Сілавікі затрымалі мужчыну за абразлівы каментар пра смерць кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». Паводле звестак сілавікоў, усяго выяўлена больш за 20 каментатараў унутры краіны.

Мужчыну затрымалі ў кватэры па месцы жыхарства. У «пакаяльным» відэа ён расказаў, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года, а таксама пакідаў абразлівыя каментары ў адрас сілавікоў і памерлага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу аб распальванні варожасці і за перакрыццё дарог.
Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал папярэдзіў, што агулам выяўлена больш за 20 чалавек, якія пакідалі негатыўныя каментары з нагоды смерці Макея. Ім пагражалі затрыманнямі і пазбаўленнем волі. Таксама выяўленыя яшчэ 50 чалавек, якія знаходзяцца за мяжой.
«Іх чакае вельмі „цёплы прыём“ пры вяртанні ў Беларусь», — напісаў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Нагадаем, Уладзімір Макей раптоўна памёр у суботу, 26 лістапада, ва ўзросце 64 гадоў. Дакладная прычына смерці невядомая, паводле паведамленняў некаторых СМІ, у яго здарыліся праблемы з сэрцам. Макей дзясяткі гадоў працаваў на дзяржслужбе і з 2012 года ўзначальваў Міністэрства замежных справаў Беларусі. Уладзіміра Макея пахавалі 29 лістапада на Усходніх могілках.