Амаль два месяцы беларусы перасякаюць польскую мяжу толькі ў адным пункце пропуску «Брэст». Гэта моцна ўскладніла не толькі выезд з краіны, але і магчымасці зарабляць жыхарам памежных тэрыторый, якія правозяць праз мяжу розныя тавары (у 90-я іх бы назвалі «чаўнакамі»). Як цяпер жывецца тым, хто зарабляе на мяжы? «Люстэрка» паразмаўляла з брастаўчанінам, які матляецца ў Польшчу вось ужо сем гадоў.

Імя суразмоўцы змененае. Яго звесткі ёсць у рэдакцыі.
«Даводзіцца стаяць доўга, часам да 25 гадзін»
Ездзіць у Польшчу брастаўчанін Андрэй пачаў у 2015 годзе. З таго часу ён зарабляе толькі на мяжы і больш нідзе. Просіць не называць сябе «чаўнаком», маўляў, гэтае слова састарэлае, а прапануе выкарыстоўваць «перавозчык».
Параўноўваючы пачатак сваёй кар’еры і цяперашнюю сітуацыю, Андрэй кажа, што ён і яго калегі зараблялі ў любыя часы. Але добры прыбытак, паводле яго словаў, здараецца, як правіла, падчас росту курсу даляра і еўра.
— Калі ў нас падае эканоміка — 2011, 2015 гады, — тады нейкі час на мяжы вельмі добра на гэтым можна зарабляць, — тлумачыць мужчына і дадае, што на заробкі таксама ўплываюць і палітычныя падзеі. — Так, як толькі вайна пачалася — быў буст (павышэнне. — Заўв. рэд.), цяпер трохі спад. Але ў цэлым нядрэнна.
Звычайна Андрэй выпраўляецца ў Польшчу раз на 3−4 дні. Пасля закрыцця мяжы ён працягвае ездзіць праз пункт пропуску «Брэст». Кажа, з моманту закрыцця «Баброўнікаў» чэргі там адчувальна выраслі:
— Гродзенскіх дадалося. Працэнтаў 15, ну, да 20. Мінская вобласць пайшла. Віцебска і Гомеля плюс-мінус столькі ж — адна машына з 20. А вось пятага і сёмага рэгіёнаў (Мінская вобласць і Мінск. — Заўв. рэд.), так, болей стала. Даводзіцца стаяць доўга, часам да 25 гадзін. Што раблю ў гэты час? Звычайна чытаю, гляджу серыялы, сачу за чатамі: дзесьці чаргу прадаюць, дзесьці заказы з’яўляюцца.
Але нават такое доўгае чаканне не адбіла ў брастаўчаніна жаданне вазіць тавары праз мяжу. Чаму не выбірае шлях праз Літву?
— Па-першае, у Польшчы цэны ўсё ж ніжэйшыя, чым у Літве. Па-другое, я сам з Брэста, мне няма сэнсу ездзіць у Польшчу праз літоўскую мяжу. Будзе значна больш выдаткаў, — разважае мужчына.

«Калі ў Польшчы падскочыў курс, за правоз айфонаў давалі 70−80 даляраў»
Часцей за ўсё Андрэй ездзіць не адзін: бярэ людзей «на падсадку». Па-першае, каб яны задэкларавалі на сябе тавары (згодна з мытнымі правіламі, бяспошлінна раз на год можна правезці адзін тэлевізар, пральную машыну, духавую шафу, ноўтбук і далей па спісе).
Па-другое, кожны з пасажыраў можа бяспошлінна правезці тавараў на 1000 еўра і вагой да 31 кілаграма. Складанасці з грузаперавозкамі, санкцыі праз вайну выклікалі рост цаны імпарту ў Беларусі. Многія не хочуць пераплачваць і робяць заказы ў Польшчы. А прывозяць іх на радзіму ўжо Андрэй і яго калегі.
— Вы ж зразумейце, што забяспечаныя людзі ўсё роўна засталіся, для іх 3000 даляраў аддаць за камп’ютар няма праблем. Яны разумеюць, што ў Беларусі яны збяруць яго за 4500 даляраў. А так сэканомяць на гэтым паўтары тысячы. Але чаму ім не аддаць мне 3000 даляраў і сабраць сабе добры камп’ютар? — тлумачыць мужчына. — Колькі ў такім выпадку заробіць перавозчык? Усё залежыць ад аб’ёму, вагі і цаны тавару. Калі, да прыкладу, гэта невялікі працэсар, то перавозчыку плацяць 20 даляраў, калі відэакарта ці сістэмны блок, то і да 200 даходзіць.
Цяпер у заказчыкаў Андрэя папулярныя тэлевізары, ноўтбукі, тэлефоны, прыстаўкі Playstation, а таксама бытавая тэхніка: пасудамыйкі, пральныя машыны, пыласосы і гэтак далей.
— За тэлевізар, да прыкладу, 65 цаляў у дыяганалі, гатовыя плаціць 140−150 даляраў. За правоз адных віар-ачкоў Sony — 70−80, — расказвае мужчына. — Айфоны таксама заказваюць. Калі ў Польшчы падскочыў курс да 4,8 злотага за даляр, то за правоз айфонаў давалі 70−80 даляраў, бо цана на іх у Польшчы была значна выгаднейшая. Але курс упаў, і за іх плацяць 30−40, ну, можа, да 50, як дамовішся. Яшчэ можна колы карыстаныя браць. Проста на месца запаскі кладзеш і вязеш. Гэта прыкладна ад 10 да 130 даляраў за штуку, усё залежыць ад дыяметра.
На іншую тэхніку расцэнкі ў перавозчыкаў выглядаюць так: пральная машына — 70−120 даляраў, пасудамыйкі — 80−100, ноўтбукі — 50−80, духавыя шафы — ад 60, пыласосы — 25−30, кавамашыны — 25−50 даляраў і гэтак далей.

«Курс у Расіі значна горшы, таму яны прывозяць грыўні сюды, а потым — у Польшчу»
Са словаў Андрэя, часта просяць прывезці з Польшчы і тавары, дастаўленыя з іншых краін ЕС. Нехта з тых, хто з’ехаў, просіць перадаць нейкія рэчы. У гэтым выпадку плацяць за кілаграм, звычайна 2−2,5 еўра.
Што да прадуктаў, то тут таксама разлік па кілаграмах, звычайна 3−3,5 еўра. Аднак на аднаго чалавека іх можна правозіць толькі 5 кілаграмаў, калі ездзіць не часцей чым раз на тыдзень.
— Ну і адназначна дарагі алкаголь з д’юці-фры заўсёды ідзе, — дадае суразмоўца. — Да прыкладу, у Беларусі віскі Bushmills каштуе 90 рублёў за 0,7 літра, а ў д’юці-фры — 12 еўра за літр (38 рублёў. — Заўв. рэд.). Розніца адчуваецца. Накідваеш на бутэлечцы 2−3 еўра — і вязеш. Але калі ездзіш часцей, чым раз на тыдзень, то можаш везці толькі літр, радзей — тры літры на чалавека.
Яшчэ адзін артыкул заробку — паліва. У Беларусі цана на яго фіксаваная, а ў Польшчы — рынкавая. На гэтай розніцы, паводле Андрэя, можна зарабляць. Праўда, трэба знайсці паляка, гатовага купляць паліва з рук.
— Да прыкладу, у чалавека Volkswagen Passat B3 з бакам на 100 літраў. Ён запраўляе ў Беларусі яго пад завязку і едзе ў Польшчу. Калі ёсць каму прадаць, то далей заробак будзе залежаць ад курсу злотага да даляра і кошту паліва, — тлумачыць Андрэй. — Рэч у тым, што ў Польшчы цэны паліва адрозніваюцца ад запраўкі да запраўкі, а таксама могуць мяняцца цягам дня. Цяпер са 100 літраў можна зарабіць 27−30 даляраў. Цана падымаецца, да прыкладу, на злоты — і ты ўжо можаш зарабіць 50 даляраў са 100 літраў. А такі рост цаны ў Польшчы — гэта можа быць пытанне 1−2 дзён. Там цэны ад рынку залежаць.

Андрэй тлумачыць, што дадаткова зарабіць можна і на розніцы курсаў. Калі «добра памяняць», то на 5000 даляраў можна «падняць» да 100 даляраў.
Асобна стаяць і заказы на перавозку наяўных. Нагадаем, праз мяжу можна правозіць без дэкларацыі да 10 тысяч даляраў у эквіваленце. Таму тыя, хто прадаў кватэру, напрыклад, або бізнес, часам звяртаюцца да паслуг перавозчыкаў. Тут такса складае 1−2% ад сумы. Гэта калі гаворка ідзе пра даляры ці еўра.
Асобна ідуць грыўні. Андрэй кажа, што ўжо з лістапада мінулага года ў групах перавозчыкаў пачалі часта з’яўляцца заказы на перавозку грыўняў. Цяпер такіх прапановаў менш.
— Гэта марадзёрскія грыўні. Іх вязуць, скажам так, з тэрыторыі Украіны, — расказвае падрабязнасці мужчына. — Абменны курс у Расіі значна горшы, таму яны робяць так: прывозяць іх сюды праз мяжу, потым у Польшчу. Адтуль іх забірае кур’ер або вязе ва Украіну. Ужо там мяняе на даляры — і вяртае назад. Хтосьці, вядома, мяняе і ў Польшчы. Але лепшы курс будзе ва Украіне. Гэта факт. Калі канал цалкам наладжаны, то звычайна робяць так.
Андрэй кажа, што дагэтуль сустракаюцца тыя, хто бярэцца за такія заказы. Сам ён грыўняў не правозіў.
— Аплата залежыць ад наміналу купюр: чым большы намінал, тым меншы аб’ём займаюць грыўні. І тым менш пытанняў, — тлумачыць суразмоўца. — Наколькі я ведаю, правоз камплекта да 10 тысяч даляраў у эквіваленце каштуе 30−50 даляраў. І назад дзесьці атрымліваецца за 10 тысяч таксама.

«Туды-сюды 100 даляраў накапае, мінус выдаткі — 70−80 можа атрымацца»
Брастаўчанін адзначае, што ў яго ўжо ёсць база кліентаў і набор заказаў на кожную паездку. Але нават у гэтым выпадку сума заробку нестабільная. Можа выйсці і 500 даляраў за адну паездку.
— Гэта як казіно або латарэя. Ты можаш ехаць, і нібыта нічога не абяцае табе добрага вечара. А тут адзін патэлефанаваў, другі адпісаў, трэці кажа: у мяне ёсць тэрміновы заказ, бяры, плачу столькі і столькі. А бывае наадварот, — тлумачыць Андрэй і дадае, што ў гэтую дзейнасць прыходзіць шмат людзей, але так доўга трымаюцца далёка не ўсе. — Вось некаторыя сёння пачулі, што на Польшчы можна зарабіць. І вырашылі: сядзем, паедзем, будзем зарабляць. Накупілі памперсаў і парашкоў — выклалі [абвесткі] на «Куфар». Паездзілі паўгода, зарабілі 2000 даляраў за гэты час і зразумелі: лепш пойдзем мы назад на працу. Разумееце, гэта не проста зайсці ў краму на запраўцы і купіць тэлевізар. Так ты нічога не зможаш. Трэба ведаць месцы, дзе што браць, дзе які тавар раздаюць, калі раздаюць, глядзець за акцыямі. А таксама думаць, ці ёсць людзі, на якіх можна задэклараваць. Трэба, каб кліенцкая база свая была, каму потым збыць.
Колькі зможа зарабіць на перасячэнні мяжы звычайны беларус з шэнгенскай візай? Андрэй мяркуе, што можа набегчы да 100 даляраў, калі той паедзе на машыне:
— Дапусцім, 40 даляраў на паліве, яшчэ 15 — на прадуктах, за запаску 20 даляраў, вось ужо 75 набегла. Плюс тавар. Калі кагосьці браць на падсадку і везці тэлевізар, то, да прыкладу, са 140 даляраў аддаеш 100 чалавеку, які з табой едзе, а 40 забіраеш сабе. Увогуле, туды-сюды 100 даляраў накапае, мінус выдаткі — 70−80 можа атрымацца чыстымі.
Як цяпер польскія памежнікі і мытнікі ставяцца да перавозчыкаў? Андрэй кажа, што «плюс-мінус гэтак жа»:
— Але стала складаней з беларусамі. Бо там ёсць такая прылада (мы называем яе па-простаму «Гена»), гэта сканавальная машына. Яна ў нас адна. Раней стаяла на розных пунктах пропуску. Магла з’ехаць на «Пясчатку», «Дамачава», яшчэ кудысьці. З групаў ты ведаеш, што вось, напрыклад, «Гена» паехаў з «Ьрэста» (сумежны пункт пропуску — «Тэрэспаль». — Заўв. рэд.). Ты, значыць, паехаў спакойна на Тэрэспаль. «Гена» прыехаў на «Дамачава» — тады ты з «Дамачава» вывернуў на «Пясчатку». Цяпер «Гена» стаіць заўсёды на адным пункце пропуску, таму могуць адпраўляць на сканер. Тым, хто тавар хаваў у машыне, значна складаней стала працаваць.
Наконт паслабленняў на мяжы ў Андрэя і ягоных калегаў настроі песімістычныя. Нават на фоне таго, што вызвалілі Анжаліку Борыс і польскае МЗС пазітыўна ўспрыняло гэтую навіну.
— Пакуль беспрасветна ўсё. Вы ж самі пісалі, што трэба канкрэтна, каб адкрылі «Бабры» («Баброўнікі». — Заўв. рэд.), — выпусціць Пачобута, — тлумачыць брастаўчанін. — Наш персанаж, будзем называць яго так (гаворка пра Аляксандра Лукашэнку. — Заўв. рэд.) у адкрытую сказаў: гэтага не будзе. Хоць таксама яму верыць… Ён сёння адно скажа, заўтра — іншае… А ў цэлым настрой у людзей розны: хтосьці жыве сваім жыццём, хтосьці на пазітыве, хтосьці пастаянна лаецца і крычыць, што ўсё кепска, усе мы памром. Як і ў любой іншай сферы.
Што да поўнага закрыцця мяжы, то Андрэй спадзяецца, што да гэтага не дойдзе. Ён думае, што нейкі масток паміж Беларуссю і ЕС мусіць застацца.
— А далей — будзем вырашаць праблемы па меры іх паступлення, — заключае брастаўчанін.