Раніцай 30 траўня з польскага боку пункта пропуску «Тэрэспаль — Брэст» у Беларусь паспрабаваў прарвацца BMW X5 на шведскіх нумарах. Аўтамабіль пратараніў шлагбаўм і выехаў на мост, аднак там прабіў колы (відаць, на выстаўленай памежнікамі перашкодзе) і спыніўся. Пасля гэтага з аўтамабіля выйшла жанчына з трыма дзецьмі і перабегла на беларускі бок. Кіроўцу іншамаркі затрымалі польскія памежнікі. Пра лёс жанчыны з дзецьмі расказалі ў вечаровым эфіры тэлеканала «Беларусь 4».
У сюжэце паказалі кадры са спробай «прарыву» мяжы. На запісе відаць, як аўтамабіль заязджае на мост праз раку Буг, па якім праходзіць беларуска-польская мяжа, але потым спыняецца перад аўтобусамі. З іншамаркі выходзіць жанчына з трыма дзецьмі. Яны разам перабягаюць на беларускі бок. Кіроўца BMW за імі не пайшоў — яго затрымалі польскія памежнікі.
Высветлілася, што жанчына, якая ўцякла ў Беларусь, — грамадзянка Расіі і ўраджэнка Чачні Зуліхан. Яна расказала, што ў 2014 годзе разам са старэйшымі дзецьмі пераехала з Чачні да мужа, які ў той час працаваў у Еўропе. Сям’я ўладкавалася ў Швецыі. Дзеці наведвалі школу і дзіцячы садок.
«Бацькі працавалі, але, паводле словаў Зуліхан, у адзін фатальны дзень праз страшную памылку іх з мужам затрымалі, а дзецяцей забралі з сям'і і перадалі апекуну. Надзея на спакойнае жыццё абарвалася», — патлумачыў закадравы голас у сюжэце «Беларусь 4».
Зуліхан не сказала, за што іх з мужам «у адзін фатальны дзень праз страшную памылку» затрымалі, але адзначыла, што на нядаўніх парламенцкіх выбарах у Швецыі перамагла «нацыяналістычная партыя з такімі поглядамі». Яна таксама дадала, што апякун, якому перадалі дзяцей, забараняў ім маліцца.
«Дзяцей пасля працяглых судоў бацькі вярнулі, але страх страціць самых любімых застаўся», — сказаў закадравы голас.
Сама ж Зуліхан расказала, што «Швецыя закрыла справы» па забраных дзецях і сям’я магла б вярнуцца ў Швецыю, але «пасля ўсяго, што было», яны туды вяртацца не захацелі. У выніку апошні год сям’я жыла ў Польшчы і «вельмі хацела вярнуцца дадому ў Чачню», але з краіны ім выехаць не ўдавалася. Хто і што трымала сям’ю ў Польшчы, Зуліхан не патлумачыла.
— Мы ў Польшчы знаходзімся са жніўня. Проста пакуль мы ўсе гэтыя прававыя інстанцыі не прайшлі і пакуль усе дакументы ў нас не былі на руках, мы не спрабавалі ні праязджаць (у Расію. — Заўв. рэд.), нічога. Мы звярталіся да праваабаронцаў. Проста нас не выпускалі [з Польшчы] без тлумачэння якой-небудзь прычыны, — падзялілася Зуліхан.
Жанчына дадала, што ў Еўропе ёй было неспакойна, а ў бяспецы яна сябе адчула, «толькі калі трапіла на беларускі бок».
Цяпер сям'і дапамагаюць аднавіць дакументы, каб вярнуцца на радзіму.
Пра лёс мужа Зуліхан, які застаўся ў Польшчы, у сюжэце нічога не расказалі. Паводле звестак польскага выдання RMF FM, мужчыну арыштавалі. Яму пагражае крымінальная адказнасць за спробу прарыву мяжы і псаванне маёмасці. Польскія СМІ пра інцыдэнт пісалі так:
«А 7-й раніцы да памежнікаў пад’ехаў БМВ са шведскімі нумарамі. Унутры знаходзіліся двое дарослых: мужчына і жанчына. Абое — грамадзяне Расіі. Яны суправаджалі дзіця з расійскім пашпартам і дваіх дзяцей са шведскімі пашпартамі.
Калі афіцэр забраў пашпарты для праверкі, BMW памчаў у кірунку Беларусі. Аўтамабіль пратараніў бар’еры і праехаў праз разгорнутыя шыпавыя палосы. Машына спынілася пасярод памежнага моста. Жанчыне з трыма дзецьмі ўдалося перасекчы мяжу і трапіць у Беларусь».
Як пісала RMF, дваім дзецям, якіх везла расійская пара і якія разам з Зуліхан трапілі ў Беларусь, «забаронена пакідаць Швецыю».