Жыхары Дзяржынска, расказваючы пра масавыя затрыманні ў апошнія тры дні, згадалі, што па некаторых адрасах прыходзілі ўчастковыя, правяралі тэлефоны і ўсталёўвалі ў тэлеграме спецыяльны бот «Магніт». Тэлеграм-канал «Суды, задержания Гродно и область» паведамляе пра выпадкі, калі такі бот усталёўвалі і тым, хто адбывае пакаранне на «хіміі». Даведаліся ў BYPOL, што гэта за ён.

— Гэта бот, які запампоўвае на звязаны тэлефон увесь ваш тэлеграм, тэлефонную кнігу і СМС. А таксама аўтаматычна збірае першасныя звесткі карыстальніка з тэлеграма: імя, імя карыстальніка, ID і нумар тэлефона (калі не схаваныя самім карыстальнікам), — расказаў «Люстэрку» кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў. — Гэтыя звесткі сілавікам патрэбныя, каб, па-першае, сабраць базу ID, а па-другое, паглядзець, у якіх чатах і што пісаў чалавек. І ўжо гэтыя каментары інкрымінаваць людзям.
Азараў адзначыў, што пакуль не вядома, ці будзе бот збіраць звесткі кантактаў карыстальніка. Аднак папярэдзіў, што самастойна пераходзіць у бот і тэставаць яго не варта, у адваротным выпадку вашыя звесткі могуць трапіць у рукі сілавікоў.
Кіберпартызаны адзначаюць, што «бот проста робіць ідэнтыфікацыю хутчэйшай, а даведвацца id акаўнтаў маглі і раней, гэта не закрытая інфармацыя». Яны адзначаюць, што нумару тэлефона бот усё ж не выдае.
Але што рабіць, калі «Магніт» на тэлефон вам ужо ўсталявалі? Кіраўнік BYPOL кажа, што простае выдаленне тэлеграма з тэлефона ўжо не дапаможа, бо сілавікі пасля ўсталявання атрымаюць патрэбную ім інфармацыю.
Кіберпартызаны раяць у такім выпадку не выкарыстоўваць гэты акаўнт для падпісак на пратэсныя чаты або каналы, а таксама па магчымасці яго ўсё ж выдаліць.
— Калі, на вашую думку, мянты могуць выявіць ваш удзел у пратэснай дзейнасці, як мага хутчэй пакіньце краіну, — адзначаюць яны.
Нагадаем, як расказвалі эксперты «Люстэрку», з пачатку пратэстаў у МУС, КДБ і ААЦ створаная база дадзеных «Т-пошук», у якой фармуюцца ўсе лічбавыя ідэнтыфікатары або лічбавыя сляды карыстальнікаў у тэлеграме (гэта ID акаўнта, нікнэйм і нумар тэлефона). Яе ўладальнік — упраўленне К, якое займаецца кіберзлачыннасцю.
Па гэтых ідэнтыфікатарах сілавікі высвятляюць асобы карыстальнікаў тэлеграма. І калі нумар тэлефона чалавек можа схаваць, нікнэйм не паказаць або мяняць хоць пасля кожнай размовы, то ID змяніць нельга. Ён зменіцца толькі калі выдаліць наяўны акаўнт і стварыць новы. Суразмоўцы «Люстэрка» адзначылі, што выдаліць і перастварыць акаўнт можна нават на стары нумар. Гэтае дзеянне абнуліць сувязь нумару тэлефона, які прывязаны да пашпарта, і ідэнтыфікатара месэнджара.
Таксама эксперты раілі перыядычна праглядаць, што і дзе вы пісалі, рэпосцілі і гэтак далей. І пачысціць усю гісторыю, дзе маглі быць спасылкі на экстрэмісцкія матэрыялы (перад гэтым зверыўшыся са спісам).
Акрамя гэтага, нашыя суразмоўцы адзначалі, што варта падзяліць акаўнты для працы, суседскіх і школьных чатаў, і акаўнты для іншай актыўнасці. А таксама выкарыстоўваць «Партызанскі тэлеграм».
Чытайце таксама: