«У мяне яшчэ не ўсё ў парадку, але я настроеная пазітыўна». Марыя Калеснікава даслала бацьку ліст з санчасткі калоніі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Палітзняволеная Марыя Калеснікава, якая пасля аперацыі ўжо больш за месяц знаходзіцца ў медыцынскім стацыянары гомельскай калоніі, яшчэ 27 снежня даслала ліст свайму бацьку Аляксандру Калеснікаву. Яго апублікавала прэс-служба штаба Віктара Бабарыкі.

Мария Колесникова с отцом Александром Колесниковым. Фото: пресс-служба Виктора Бабарико
Марыя Калеснікава з бацькам Аляксандрам Калеснікавым. Фота: прэс-служба Віктара Бабарыкі

«З'явілася магчымасць хадзіць-гуляць каля гадзіны ў дзень — я паволі нарошчваю тэмп і колькасць крокаў — сёння 5000, гэта сапраўдны рэкорд для мяне, бо з 29.11 да апошняга тыдня я амаль не рухалася, — піша Калеснікава. — У мяне яшчэ не ўсё ў парадку, але я настроеная пазітыўна і аптымістычна і збіраюся быць здаровай! Таму рыхтуйся: твае дранікі і шашлыкі ў мяне нумар 1 у будучым меню.

Усім нашым родным і блізкім перадавай найвелізарнейшыя прывітанні і віншаванні з усімі святамі — я ўсіх вельмі люблю і ўсім удзячная за любоў, падтрымку і клопат! Калі ласка, беражыце сябе, а ты, тата, асабліва! Бо нам трэба будзе так шмат усяго зрабіць, павандраваць і ўбачыць, і столькі адкрыццяў нас яшчэ чакае!

Вельмі цябе люблю і моцна-моцна сумую! Я заўсёды думаю пра вас з Таняй (Таццяна Хоміч — сястра Калеснікавай. — Заўв. рэд.), гэтыя думкі мяне саграваюць, і я нават часам забываю, дзе я знаходжуся! Таму я заўсёды побач!

Люблю і моцна абдымаю! Усё будзе добра! Твая дачка».

Нагадаем, пра шпіталізацыю Марыі Калеснікавай стала вядома 29 лістапада. Яе паклалі ў першае хірургічнае аддзяленне і перавялі ў рэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гомелі. Адвакат Калеснікавай высветліў, што яе даставілі ў бальніцу з хірургічнай паталогіяй (ёю аказалася прабадная язва) і прааперавалі 28 лістапада.

Аперацыя прайшла паспяхова, але Марыя заставалася ў цяжкім стане. 5 снежня яе перавялі з бальніцы ў медыцынскі стацыянар калоніі, і яна змагла ў палаце сустрэцца з бацькам.

У пачатку студзеня Калеснікава па-ранейшаму знаходзілася ў санчастцы калоніі. Іншыя зняволеныя паведамілі праваабаронцам, што «стан яе не вельмі добры, зусім худая».

Марыя Калеснікава, якая кіравала штабам Бабарыкі пасля арышту самога палітыка і ягонага сына, знаходзіцца за кратамі з восені 2020 года. У верасні 2021-га яе асудзілі на 11 гадоў калоніі. Яна адбывае пакаранне ў ПК-4 Гомеля.