Беларуская навука знаходзіцца ў крызісе, а нязгодных навукоўцаў пераследуюць. Расказваем пра кіраўніка НАН, пры якім усё гэта адбываецца
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працягваюцца рэпрэсіі: допыты больш чым 40 чалавек, затрыманні і звальненні. На гэтым фоне кіраўнік прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў ні разу не заступіўся за сваіх падначаленых, працягваючы рапартаваць толькі пра поспехі беларускай навукі. Расказваем біяграфію гэтага чалавека (не абышлося і без скандалаў з яго ўдзелам), яго напалеонаўскія планы па ратаванні галіны, а таксама пра рэальную сітуацыю ў гэтай сферы.

Ранні старт кар’еры і ўплывовы дзядзька

Уладзімір Гусакоў родам з Чачэрскага раёна на Гомельшчыне. Ён нарадзіўся там пры канцы сталінскай эпохі — у лютым 1953 года, за месяц да смерці савецкага дыктатара. Скончыўшы школу, некаторы час працаваў рабочым на Гомельскім суднабудаўніча-суднарамонтным заводзе і Гомельскай кандытарскай фабрыцы «Спартак», потым быў падлікоўцам у калгасе ў сябе на малой радзіме. Пасля гэтага атрымаў вышэйшую адукацыю — у 1976-м скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў горадзе Горкі, атрымаўшы спецыяльнасць «эканаміст-арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці». Такую ж прафесію праз дзевяць гадоў у той самай навучальнай установе атрымаў Аляксандр Лукашэнка — праўда, завочна.

Гусакоў тры гады прапрацаваў галоўным эканамістам аднаго з калгасаў у Магілёўскай вобласці, але потым кардынальна змяніў жыццё і сышоў у навуку. Цікава, што кандыдацкую дысертацыю ён абараняў не ў Беларусі, а ў латвійскай Елгаве — у мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі.

Уладзімір аказаўся не першым у сям'і, хто дасягнуў поспехаў на навуковай ніве. Ён відавочна раўняўся на свайго дзядзьку Сцяпана Скарапанава — акадэміка, які больш за дзесяць гадоў быў міністрам сельскай гаспадаркі БССР у гады Пятра Машэрава.

У васьмідзясятыя Гусакоў працаваў у мінскім Навукова-даследчым інстытуце эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. Потым паступіў у маскоўскую аспірантуру, а ў 1994-м абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Аграрная рэформа і фармаванне рынкавага гаспадарчага механізму (пытанні тэорыі і метадалогіі)». Праўда, рэалізаваць на практыцы яго ідэі краіне было не наканавана. У тым самым годзе пачалося паступовае згортванне нават палавінчатых рынкавых рэформаў, якія праводзіліся да гэтага.

Але ступень доктара навук Гусакову дапамагла. У 1994-м адбылося аб’яднанне некалькіх інстытутаў эканамічнай скіраванасці. На іх аснове з’явіўся Беларускі навукова-даследчы інстытут эканомікі і інфармацыі аграрна-прамысловага комплексу, які і ўзначаліў 41-гадовы навуковец. Для сваёй вучонай ступені ён быў вельмі малады, што адкрывала кар’ерныя перспектывы.

«Навуковыя даследаванні В. Р. Гусакова прысвечаныя навуковаму забеспячэнню і правядзенню ў Беларусі аграрнай рэформы, фармаванні ў АПК (аграрна-прамысловым комплексе. — Заўв. рэд.) краіны дзейснага рынкавага эканамічнага механізму, рэалізацыі сістэмы захадаў па пераўтварэнні традыцыйных прадпрыемстваў у структуры рынкавага тыпу, станаўленні новай рынкавай інфраструктуры АПК. Пераход АПК краіны на рынкавыя адносіны ажыццяўляўся ў асноўным па метадалогіі, распрацаванай У. Р. Гусаковым», — адзначалі яго вучні ў біяграфіі-панегірыку. Паводле іх словаў, ён асабіста ў суаўтарстве з іншымі навукоўцамі і спецыялістамі распрацоўваў усе асноўныя канцэпцыі і праграмы развіцця АПК у суверэннай Беларусі, у тым ліку праграмы па адраджэнні і развіцці вёскі на 2005−2010, 2011−2015 і 2016−2020 гады.

Калі гэта сапраўды так, то, назіраючы за сучасным узроўнем развіцця беларускай вёскі, далёкім ад ідэалу, можна задумацца: ці то тэарэтычныя распрацоўкі Гусакова сказілі падчас рэалізацыі, ці то праграма навукоўца не такая добрая, як можа здавацца яго вучням.

У камандзе Мясніковіча

Михаил Мясникович. Фото: TUT.BY
Міхаіл Мясніковіч. Фота: TUT.BY

З моманту заснавання Акадэміі навук ёю кіравалі прэзідэнты, што абіраліся навуковай элітай (акадэмікамі і чальцамі-карэспандэнтамі). За савецкім часам адзіную кандыдатуру для гэтых «выбараў» спачатку зацвярджала кіраўніцтва кампартыі (а ўжо затым іх рашэнне фіксавалася даволі фармальным галасаваннем). Але пасля абвяшчэння незалежнасці ўмяшанне спынілася — галасаванне праходзіла свабодна, што адпавядала сусветнай традыцыі.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі ўмяшанне ў справы Акадэміі пачало нарастаць. Яшчэ ў 1997-м фізік, акадэмік Аляксандр Вайтовіч перамог у адкрытым галасаванні і стаў прэзідэнтам НАН. Але ў снежні 2000-га яго перавялі на працу ў Савет Рэспублікі, а замест навукоўца Лукашэнка ў наступным годзе прызначыў на гэтую пасаду свайго адданага паплечніка Міхаіла Мясніковіча. Праз тры гады яго пасада пачала гучаць як «старшыня прэзідыума НАН» — улада вырашыла, што ў краіне можа быць толькі адзін прэзідэнт. Так з мінімальнай аўтаноміяй Акадэміі навук было скончана.

Мясніковіч паспрабаваў перабудаваць НАН, але беспаспяхова. На думку Вайтовіча, гэтая рэформа была цалкам праваленая. Акадэмік успамінаў пра ліст па рэфармаванні НАН, напісаным Мясніковічам у адрас Лукашэнкі і апублікаваным у газеце «Народная воля». На думку Вайтовіча, сутнасць была ў «закручванні гаек, не больш за тое». «Людзі, якія прымаюць рашэнні ў навуцы, не ўяўляюць, што рабіць, а звярнуцца да навуковай грамадскасці не хочуць. Хоць у навуковым асяроддзі якраз ёсць традыцыя абмяркоўваць ідэі», — адзначаў акадэмік.

Менавіта пад кіраўніцтвам Мясніковіча пачаўся кар’ерны ўзлёт Гусакова. У 2002-м ён стаў яго намеснікам у прэзідыуме НАН і адначасова заняў пасаду акадэміка — сакратара аддзялення аграрных навук — гэта значыць пачаў курыраваць усю сельскагаспадарчую сферу.

Пасля сыходу Мясніковіча на пасаду прэм’ер-міністра яго змяніў яшчэ адзін чыноўнік — экс-міністр прамысловасці Анатоль Русецкі. Але той не прабыў на пасадзе і двух гадоў. У кастрычніку 2012 года ён стаў намеснікам старшыні Савета Рэспублікі. Год Акадэмія навук была без кіраўніка. Нарэшце ў кастрычніку 2013-га ў крэсла старшыні прэзідыума сеў Гусакоў. Працу ён пачаў са звальненняў: да канца года НАН скараціла на 12% колькасць работнікаў, якія выконвалі навуковыя даследаванні і распрацоўкі.

Напалеонаўскія планы — і сумная рэальнасць

Владимир Гусаков. Фото: TUT.BY
Уладзімір Гусакоў. Фота: TUT.BY

Падчас сваёй працы Гусакоў паспрабаваў зрушыць акцэнты з фундаментальных (то-бок тэарэтычных) даследаванняў на прыкладныя (вынікам якіх становіцца канкрэтная тэхналогія або вынаходніцтва) і знайсці пад іх фінансаванне. Тым больш гэтага патрабаваў ад яго Лукашэнка. У выніку ў 2013-м каля 86% выдаткаў на навуку ў НАН было скіравана на прыкладныя даследаванні і распрацоўкі. У выніку гуманітарныя дысцыпліны, якія маюць значна меншы прыкладны характар, аказаліся ў яшчэ большым крызісе.

Планы ў Гусакова былі напалеонаўскімі. У пачатку 2014-га на пасяджэнні, прысвечаным юбілею НАН, ён абвясціў палажэнні аб рэформе беларускай навукі. Паводле яго словаў, распрацаваная ім праграма мусіла дазволіць Беларусі з цягам часу стаць рэгіянальным лідарам у навуцы і інавацыях, «у ёй не абстрактныя заявы, а ўвага да асобы навукоўца і канкрэтных даследаванняў» (тут і далей — цытаты паводле архіва TUT.BY). На практыцы прапаноўвалася наступнае: да 2015 года стварыць новую сістэму матывацыі даследчыкаў, перагледзець выплаты работнікам навуковай сферы, выдаваць гранты на даследаванні маладых навукоўцаў, а пенсіянерам выплачваць значныя надбаўкі за навуковую ступень. У фундаментальных даследаваннях Гусакоў хацеў развіваць нанатэхналогіі, нанаматэрыялы, касмічныя даследаванні, даследаванні ў галіне фізікі, хіміі, матэматыкі. У прыкладных стаўка рабілася на машынабудаванне, аграрныя тэхналогіі, біятэхналогіі.

Таксама планавалася стварыць невялікую колькасць дзяржаўных НДІ, якія мусілі б працаваць над «прарыўным» даследаваннямі. Пад канкрэтныя мэты хацелі ствараць навуковыя кластары, навукаёмістыя вытворчасці, прыцягваць прыватны капітал і венчурныя фонды.

Да 2020-га планаваўся перагляд сістэмы падрыхтоўкі навуковых кадраў, стварэнне акадэмічнага ўніверсітэта (удасканалены Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў). «Да 2025 года будуць створаныя і асвоеныя новыя навуковыя школы, наладжанае шырокае міжнароднае супрацоўніцтва. У выніку эканоміка краіны будзе значную частку прыбытку атрымліваць ад інавацыйнай вытворчасці», — адзначаў Гусакоў.

Але ў выніку большасць гэтых ідэй засталася на паперы. Адна з прычын — назапашаныя да гэтага праблемы. У пачатку 2014-га іх прызнаваў і сам Гусакоў. У яго выступе гаворка ішла пра нізкае небюджэтнае фінансаванне НАН, адток кадраў, непрэстыжнасць працы ў навуцы сярод моладзі (маладых навукоўцаў у Акадэміі была прыкладна чвэрць), неабходнасць замены састарэлага абсталявання і іншае. «Не сакрэт, што заробак навукоўца нават у Расіі, не кажучы ўжо пра Захад, сёння ў тры разы вышэйшы», — прызнаваў старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін (цытата паводле архіва TUT.BY). У 2014-м на навуку ў Беларусі было выдаткавана толькі 0,6% ВУП супраць 2−3% у развітых краінах.

Пра іншыя праблемы гаварылі спецыялісты. «Беларуская навука акаўалася слаба інтэграваная ў еўрапейскую. На гэта паўплывала і праблема кіравання, калі сярод людзей, што кіруюць беларускай навукай, аказалася вельмі мала сур’ёзных навукоўцаў. Затое сярод кіраўнікоў зашмат функцыянераў, што кепска ўяўляюць, як развіваецца навуковая думка», — тлумачыў у 2014-м акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Аляксей Пікулік.

Сярод іншых праблем эксперты называлі бюракратычную валакіту («усё большая колькасць паперак, актаў, даведак і пратаколаў, якія неабходна афармляць з любой нагоды»), бясконцыя праверкі з боку наглядных органаў, цяжкасці падчас выезду за мяжу для абмену вопытам з замежнымі калегамі, складанасці з пацверджаннем навуковых ступеняў, прысуджаных за мяжой, і іншае.

Частку з гэтых праблем Гусакоў вырашыць не захацеў, іншыя — не змог. Напрыклад, у 2017-м ён заявіў пра распрацоўку ўказа аб павышэнні заробкаў навукоўцаў. Гаворка ішла пра павышэнне тарыфнай стаўкі прыкладна ў два разы, а таксама дыферэнцыяцыю аплаты ў залежнасці ад вынікаў. «У залежнасці ад вынікаў працы заробак можа адрознівацца ў два разы і больш», — анансаваў дзівосны рост Гусакоў. Але на практыцы заробкі беларускіх навукоўцаў змяніліся нязначна. Калі ў 2017 годзе сярэдні заробак у НАН, паводле афіцыйных дадзеных, складаў 764 рублі (каля 400 даляраў паводле тагачаснага курсу), то цяпер у Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН шукаюць чалавека на пасаду хіміка з заробкам 1200 рублёў — то-бок каля 500 даляраў.

«Частка артыкула проста бессэнсоўная з лінгвістычнага пункту гледжання»

Фото: скриншот с сайта doklady.belnauka.by
Артыкул «Беларуска-рускае двухмоўе — гістарычна сфармаваная духоўна-культурная каштоўнасць народа». Фота: скрыншот з сайта doklady.belnauka.by

На фразу Аляксея Пікуліка «сярод кіраўнікоў зашмат функцыянераў, што кепска ўяўляюць, як развіваецца навуковая думка» варта звярнуць асаблівую ўвагу.

У 2020-м Уладзімір Гусакоў прадказальна праігнараваў масавыя пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, а таксама гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. Затое трапіў у цэнтр скандалу, які прымусіў усумніцца ў яго навуковай рэпутацыі. Летам таго года ў часопісе «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» выйшаў артыкул «Беларуска-рускае двухмоўе — гістарычна сфармаваная духоўна-культурная каштоўнасць народа». Аўтарамі значыліся сам Гусакоў, а таксама акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, чалец-карэспандэнт (цяпер акадэмік) НАН Аляксандр Каваленя, спецыяліст па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Абодва не былі спецыялістамі па лінгвістыцы.

Як падкрэслівалася ў анатацыі, «у часопісе не змяшчаюцца паведамленні палемічныя і вузкаспецыяльныя,<…>; паведамленні, якія пераказваюць этапы даследаванняў, а таксама не змяшчаюць значных высноваў». Але менавіта публікацыю спрэчных і ў цэлым дзіўных з навуковага пункту гледжання сцверджанняў два аўтары сабе і дазволілі. Яны заявілі, што руская мова пазбаўленая недахопаў многіх вядомых моваў іншых краін і народаў, а таксама што яна — «мова праўды і ісціны».

«Так, руская мова не прымае рэзкасці і напорыстасці англійскай, хуткамоўнасці і гучнасці італьянскай, паспешлівасці і няпоўнай выразнасці французскай, маршавасці нямецкай, „пшэкання“ польскай. Яна не зацыкліваецца на вымаўленні нейкіх асобных галосных і зычных і бясконцым паўтарэнні аднастайных канчаткаў. Гэта мова ўніверсальнага выкарыстання і ўсюдыіснай прыдатнасці. < … > Можа, пра гэта і не варта (мабыць, тут аўтары прапусцілі слова „казаць“. — Заўв. рэд.), але на рускай мове найбольш сакавіта гучыць нават ненарматыўная лексіка, так званы слэнг, якім карыстаецца ўвесь свет», — адзначалі Гусакоў і Каваленя.

«Менавіта рускаму народу наканавана быць першапраходцам і празорцам сусветнага развіцця. Трэба быць пазбаўленым элементарнай культуры і вар’ятам, каб адмаўляць рускую мову. Калі гэта мова дарогі да Храма. Толькі моцнаму народу магла быць дадзеная такая мова. Бо кожнаму даецца па яго заслугах. Руская мова, як і душа рускага народа, вылучаецца не толькі адкрытасцю і дасканаласцю, але і здольная мабілізаваць на любыя подзвігі дзеля справядлівасці, хто б ні нападаў», — сцвярджалі кіраўнікі НАН Беларусі.

У каментары для TUT.BY расійскі лінгвіст Антон Сомін адзначыў, што гэтая частка артыкула «проста бессэнсоўная з лінгвістычнага пункту гледжання», частка сцверджанняў у тэксце нелагічная, а некаторыя папросту не адпавядаюць рэчаіснасці. Навуковец Сяргей Гаранін, увосень 2022-га затрыманы, арыштаваны на 10 сутак і звольнены з НАН, заявіў, што «тэкст да публікацыі ніяк не абмяркоўваўся і наогул не быў вядомы супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, куды ўваходзіць Інстытут [мовазнаўства]».

Але ніякай афіцыйнай крытыкі ў адрас Гусакова не назіралася, бо ён працягваў падтрымліваць уладу. Падводзячы вынікі 2020 года, кіраўнік прэзідыума заявіў, што Акадэміі «нельга страчваць давер органаў дзяржкіравання» і варта «больш актыўна інтэгравацца ў нацыянальную эканоміку».

«Трэба вельмі цесна працаваць з усімі органамі дзяржкіравання, з уладай на аўтарытэт краіны. Ні ў якім выпадку не дапускаць ніякіх несанкцыянаваных дзеянняў і праяваў. Я асабліва ўдзячны многім кіраўнікам нашых акадэмічных арганізацый за іх правільную грамадзянскую пазіцыю, за недапушчэнне супрацьстаяння навукоўцаў і ўлады. Роля навукі — быць разам з уладай. Тое, што мы не дапусцілі расхіствання Акадэміі навук, яе развалу, утрымалі навукоўцаў, у гэтым вялікая заслуга ўсяго кіраўнічага складу Акадэміі. Мы захавалі Акадэмію і яе кадравы патэнцыял і гатовыя і далей працаваць з кіраўніцтвам краіны і на эканоміку краіны», — адзначыў Гусакоў.

Між тым восенню 2020 года з НАН былі звольненыя дзясяткі навукоўцаў, якія пратэставалі супраць гвалту сілавікоў.

Беларуская навука — у руінах

Выступление Владимира Гусакова. Январь 2021 года. Фото: газета "Навука"
Выступ Уладзіміра Гусакова ў НАН, студзень 2021 года. Фота: газета «Навука»

Гусакоў сцвярджаў, што захаваў Акадэмію навук. Але ў якім стане яна знаходзіцца цяпер?

Вышэй мы пісалі, што ў 2014-м — першым «поўным» годзе кіравання Гусакова — на навуку было выдаткавана толькі 0,6% ВУП. У 2020-м — 0,55%. Нагадаем, у развітых краінах гэты паказчык складае 2−3%. Дадамо, што памер ВУП большасці заходніх краін у разы большы, чым беларускі. Значыць, фактычная розніца па аб’ёмах фінансавання сферы яшчэ большая.

Адзін з крытэраў развіцця навуковай сферы — колькасць навуковых і тэхнічных артыкулаў у спецыялізаваных выданнях. У гэтым выпадку статыстыку вядзеНацыянальны навуковы фонд ЗША, які ўлічвае артыкулы па фізіцы, біялогіі, хіміі, матэматыцы, клінічнай медыцыне, біямедыцынскіх даследаваннях, інжынерыі і тэхналогіях, а таксама навукі пра Зямлю і космас. Паводле дадзеных на 2021 год, у беларусаў такіх артыкулаў было ў сярэднім 12,4 штукі на 100 тысяч насельніцтва. Сярод краін Еўропы горшы паказчык толькі ў Малдове і Албаніі, а нашы непасрэдныя сусветныя суседзі па рэйтынгу — Эквадор, Батсвана, Алжыр і Коста-Рыка (падлікі — архіў TUT.BY).

Па колькасці пададзеных патэнтавых заявак Беларусь, паводле дадзеных за 2019 год, была на 26-м месцы з 35 краін Еўропы, у наступным годзе колькасць такіх заявак не змянілася (пазнейшых падлікаў няма). Цікава, што колькасць патэнтаў дасягнула піку ў 2010-м, пратрымалася на даволі высокім узроўні да 2013-га — і абвалілася больш чым у два разы ў 2014-м — акурат тады, калі кіраваць НАН прыйшоў Гусакоў (хоць, магчыма, гэта толькі супадзенне).

Рэзка зменшылася колькасць навуковых кадраў. У 2010-м колькасць людзей, якія займаліся навуковымі даследаваннямі, складала 31,7 тысячы, у 2021-м — 25,6 тысячы. Паводле падлікаў TUT.BY, у НАН у 2018 і 2019 гадах сярод дактароў навук больш за 80% былі старэйшыя за 60 гадоў.

Як кіраўнік Акадэміі навук Гусакоў таксама нясе адказнасць за гэтую сітуацыю. Але нават пры слабым фінансаванні, не самым уважлівым стаўленні да людзей і кіраўніку такой ступені кампетэнтнасці беларускія навукоўцы спрабавалі рэалізаваць некаторыя гучныя праекты. Праўда, звычайна іх рэалізацыя выклікала сур’ёзныя пытанні.

З першай паловы 2010-х беларускія навукоўцы працуюць над стварэннем айчыннага электрамабіля. У жніўні 2017-га «эксперыментальны ўзор» такой машыны з помпай паказалі чыноўнікам.

Тады эканаміст Сяргей Чалы заявіў у каментары TUT.BY, што ад электрамабіляў чакаюць вельмі шмат чаго, але для гэтага пакуль няма эканамічных перадумоваў. Паводле яго словаў, кампанія Ілана Маска Tesla стратная, вырабляе мала аўтамабіляў, а традыцыйныя вытворцы не спяшаюцца фарсіраваць падзеі. У сувязі з гэтым не вельмі зразумела, адзначыў Чалы, навошта Лукашэнка ўхапіўся за вытворчасць беларускіх электрамабіляў, бо нашая краіна ніколі не выпускала нават прымітыўных бензінавых легкавікоў.

Тады, у 2017-м, Гусакоў абяцаў, што кошт беларускага электрамабіля будзе ад 10 тысяч даляраў (у эканамічнай версіі для народа) і да 20 тысяч (для багатых).

Прайшло чатыры гады. У ліпені 2021-га Мінэнерга заявіла, што першую партыю беларускіх электрамабіляў выпусцяць да канца года. А ў 2022-м на заводзе «Белджы» паведамілі, што кампанія «працягне развіваць кірунак электрамабіляў», удакладніўшы, што электракары будуць закупляцца для ўнутранага рынку ў Кітаі. У выніку ў кастрычніку 2022-га Гусакоў пасля сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што Беларусь усё яшчэ працягвае працу па стварэнні ўласнага электрамабіля, і прапанаваў разгледзець варыянт стварэння «свайго беларускага электрамабіля» ў межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Але за гэты час змянілася цана. «Мы ставім задачу, каб [электрамабіль] быў не вельмі дарагі — не даражэйшы за 20−25 тысяч даляраў. Гэта прадукцыя масавага карыстання. Што да спартыўных электрамабіляў, іх будзе няшмат, яны будуць эксклюзіўныя, больш насычаныя. І каштаваць яны будуць, вядома, даражэй», — заявіў Гусакоў. То-бок за пяць гадоў цана на элітнае аўто ператварылася ў цану на масавае. Хто яго будзе купляць пры адсутнасці традыцыі і добрай рэпутацыі — незразумела. Хоць, уласна, і самога электрамабіля ў масавай вытворчасці пакуль няма.

Стварэнне вакцыны і ноу-хау з 2003 года

Фото: president.gov.by
Нарада па мікраэлектроніцы, чэрвень 2022 года. Справа ад Лукашэнкі — Уладзімір Гусакоў. Фота: president.gov.by

Яшчэ адным патэнцыйна прарыўным напрамкам стала медыцына. 1 красавіка 2021 года Лукашэнка распарадзіўся стварыць беларускую вакцыну супраць COVID-19. На Міністэрства аховы здароўя і НАН усклалі задачу да 2023 года распрацаваць і запусціць у вытворчасць айчынны прэпарат. Ужо ў кастрычніку 2022-га Гусакоў заявіў, што беларуская «антыкавідная» вакцына прайшла даклінічныя і праходзіць клінічныя выпрабаванні, а таксама расказаў пра распрацоўку вакцыны ў таблетках.

Наведваючы эксперыментальны цэх па яе вытворчасці, кіраўнік НАН заявіў, што для жыхароў краіны будуць вырабляць «адаптаваныя вакцыны» «з улікам тэрытарыяльных і генетычных асаблівасцяў беларусаў». Але заходнія навукоўцы не ведаюць пра сур’ёзныя адрозненні ў гэтым плане: эфектыўнасць вакцын у залежнасці ад расы і этнічнай прыналежнасці амаль не адрозніваецца. Нашмат важнейшыя ўзровень медыцынскай асветы і наяўнасць медыцынскай страхоўкі.

Яшчэ адным перспектыўным напрамкам стала мікраэлектроніка. У чэрвені 2022 года ў Лукашэнкі прайшла нарада на гэты конт. Па яго словах, Беларусь «не страціла перадавых пазіцый у свеце па шэрагу кірункаў высокатэхналагічнай вытворчасці», такіх як касмічная оптыка, рэнтгенаграфія, лазеры, зандаванне атмасферы Зямлі, хоць і адстала па «шэрагу кірункаў». А лепш за ўсё, лічыць палітык, развітае прымяненне мікраэлектронікі ў ваенна-прамысловым комплексе: паводле яго словаў, Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па сродках радыёэлектроннай барацьбы, паспяхова распрацоўвае беспілотнікі.

Падчас нарады побач з Лукашэнкам знаходзіўся менавіта Гусакоў.

Але рэальнасць аказалася іншай. Паводле словаў ананімных спецыялістаў, з якімі гутарыла «Наша Ніва», платы, паказаныя Лукашэнкам падчас гэтай нарады, распрацоўваліся ў найлепшым выпадку ў пачатку стагоддзя, дзесьці ў 2003-м. «Ведаеце мем „усё вельмі кепска“? Вось гэта пра айчынную мікраэлектроніку. Спытайце ў практыкаў, хто мінімум 15 гадоў працуе ў сферы, колькі разоў за гэты час яны сустракаліся з беларускай „начынкай“ у дэвайсах. Дай бог, каб хаця б аднойчы такая сустрэча адбылася!» — адзначалі эксперты.

Владимир Гусаков. Фото: CTV.BY
Уладзімір Гусакоў. Фота: CTV.BY

Паводле словаў суразмоўцаў выдання, наладзіць вытворчасць усёй высокадакладнай прадукцыі ў адной краіне немагчыма. Таму амерыканскія напрацоўкі нават унутры аднаго корпуса суседнічаюць з кітайскімі, а атачае іх які-небудзь карэйскі элемент. «Мы ж з развалам уласных вытворчасцяў — на „Інтэграле“ палова цэхаў ужо не адпавядае прызначэнню — адсталі ад свету. Нават калі аб’яднаць намаганні з Расіяй, стаць з лідарамі вытворчасці ў адзін шэраг не атрымаецца. Хутчэй вернемся ў часы, калі на кітайскія маніторы клеілі этыкеткі „Інтэграла“».

І ўсё ж у пэўным плане Гусакоў дамогся поспеху. Не будучы кампетэнтным у лінгвістыцы, сучаснай аўтамабільнай прамысловасці, медыцыне і электроніцы (і гэта толькі тыя сферы, якія мы закранулі), ён ужо дзевяць гадоў знаходзіцца на сваёй пасадзе (даўжэй Акадэміяй з моманту здабыцця незалежнасці кіраваў толькі Мясніковіч) і, здаецца, карыстаецца даверам улады. Менавіта для ўладаў ён паспяхова прасоўвае прадукты НАН, хоць адпаведнасць іх сусветным стандартам выглядае вельмі спрэчна. Вось толькі ўсё гэта — праява таленту не навукоўца, а чыноўніка-адміністратара.

Ёсць яшчэ адзін нюанс: ад гэтага чалавека залежаць лёсы тысяч іншых людзей, якія працуюць пад яго кіраўніцтвам у Акадэміі навук, ды і будучыня айчыннай навукі ў цэлым. Ва ўмовах масавых затрыманняў навукоўцаў ні пра які навуковы пошук і паўнавартасную творчую атмасферу не можа ісці і гаворкі. Тым больш што Гусакоў у гэтай сітуацыі публічна не зрабіў нічога, каб абараніць сваіх падначаленых. Ёсць сур’ёзныя сумневы, што ў такой атмасферы Беларусь найбліжэйшым часам чакаюць сур’ёзныя навуковыя поспехі і значныя адкрыцці. А вось ад’езд з краіны тых сапраўды таленавітых і перспектыўных даследчыкаў, якіх у краіне ўсё яшчэ трымаў патрыятызм, — перспектыва цалкам рэальная. І гэта галоўны вынік працы Уладзіміра Гусакова ў НАН Беларусі.