана. А вось пасылкі і перадачы журналістцы дастаўляюць. Настрой у Валерыі бадзёры, як заўжды. У СІЗА яна шмат чытае, аналізуе прапаганду, ладзіць лекцыі і заняткі проста ў камеры.
Канстанцін Залатых

Дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых затрымалі 18 мая 2022 года пасля ператрусу ў рэдакцыі.
Яму прад’яўляюць абвінавачанне па ч. 2 арт. 130 КК (распальванне варожасці, спалучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай). Санкцыя артыкула — ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер ён у СІЗА № 1. Па словах родных, лісты ад сваякоў даходзяць, настрой нармальны. Ва ўсялякім разе, так піша сам Канстанцін і кажа яго адвакат. Калі пачнецца суд, пакул невядома.
Андрэй Пачобут

Гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут знаходзіцца пад следствам у СІЗА № 1 год і пяць месяцаў. Яму прад’яўляюць абвінавачанні па арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 КК (Распальванне варожасці).
Як расказалі родныя, значных навін няма. Хіба што сваю справу ў 86 тамоў Андрэй так і не здолеў дачытаць да канца за месяц. Лісты даходзяць, але журналіст нічога не чакае і ні на што не спадзяецца. А вось трымаецца цвёрда, піша БАЖ.
Людміла Чэкіна і Марына Золатава

На сёння за кратамі застаюцца дзве прадстаўніцы TUT.BY — гендырэктар Людміла Чэкіна і галоўны рэдактар Марына Золатава. Іх затрымалі 18 мая 2021 года у межах крымінальнай справы па арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў).
Па інфармацыі калег, Марына і Людміла — бадзёрыя, гатовыя трымацца да канца. За кратамі займаюцца спортам, самаадукацыяй. Лісты даходзяць часцей ад сваякоў. Але апошнім часам сталі прыходзіць іх лісты-адказы сябрам.
Дзяніс Івашын

Гродзенскаму журналісту і пазаштатніку «Новага часу» Дзянісу Івашыну прысудзілі 13 гадоў і адзін месяц пазбаўлення волі па двух артыкулах КК: арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і арт. 356 (здрада дзяржаве).
Пасля прысуду 15 верасня журналіст сустрэўся з роднымі. Па інфармацыі сваякоў, Дзяніс бадзёры, упэўнены, глядзіць на ўсё з аптымізмам. Пра прысуд падчас сустрэчы амаль не ўзгадвалі, бо журналіст адразу сказаў, што гэта не мае значэння. Мяркуе, што хутка ён і ўсе астатнія палітвязні вернуцца дадому.
Бандэролі Івашыну даходзяць, хоць часта затрымліваюцца. А вось з лістамі складаней, хаця ўсе апошнія даходзілі. Цяпер адна праблема — без тлумачэння прычын забралі паліто, і ў кепскае надвор’е Дзянісу няма ў чым на вуліцу выходзіць на штодзённыя шпацыры.
Павел Мажэйка

30 жніўня 2022 года затрымалі кіраўніка гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця», журналіста Паўла Мажэйку. На сёння родныя ведаюць няшмат, нават дакладна не могуць сказаць нічога пра сутнасць справы Паўла. Ад далёкіх сваякоў, у якіх праводзілі ператрус, даведаліся толькі нумар крымінальнага артыкула — 361−4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Лісты ад вязня родным не даходзяць, хоць у камеру яму перадавалі ўсё неабходнае для перапіскі. Па словах адваката, Павел пачувае сябе нармальна і, магчыма, знаходзіцца на прафілактычным уліку як палітычны. Разам з адвакатам журналіст будзе рыхтаваць пратэст аб змене меры ўтрымання.
Генадзь Мажэйка

Журналіст «Комсомольской правды» в Беларуси" Генадзь Мажэйка знаходзіцца за кратамі амаль год. Яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года і вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады і распальванні варожасці.
Пра Генадзя калегі ведаюць зусім мала. Кажуць, што ўвесь гэты час па справе журналіста няма асаблівых зрухаў.
Андрэй Скурко

Як кажуць родныя, журналіст «Нашай Нівы» Андрэй Скурко трымаецца вельмі добра: унутрана магутны, спакойны і нязломны. І сваякі стараюцца яму адпавядаць. Вязень сочыць за сваім фізічным станам і здароўем, яму ўдаецца трымаць узровень цукару ў крыві на належным узроўні, маючы інсуліназалежны дыябет.
Журналіст часам мае сувязь з жонкай і бацькамі, бо тэлефанаваць і перапісвацца яму дазваляюць толькі з блізкімі сваякамі. Калі Андрэй стаў званіць па відэа, у яго з’явілася магчымасць камунікаваць наўпрост з маленькім сынам Тамашам. Да гэтага яны не бачыліся 14 месяцаў.
Нагадаем, Андрэя Скурко і галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча асудзілі на 2,5 гады па арт. 216 КК (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу).