Опубликовано 26 лiпеня 2023 у 19.38
Адрес в интернете: https://zerkal0-view.online/news/life/44681.html    

Літва можа адмяніць пасажырскія аўтобусы ў Беларусь праз пагрозы нацбяспецы

Міністэрства транспарту Літвы звярнулася ў Дэпартамент дзяржбяспекі з просьбай ацаніць рызыку, якую нясуць пасажырскія аўтобусныя зносіны з Беларуссю. У выпадку пагроз нацбяспецы ведамства гатовае скараціць маршруты ў нашую краіну або наогул адмовіцца ад іх, паведамляе tv3.lt.

Дарожны знак у Вільнюсе: «Да Мінска (акупаванага Крамлём) — 187 км». Фота: delfi.lt

У Дэпартаменце дзяржбяспекі Літвы неаднаразова заяўлялі пра актывізацыю дзейнасці беларускіх спецслужбаў на мяжы. Там сцвярджаюць, што грамадзян Літвы, якія накіроўваюцца ў Беларусь, дапытваюць у памежных пунктах і вярбуюць з дапамогай шантажу і псіхалагічнага ціску. У сваю чаргу літоўская разведка неаднаразова заклікала суграмадзян пазбягаць паездак у Беларусь, а таксама ў Расію.

Цяпер паміж Беларуссю і Літвой наладжана 66 аўтобусных маршрутаў, іх абслугоўваюць 11 літоўскіх перавозчыкаў і 22 беларускіх. Тым не менш Мінтранс і Упраўленне бяспекі на транспарце Літвы гатовыя скараціць пасажырскія перавозкі ў нашую краіну або нават адмовіцца ад іх, калі Дэпартамент дзяржбяспекі ацэніць іх як рызыкоўныя.

Пры гэтым у Літоўскай асацыяцыі пасажырскіх перавозак заявілі, што такой рызыкі не бачаць, а маршруты паміж абедзвюма краінамі карыстаюцца вялікім попытам.

— Я не ведаю, колькі [у Беларусь] ездзіць грамадзян Літвы, але, наколькі мы размаўлялі з перавозчыкамі, вельмі шмат беларусаў, якія вандруюць аўтобусамі, у якіх няма іншых варыянтаў вярнуцца з Еўропы. <…> Самалётаў больш няма, таму яны спрабуюць вярнуцца аўтамабільным транспартам. У Вільнюс ляцяць на самалёце, а з Вільнюса ў Беларусь едуць на аўтобусе. Там беларусы, — заявіў кіраўнік Асацыяцыі Гінтарас Накуціс.

Ён падкрэсліў, што аўтобусы, якія курсуюць паміж Беларуссю і Літвой, звычайна запоўненыя.

Нагадаем, некаторыя літоўскія перавозчыкі ўсё ж вырашылі адмовіцца ад беларускага кірунку. Так, кіраўнік кампаніі Kautra Лінас Скарджукас сцвярджаў, што раней з Вільнюса ў Мінск рабілі два рэйсы на дзень, але цяпер наогул не ездзяць.

— Мы адмовіліся ад гэтых рэйсаў падчас пандэміі, калі закрылі межы, пасля гэтага маршрут не аднавілі. Адновім, можа быць, калі спыніцца вайна, — паведаміў ён.

Паводле яго словаў, кампанія Kautra вырашыла, што рэйсы ў Беларусь занадта рызыкоўныя.

— Беларусь і яе ўлады ненадзейныя. Ніколі не ведаеш, што можа там здарыцца. Калі яны прымушаюць сесці самалёт, то на наступны дзень нешта можа адбыцца і з аўтобусам,-перакананы Скарджукас.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO