Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. «Вызовет напряженность». Генпрокуратура раскритиковала чиновников за проблемы, которые получили «негативную реакцию в СМИ»
  2. Беларусы перестали слушать российских исполнителей. Почти весь топ-10 занял K-pop
  3. Чиновников предупреждали, что грядут проблемы с популярным товаром. Они отрицали, пропаганда — злорадствовала. Похоже, опасения сбылись
  4. Есть регион, который тянет вниз экономику страны. Из закрытого документа стали известны подробности проблем в этой области
  5. «Это не из-за отсутствия доброй воли». Поговорили с представителем МИД Польши по делам Беларуси о визах, «Орешнике» и Почобуте
  6. Многие люди, обнаружив на продукте плесень, просто ее срезают. Но это может обернуться серьезными проблемами со здоровьем — вот почему
  7. «Ситуация критическая». Российские войска уже всего в шести километрах от Покровска — вот что они задумали
  8. Чиновники собираются отменить некоторые налоговые льготы для населения. В Минфине рассказали подробности
  9. Главный футбольной тренер сборной Беларуси согласился поговорить с «Зеркалом», но лишь строго о спорте. Вот что из этого получилось
  10. «Мы никого не меняем». В КГБ солгали об осужденных за границей беларусах и в очередной раз «бросили своих»
  11. «Имелись случаи игнорирования посещений митингов». Бухгалтеру написали нелестную характеристику — она пошла в суд
  12. «Главное — успеть воспользоваться ситуацией». Эксперты прогнозируют перемены на рынке недвижимости — говорят, такое уже было 11 лет назад
  13. Демаркационная линия и 40 тысяч иностранных военных: стали известны подробности плана по гарантиям для Украины после прекращения огня
  14. Politico назвало самого влиятельного политика Европы в 2025 году (и это не Макрон или Путин)
  15. В мире тысячи медиков умерли из-за своей работы. В Беларуси их не стали считать — «Зеркало» получило закрытую статистику
  16. В Пинском районе женщина покончила с собой после преследований по «экстремистским» статьям


Беларус Арцём два гады таму пераехаў у Аўстрыю. Сваім досведам і ўражаннямі ад краіны ён падзяліўся з CityDog.

Аўстрыя. 2023 год. Фота: citydog.io
Аўстрыя. 2023 год. Фота: citydog.io

Чаму менавіта Аўстрыя?

Яшчэ ў 2000 годзе па розных прычынах (у тым ліку і палітычных) Арцём з’ехаў у ЗША. «Потым паўжыцця пражыў у Ірландыі, а вясной 2021 года па працы пераехаў у Аўстрыю, у выдатны горад Лінц».

— Гэта быў самы разгар кавіда і лакдаўнаў. У Дубліне не працавала нічога, акрамя аптэк і прадуктовых. А ў Аўстрыі я ўбачыў адкрытыя крамы — хай і з чэргамі на ўваход з-за абмежаванай колькасці чалавек, якія маглі знаходзіцца ўнутры. Так магчымасць купіць новыя майткі ў краме з жывымі прадаўцамі здалася неапісальным сацыяльным шчасцем.

Праўда, па іроніі лёсу праз два гады разам з вялікай колькасцю калег я трапіў пад хвалю скарачэнняў. Але краіна мне так спадабалася, што я застаўся.

Аўстрыя. 2023 год. Фота: citydog.io

Жыллё: аднапакаёўкі — ад 380 да 1300 еўра на месяц

Лінц — сталіца зямлі Верхняя Аўстрыя і трэці па памеры горад у краіне. Цяпер у ім пражывае каля 246 тысяч жыхароў.

Жыллё ў Лінцы можна знайсці практычна любое: ад невялікіх пакояў да вялізных асабнякоў. Ёсць шматкватэрныя дамы, ёсць і таунхаусы. Шматпавярховікі ў асноўным не вышэй за 10−12 паверхаў, але ёсць і высотныя дамы, якія на фоне нізкіх будынкаў, гор і Дуная выглядаюць як хмарачосы.

— Разбежка ў цэнах на жыллё вялікая. Я плачу 878 еўра за чатырохпакаёвую кватэру побач з цэнтрам на 11-м паверсе з класным відам на горы, Дунай і горад. У мяне не лепшы рамонт, затое і кошт невысокі, і побач ёсць літаральна ўсё.

Аднапакаёўку ў Лінцы можна зняць як за 380 еўра, так і за 1300; кватэру з двума ці трыма пакоямі — ад 600 еўра. Дадаткова трэба пакідаць дэпазіт у памеры двух-трох месячных коштаў. А калі шукаць кватэру праз агенцтва, то трэба заплаціць яшчэ і рыэлтару — і таксама ў памеры двух-трох месячных коштаў. Але людзі такімі абставінамі незадаволены, скардзяцца, таму зараз гэту сістэму хочуць змяніць.

Большасць кватэр здаецца ў нядрэнным стане, таму што папярэднія кватаранты перад высяленнем павінны зрабіць як мінімум касметычны рамонт. У адваротным выпадку ўладальнікі проста не аддадуць ім дэпазіт.

А вось мэблі амаль нідзе няма — акрамя кухні, ваннага пакоя ды туалета. Але я сам бачыў, калі арандатары забіралі з сабой нават унітаз — таму магчымыя варыянты.

Калі сваёй мэблі няма і вялікага бюджэту на яе таксама, можна пашукаць мэблю б/у на мясцовым сайце-барахолцы willhaben. Заплаціць давядзецца толькі за арэнду вэна, а шафы, канапы, сталы, крэслы і г. д. людзі аддаюць за 0 еўра альбо па вельмі адэкватных коштах.

Я купіў класны і практычна новы стол для аўдыястудыі за 70 еўра. У краме такі каштуе 300. Абедзенны стол з суцэльнага дрэва і чатыры крэслы купіў за 50 еўра. Новы ён каштаваў не менш за 500. А тры шафы-купэ і вялікую канапу мне наогул аддалі бясплатна. Шафы, праўда, давлялося разабраць і потым сабраць самастойна, але эканомія ў 4−5 тысяч еўра мае сэнс.

Па словах Арцёма, на момант падпісання дамовы на арэнду ўладальнік можа папрасіць паказаць кантракт з працы. І калі ён ёсць, то астатняе (напрыклад, банкаўскі рахунак) таксама будзе. Калі чалавек у краіне новы, могуць яшчэ ўзяць характарыстыку ў HR.

— Таксама пры пошуку жылля рэкамендую пісаць арэндадаўцу не стандартнае пытанне «Яшчэ здаецца?», а разгорнутае паведамленне: я вось такі (такая) і адтуль, прыехаў (прыехала) па запрашэнні ў фірму N, у мяне сям’я, візавыя пытанні вырашаны, мы ўсе дактары навук і касманаўты, прыстойнасць 80-га ўзроўню, вельмі спадабалася ваша кватэра, як наконт яе паглядзець, калі яна даступна, дзякуй, калі ласка.

Аўстрыя. 2023 год. Фота: citydog.io

Камуналка: напрыканцы года пастаўшчык робіць пераразлік і можа вярнуць лішнія грошы

— З камуналкай тут свае прыколы, — кажа Арцём. — Цяпер я плачу 15 еўра за газ і 90 еўра за электрычнасць. Летась гэта каштавала 25 і 110 еўра. Атрымалася, што за год я пераплаціў, таму ў выніку мне вярнулі каля 300 еўра. То-бок пастаўшчык ставіць пэўныя кошты, бярэ грошы, а потым робіць пераразлік — і або вяртае лішняе, або здымае, колькі не хапіла, і мяняе тарыф.

Яшчэ раз на год умоўны ЖЭС здымае каля 70−80 еўра за абслугоўванне будынка.

За шырокапалосны інтэрнэт я плачу каля 49 еўра. Ёсць варыянты і з мабільным інтэрнэтам — гэта будзе танней: ад 25 да 45 еўра.

Мабільная сувязь у мяне за 10 еўра на месяц з кучай трафіку, у тым ліку па ўсім ЕЗ.

Аўстрыя. 2023 год. Фота: citydog.io

Праезд: самы папулярны — праязны на год

— Ёсць даволі разумныя аплікацыі на тэлефоне — такія як LinzMobil для Лінца, WienMobil для Вены і г. д. У іх можна паглядзець маршруты ўсіх відаў транспарту, купіць усе віды білетаў, даведацца расклад — гэта зручна.

Сама транспартная сістэма ў Аўстрыі развіта вельмі добра. У Лінцы ёсць хуткія трамваі, аўтобусы і тралейбусы, таксі, прыгарадныя цягнікі. А ў Вене яшчэ і метро.

Білет на 4 прыпынкі каштуе 1,40 еўра, на 1 гадзіну альбо на доўгі маршрут — 2,70 еўра, на 24 гадзіны — 5,40. Маладзёжны білет абыдзецца ў 1,40 альбо 2,70 на 24 гадзіны. Дзяцям да 6 гадоў — бясплатна.

Праязны на тыдзень можна купіць за 17,20 еўра, на месяц — за 54,20. Сабаку па праязным можна вазіць без аплаты. А асобны праязны для сабакі на месяц каштуе 30,20 еўра.

А яшчэ ў Аўстрыі прадугледжаны гадавы праязны KlimaTicket за 365 еўра. Гэта самы папулярны варыянт, а многія кампаніі моцна яго субсідзіруюць для работнікаў ці нават выдаюць бясплатна. Акрамя праезду ён дае яшчэ мноства скідак на паходы ў тэатр, арэнду машыны і іншае.

Паездка на таксі ў сярэднім будзе каштаваць 12−15 еўра. Злавіць машыну з рукі ці на стаянцы і ехаць па лічыльніку будзе на пару-тройку еўра танней, чым праз аплікацыю. «Убера» і іншых «болтаў» у Лінцы няма, толькі мясцовыя кампаніі. Ездзіць па горадзе таксама можна на ровары (першыя 30 хвілін бясплатна, потым 1 еўра за кожныя 15 хвілін або 15 еўра за 24 гадзіны) ці на самакаце (у сярэднім 1 еўра за актывацыю і 15−30 цэнтаў за хвіліну).

Кошты на прадукты: «Падаражэла ўсё, супраць інфляцыі не папрэш»

У параўнанні з сакавіком 2021 года, калі Арцём пераехаў у Аўстрыю, інфляцыя па нерухомасці склала каля 14%, па прадуктах — 12−15%. Напрыклад, адзін з самых папулярных піўных напояў тады каштаваў 80−90 цэнтаў за бутэльку, а цяпер — ад 1,20 да 1,70 еўра ў залежнасці ад гандлёвай сеткі.

Вось кошты з «Лідла» з апошняга чэка Арцёма ад 29 ліпеня 2023 года:

  • агурок — 0,99 еўра за шт.,
  • спагеці — 0,74 еўра за 0,5 кг,
  • марскія крэветкі — 4,99 еўра,
  • малако цэльнае — 1,29 еўра за літр,
  • кабачок — 1,79 еўра за кг,
  • міні-агуркі — 1,99 еўра за 250 г,
  • салат айсберг — 0,74 еўра,
  • яблыкі чырвоныя — 2,69 еўра за кг,
  • кававыя капсулы Gold Lungo — 3,15 еўра за 20 шт.,
  • лясны мёд — 3,69 еўра,
  • кефір — 0,85 еўра,
  • курыца без шыі — 5,29 еўра за кг,
  • авечы сыр светлы — 2,69 еўра,
  • італьянскі цвёрды сыр — 2,19 еўра,
  • каляровая капуста — 1,99 еўра за шт.,
  • яйкі — 3,29 еўра за 15 шт.,
  • гарэлка — 5,99 еўра за 0,7 л.

Кавярні і стрытфуд: абавязкова зайдзіце ў мясцовыя сасісачныя

Рэстараны ў Аўстрыі папулярныя, аўстрыйцы вельмі любяць хадзіць па барах ды кавярнях. Часцяком у тыпова аўстрыйскіх кафэ асвятленне вельмі яркае — такая традыцыя.

Сняданак у сярэднім абыдзецца каля 10−15 еўра. Абед без лішніх пантоў — каля 15 еўра (страва плюс напой). Вячэра, зразумела, вельмі залежыць ад страў і кафэ. У добрым італьянскім рэстаране можна ўпісацца ў 20 еўра на чалавека з улікам асноўнай стравы і ўмеранай колькасці алкаголю. З закускай, дэсертам і парай напояў атрымаецца ад 30.

Стэйк у стэйкхаусе каштуе ад 20 да 60 еўра ў залежнасці ад выразкі і вагі порцыі. Напрыклад, можна замовіць аргенцінскі tenderloin — 150 г за 21,50 еўра, а можна абраць амерыканскі рыбай — 400 г за 52 еўра. Порцыя грабеньчыкаў на закуску будзе каштаваць каля 15 еўра, а гарнір да стэйка — каля 4−5 еўра.

У звычайнай установе стандартны варыянт «закуска, шніцаль, келіх віна і кава» будзе каштаваць каля 25 еўра.

Аўстрыя. 2023 год. Фота: citydog.io

Стрытфуд у Аўстрыі таксама шырока распаўсюджаны. Такія кафэ ў асноўным з турэцкімі ўладальнікамі. Звычайны кебаб каштуе 4,50−6 еўра, кебаб «з усім» і авечым сырам — 5,50−7,50. Піца ў гэтых кебабных таксама ёсць, але своеасаблівая: цеста і блізка не падобнае на італьянскае, вельмі шчыльнае, плюс амаль ва ўсіх выпадках на яго кладуць кукурузу з бляшанкі і доўгія марынаваныя астраватыя перцы. Па кошце — каля 10 еўра.

Але галоўны стрытфуд у Аўстрыі — сасіскі і сардэлькі ў аўстрыйскіх сасісачных. Гэта такія кіёскі з падваконнікамі, якія працуюць нават у нядзелю. Сардэлькі, сасіскі і катлеткі ўсіх фарматаў падаюць на аднаразовым сподачку з белай булкай Semmel (Brötchen ці Kaisersemmel у Германіі) і гарчыцай ці буйна цёртым хрэнам на выбар. Кошт — 3−6 еўра ў залежнасці ад выбранага каўбаснага вырабу.

І абавязкова трэба купіць бутэлечку піва, паколькі па-аўстрыйску іншы варыянт цяжка ўявіць. У сасісачнай піва каштуе 3−4,50 еўра, але можна адкрыць і сваё — гэта ж стрытфуд.

Паслугі прыгажосці: лепш знайсці майстрых з Украіны, будзе якасней і танней

У цэлым аўстрыйцы сочаць за сабой і нядрэнна апранаюцца. Тут носяць і стыльныя гарнітуры, і сукенкі, і вельмі прыстойны кэжуал. Ёсць і нефармалы, олдскульныя металісты, людзі па хіп-хопе, стрытстайле і ўвогуле ўсе. Выдатны сімбіёз асабістага выбару і свабоды і абсалютная адсутнасць нейкай дыскрымінацыі.

Спартовае адзенне ў асноўным выбірае моладзь з Блізкага Усходу і арабы — іх у Аўстрыі нямала. Каля 20% насельніцтва Лінца складаюць імігранты (любыя).

Аўстрыйскія жанчыны не вельмі замарочваюцца пра макіяж — не адчуваюць у гэтым неабходнасці. Выхад у тэатр, кактэйль-бар ці модны рэстаран — гэта зусім не тое ж самае, што выхад у краму, на шпацыр ці ў офіс.

А вось арабскія жанчыны вельмі любяць стыль «дорага-багата», золата і брэнды. Цяжкі макіяж, такі ж цяжкі манікюр і задушлівы пах парфумы — даволі тыповая гісторыя.

Калі казаць пра кошты, то за мыццё і мужчынскую стрыжку прыйдзецца аддаць ад 23 еўра, за стрыжку і ўкладку — ад 43 еўра. Жаночая стрыжка і афарбоўка валасоў — ад 130 еўра. Манікюр — 18−35 еўра за паўгадзіны, 7−15 еўра — за лакіраванне пазногцяў за 15 хвілін. Педыкюр — каля 40 еўра за 45 хвілін, шэлак на пазногці — 5 еўра за 15 хвілін.

Але ўвогуле лепш знайсці майстрых з Украіны, напрыклад. У іх будзе танней і, шчыра кажучы, нашмат якасней. Напрыклад, стрыжка і афарбоўка валасоў — ад 60 еўра.

Вельмі папулярныя тут і барбершопы, але большасць кліентаў там — хлопцы з неаўстрыйскімі каранямі, то-бок туркі і арабы. Мой сябар хадзіў, застаўся вельмі задаволены. Заплаціў каля 60 еўра за стрыжку валасоў і барады.

Аўстрыя. 2023 год. Фота: citydog.io

Мясцовыя забавы: можна знайсці на любы густ і бюджэт

Горы. У Аўстрыі Альпы, таму адны ходзяць у трэкінгі, іншыя бегаюць па гарах. Калі сустракаеш па дарозе чалавека ў дарагіх горных чаравіках, дык дакладна ведаеш, што гэта аўстрыец. Таму што абутак у горы трэба купляць самы круты — і гэта не жарт.

Чаравікі будуць каштаваць ад 200 еўра. Калі пашукаць на скідках, то можна купіць за 100 тыя, што каштавалі 299. А майку і іншае можна купіць у дыскаўнтэры.

Бег і ровары. Бягух і бегуноў тут трыльёны, як і веласіпедыстаў. Уздоўж Дуная пракладзены выдатныя жывапісныя маршруты, дзе ніхто нікому не перашкаджае. Можна, вядома, бегаць і па тратуарах разам з дарожным рухам, але навошта?

Хакей. Ён настолькі папулярны, што ў Лінцы і Лінцскім раёне ёсць не толькі свая прафесійная каманда Black Wings Linz, але і створана свая аматарская ліга — каб не ездзіць ва ўсялякія Зальцбургі.

Хакейная экіпіроўка ёсць на любы густ і бюджэт, але менш чым у 500 еўра наўрад ці можна ўкласціся, калі браць усё новае і недарагое.

Наведванне гульні каштуе ад 17 еўра за стаячыя месцы, 25−30 — за сядзячыя і каля 100 еўра — за ВІП. Дзецям да 6 гадоў уваход бясплатны, падлеткам — каля 10 еўра. Піва каштуе 5 еўра, кепкі — 15−25, джэрсі — каля 75, шалікі — ад 10 да 25.

Футбол. У Лінцы два прафесійныя клубы: LASK і FC Blau-Weiß Linz. І абодва сёлета пабудавалі новыя сучасныя стадыёны. Піва там можна купіць за 5 еўра і за столькі ж хвілін, у адрозненне ад венскага стадыёна, дзе яно крыху даражэйшае, а чакаць трэба хвілін 20.

Лыжны спорт. З гэтым тут увогуле шчасце для тых, хто займаецца: ёсць літаральна любыя трасы і ўсе ўмовы для ўсяго, што звязана з лыжамі. Курорты — ад бюджэтных да мегапафасных, інструктары, пад’ёмнікі, абсталяванне — ад базавага да топавага для прафесіяналаў.

Дарэчы, большасць аўстрыйцаў ездзіць на ўніверсалах, каб зручней было вазіць лыжы і сноўборды.

Трэнажорная зала. З залай трэба падпісваць кантракт на год і плаціць каля 20 еўра «за афармленне». А кошты на абанементы нават смешныя. У маёй зале, напрыклад, месяц каштуе 19,99 еўра без магчымасці выкарыстоўваць душ і 24,99 — з душам. А можна яшчэ плаціць 29,99 еўра і мець доступ да апарата, які робіць ваду з сіропчыкамі.

Музеі. У Лінцы іх шмат і рознай тэматыкі: электроніка, сучаснае мастацтва, лінцскі замак-музей, музей зубоў, гарадскі музей, музей біялогіі, квартал культуры і шмат чаго яшчэ. Ёсць галерэі і крамы мастацтва.

Наведванне музея ў сярэднім 10−12 еўра для дарослага. Дзецям да 6 гадоў — бясплатна, пасля — 3−5 еўра.

Тэатр. У Лінцы некалькі тэатраў, людзі актыўна іх наведваюць (як і канцэрты класічнай музыкі ў Брукнерхаус). Схадзіць у тэатр можна бюджэтна за 2,50 і паглядзець спектакль стоячы, а можна модна і стылёва сядзець за 80 еўра. Усё залежыць ад месцаў і жаданняў.

Канцэрты. Канцэртаў у Аўстрыі шмат, але галоўныя зоркі прыязджаюць у асноўным толькі ў Вену. Кошты на ўваход вельмі залежаць ад выканаўцы і арганізатара.

Напрыклад, выступ малавядомых гуртоў можа каштаваць 15 еўра. Rammstein у фан-зоне — усе 200 еўра. Arctic Monkeys выступалі ў Лінцы летам 2022-га, білет каштаваў 80 еўра.

Басейн. Іх тут хапае. У цэнтры Лінца ёсць класны комплекс з адкрытымі басейнамі і прыемным цяністым паркам. Уваход для сям'і з дзіцем да 6 гадоў каштуе каля 6 еўра на ўвесь дзень. Можна плаваць, плюхацца, загараць, спаць у цені дрэў, піць піва за 4,60 ці есці піцу за 10 еўра.

Тэрмы і спа-курорты. Аўстрыя апанавана такімі тэрмамі. Гэта комплексы з басейнамі, аквапаркам, тэрмальнымі крыніцамі, парылкамі, рэстаранамі, барамі, масажам і мільёнам іншых паслуг. Зона з парылкамі звычайна аддзелена ад іншых зон, таму што аўстрыйцы парацца ўсе разам і голыя.

Кошты на ўваход вар'іруюцца ад 11,50 да 48 еўра за дзень без начлегу. За 11,50 можна трапіць, напрыклад, толькі ў зону з пірацкай тэмай, але яна ўсё роўна вялікая. За 24,50 — толькі ў дзве зоны, а за 48 — лазіць, плаваць і каўбасіцца па ўсім комплексе без абмежаванняў.

Калі браніраваць нумар, то тут можа быць усё што заўгодна ў залежнасці ад выбранага варыянту: і 100 еўра за ноч, і 1000.

Келіх віна ў бары ў басейне будзе каштаваць каля 3,50−4 еўра, піва — каля 5, гарачая страва — 10−15 еўра.

Чытайце таксама на CityDog:

Уличная мода. В Минск несмело стали проникать стили барбикор и мермейдкор. Но о-о-очень несмело, посмотрите

После жалобы пропагандистки «Евроопт» убрал популярного блогера из своей рекламы

«Я была в шоке от количества людей». Как сейчас живется в первых домах «Минск-Мира»