«Я мерзла, пачаліся моцныя матачныя крывацёкі». Былыя палітзняволеныя — пра тое, як пагоршылася іх жаночае здароўе ў няволі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Паводле звестак на ліпень 2023 года, у Беларусі палітвязнямі прызналі больш за 190 жанчын. Праз кепскія ўмовы ўтрымання і адсутнасць якаснай медыцынскай дапамогі многія асуджаныя сутыкаюцца з рознымі захворваннямі. Мы ўжо пісалі, як гэта бывае. Але гэтым разам «Люстэрка» паразмаўляла з былымі палітзняволенымі Вольгай Класкоўскай і Ганнай Вішняк, каб даведацца пра тое, як зняволенне ўплывае менавіта на жаночае здрароўе і як наблізіцца да звыклага догляду нават за кратамі.

Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем’ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі — і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.

 

Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі — вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол.

Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям.

Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў — яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.

«Перад аперацыяй не магла сама ўстаць з нараў»

Фото: из архива героини материала
Вольга Класкоўская трымае БЧБ-сцяг. Фота: з архіву гераіні матэрыяла

41-гадовая Вольга Класкоўская — былая журналістка «Народнай Волі». Яе асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

— За краты я спачатку трапіла па «народным» 342-м артыкуле (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). А потым, калі я ўжо была ў СІЗА, на мяне завялі яшчэ адну справу — за «абразу прадстаўніка ўлады». Мне дадалі да тэрміну паўгода. Калонія вельмі падарвала маё здароўе, і для мяне гэта вельмі балючая тэма, — кажа Вольга. — На мяне вельмі моцна ціснулі: агулам у ШІЗА і ПКТ я прабыла пяць месяцаў.

Праблемы са здароўем у Вольгі пачаліся ў жодзінскім СІЗА, дзе яна прабыла 2,5 месяца пасля арышту. Амаль палова гэтага тэрміну прайшла ў адзіночнай камеры.

— У камеры было халодна і мокра: часам вады было да шчыкалаткі. Я мерзла, пачаліся моцныя матачныя крывацёкі. Перад самым Новым годам, у снежні 2020-га, мяне перавялі з Жодзіна ў СІЗА на Валадарцы. Ужо адтуль адправілі на аперацыю па выдаленні эндаметрыю. Перад тым як на яе паехаць, я ўжо не магла сама ўставаць з нараў — мяне давялі да краю. У шпіталь адвезлі толькі пасля святаў, бо не знайшлі канвою на гэтыя дні. Я страціла вельмі шмат крыві, у мяне пачалася анемія. Тады прыйшло ўсведамленне, што дадому я магу вярнуцца ўжо ў труне.

Вользе дыягнаставалі гіперплазію эндаметрыю: пры гэтым захворванні ўнутраны слой маткі моцна разрастаецца, што прыводзіць да матачных крывацёкаў. Яны, у сваю чаргу, становяцца прычынай анеміі. У некаторых выпадках захворванне можа быць пачаткам развіцця раку. Звычайна гіперплазія эндаметрыю здараецца ў жанчын у менапаўзе, але моцны стрэс можа справакаваць такі гарманальны стан, які не будзе сапраўдным клімаксам, але будзе мець яго сімптомы.

— З моцнымі крывацёкамі, якія працягваліся і пасля аперацыі, мяне этапавалі ў калонію. Нават канвой быў абураны гэтай сітуацыяй, бо, вядома, так нельга было рабіць. Яны казалі: «У нас нават парацэтамолу няма, што мы будзем рабіць, калі ты ласты склеіш?» Гэта страшна, ты нічога не можаш зрабіць. У гомельскай калоніі я адразу трапіла ў санчастку. Мне давалі кроваспыняльныя прэпараты. А потым ужо прапісалі гарманальныя. Гэтыя лекі набыць у калоніі было нельга — іх мне перадавала сям’я.

Праз холад у памяшканнях калоніі, адзначае Вольга, жанчыны ўвесь час хварэлі на бранхіт, гаймарыт і запаленні рэпрадуктыўнай сістэмы. Як кажа былая палітзняволеная, харчаванне таксама было вельмі кепскім. Жанчына ўпэўненая, што нізкая якасць ежы таксама прыводзіць да шматлікіх праблем са здароўем.

Продовольственная передача, собранная для политзаключенных. Фото: TUT.BY
Харчовая перадача, сабраная для палітвязняў. Фота: TUT.BY

— Увесь час я была галодная. Ежай, якую даюць, цяжка наесціся, — расказвае Вольга. — Харчаванне несбалансаванае, вельмі не хапае бялку, розных мікраэлементаў. Да таго ж палітвязняў, у тым ліку мяне, пазбаўлялі харчовых пасылак. А гэта адзіная магчымасць падсілкавацца.

З калоніі Вольга выйшла ў снежні 2022 года. На волі яна адразу ж звярнулася па медыцынскую дапамогу.

— Я здала аналіз на ВІЧ і гепатыт, бо была ў атрадзе з ВІЧ-інфікаванымі. На працы мы карысталіся аднымі іголкамі: вядома, ніякай дэзінфекцыі не было. Таксама я пайшла да доктара, бо ў мяне пачаўся варыкоз праз тое, што ў ШІЗА ты амаль не рухаешся (такі лад жыцця насамрэч з’яўляецца аднім з фактараў развіцця захворвання. — Заўв. рэд.). Пад канец тэрміну мне ўжо было цяжка стаяць на нагах. Доктар паведаміў, што адзін вянозны клапан у мяне больш не функцыянуе. Гэта небяспечна, бо развіццё трамбозу можа пачацца менавіта з такіх клапанаў.

Цяпер Вольга ў Швейцарыі, дзе атрымала палітычны прытулак.

— Тут вельмі добрая медыцына, але нават цяпер у мяне часам адкрываецца крывацёк. На аднаўленне пасля кратаў трэба шмат часу. Бо тое, што я бачыла там — гэта свядомае знішчэнне людзей. Я літаральна пабывала на мяжы жыцця і смерці. За кратамі адчуваеш сябе абсалютна бездапаможнай. Таксама я праходжу псіхатэрапію, бо, калі выйшла на свабоду, мне было вельмі цяжка ўсвядоміць тое, што здарылася.

«Доктар сказаў, што я магла страціць нырку…»

Фото: из архива героини материала
Ганна Вішняк да адбывання сроку. Фота: з архіву гераіні матэрыяла

30-гадовая Ганна Вішняк праходзіла па справе «Кіроўцаў 97%»: яе, як і Вольгу Класкоўскую, асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму па «народным» 342-м артыкуле.

— Яшчэ да 2020-га я займалася аўтапрабегамі для збору сродкаў на дзіцячыя дамы. Акцыі былі зарэгістраваныя, таму я не хавалася: у мяне на аватарцы стаяла фота з пашпарта. А летам, перад выбарамі, мы пачалі рабіць ужо палітычныя аўтапрабегі, з БЧБ-сімволікай. Так з’явіўся канал «Кіроўцы 97%», дзе я стала адміністратарам, — расказвае жанчына. — Пазней, як мне стала вядома, адна з дзяўчат, што была ў чаце з адмінамі, пайшла на супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам. А ў кастрычніку 2020-га ў маю кватэру ўварваліся з ператрусам — мяне затрымалі па крымінальным артыкуле.

Да суда Ганна прабыла ў СІЗА больш чым паўгода, потым яе этапавалі ў жаночую калонію ў Гомелі, дзе нашая суразмоўца сур’ёзна захварэла.

— Думаю, гэта праз тое, што там у снежні 2021-га я трапіла ў ШІЗА. Амаль месяц прабыла ў жудасных умовах: у цёмным бетонным памяшканні, на прагулкі мяне не вадзілі. Некалькі дзён мяне фактычна марылі голадам, — успамінае Ганна. — Гэта робіцца так: супрацоўнікі калоніі адчыняюць дзверы, даюць талерку і тут жа яе адбіраюць, ты не паспяваеш узяць ежу. Пазней я прылаўчылася і адразу старалася схапіць з талеркі хаця б кавалак хлеба. Яшчэ ў камеры было вельмі халодна. Калі я захварэла, да мяне прыйшлі кантралёры — яны заўважылі, што ў мяне мокрая майка. На мяне склалі рапарт, нібыта я памыла адзенне ў неналежны дзень. Але насамрэч у мяне была высокая тэмпература, і майка была мокрая ад поту. Тлумачыць нешта не было сэнсу, мне не верылі.

Праз некалькі гадзін да Ганны ў камеру прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі калоніі. Жанчына пачала патрабаваць доктара.

— Адзін з намеснікаў начальніка калоніі з’едліва заўсміхаўся: «Усё ж мы цябе зламалі». Я на ўсё жыццё запомню гэтую лісіную ўсмешку. Ён пайшоў, і неўзабаве замест доктара прыйшоў начальнік аператыўнай часткі: ён сказаў, што я павінная падпісаць паперы. Гляджу — а там пусты аркуш. Мяне прымусілі напісаць на ім, што я прызнаю віну, прычым нейкую абстрактную, бо мяне папрасілі напісаць усяго адзін радок. Мне давялося гэта зрабіць: на той момант здароўе было важнейшае. Толькі тады прыйшла доктарка, памерала тэмпературу. Мне намякнулі, што ўсё кепска, і далі чатыры таблеткі парацэтамолу і ўдвая больш ібупрафену. Доктарка сказала выпіць гэта ўсё за раз! Скончылася тым, што мяне практычна на руках аднеслі ў санчастку, а ў калоніі, каб трапіць у санчастку, трэба ледзь не паміраць.

У санчастцы Ганне ўсё яшчэ не тлумачылі, на што яна захварэла. Пасля вызвалення дзяўчына схадзіла на УГД і даведалася, што ў яе апусканне ныркі — нефраптоз. На яго хварэюць у асноўным маладыя і худыя жанчыны: гэта звязана з анатамічнымі асаблівасцямі арганізма. Калі страціць вагу рэзка, гэта таксама можа справакаваць апусканне ныркі. Магчыма, менавіта так і было ў Вішняк пасля «галадоўкі» ў ШІЗА.

— Доктар сказаў, што ў такіх умовах, як у калоніі, я наогул магла страціць нырку. У мяне пастаянна ламала паясніцу, але я спала на нарах, таму лічыла, што спіна баліць ад нязручнага становішча ў сне, — расказвае суразмоўца. — Але насамрэч, думаю, у мяне ўжо тады пачаліся праблемы.

Боль у паясніцы — адзін з частых сімптомаў, якія адчуваюць людзі з нефраптозам. Таксама наяўнасць такога захворвання павышае рызыку інфекцыйна-запаленчых захворванняў мачавыводных шляхоў — відаць, адно з іх і развілося ў Вішняк на фоне зніжанага імунітэту. Дыягназ ёй так і не агучылі, але, паводле яе словаў, лячылі антыбіётыкамі — гэта дапамагло.

Акрамя таго, экс-палітзняволеная кажа, што праз стрэс і кепскія ўмовы ў яе часам папросту знікалі месячныя. А часам, наадварот, чамусьці быў моцны крывацёк і востры боль у жываце: адзінае, чым мог дапамагчы мясцовы доктар — даць абязбольвальнае. Але Ганна лічылася «экстрэмісткай», і гэтага, як яна кажа, не заўсёды ўдавалася дабіцца. Пры гэтым былі праблемы з доступам да сродкаў асабістай гігіены, а дзяліцца з суседкамі па камеры чым-небудзь з перадач строга забаронена — за гэта можна атрымаць дысцыплінарнае спагнанне.

— Усе нашыя рэчы і пасылкі захоўваліся ў асобным пакоі. Мая скрынка стаяла на самым версе, у далёкім куце. Лесвіцу падставіць туды было складана. І мне не заўсёды ўдавалася дабрацца да сваёй скрынкі, каб узяць рэчы. Добра, што была крама ў калоніі, дзе можна было купіць пракладкі, — кажа суразмоўца. — Калі я ўжо вызвалялася, самі ж работнікі мне патлумачылі, што мае рэчы туды паставілі невыпадкова. Гэта быў адзін з метадаў ціску.

Выява носіць ілюстратыўны характар. Фота: TUT.BY
Выява носіць ілюстратыўны характар. Фота: TUT.BY

Кепскае харчаванне ў калоніі ўплывае і на выгляд жанчын. Але Ганна кажа, што палітзняволеныя праяўляюць вынаходлівасць, каб сачыць за сабой.

— Паліна Шарэнда-Панасюк, з якой мы нейкі час разам былі ў гомельскай калоніі, казала, што трэба есці чорны хлеб: маўляў, ён добра ўплывае на валасы. А яшчэ жанчыны ўціралі ў скуру апесінавую корку — яна замяняе крэм. У мясцовай краме, вядома, можна яго купіць, але ў мяне было ўсяго 64 рублі на месяц на ўсе пакупкі, уключаючы прадукты: я ж «злосная парушальніца». (У якасці меры пакарання за парушэнне рэжыму ў калоніі зняволеным скарачаюць суму, на якую можна атаварыцца ў краме, да дзвюх базавых велічыняў. — Заўв. рэд.).

Са сродкаў па доглядзе валасоў, па словах Вішняк, дазволеныя толькі шампунь і бальзам.

— Спіс касметыкі, якую можна атрымаць у пасылцы, таксама вельмі абмежаваны. Але выхад знайшоўся: мне перадавалі шампунь, куды дадавалі ампулы вітамінаў В6 і В12, — расказвае Ганна. — У ШІЗА расчоскі для валасоў давалі толькі раз на тыдзень на пяць хвілін, і гэта велізарная праблема. Тая ж Паліна Шарэнда-Панасюк прыдумала спосаб расчэсвацца зубной шчоткай, па маленькіх пасмах. Але ў яе кароткія валасы, а ў мяне —А вельмі доўгія, шчотка б тут не дапамагла. Таму я заплятала касу і хадзіла так цэлы тыдзень.

У лістападзе 2022 года Ганна выйшла на волю, але неўзабаве пачала атрымліваць «трывожныя званочкі» пра тое, што сілавікі зноў ёю цікавяцца. Былая палітзняволеная вырашыла з’ехаць з краіны і ўжо некалькі месяцаў жыве ў Польшчы.

— Пасля вызвалення я пачала здаваць усе аналізы на розныя хваробы, уключаючы сухоты. На шчасце, я была здаровая. Яшчэ ў Мінску пачала хадзіць да стаматолага, за мяжой працягваю. Калі мяне арыштавалі, у мяне быў адзін хворы зуб: трэба было палячыць карыес і пачысціць канал. Цяпер мне трэба ставіць ужо шэсць імплантаў, — кажа Ганна. — Аплаціць лячэнне каналаў і пастаноўку аднаго імпланта мне дапамаглі праз BY_HELP. Але на астатнія трэба самой сабраць грошы, а гэта нятанна. Поўная сума толькі лячэння — 26 тысяч злотых (амаль 20 тысяч рублёў. — Заўв. рэд.), а да імплантацыі мне патрэбнае яшчэ нарошчванне косткі. Цяпер я ў матэрыяльна нестабільным становішчы, таму давядзецца лячэнне адкласці. Пакуль збіраю на нармальны тэлефон і асабісты ноўт для працы.

Чытайце таксама