«Казалі, што прыняць не могуць, таму што ў спісе». Вядомы педыятр Церакулава — пра тое, як яе вымусілі звольніцца за пазіцыю
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Беларусі не хапае дактароў. У канцы восені стала яшчэ мінімум на аднаго медыка менш. Маю Церакулаву — вядомага ў Бабруйску педыятра, а таксама блогера — вымусілі звольніцца з дзіцячай паліклінікі. Прычыну патлумачылі як і многім: вы самі ведаеце. Аказалася, за сваю актыўнасць, як і сотні беларусаў, яна трапіла ў чорны спіс. 23 лістапада ў Маі быў апошні працоўны дзень. Пасля гэтага яна два месяцы спрабавала знайсці працу ў беларускай медыцыне. Не атрымалася. Некалькі дзён таму доктарка з’ехала ў Польшчу. Пра тое, як прымала такое рашэнне, любоў да маленькіх пацыентаў і сваю старонку ў сацсетках Мая расказала блогу «Людзі». Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Фото: Facebook Маи Терекуловой
У дзіцячай паліклініцы Бабруйска Мая прапрацавала паўгода. Фота: Facebook Маі Церакулавай

«Я люблю сваіх пацыентаў. Асабліва немаўлятаў, у мяне рукі да іх прывыклі»

Маі Церакулавай «амаль 40», у яе трое дзяцей — старэйшаму дзесяць, малодшаму пяць, сярэдняй дзяўчынцы дзевяць. Медык нарадзілася і вырасла ў Казахстане. Паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт Караганды, а заканчвала ўжо Казахскі нацыянальны медыцынскі ўніверсітэт у Алматы. Выйшла замуж за «вельмі прыгожага беларуса». Жартуе, што ўсе сёстры зайздросцілі. У 2017-м, калі ў мужа захварэла мама, сям’я пераехала ў Беларусь.

— Спачатку мы жылі ў Мар'інай Горцы. У мяне ёсць сяброўка, у яе дзіцяці сіндром Даўна. Калі маёй дачцэ Еве (у дзяўчынкі аўтызм. — Заўв. рэд.) і яе сыну Андрэйку было па 5−6 гадоў, у развіцці яны былі аднолькавыя. За першы клас у спецыяльнай школе Андрэйка пачаў пісаць і чытаць, а мая Ева ў інклюзіі навучылася сядзець ціха і не перашкаджаць астатнім, — расказвае суразмоўніца пра тое, як апынулася ў Бабруйску. — Я разумела, што спецыяльныя навучальныя ўстановы, у якіх ёсць досвед працы з дзецьмі з аўтызмам, ёсць і ў Мінску. Але там арэнда кватэры каштуе 300 даляраў, а ў Бабруйску — 100. Пры гэтым заробкі ў дактароў аднолькавыя. Так што пераехалі мы дзеля школы.

— У дзіцячую паліклініку ў Бабруйску вы ўладкаваліся ў чэрвені 2022-га, а ў лістападзе вам паведамілі пра звальненне. Як гэта здарылася?

— У пятніцу пасля працы мне сказалі зайсці да галоўнага ўрача. Мы пагаварылі, і мне абвясцілі, што серада — мой апошні дзень. У суботу і нядзелю я паплакала, пацярпела, мяне пашкадавалі ўсе сяброўкі. За выходныя перажыла гэтую навіну, а ў панядзелак, калі прыйшла на працу, прымусіла перажыць яе ўсіх калегаў. У гэты дзень усё валілася з рук. Медсястра практычна расплакалася. Больш за ўсіх, мне здаецца, знервавалася загадчыца, таму што паставіць на маё месца не было каго.

Калі ў чэрвені я сюды ўладкавалася, то забрала ўчастак, разбіты на двух дактароў, і назад прымаць яго яны адмаўляліся: у кожнага і так празмерная нагрузка. Загадчыца сама вядзе ўчастак. Я ў яе прасіла прабачэння. Мы злаваліся на ўсю гэтую сітуацыю. Я таксама ахвяра, але прасіла прабачэння, што так выйшла. Яна казала: «Ды вы не вінаватыя».

Страчваць дактароў цяжка. Я — каштоўны кадр. Так, я не свяціла ў медыцыне, я ўчастковы педыятр. Нармальны, адказны, добры доктар. Педыятры — наогул дэфіцытныя медыкі. Іх мала, іх заўсёды не хапае. Куды б ты ні патэлефанаваў з пытаннем: «Ці ёсць вакансія педыятра?» — табе адкажуць «так» і ўзрадуюцца. Калі прыйшла ўладкоўвацца ў гэтую паліклініку, пастукала да загадчыцы і спытала, ці патрэбны ім педыятр, яна пляснула рукамі (яна ў нас чалавек эмацыйны) і сказала: «Нарэшце добрыя навіны».

І вось мне трэба сысці за тры дні. На ўчастку ў мяне 1100 дзяцей. Медыынская зарплата — у раёне 300 даляраў. Вялікай фінансавай падушкі няма, з мужам мы вясной рассталіся. У Бабруйску я наймала кватэру. Гэта ўсё складана. У загадчыцы таксама шок. Ёй таксама не далі часу нешта распланаваць і вырашыць.

— Як прайшла гэтая апошняя серада?

— Серада ў мяне — акурат «Дзень здаровага дзіцяці». У гэты дзень да мяне прыводзяць малых да года, якія за мной замацаваныя, і дзяцей з хранічнымі захворваннямі. Развітвалася з імі. Я люблю сваіх пацыентаў. Асабліва немаўлятаў, у мяне рукі да іх прывыклі. Я ўмею з імі абыходзіцца. У мяне ж сваіх трое. Калі пыталіся, навошта мне трэці, адказвала: «Я сквапная, я хачу яшчэ. Яшчэ любіць, яшчэ кранаць». Гэта шчасце такое.

Маім пацыентам пакуль усё адно, што я сыходжу, а іх мамы хваляваліся. Калі доктар мяняецца, гэта нядобра. Бацькам тады даводзіцца самім трымаць усё пад кантролем. А гэта складана, калі ты не ведаеш, што менавіта трэба твайму сыну або дачцэ. А так здароўе іх дзяцей — гэта мая адказнасць, я яе падзяляю. Цяпер іх перададуць іншаму спецыялісту, але гэта не тое, як мусіць быць. У ідэале участковы сямейны доктар вядзе дзіця з нараджэння і да 18 гадоў.

— З якімі думкамі ў тую сераду вы ішлі дадому?

— Цяжка ішла, але ў пятніцу было складаней. У той дзень выйшла з паліклінікі, яшчэ трымалася. Ішла дварамі і там, паміж дамамі, дзе ўжо ніхто нічога не бачыць, патэлефанавала сяброўцы сказаць пра звальненне. Толькі яна мяне трохі пашкадавала, як я разраўлася.

Потым пайшла па дзяцей у школу і садок. Было вельмі крыўдна ад несправядлівасці. Я шмат сіл укладала ў сваю працу. Старалася, рабіла больш, чым абавязаная, таму што хацела спраўляцца з усім добра. Было крыўдна, што засталася без працы, і страшна, як далей жыць. Калі звальняюць вось так, зразумела, што ў медыцыне мяне нікуды не возьмуць. Добра, былі б зберажэнні, і я б магла сябе супакоіць: «Паўгода пражывём». Але няма, не пражывём.

У сераду ўжо была спакайнейшая. Ішла дадому, плануючы, як шукаць працу па-за Беларуссю. Думала, куды магу паехаць з трыма дзецьмі. Цяпер шчыльна займаюся тым, каб усё арганізаваць.

— Вам патлумачылі, чаму вас звальняюць?

— Мне сказалі, я ведаю, за што. Кантракт у мяне быў на тры гады, прапрацавала я паўгода. Сышла па пагадненні бакоў.

— А вы ведаеце, за што?

— У 2020-м выходзіла на акцыі медыкаў, брала інтэрв'ю ў жыхароў Мар'інай Горкі, якія падтрымалі пратэст, была ў незалежным прафсаюзе. А яшчэ я пішу ў сацсетках пра ахову здароўя ў Беларусі. Хоць у блогу я выказвалася досыць акуратна. Рэкамендавала, на што звярнуць увагу, і некаторыя з гэтых праблем пазней вырашаліся. Вядома, калі б у медыкаў быў спосаб сувязі з кіраўніцтвам Мінздароўя, было б прасцей. Як мы можам даносіць праблемы на месцах, з якімі сутыкаемся?

— Паводле звестак агульнарэспубліканскага банка вакансій, у Беларусі не хапае больш за 6200 дактароў-спецыялістаў. Як думаеце, чаму, нягледзячы на такі вялікі прабел, медыкі ў краіне застаюцца без працы?

— Ведаеце, я аптыміст, я заўсёды імкнуся знайсці выйсце з сітуацыі, таму пасля звальнення паспрабавала ўладкавацца на станцыю хуткай дапамогі. Я зайшла, мне ўзрадаваліся. Папярэдзіла, што я праблемны доктар. Загадчыца адказала, ёй трэба ператэлефанаваць і даведацца. Пазней, калі я яе перанабрала, яна выбачылася і сказала, што не можа мяне ўзяць. Я ўдакладніла: «У сувязі з чым?» Яна рэкамендавала звязацца з загадчыкам аховы здароўя вобласці. Я параілася з сяброўкай, ці варта ехаць. Яна сказала: «Пра цябе вырашылі відавочна не па лініі аховы здароўя, таму ў ахове здароўя нічога не могуць з гэтым зрабіць».

— Чаму вы пайшлі ўладкоўвацца на хуткую?

— Таму што мне патрэбная праца, трэба на нешта жыць. Я хацела застацца ў Бабруйску. Мы пераехалі сюды ў траўні, я ўладкавала дачку з аўтызмам ў спецыяльную школу. Ёй падабаецца, там выдатна, педагогі спраўляюцца. Калі яна вучылася ў агульнаадукацыйнай школе ў інклюзіі, у яе не было такога прагрэсу. Яна не самае простае дзіця, але тут яе хвалілі. Я бачыла, якія намаганні спецыялісты ўкладвалі, каб ёй дапамагчы, паважала гэта і не хацела яе адтуль забіраць. Мой старэйшы сын — выдатнік. Яго рыхтавалі на алімпіяду па матэматыцы. Малодшаму пяць гадоў, яго наогул усе ўсюды любяць, ён такі чароўны хлапчук.

У Бабруйску я зняла кватэру недалёка ад школ. Муж дапамог мне зрабіць рамонт, прывезлі сюды маю мэблю, мае любімыя кнігі. Я стварыла тут утульнасць. У нас было наладжанае шчаслівае жыццё, якое я б хацела працягваць. Я і далей хацела б працаваць доктарам: вельмі цяжка, адказна, за невялікую зарплату дапамагаць сваім пацыентам.

Для мяне гэта яшчэ і пытанне самарэалізацыі. Мне амаль 40, і мне важна быць патрэбнай і карыснай. А яшчэ я люблю Бабруйск. Ён мілы, стары і новы адначасова. Ён жывы. Гэтыя старыя аднапавярховыя дамы… Гэта якое стагоддзе? XIX? Уяўляеце, у XIX стагоддзі тут была такая ж цырульня, гандлёвая лавачка і оптыка, як і цяпер. Гэта існавала столькі гадоў і працягвае існаваць. У мяне такое ўражанне пра Бабруйск, што гэта бадзёры дзядок, які жыве і працуе. Чароўны, добры, моцны горад.

«У Казахстане мамы больш расслабленыя. З дзецьмі яны проста жывуць, у Беларусі ж вельмі трывожацца»

Фото: Facebook Маи Терекуловой
Мая з дзяцінства хацела быць доктарам. Фота: Facebook Маі Церакулавай

— Адкуль такая любоў да медыцыны?

— У мяне мама доктар. Калі я была дзіцем, яна працавала на падстанцыі хуткай дапамогі, таму я там, можна сказаць, вырасла. Мама забірала нас з сястрой з садка на машыне хуткай дапамогі, і мы ехалі на падстанцыю, у яе былі сутачныя дзяжурствы. Мама ездзіла па выкліках, паміж імі вярталася на падстанцыю, дзе нас даглядалі іншыя медыкі. Я з дзяцінства хацела быць доктарам. З садка. Калі мы выпускаліся і малявалі, кім хочам стаць, у мяне быў добры малюнак, як хуткая дапамога імчыцца ў школу.

Калі я вучылася ў старэйшых класах, мама перайшла працаваць у псіханеўралагічны інтэрнат. Я прыходзіла да яе туды і ўжо там вырашыла, што хачу быць дэфектолагам або педыятрам. Пасля школы дакументы я падавала на дэфектолага ў педагагічны і на педыятра ў медыцынскі. Паступіла ў абедзве ВНУ, але выбрала мед.

Здароўе людзей — гэта не жарты, таму не варта недаацэньваць важнасць маёй працы. Я педантычны і прыстойны чалавек, гэта і робіць мяне адказным доктарам. Як і многія педыятры, я, напрыклад, стараюся не браць бальнічных, то-бок я магу, гэта дазволена, але хто будзе працаваць з маімі пацыентамі? Адразу ж павялічыцца нагрузка на калег. Я сама люблю весці сваіх дзяцей. А то лечыш, лечыш, а потым прыйдзе іншы спецыяліст, зробіць нешта інакш, а ў мяне, напрыклад, былі свае планы.

Калі хварэлі мае дзеці, я прасіла няньку з імі пасядзець. На даведку сыходзіла толькі калі самой было вельмі кепска. Калі Еве было гадоў пяць ці шэсць, яна залезла на дрэва і баялася спусціцца. Я яе здымала і сарвала спіну. Цяпер, калі я перыядычна няправільна нахіляюся, спіна пачынае балець так, што я не магу хадзіць. П’ю таблеткі, раблю ўколы, каб хутчэй устаць. Кажуць, дактары мала жывуць і ў старэйшым узросце часта хварэюць. Чаму? Таму што мы ўмеем збіць усе сімптомы, каб далей працягваць функцыянаваць.

— Пасля таго як вы даведаліся пра звальненне, вы напісалі пост, у якім была такая прапанова: «Мне сяброўка патэлефанавала, спытала, чым дапамагчы. Я сказала: „Нарадзіць немаўля і даць мне. Маім рукам“. Ніхто не дасць паціскаць нованароджанага чужой цётцы, а педыятру — кожны дзень». Адкуль у вас столькі любові да дзяцей?

— Не ведаю, яна натыўная, ад пачатку. У мяне Ева таксама любіць немаўлятаў. Яна праходзіць міма вазкоў, усміхаецца. Мне падабаецца браць на рукі немаўлятаў, гуляць з імі, дапамагаць ім. Праца педыятра мне гэта дазваляла.

Дарослыя — гэта ўжо асобы з бэкграўндам, а дзеці — чыстая чалавечнасць. Усе пачуцці і эмоцыі дарослага абумоўленыя яго жыццём, досведам, асяроддзем, абставінамі. А ў дзяцей яны ёсць — і ўсё. Калі дзіця смяецца, яно радае, калі плача, яму страшна. Іх рэакцыі — самае сапраўднае што ёсць.

— Які выпадак вы б назвалі самым запамінальным з нядаўняй практыкі?

— Нешта адбываецца пастаянна. Я хаджу ў дамы да людзей, бачу, як яны жывуць. Раблюся міжвольнай сведкай чужога жыцця. Ёсць страшнае, балючае, тое, што кранае. Была сітуацыя, калі ў сям'і нарадзілася дзіця з інваліднасцю, у пэўным узросце яно памерла. Праз гады жанчына наважылася на другога — і ў малога такі ж дыягназ. І вось гэтае дзіця падыходзіць да ўзросту, у якім не стала старэйшага. Мама ў паніцы. Часта мяне выклікае, але лячыць тут трэба не дзіця, у яго, на шчасце, усе рызыкі купіраваныя… Як размаўляць з мамай? Як пераканаць яе, што дзіця ў парадку?

Няпростых выпадкаў шмат, але… Давайце я лепш смешную сітуацыю раскажу. Прыйшлі на прыём хлопчык гадоў пяці і тата. Тата вельмі добры. Бацька забыў карту, медсястра адправіла яго ў рэгістратуру, а дзіця засталося ў кабінеце. Ён такі, самастойны. Сеў на зэдлік, маленькі, ногі звісаюць. Сядзіць і глядзіць уважліва на мяне. Я пытаю: «На што скардзіцеся, малады чалавек?» А ён: «У мяне сэрца разбітае, але гэта нічога страшнага, новае вырасце». Я здзівілася: «А што здарылася? Вы ўпалі, стукнуліся ці, можа, закахаліся ў дзяўчынку?» І ён мне паспрабаваў растлумачыць, што гэта таму, што ўсё адбываецца не так, як ён задумваў. І пакуль ён тлумачыў, што свет не адпавядае яго чаканням, зайшоў тата і выдаў: «У яго тэмпература была і соплі трэці дзень». А я гляджу на дзіця і ўжо ведаю, што для яго праблема не ў саплях.

— І што вы ў выніку лячылі: сэрца ці соплі?

— Не мая справа сэрца лячыць (смяецца). Ён падняў кофту, я яго паслухала і пахваліла. «Выдатнае сэрца, выдатна б’ецца, беражы яго, калі ласка», — папрасіла. Я заўсёды дзяцей хвалю. Гадоў з двух і да пяці-шасці ім вельмі важна чуць, што яны правільныя і добрыя. «Так, ты захварэў, гэта нястрашна, усё пройдзе, толькі слухай маму, яна будзе даваць лекі», — дамаўляюся я з імі. І гэтага хлапчука пахваліла.

— А ці ёсць нешта асаблівае ў беларускіх дзяцей?

— Калі я прыехала ў Беларусь, першае пытанне ў мяне было: «А дзе дзеці?» Таму што ў Казахстане дзеці на вуліцах. Яны мурзатыя, бегаюць натоўпамі і іх шмат. А тут я ўбачыла, што дзеці нібы прынцы і прынцэсы. У белых маечках, шкарпэтачках, выпрастаўшыся, паважна крочаць з мамай за ручку. У дзяцей тут укладаюць шмат высілкаў. Мне часам шкада мамаў нованароджаных, яны вельмі моцна выкладваюцца. Прыходзяць на прыём і ўжо прачыталі пра дыеты для малых, фізкультуру, падгузнікі, правільную вопратку і абутак (у многіх дзяцей ён артапедычны).

У Казахстане мамы больш расслабленыя. З дзецьмі яны проста жывуць, у Беларусі ж вельмі трывожацца. У празмернай апекі ёсць і свае мінусы. Нямала хлопчыкаў і дзяўчынак, якія гадоў у дзесяць не здольныя адказаць на нейкія пытанні. У Казахстане, напрыклад, з шасці гадоў дзеці — гэта ўжо самастойныя людзі, якія могуць за сябе і сказаць, і заступіцца.

А яшчэ дзеці ў Беларусі вельмі выхаваныя. Амаль кожнае гадоў з пяці дадаткова чым-небудзь займаецца. Беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі ўмеюць ціха сябе паводзіць, што дзіўна. Часам нават шкада, ну хай пакрычыць. Напрыклад, у мяне ў кабінеце ляжаць цацкі. Яны для дзяцей ляжаць, не для прыгажосці, але палова бацькоў, калі дзіця хоча нешта ўзяць, просіць: «Не чапай чужое». Але ж дзецям цікава пагуляць, а мне ёсць час з мамай ці татам пагаварыць.

«Блог з’явіўся, калі я мірылася з дыягназам дачкі»

Фото: Facebook Маи Терекуловой
Мая з дачкой Евай. Мама шмат расказвае пра дзяўчынку ў сваім блогу. Фота: Facebook Маі Церакулавай

—  Шмат гадоў вы ведзяце блог на Facebook. Як з’явілася ідэя дзяліцца сваімі думкамі з падпісчыкамі?

— Блог з’явіўся, калі я мірылася з дыягназам дачкі. Тады я шмат чытала групы пра інклюзію, дзяцей з інваліднасцю. Я не асабліва пісала, чытала ў асноўным. Для мяне гэта было як група падтрымкі. Кожная жанчына, калі цяжарная, уяўляе, што ў яе народзіцца прыгожы, здаровы малы. Ніхто не думае, што іх дзіця будзе хварэць. Гэта нечакана і складана. Прыняцце дыягназу палягчае гэтую сітуацыю. Прыняць яго дапамагае камунікацыя з бацькамі, якія прайшлі гэты шлях ці толькі ў яго пачатку. Так усё пачалося.

А потым мы з Евай трапілі ў рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей з аўтызмам. Мы туды прыехалі бліжэй да вясны, і аказалася, што многія цацкі ў пакоі цацак зламаныя. Я спытала ў супрацоўнікаў: як так? Мне патлумачылі, што іх закупляюць у пачатку сезона, але кожныя тры тыдні сюды прыязджае каля 50 дзяцей, таму цацкі хутка псуюцца.

Пасля гэтага на сваёй старонцы ў Facebook я зрабіла пост, дзе папрасіла: калі ў вас дома ёсць добрыя цацкі, дашліце ў цэнтр. Затым размясціла запіс у групе для інклюзіі. Гэтае паведамленне набрала каля тысячы рэпостаў. Знаёмыя пачалі пісаць, што не ведалі пра аўтызм у маёй дачкі. Пасля гэтага я вырашыла расказваць пра Еву. Якая яна класная, як я яе люблю. На мяне пачалі падпісвацца іншыя жанчыны, у якіх падобныя дзеткі. А далей я пачала пісаць пра сям’ю, пра побыт, пра тое, як выйшла на працу.

— Бывала, што людзі, пачытаўшы вашыя пасты, пазнавалі ў іх сябе?

— Не, пра пацыентаў я калі нешта і пішу, то вельмі акуратна і непазнавальна. Здаралася, людзі з Бабруйска, якія чытаюць мой блог, прыходзілі і прасіліся назірацца на маім участку. Я ім адказвала, што я звычайны добры доктар (такі, якім і мусіць быць медык), але не варта дзеля мяне кудысьці ездзіць. Тым, хто не адступаў, раіла завесці ў нас часовую картку, прынесці эпікрыз, але не пераводзіцца на пастаянную аснову. Ездзіць далёка на выклікі я дакладна не змагу.

— А Еву пазнаюць?

— Часам, я шмат пра яе пішу. Мне важна гаварыць пра Еву, паказваць, што вось гэта дзяўчынка з аўтызмам. Чаму? Часам, калі мы кудысьці выходзім, напрыклад, стаім у чарзе ў паліклініку, яна можа вакалізаваць, людзі звяртаюць на яе ўвагу. Палохаюцца, шкадуюць. А гэта не страшна і не шкада. Яна прыгожая любімая дзяўчынка, а я шчаслівая мама. І ўсё гэта не кашмар і жах, гэта проста такое жыццё. Мая дачка — інвалід не таму, што хварэе і пакутуе, а таму, што не можа ўпісацца ў соцыум. Расказваючы пра яе, я ёй дапамагаю.

Сыны часам жартуюць, што Ева знакамітая. Неяк мы зайшлі ў парк, убачыўшы нас, мастачка сказала: «Мая, я вас чытаю і ведаю». Зрабіла маім дзецям бясплатны аквагрым, яны былі задаволеныя.

— Калі вядзеш блог, ёсць унутраны стоп наконт таго, што пісаць, а што не?

— Я сумленны, непасрэдны і адкрыты чалавек. Калі я лічу неабходным сказаць, думаю, няслушна маўчаць больш, чым гэта здаецца неабходным. Мне складана вызначаць, пра што ў Беларусі можна гаварыць, а пра што не. Каб гэта адчуваць, напэўна, трэба нарадзіцца тут. А я ж казашка. Вядома, я ніколі не дазваляю сабе рэзкіх выказванняў, але нейкую крытыку магу напісаць. Напрыклад, дзецям не патрэбная даведка за кожны пропуск школы. Мая праца як медыка — лячыць, а не выдаваць даведкі. Хіба пра гэта нельга зрабіць пост, каб чыноўнікі звярнулі ўвагу на сітуацыю?

«Мне казалі, што на працу мяне не могуць узяць, бо я ў спісе»

— Ці абмяркоўвалі вы з дзецьмі тое, што засталіся без працы і што ў жыцці зноў давядзецца нешта мяняць?

— Так, яны бачылі, як я плакала пасля навіны пра звальненне. Яны мне спачувалі. Толкам усё разумее толькі старэйшы, дзесяцігадовы. Калі мы з ім пагаварылі, ён адказаў: «Мне зноў вучыць новую мову». Ён у нас ведае трохі казахскую, трохі беларускую. Спачатку як замежную вучыў англійскую, потым французскую. Я пажартавала: «Шмат моваў ведаць карысна для мозгу». Цяпер ён узяўся за польскую. Тое, што з намі цяпер адбываецца, мы з ім называем часам прыгодаў.

Фото: Facebook Майи Терекуловой
Мая з дзецьмі з'язджае з Беларусі. Фота: Facebook Маі Церакулавай

— Што далей у вашых прыгодах?

— Калі я напісала пра сваю сітуацю ў сацсетках, адгукнулася шмат людзей, гатовых дапамагчы. Пакуль займалася дакументамі, спрабавала знайсці працу, каб застацца ў Беларусі, але выходзіла так, што збірала дакументы з адмовамі ў працаўладкаванні. За два месяцы звярнулася арганізацый у 15, дзе патрабаваўся спецыяліст з маёй кваліфікацыяй. Сярод іх паліклінікі Бабруйска, Магілёва, Асіповічаў, санаторый — карэкцыйны цэнтр, падстанцыі хуткай дапамогі. У 12 з іх хадзіла і ездзіла па скіраванні ад цэнтра занятасці. У выпадках, калі спрабуеш працаўладкавацца ад іх, а цябе не бяруць, працадаўца мусіць даць пісьмовую адмову. У прычынах пісалі хто што можа. Напрыклад, што не прайшла сумоўе, што яны ўжо адправілі іншага кандыдата на медагляд.

Асабіста ж мне казалі, што на працу мяне не могуць узяць, бо я ў спісе. Наогул, калі прыходзіла ўладкоўвацца, адразу пыталіся: «Вы ў якім спісе — у шэрым або ў тым, што чарнейшы? Калі ў шэрым, мы вас возьмем, таму што нам патрэбныя дактары. Калі ў чорным, то прабачце». Адзін з галоўных дактароў падстанцыі хуткай дапамогі горда расказаў, як звольніў усіх медыкаў са спісу, і аднаго з яго супрацоўнікаў пасадзілі на чатыры гады. Мяркуючы па тым, што потым я ад усіх атрымлівала адмовы, я ў чорным спісе.

— Чаму вы так трымаліся за Беларусь?

— Ёсць жа «Дактары без межаў», яны прыязджаюць туды, дзе больш патрэбныя. Так і я была патрэбная ў Беларусі, таму спадзявалася знайсці працу. Гэта па-першае.

Па-другое, дзесьці на пятай адмове я зразумела: наўрад ці мяне некуды возьмуць, і ў мяне з’явілася унутраная злосць і жаданне атрымаць доказы рэпрэсій. Тое, што я з трыма дзецьмі, нягледзячы на свае кампетэнцыі, не магу знайсці працу толькі праз палітычныя матывы — гэта ж рэпрэсіі. Так не мусіць быць. У мяне ідэальная характарыстыка з пункту гледжання кампетэнцый, але ў некаторых адмовах мне пісалі: не прайшла сумоўе. Хоць на сустрэчы не было ніводнага пытання пра мае прафесійныя навыкі.

Усё гэта скончыцца, я ўпэўненая. Чалавецтва развіваецца, ідзе да дабра, і справядлівасць пераможа. Хай і ў доўгатэрміновай перспектыве. Спадзяюся, у Беларусі надыдзе час, калі ўдасца сказаць: «Вось гэта злачынства, так нельга было рабіць». Людзі мусяць адказваць за свае дзеянні. Хачу, каб яны (тыя, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях. — Заўв. рэд.) разумелі сваё становішча ва ўсім тым, што адбываецца. Некаторыя, дарэчы, калі не бралі мяне на працу, адразу выбачаліся: «Такія абставіны».

— У Казахстан не думалі вяртацца?

— Думала, мама мяне клікала, яна цяпер працуе ў прыватнай клініцы тэрапеўтам. Але там няма ўмоваў для Евы. Там у яе было б або надомнае навучанне, або інтэрнат. Калі выбірала краіну для пераезду, у мяне было дзве ўмовы: сістэма інклюзіі для дзіцяці і магчымасць пацвердзіць дыплом і працягнуць працаваць. У Польшчы гэта не так складана, як у Германіі ці, напрыклад, Ізраілі.

— Вы прыехалі ў Польшчу з трыма дзецьмі?

— Спачатку збіралася ехаць толькі са старэйшым сынам. Думала, не спраўлюся з усімі. Але Алёна Жаркевіч, якая арганізавала і кіруе ў Беластоку домам, дзе беларусы, што аказаліся ў складанай сітуацыі, могуць спыніцца, сказала: «Не выдумляй, прыязджайце. Мы дапаможам, з дакументамі разбяромся».

З’язджаць было цяжка. Трое дзяцей, чатыры валізкі, машынай я не кірую. У Польшчы мы трэці дзень. Разумею, што дом, дзе я цяпер знаходжуся, не мой, але, думаю, змагу ўладкавацца ў гэтай краіне, а цяпер даведаюся, як працаўладкавацца.

— Ёсць разуменне, што далей?

— Працаваць, пацвярджаць дыплом. Трэба дзяцей уладкаваць у школы, а самой запісацца на экспрэс-курсы польскай. Потым прайсці медыцынскую польскую. Хачу хутчэй вярнуцца да практыкі. Гэта пытанне маёй ідэнтыфікацыі. Я расла, ведаючы, што буду доктарам, я заўсёды была доктарам. Нават у Польшчу з сабой прывезла белы халат, стэтаскоп і частку медыцынскай літаратуры.

А пакуль буду разбірацца з дакументамі і вучыць мову, планую прымаць пацыентаў на платформе «Е-здароўе».

— Якой вы запомнілі Беларусь, з якой з’язджалі?

— Я апісала гэты выпадак у сябе ў Facebook. Чарга па дакументы ў польскае консульства выстраілася з 14.00 да 15.00. Побач хадзіў міліцыянт з камерай і здымаў усіх, хто тут знаходзіцца. Было холадна, людзі напружаныя. Напружанне ўзмацняў той факт, што ўсе рабілі выгляд, нібыта не заўважаюць чалавека ў пагонах. Людзі глядзелі ў спіны адно аднаму, у бакі, уверх, уніз, але не на яго. А яму было весела ці, наадварот, сумна, і ён вырашыў пагаварыць з дагледжанай жанчынай, якая вельмі вылучалася з чаргі, дзе ў асноўным стаялі маладыя мужчыны. Ён у яе спытаў: «Вы дакументы забіраць?» На слове «забіраць» у хлопца, які стаяў перада мной, спіна напружылася яшчэ мацней. Міліцыянт і жанчына пачалі размаўляць, і ўся чарга занурылася ў абсалютную немату, але ніхто не павярнуў галавы, каб паслухаць іх гутарку.

У двары з консульствам знаходзіцца банк. У нейкі момант да яго пад’ехаў бус, людзі ў чарзе ўздрыгнулі ад напружання. А хтосьці, хто быў наперадзе, нават уцёк. Потым мы ўбачылі, што гэта інкасацыя. Ад гэтай сітуацыі было адначасова і смешна, і страшна. Мы баяліся міліцыі, хоць проста стаялі ў чарзе і нічога дрэннага не рабілі.

У супрацьвагу гэтаму быў і іншы выпадак. Да консульства я прыехала да 10 раніцы, і чатыры гадзіны мне трэба было дзесьці пачакаць. Я зайшла ў найбліжэйшую кавярню. Кажу: прабачце, можна ў вас пасядзець? І барыста такі: «Прабавіць час — гэта да нас».

Кантраст гэтых сітуацый паказвае: не ўсё так кепска. Беларускае грамадства атамізаванае. Усе адно аднаго бачаць, чуюць і гатовыя прыйсці на дапамогу. Людзі ў краіне, якую паставілі ва ўмовы нейкага эксперыменту па расчалавечванні, трымаюцца і застаюцца людзьмі.

— Колькі мы размаўляем, вы пра ўсё гаворыце з такім аптымізмам…

— Гэта таму, што я казашка.

— У казахаў ёсць нейкі сакрэт?

— Так, мы вельмі любім жыццё, і ў нас ёсць звычка смяяцца, таму што смяяцца можна з усяго. Усё можна перажыць, смеючыся. Любую бяду прасцей прыняць, прасмяяўшыся.