СК: найбліжэйшым часам «справа TUT.BY» ужо будзе перададзеная пракурору
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Фігуранты «справы TUT.BY» азнаёміліся з матэрыяламі справы, найбліжэйшым часам яна будзе перададзеная пракурору. Пра гэта расказаў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Алег Шандаровіч.

Фото: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Паводле яго словаў, частка абвінавачаных па «справе TUT.BY» праходзіць па экстрэмісцкіх артыкулах, але гэта справа пачыналася з абвінавачвання ў нявыплаце падаткаў, і менавіта гэты артыкул — асноўны.

«Цяпер расследаванне завершанае. Усім фігурантам выстаўленыя абвінавачанні, і яны ўжо азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы. Найбліжэйшым часам крымінальная справа будзе перададзеная пракурору. Як я ўжо сказаў, большасць фігурантаў абвінавачваецца ў нявыплаце падаткаў. Амаль усе яны заявілі хадайніцтва кіраўніку дзяржавы аб памілаванні, пакрылі шкоду ў поўным аб’ёме і ўнеслі крымінальна-прававую кампенсацыю. Большасць абвінавачаных супрацоўнічала са следствам, таму ім змянілі меру стрымання. Цяпер пад вартай знаходзяцца толькі двое фігурантаў», — заявіў Шандаровіч.

Двое фігурантаў, якія дагэтуль знаходзяцца ў СІЗА, — гэта генеральны дырэктар «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людміла Чэкіна і рэдактар TUT.BY Марына Золатава.

Пасля таго як іх уключылі ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», стала вядома, што яны абвінавачваюцца па двух «экстрэмісцкіх» артыкулах: арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) і арт. 361 (заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды дзяржбяспецы) КК Беларусі.

«Справа TUT.BY»

Нагадаем, раніцай 18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы TUT.BY у Мінску і абласных цэнтрах. Да позняга вечара ў сталічным офісе праходзіў ператрус, а ў Дэпартаменце фінансавага кантролю КДК пасля такіх самых дзеянняў дома ў супрацоўнікаў дапытвалі нашых былых калег. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазраваныя па крымінальнай справе. У той дзень затрымалі 15 чалавек.

Як паведамлялі 18 траўня ў КДК, у дачыненні да службовых асобаў кампаніі была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса).

Прэтэнзія да кіраўніцтва кампаніі заключалася ў тым, што, з’яўляючыся рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій, «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» нібыта атрымала выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.

Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты «справы TUT.BY», якія дагэтуль застаюцца за кратамі. Яны прызнаныя палітвязнямі.