«У гэтым сусветным п***яцы стараюся быць на пазітыве». Вялікае інтэрв'ю з Маргарытай Ляўчук
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У жніўні, наведваючы Украіну, вядомая спявачка Маргарыта Ляўчук заявіла, што больш не дае інтэрв'ю беларускім СМІ. Але для журналіста «Люстэрка» оперная дзіва ўсё ж зрабіла выключэнне. А яшчэ здзівіла тым, што папрасіла адкрыць дзверцы аўто, на якім прыехала на сустрэчу.

У рэстаране за бакалам вады (Маргарыта «не бухае» (яе словы) і не курыць) мы пагаварылі з Ляўчук пра яе ўзаемаадносіны з операй, які пазыўны ў яе ў палку Каліноўскага, ці ёсць жыццё пасля разводу (двух) і ці даруе яна сваім сваякам-«ябацькам», калі вернецца дадому.

Маргарита Левчук, Белосток, Польша, 8 сентября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Маргарыта Ляўчук, Беласток, Польшча, 8 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Маргарыта Ляўчук, 33 гады, беларуская оперная спявачка (сапрана). У 2020 годзе выступала на перадвыбарных мітынгах Святланы Ціханоўскай, пасля чаго была вымушаная пакінуць Беларусь. З таго часу жыве ў Вільнюсе. На радзіме супраць яе распачатая крымінальная справа за абразу дзяржаўных сімвалаў. Выкладала ў Акадэміі музыкі Літвы. Аўтарка праектаў «Красная зелень» і «НачОс News». У 2023 годзе скончыла магістратуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

«Мне заўсёды не падабалася опера»

— Важнае пытанне для ўсіх беларусаў, якія жывуць за мяжой, — калі ў цябе заканчваецца пашпартт?

— У 2020 годзе, калі пачалася пандэмія і ўсе сядзелі па дамах, я прыехала да сябе ў вёску. І потым, калі вярнулася ўжо ў Мінск, зразумела, што ў мяне знік пашпарт. Я паехала ў Брэст, каб зрабіць новы. Прыйшла ў пашпартны стол, мне сказалі напісаць заяву, падаўшы прычыну для выдачы дакумента. Ну, я і напісала, што пашпарта няма, усё абшукала, як скрозь зямлю праваліўся. Аддала заяву, а супрацоўніца мне кажа: «Вы што, хочаце сказаць, што я зараз начальніку панясу гэтую вашую паперу, дзе напісана, што пашпарт скрозь зямлю праваліўся?» Сказалі ж, што трэба пісаць як ёсць…

Перапісала заяву, адзначыла, што я згубіла пашпарт, не ведаю, дзе ён. У выніку мне зрабілі новы пашпарт, то-бок яго тэрмін дзеяння пачаўся ў 2020 годзе. Мала таго, мне тады адкрылі літоўскую візу на пяць гадоў, бо ў мяне былі спектаклі ў Літве. Таму ў мяне пашпарт да 2030 года, з візай на пяць гадоў і з відам на жыхарства ў Літве. У мяне ўсё добра.

— Што з апошніх навін цябе ўразіла больш за ўсё?

— Вядома, палавы орган аднаго беларуса, не будзем называць ягонае прозвішча, бо навошта яго піярыць? Гэта мяне рассмяшыла, вядома. І мне спадабалася рэакцыя нашых людзей. Нам не хапае смешных навін, таму мне падабаецца, як беларусы рэагуюць, пачалі рабіць мемы пра гэта, перасылаць адно аднаму, падымаць такім чынам настрой. У такі час, калі куча кепскіх навін, няхай будуць такія смешныя навіны.

— У цябе былі праблемы з галасавымі звязкамі. Яны ўжо аднавіліся?

— Гэта цікавая гісторыя, бо ў Літве мне паставілі адзін дыягназ, а потым я паехала ў Кіеў і пайшла да вельмі крутой фаніятаркі, якую мне ўсе раілі. У яе ёсць спецыяльны апарат, які на відэа паказвае, як працуюць звязкі. Гэтая фаніятарка аказалася вельмі добрай спецыялісткай, яна паставіла мне іншы дыягназ, прапісала новае лячэнне, я яго прайшла, і нядаўна першы раз паспрабавала займацца. Мне вельмі падабаецца, як цяпер гучыць мой голас. У снежні ў мяне будуць спектаклі ў оперным тэатры ў Літве. Дарэчы, білеты ўжо практычна ўсе раскупленыя.

— Ты сумавала па оперы? Перад падрыхтоўкай да інтэрв'ю твой прадзюсар мне сказаў, што ты яе не вельмі любіш. Гэта так?

— Я заўсёды казала, што не люблю оперу, але мне падабаецца яе спяваць. Мне падабаецца гэтым займацца проста як хобі. А так, каб я прыйшла ў залу, села і глядзела оперу — не. Апошні раз я была ў оперы летась, глядзела новую пастаноўку «Травіяты» ў оперным тэатры ў Літве. Прыйшла, уверцюра гучыць, а я думаю: «Божа, мне давядзецца сядзець і глядзець гэта яшчэ дзве гадзіны! Гэта ж пакута! Як людзі гэта глядзяць?»

А калі спяваеш, то ўсё праходзіць хутчэй і весялей. Я не магу сказаць, што хачу ўсё кінуць і займацца толькі операй. Я, напэўна, звар’яцею, калі так здарыцца. Я нават не гляджу, што там у свеце ставяць, хто ставіць, хто спявае. Мне гэта наогул не цікава. Я адпісалася ад паловы оперных спевакоў, на якіх была падпісаная, бо яны мяне бесяць. Мне проста гэта не цікава. Мне заўсёды не падабалася опера, але чамусьці мне заўсёды казалі, што я мушу яе спяваць, быць у оперным тэатры. А цяпер, калі я свабодны артыст, я што хачу — тое і спяваю, і мне гэта вельмі падабаецца.

«Я не хачу быць палітыкам»

— Твае праекты «Красная зелень», «НачОс News», скетчы ў Instagram — як называецца гэты стыль?

— Гэта палітычная сатыра, проста адны з маіх праектаў. Усё гэта я раблю «па фане». «НачОс News» — гэта блогерства, мне падабаецца быць блогерам. Яшчэ з дзяцінства я люблю гумар. Я гуляла ў камандзе КВЗ «Шустрая кампанія», у 2020 годзе здымала «Бабу Рыту», нешта спрабавала, намацвала сябе ў мастацтве іроніі і смеху. Гэта мне блізкае, мне падабаецца гэтая форма і падабаецца, што гэта падабаецца людзям.

— Сатыра, асабліва палітычная і ў Беларусі, — не самы просты жанр, складана зрабіць так, каб усім было смешна. Як лічыш, у цябе атрымліваецца?

— Думаеш, у МУС і гэтак далей не рагочуць з нашых відэа? Вядома, рагочуць. Яны глядзяць і думаюць: «Во малайцы!» Я на 100% упэўненая, што яны ўсе глядзяць і заўсёды смяюцца. Таму я не магу сказаць, што ў нас усё складана з гэтым жанрам. Не складана. «Ябацькі» нас глядзяць, пакідаюць каментары і тым самым прасоўваюць нашыя відэа ў рэйтынгах.

Маргарита Левчук, Белосток, Польша, 8 сентября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Маргарыта Ляўчук, Беласток, Польшча, 8 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— Адно з правілаў прапаганды — не згадваць імені свайго ворага або канкурэнта. Часам складваецца адчуванне, што ў цябе ёсць нейкая псіхалагічная фіксацыя на персанажах ад улады. Можа, не варта пра іх казаць, каб не спрыяць іх папулярнасці?

— Часам я не кажу пра іх. Сёння я ж адмовілася называць прозвішча чалавека, чые геніталіі нядаўна ўсе разглядалі. А калі хачу — тады кажу. Я свабодны чалавек, што хачу — тое і раблю.

— Улетку ў цябе выйшаў фільм «Кроў на траве» пра гвалт з дапамогай колераў беларускага дзяржаўнага сцяга. Пры гэтым у цябе ёсць праект пад назвай «Красная зелень», у тваім Instagram-акаўнце чырвона-зялёнае спалучэнне не рэдкасць. Табе не здаецца, што ты сваіх гледачоў таксама гвалтуеш чырвона-зялёным?

— Не, я ж сцябуся з гэтага і, наадварот, лячу людзей. Мне кажуць: «Марго, калі мы глядзім на цябе з чырвона-зялёнымі кветкамі, то нам становіцца лягчэй, а калі мы проста глядзім на чырвона-зялёнае, асабліва ў Беларусі, то нам вельмі кепска».

Калі ты сцябешся з гэтага, робіш гэта крута, то неяк весялей робіцца. Мне пішуць і просяць працягваць, кажуць, што гэта дапамагае трымацца на плаву. Мне дасылаюць фатаграфіі з Беларусі — там жа мора гэтай чырвонай зелені на вуліцах! Калі мы сцябёмся, то людзям становіцца лягчэй.

— Калі б ты раптам выпадкова сустрэла кагосьці з прапагандыстаў, сілавікоў ці нават Лукашэнку, то што б ты ім сказала?

— Я б проста зняла іх на відэа і выклала ў сацыяльныя сеткі, як гэта робяць, калі кагосьці з чыноўнікаў бачаць на закупках у Беластоку. Падышла б і сказала: «Здароў! Адзін тут адпачываеш?» Прыдумала б нешта па прыколе.

— Хто з іх табе больш за ўсё непрыемны?

— Яны ўсе выклікаюць у мяне непрыемныя пачуцці. Нават на іх твары глядзець не хочацца. Мне здаецца, што калі б я нават кагосьці са сваёй радні сустрэла, хто падтрымлівае Лукашэнку, то мне не хацелася б з імі вітацца і размаўляць.

— Гэты фільм быў тваёй выпускной працай ва ўніверсітэце.

— Так, я скончыла магістратуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

— Навошта ты туды паступіла?

— У 2021 годзе я зразумела, што я надоўга ў Літве, і падумала, што ў мяне няма магістратуры і мне трэба кудысьці паступаць. Спачатку пачала «прабіваць» літоўскую Акадэмію музыкі, але зразумела, што мяне ўжо трошачкі ванітуе ад оперы і я хачу чагосьці іншага. Ужо пачалася «Красная зелень», і я зразумела, мне цікавае сучаснае мастацтва. Шмат людзей, якія на той час ужо вучыліся ў ЕГУ, казалі мне, што гэта добры ўніверсітэт. Я пашукала інфармацыю, паступіла і скончыла. У выніку я стала найлепшай студэнткай, ды яшчэ і з такой працай.

Маргарита Левчук, Белосток, Польша, 8 сентября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Маргарыта Ляўчук, Беласток, Польшча, 8 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— А якая спецыяльнасць?

— Візуальная пластыка. Мяне ўсе пыталі: «Ты што, пластычна танцуеш?» Не, я ўсім кажу, што гэта сучаснае мастацтва. Мне вельмі спадабалася вучыцца два гады, час хутка праляцеў, і цяпер здаецца, што нават было мала, я б яшчэ павучылася. Хоць я ўсім кажу: калі я далей пайду кудысьці вучыцца, то мяне трэба спыніць. Бо я і так усё жыццё вучуся — музычная школа, каледж, акадэмія музыкі сем гадоў і магістратура два гады.

Мне чамусьці кажуць, каб я ішла далей на нейкую палітыку, у Маямі прапаноўвалі паступаць ва ўніверсітэт на нешта такое. Я не хачу быць палітыкам. Я хачу быць творчым чалавекам і артыстам. Ну, можа, на пенсіі пайду ў палітыку.

Калі казаць пра фільм, па-першае, трэба было выбраць тэму, я ж раней магла пісаць толькі пра акадэмічнае мастацтва. Пра што яшчэ пісаць? У выніку абрала тое, што мне было блізкае, — тэму візуальнага гвалту дзяржаўнай сімволікай, тое, як чырвона-зялёнае ўплывае на нашае жыццё пасля 2020 года.

Я сутыкнулася з праблемай, што цяпер, калі я бачу спалучэнне чырвона-зялёных колераў, яно асацыюецца ў мяне толькі з дзяржаўным сцягам Беларусі. І я зразумела, што я не адна такая, нас шмат. Вось таму мы вырашылі разабрацца ў гэтай праблеме, і я напісала таўшчэзны талмуд. Людзі мяне просяць яго выкласці, але я пакуль не ведаю, як гэта лепш зрабіць, можа, проста апублікую спасылку, каб працу можна было спампаваць. Я напісала яе па-беларуску. Дакладней, пісала па-руску і потым аддала на пераклад, бо я толькі цяпер вучуся больш-менш нармальна размаўляць па-беларуску, а пісаць, вядома, на рускай было прасцей. Хлопцы-дзяўчаты перавялі, за што ім вялікі дзякуй.

І яшчэ вялікі дзякуй за велізарны наплыў інфармацыі. Я прасіла людзей у сацсетках, каб яны мне дасылалі кніжкі, артыкулы, усё, што ёсць па гэтай тэме. І мне даслалі велізарную колькасць інфармацыі, я ў ёй закапалася, калі шчыра. Спатрэбіліся і кніжкі, і артыкулы. Яшчэ я проста размаўляла з людзьмі, запісвала іх аповеды на дыктафон.

Я кучу часу правяла са сваім навуковым кіраўніком, яшчэ шмат гадзін — з навуковым кансультантам. Я ніколі не пісала навуковую працу, мне было рэальна вельмі складана. Але за паўгода я яе напісала дзякуючы велізарнай колькасці людзей і інфармацыі, якой яны са мной дзяліліся.

І потым, на адным з калоквіумаў, калі мы абмяркоўвалі свае магістарскія працы, я вырашыла, што раз ужо ў мяне праграма «Візуальная пластыка», то трэба неяк візуальна падмацаваць тое, што я напісала. Я вырашыла, што здыму фільм, проста ляпнула гэта. Выкладчыкі і студэнты сказалі, што гэта крута, і пачалі накідваць ідэі.

Мы вырашылі, што трэба здымаць дакументальны фільм пра гэта, пра нас цяперашніх. Я пісала магістарскую, і паралельна мы паўгода працавалі над фільмам з камандай. Прэм’ерны паказ быў у Вільнюсе, а потым мы адпусцілі яго дадому на маім канале ў YouTube, каб усе глядзелі і каб нашыя нашчадкі ведалі, што ў нас здарылася такая праблема пасля 2020 года.

Дарэчы, я не разумею, чаму гэты фільм дагэтуль не экстрэмісцкі. Я чакаю, аж прашу іх зрабіць яго экстрэмісцкім, калі ласка. Я ж так старалася. Калі іх просяць, яны не робяць. Яны толькі нядаўна мой TikTok прызналі экстрэмісцкім. Чамусьці толькі яго. Не ведаю чаму. Instagram у мяне дакладна такі ж. Мы з Андрэем Павуком спалілі труну Лукашэнкі з рагамі лася, бульбай і чырвона-зялёным сцягам, і нам нічога за гэта не было. Я незадаволеная. Я хачу быць тэрарыстам, я іх прашу пра гэта. Але, як паказвае практыка, калі іх просіш, то хрэн яны што зробяць.

Инсталляция Маргариты Левчук и Андрея Паука. Фото из архива Маргариты Левчук
Інсталяцыя Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука. Фота з архіва Маргарыты Ляўчук

— Твой прадзюсар Аляксандр Чахоўскі нядаўна завёў свой канал у YouTube. Гэта нейкая разведка боем перад тым, як цябе прафесійна вывесці на гэтую платформу?

— Я ўжо даўно там, у мяне ёсць свой канал. Па-мойму, гэта Саша вырашыў ісці маімі слядамі. Ён малайчына, я за яго радая, класны і цікавы кантэнт. Крута, што гэта застанецца ў гісторыі.

Андрэй Павук мне аднойчы сказаў, што па маіх сторыз у Instagram дзеці будуць вывучаць творчасць «Красной зелени». Я думаю, што па ўсіх нашых сённяшніх відэа нашыя нашчадкі будуць вучыць, што было з намі пасля 2020 года, як мы жылі і хто як жыў.

На канале Чахоўскага цікава паглядзець, як жывуць у беларусы ў Амерыцы. Бо я сама была ў Амерыцы і да паездкі не ведала, што там ёсць такая беларуская дыяспара. Калі даведалася, то была ў шоку ад таго, што яны там даўно жывуць, з сярэдзіны мінулага стагоддзя ў іх ёсць беларуская царква, у якой службы ідуць на беларускай мове, яны размаўляюць паміж сабой па-беларуску.

Я там была месяц у туры, а калі вярнулася, то мяне сябры пыталі, ці падцягнула я за гэты час сваю англійскую. Не, я падцягнула беларускую, на якой там з усімі размаўляла. Я была ў захапленні ад таго, што прыехала ў Вашынгтон, а там гавораць па-беларуску. Потым прыехала ў Нью-Ёрк, а там таксама гавораць па-беларуску! Як бы я пра гэта даведалася, калі б не прыехала туды?

Цяпер пра гэта можна даведацца з блога Чахоўскага. Вельмі важна расказваць пра беларусаў, якія жывуць у іншых краінах. Нас цяпер вельмі шмат, і ўсе мы вельмі крэатыўныя, таленавітыя, і хочацца падтрымліваць адно аднаго і ведаць, хто чым займаецца.

«Задача была — прыехаць, даць канцэрт і паабдымацца»

— Давай пагаворым пра тваю паездку ва Украину, дзе ты сустракалася з байцамі палка Каліноўскага. Падзяліся самымі яркімі ўспамінамі.

— У мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны пра сустрэчу з нашымі байцамі. Я цябе сёння папрасіла адкрыць мне дзверцы ў машыне, калі мы ехалі на інтэрв'ю. Гэта мяне каліноўцы прывучылі, нават калі мы на БТР ездзілі, то яны мне руку падавалі. Яны ўсе такія коцікі, такія добрыя. Нічога кепскага сказаць пра іх не магу.

— Я не пытаў пра кепскае.

— Мяне вельмі добра прымалі. Кожнага я абняла не адзін раз, бо ім гэта трэба. Яны проста крутыя, і я ўсімі захапляюся і ганаруся, асабліва тымі, хто на фронце цяпер. Я з імі падтрымліваю сувязь. Яны рэальныя героі, і я за кожнага радуюся, калі яны ўзнагароды атрымліваюць. Я ведаю, якімі працай і потам здабываецца гэта ўсё. Я ведаю кучу іх сакрэтаў, пра якія ніколі не раскажу. Яны прасілі маіх парадаў па самых розных пытаннях, а я не разумела, навошта ім маё меркаванне. Яны мяне паважаюць, і я іх таксама. З многімі байцамі я падтрымліваю сувязь і, нягледзячы ні на што, буду падтрымліваць далей.

Маргарита Левчук в Киеве. 3 августа 2023 года. Фото Instagram-аккаунт певицы
Маргарыта Ляўчук у Кіеве. 3 жніўня 2023 года. Фота: Instagram-акаўнт спявачкі

— Ідэя паехаць ва Украіну — гэта было толькі жаданне ці нейкая неабходнасць?

— Як толькі пачалася вайна і сфармаваўся тады яшчэ батальён Каліноўскага, я хлопцам прысвяціла песню. Мы знялі кліп, і я пачала з імі размаўляць. Яны мне пісалі, дзякавалі за падтрымку, клікалі да сябе з канцэртам. Мяне блізкія людзі адгаворвалі, бо спачатку нічога ж не было зразумела. Але я вельмі хацела.

Сёлета я нарэшце знайшла час. Хацела паехаць раней, але былі праблемы з галасавымі звязкамі. Мы дамовіліся, што калі мне доктарка скажа, што я магу ўжо хаця б песні спяваць, а не оперу, то адразу паеду. Я схадзіла да доктаркі напярэдадні паездкі, яна мне сказала, што ўсё добра. Вядома, кучу ўсякіх таблетак мне надавала, забараніла моцна напружвацца, але я паехала і выступіла.

Задача была менавіта такой — прыехаць да каліноўцаў і даць для іх канцэрт. А яшчэ — проста паабдымацца. Мы гадзіны чатыры, напэўна, сядзелі і размаўлялі ў іх у офісе. Ім было цікава, што ў мяне адбываецца ў жыцці, а мне — што ў іх. Ім было цікава, як там звычайнае, простае жыццё цячэ. Было цікава ўсё, аж да таго, якія ў мяне кветкі на балконе растуць і чаму я вырашыла пасадзіць менавіта такія. Я ім прывезла мяшок цукерак Roshen, мы пілі гарбату, вельмі міла размаўлялі.

І там мне прыдумалі пазыўны. Я ў іх пытала пра іх пазыўныя, кожны расказваў сваю гісторыю. І я кажу: «А давайце мне прыдумаем пазыўны які-небудзь, каб вы мяне не называлі Марго ці яшчэ неяк». І мы пачалі думаць. Першымі былі варыянты «Грыша», «Азаронак», але мне хацелася нечага сур’ёзнага. І я ўспомніла, што майго дзядулю ў вёсцы называлі Палеха, бо ён быў з Палесся, і я ўвесь час казала, што я Палехава ўнучка. Вырашыла, што дзеду было б прыемна, калі б я ўзяла яго вясковую мянушку. Усе пагадзіліся, рэспектнулі і сказалі, што гэта крута! Дагэтуль мяне так называюць.

— На ўкраінскай мяжы былі нейкія зніжкі для Маргарыты Ляўчук?

— Не было ніякіх зніжак. Беларускі пашпарт, вядома, не дапамог, не дапамагла нават паперка, падпісаная дастаткова вядомым ва Украіне чалавекам. Я разумею, што цяпер вайна і яны ўсё пераправяраюць. Я б сама сябе з беларускім пашпартам туды не пусціла.

Але ў выніку ўсё добра, прапусцілі, хоць і дапытвалі. Я расказала ўсё як ёсць — оперная спявачка, еду спяваць у полк Кастуся Каліноўскага. Яшчэ я валанцёр дабрачыннага фонду «Бон», ім кіруе мая сяброўка Арэста Брыт, яе ва Украіне добра ведаюць. Таму ў мяне не было праблем.

Маргарита Левчук, Белосток, Польша, 8 сентября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Маргарыта Ляўчук, Беласток, Польшча, 8 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— З аховай ехала ва Украіну?

— Туды ехала без аховы, а ўжо пасля перасячэння мяжы за мной прыглядалі. Бо могуць быць праблемы, ва Украіне ўсё роўна знаходзяцца нядобрыя людзі, якія могуць цябе выкрасці, каб потым абмяняць на каго-небудзь. Гэта нікому не трэба, таму лепш хадзіць з аховай, з людзьмі, якія ўмеюць абыходзіцца са зброяй і ў выпадку небяспекі зрэагуюць хутчэй, чым я. Я адна нікуды не выходзіла.

— А ў мірным жыцці ў цябе ёсць ахова?

— Мне не патрэбная ахова, я сябе і так цудоўна адчуваю.

— Прыхільнікі не назаляюць?

— Не, я іх усіх вельмі люблю. Яны ў мяне ўсе класныя і ўсе вельмі паважліва да мяне ставяцца.

— Бывае, што адмаўляеш у фатаграфіі або аўтографе?

— Не, такога я не памятаю, шчыра. Адмаўляюся хадзіць на спатканні. Бо гэта дзіўна — я што, з усімі пайду на спатканне, ці як? Не, вядома. Але ў мяне вельмі добрыя ўзаемаадносіны з прыхільнікамі, я ім усім сама адказваю, размаўляю з імі. Усіх моцна люблю.

«Няма сцяга — няма справы»

— У Беларусі на цябе заведзеная крымінальная справа за абразлівыя і блюзнерскія дзеянні ў дачыненні да дзяржаўнага сцяга. Гэта неяк адбіваецца на тваім жыцці, на сваяках і бацьках?

— Паколькі гэты сцяг быў уведзены ў карыстанне Лукашэнкам і яго рэжымам захопніцкім шляхам, то я не лічу, што гэта дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Наш сцяг — бел-чырвона-белы. Няма сцяга — няма справы.

— Да тваіх бацькоў прыходзілі з ператрусам праз гэта.

— Прыходзілі, так. Больш нічога пра гэта я казаць не буду.

— Ты выкладала ў Акадэміі музыкі ў Літве. Ці спадабаўся гэты досвед і ці працягваецца ён?

— Спадабаўся, але я зразумела, што альбо ты выкладаеш, альбо ты спяваеш. Я не змагла гэта сумяшчаць. Мая студэнтка, украінка, здавала дзяржэкзамен без мяне, бо ў мяне ў дзень яе экзамену быў канцэрт. Мне гэта не падабаецца. Я вырашыла, што не, я не буду працягваць. Мне трэба быць свабоднай, я заўтра магу быць там, а сёння — тут. А там трэба хадзіць кожны дзень на працу, разумееш? У мяне няма такой магчымасці — кожны дзень быць у Літве і хадзіць на працу.

Можна мяне запрашаць проста як коўча. Нядаўна ў Літве быў тыдзень рускай музыкі, і там патрэбныя былі людзі, якія гавораць па-руску, ведаюць рускія арыі, рамансы. Туды прыязджалі студэнты з розных краін, і гэта было цікава — падзяліцца досведам, паставіць правільнае вымаўленне. А так проста выкладаць — не.

— Ці падтрымліваеш ты адносіны з людзьмі, якія цяпер працуюць у тэатры оперы і балета Беларусі?

— Так, але вельмі рэдка. Там засталіся некалькі чалавек, з якімі можна мець зносіны. Я не ведаю, што там у іх адбываецца. Мне нецікава, таму што тэатр страціў наогул увесь сэнс пасля 2020 года.

Маргарита Левчук, Белосток, Польшча, 8 сентября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Маргарыта Ляўчук, Беласток, Польшча, 8 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— А калі параўнаць беларускі тэатр оперы і літоўскі, то хто пераможа?

— Літоўскі, вядома. Ён на ўзроўні, у яго ёсць крытыка, пра яго ведаюць. Туды прыязджаюць класныя спевакі, клёвыя рэжысёры, дырыжоры. Гэта вельмі круты тэатр. У апошнія пяць гадоў яго ўзровень прыкметна вырас. У іх клёвыя пастаноўкі, я імі ганаруся. А наш тэатр — гэта проста вясковы дом культуры.

— Калі ты ішла туды працаваць, то разумела, што ідзеш у вясковы дом культуры?

— Вядома, але я хацела хоць неяк сваім аўтарытэтам падняць узровень тэатра. Хоць цяпер яны прачытаюць гэта і скажуць: «Божа, наш тэатр — ён заўсёды быў на ўзроўні, пра нас ведаюць!» Ніхто пра гэты тэатр не ведае. Калі я ездзіла кудысьці за мяжу спяваць, то мяне часта пыталі: «Беларускі оперны тэатр? У вас што, ёсць тэатр?» Мне было ўвесь час сорамна за гэта. Затрымаліся ў Савецкім Саюзе і не хочуць адтуль вылезці.

Я хацела нешта рабіць, але мне не давалі, бо такая сістэма. Елізар'еў мне сказаў: «Вы тут ніхто». Добра, я тут ніхто, да пабачэння. А ваш тэатр — нішто. Я чакаю моманту, калі можна будзе вярнуцца. Думаю, у мяне будуць сілы, каб падняць тэатр. Нават калі праз 30 гадоў у мяне ўжо не будзе сіл спяваць, то я змагу выкарыстаць увесь свой досвед для таго, каб падняць наш тэатр са дна. Таму што будынак — круты, аркестр — класны. З салістамі, вядома, трэба папрацаваць, але яшчэ можна з гэтага нешта зрабіць, проста трэба даць свабоду тэатру.

«Калі б я піла, то ўжо спілася б у Вільнюсе»

— Чаму ты абрала для жыцця Літву, а не, скажам, Польшчу? Калі не ў Літве, то дзе б ты хацела жыць?

— У 2020 годзе я паехала ў Літву спяваць у оперны тэатр. Мне зрабілі візу, і я мусіла кожны год прыязджаць для ўдзелу ў спектаклях. Я прыехала ў самы разгар пандэміі каранавіруса, усё было закрытае, і не было розніцы, куды ехаць. Так я засталася ў Літве. Арандавала кватэру на год, потым — яшчэ на адзін, паступіла ва ўніверсітэт і падумала, што нікуды больш не паеду, Літва мяне задавальняе.

Вядома, часам можна ваўком выць, бо мала сонца, пастаянна дажджы, холадна, але неяк выжыла. Я заўсёды жартую, што калі б я піла, то я б, напэўна, спілася ў Вільнюсе. Гэта выдатны горад, каб спаць там, бо заўсёды холадна, шэра, цёмна. У студзені 2023 года сонца ў нас свяціла 4,9 гадзіны. Увага: чатыры, коска, дзевяць за месяц!

— Гадзіны?

— Гадзіны. Гэта вельмі, вядома, уплывае на мяне. Я як зомбі хаджу і ўвесь час думаю, як дажыць да вясны. А летам Вільнюс прыгожы. Нават цяпер цудоўнае надвор’е, усё такое зялёненькае. Таму калі не Літва, то Лос-Анджэлес, там заўсёды шмат сонца. Або Сан-Францыска. Я там была, калі ездзіла з турам па Амерыцы. Вельмі крута, я б засталася там жыць.

— На канале ўкраінскага блогера BalaganOFF ты сказала, што больш не даеш інтэрв'ю беларускім СМІ. Гэта закранула маё журналісцкае самалюбства. Чаму мы цяпер размаўляем?

— Таму што я цябе паважаю і ведаю, безумоўна. А так я не даю інтэрв'ю. Мне не падабаецца, як і што пішуць СМІ, як журналісты заўсёды хочуць нешта цікавае ў мяне выпытаць.

Мяне бесіць, калі просяць расказаць пра асабістае жыццё, матывуючы гэта тым, што інакш інтэрв'ю чытаць не будуць. Задаюць аднолькавыя пытанні, на якія я даю адны і тыя ж адказы. Я не разумею, навошта такія інтэрв'ю. Гэта займае час, і ў мяне былі праблемы з голасам.

Маргарита Левчук, Белосток, Польша, 8 сентября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Маргарыта Ляўчук, Беласток, Польшча, 8 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— Пакуль тэма не астыла. Ці ёсць жыццё пасля разводу?

— Пасля разводу жыццё толькі пачынаецца! Новае жыццё, шмат новых жыццяў. Калі вы цяпер думаеце над тым, разводзіцца ці не, калі такое пытанне ў вас у галаве ўжо з’явілася, то, вядома, разводзіцца і нічога не баяцца. У мяне было два разводы. Першы раз я думала: «Навошта гэты развод? Як я буду жыць без мужа?» А потым успомніла, што я ж усё жыццё неяк жыла без гэтага чалавека, і добра жыла.

Калі вам хранова з мужчынам, то навошта вы з ім жывяце? І пофіг наогул, ёсць у вас грошы ці не, дзе вы будзеце жыць. Заўсёды ўсё знойдзецца. Галоўнае — гэта вашае псіхічнае здароўе і нервовая сістэма. Не трэба класці на алтар сваё жыццё. Трэба жыць і кайфаваць. Разводзьцеся, усім раю.

— Табе спатрэбілася шмат часу, каб прыйсці да разумення гэтага?

— У першым шлюбе было шмат слёз і перажыванняў. А ў другім неяк усё лягчэй, бо мы абое адэкватныя людзі і ўмеем размаўляць. Гэта вельмі важна ва ўзаемаадносінах. Мы ўсё прагаварылі, вядома, было балюча, непрыемна, але цяпер мы сябруем, працуем разам. Усё нармальна. З першым мужам, вядома, санта-барбара была… Было непрыемна і хваравіта.

— Хто быў тваім першым мужам?

— Не будзем яго піярыць. Можна было б расказаць, каб астатнія дзяўчаты не трапляліся на кручок гэтага аб’юзера. Але ён таго не варты.

«Карову даіць не ўмею, а агарод палоць люблю»

— А як у цябе цяпер з асабістым жыццём?

— Лепш і лепш з кожным днём. У мяне афігеннае жыццё, я дзякую богу, што я цяпер не ў турме ў Беларусі. Кожны дзень я жыву сваё лепшае жыццё. Я вырашыла, што я хачу кайфаваць, рабіць тое, што хачу, сустракацца з тымі, з кім хачу. Можа, гэта такі мой кокан, бо праблем шмат вакол і ад навін можна наогул запасці ў дэпрэсію. Але ў мяне жыццё адно, і я хачу кайфаваць.

— Людзі могуць сказаць, што лёгка так разважаць, калі ты селебрыці, оперная спявачка.

— Вы ж не ведаеце, што ў мяне наогул адбываецца ў жыцці. Напрыклад, мне піша мужчына і кажа, што закахаўся ў мяне. Ён закахаўся ў нейкі вобраз, які я сама прыдумала і паказала ў сваіх сторыз. Але я іншая насамрэч, вы наогул не ведаеце, якая я.

Я ніколі не раскажу пра сваё асабістае жыццё і не пакажу, якая я насамрэч. Хоць усе чакаюць: «Ну, пакажы, з кім ты ездзіла адпачываць. Ты замужам ці не?» Ніколі вам не скажу! Бо гэта маё шчасце і мае кайфы. Я маю на гэта права.

— Якая Маргарыта Ляўчук насамрэч?

— Калі я адна дома, то я ціхая, хатняя, утульная. Я люблю быць адна дома. Не люблю вечарынак, нейкіх дыскатэк, я не бухаю, не куру. Наогул можна падумаць, што я вельмі сумная насамрэч. Але пры гэтым я вельмі пазітыўная, энергічная і гарэза яшчэ тая.

— Ты ж з вёскі. Карову падаіць зможаш?

— Я не ўмею. Колькі разоў спрабавала — у мяне не атрымліваецца. Вось так вось і жыву. Мне гэта не перашкаджае.

— А нейкія навыкі вясковай жыхаркі захаваліся?

— Я люблю палоць агарод. Калі ў 2020 годзе пачалася пандэмія і я прыехала да бацькоў у вёску, то яны мне нават забаранялі гэта рабіць. Тата казаў: «Ты ж оперная спявачка, ты не павінная палоць агарод!» Ага, у дзяцінстве трэба было мне такое казаць! Тады прымушалі, а цяпер мне падабаецца палоць агарод. У мяне нейкі бзік здарыўся, я высадзіла кветкі ў сябе на балконе. Вядома, я цяпер не ў Вільнюсе, і сябры прыходзяць іх паліваць. Мне здаецца, што хутка ў мяне на балконе з’явяцца агуркі і памідоры. У наступным годзе, калі ў мяне будзе балкон, то я абавязкова нешта пасаджу.

— Якія ў цябе самыя яркія ўспаміны з дзяцінства?

— У мяне вельмі шмат цёплых успамінаў з дзяцінства. У мяне наогул выдатная і цудоўная сям’я, я купалася ў любові, клопаце і ласцы. Першае, што ўспамінаю, — гэта калядныя вечары, калі мы хадзілі калядаваць па вясковых хатах. Я б вельмі хацела прыехаць у Беларусь і пахадзіць па вёсцы пакалядаваць. Сумую па бясконцых вячорках за сталом, па сваім вінаградзе. Цудоўная сям’я, радня была нармальная, пакуль яны ўсе не сталі «ябацькамі».

— Як такое здарылася?

— Неяк так, я не магу за іх адказваць, як яны сталі «ябацькамі». Я думаю, гэта пазіцыя «мая хата з краю, нічога не знаю». Жывуць у вёсцы, нікуды не ездзяць, не бачылі наогул, што ў жыцці адбывалася. Яны ўсе звычайныя людзі, якія на моры і акіяны не ездзяць, калі і падарожнічаюць, то толькі ў Беласток «на закупы».

Яны добрыя людзі, нічога кепскага ніколі не зрабілі мне ці камусьці яшчэ. Можа, яны не вінаватыя ў тым, што прапаганда прамыла ім мазгі, і ў тым, што яны мала зарабляюць і не бачаць, як жывуць іншыя людзі. І ім па тэліку кажуць, што ў Польшчы няма грэчкі, усе паміраюць ад холаду, і яны вераць у гэта. Усе дарослыя людзі, можна знайсці іншыя крыніцы інфармацыі. Але яны нават мне не вераць, разумееш? Трошкі крыўдна, што яны мяне ведаюць з дзяцінства, але давяраюць нейкаму дзядзьку ў тэлевізары, думаюць, што я праплачаны амерыканскі шпіён і жыву на грошы нейкіх фондаў.

Мне вельмі шкада, бо яны нармальныя людзі. Я іх у глыбіні душы люблю, гэта мая радня. Мне вельмі шкада, што нас усіх раз’ядналі. Можа, калісьці я вярнуся ў вёску, яны прыйдуць і скажуць: «Марго, даруй, мы не мелі рацыі, так склалася». Я іх, вядома, прыму ў сям’ю. Але цяпер гэта немагчыма.

— Кім гэтыя сваякі табе даводзяцца?

— Шмат такіх сваякоў, напрыклад бабулі. З адной я маю зносіны, яна адэкватная. А з другой — не, з 2021 года.

«Двое дзядоў не даюць жыць усёй планеце»

— Што цябе больш за ўсё турбуе цяпер?

— Мяне турбуе ядзерная зброя, якую Расія размясціла ў Беларусі. Мне здаецца, што два ашалелыя прыдуркі ўсё ж нешта зробяць, нездарма яны ёю казыраюць. Калі б я была такім дыктатарам, то што б мне заставалася рабіць? Я прайграю вайну, увесь свет супраць мяне. Ёсць ядзерная бомба, каб усім паказаць!

Мне здаецца, у іх ёсць такія думкі ў галовах. Ніхто не думаў, што Пуцін пачне вайну, а ён пачаў. Хутчэй бы з імі ўжо што-небудзь здарылася. Рэальна, двое дзядоў не даюць жыць усёй планеце, і нічога з імі нельга зрабіць. Двое дзядоў мяне турбуюць.

— Вышэй ты згадвала пра тое, што хай нават праз 30 гадоў хочаш вярнуцца ў Беларусь і падымаць тэатр. За тыя тры гады, што ты не ў краіне, ці з’явілася ў цябе разуменне, які досвед беларусам варта пераняць у сваіх суседзяў?

— Я адразу падумала пра медыцыну. У Літве медыцына на такім класным узроўні, што проста дзіву даешся. І здаецца, чаму так у Беларусі нельга зрабіць? Яшчэ ў часы кавіду я заўважыла, як арганізаваная гэтая сістэма ў Літве. Ты размаўляеш з доктарам па тэлефоне, ён выпісвае электронны рэцэпт, і ты ідзеш у аптэку і тут жа купляеш патрэбныя лекі. Гэтак жа добра была ўладкаваная сістэма з прышчэпкамі, тэстамі на кавід. Я хварэла і я памятаю, што проста суперсістэма. У ахове здароўя працуюць выдатныя дактары, класныя прафесіяналы. Ніхто не лаецца, не мацюкаецца на цябе, ты не сядзіш гадзінамі ў чэргах, усё вельмі крута наладжана. Сістэму аховы здароўя нам трэба дакладна пераймаць ад суседзяў.

У нас куча ўсяго, што трэба мяняць, бо ў нас савецкая сістэма і ў нас дыктатура, Усе запалоханыя і перапалоханыя. Напрыклад, у нашай сферы, у культуры, ужо мала хто застаўся, кім можна было б ганарыцца. Трэба проста запусціць туды свабодных людзей, каб яны ўсё перарабілі. Першае, што я б зрабіла, — закрыла б Міністэрства культуры нах*р, яно наогул не патрэбнае.

Маргарита Левчук, Белосток, Польша, 8 сентября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Маргарыта Ляўчук, Беласток, Польшча, 8 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— Ты казала, што палітыкай зоймешся хіба што на пенсіі. Але ў 2020 годзе ты была прадстаўніцай па культуры ў Народным антыкрызісным упраўленні, якім кіруе Павел Латушка. Чаму не склалася?

— Я ім адразу сказала, што я не палітык. Гэта Павел Паўлавіч [Латушка] мяне папрасіў. Калі ты моцна паважаеш чалавека, то згаджаешся яму дапамагчы. Не з першага разу мяне ўгаварылі, усе і з усіх бакоў. Павел Паўлавіч казаў: «Я цябе ведаю, я табе давяраю, ты — новы твар, у цябе ёсць амбіцыі, у цябе ўсё атрымаецца». Я адказвала, што я спяваць хачу, але ён упрасіў паспрабаваць. Пагадзілася, але сказала, каб яны паралельна шукалі чалавека, які мяне заменіць.

У выніку я вельмі хутка сышла, бо ўжо пачынала спаць на Zoom-канферэнцыях, мне ўсё гэта жудасна нецікавае. Палітыка — гэта не маё, я ў гэтым не разбіраюся, таму я сышла, як толькі знайшлі чалавека мне на замену. Я пачала займацца творчасцю і выдыхнула, бо мне ўжо кепска было на ўсіх гэтых канферэнцыях, я не разумела, што я там раблю наогул.

«Адзін велізарны пі***ц»

— Ты не расчаравалася ў тым, што адбываецца ў палітыцы?

— Усё, што адбываецца, — гэта адзін велізарны пі***ц, у мяне няма іншага слова. Нейкі трэш вакол дзеецца. Я цяпер прыехала ў Польшчу, і мясцовыя знаёмыя мне кажуць, што і тут не ўсё так гладка. У нашай апазіцыі чорт ведае што, усе лаюцца, бульбасрачы гэтыя. Алё, блін! Хочацца, каб на гэты свет, не ведаю, які-небудзь астэроід упаў, каб проста ўсе вымерлі. Потым зародзіцца нейкае нармальнае новае жыццё, і будзе нешта светлае.

Куды мы коцімся — я не ведаю. Нас чакае нейкі сусветны пі***ц, мне здаецца. Але я ва ўсім гэтым пі***цы хачу кайфаваць, я не ведаю, колькі мне гадоў адмерана на гэтай зямлі, я хачу пражыць сваё жыццё прыгожа і ў кайфах, нягледзячы на тое, што гэта адбываецца. Бо мне надакучыла за ўсіх перажываць, хвалявацца. Не хопіць нерваў і здароўя, каб думаць пра палітыку.

Кожны дзень я думаю, вядома, пра палітвязняў. Я ведаю, што ім там х*рова. Усё, што я магу зрабіць, — думаць пра іх, маліцца ўнутры сябе і прасіць бога пра тое, каб яны там выжылі і не паміралі.

І яшчэ я прашу бога, каб я не трапіла туды, бо фіг яго ведае, як бы я там выжывала, мне здаецца, гэта наогул нерэальна. Асабліва жанчынам, мне здаецца, нерэальна выжыць у гэтых халодных умовах. Але я імі захапляюся, кожнай і кожным, хто цяпер у турме. Не магу пра іх нічога пісаць.

Калі мы пачалі рабіць у TikTok праект па падтрымцы палітзняволеных дзеячаў культуры і расказваць пра іх, то іх пачалі прэсаваць і мне пра гэта паведамляць: «Калі вы яшчэ раз запішаце пра нейкага палітвязня відэа, што вы яго падтрымліваеце, яму будзе х**ва праз вас». І я не разумею: што рабіць? Трэба падтрымліваць, проста казаць пра іх, каб пра іх ведалі. Я заткнулася. У мяне сядзяць сябры, але я не магу пісаць, што я іх падтрымліваю, не магу ім лісты адправіць, бо ім будзе хранова. І вось я ў гэтым сусветным п***яцы стараюся быць на пазітыве.

— Раскажы падрабязней пра той выпадак, калі табе перадалі, што праз твае відэа хтосьці з палітвязняў зазнаў прэсінг.

— Гэта закранула некалькі чалавек, пра якіх я запісвала відэа. Іх змяшчалі ў карцар і гэтак далей.

— Якім чынам і хто перадаваў гэтую інфармацыю?

— Я не магу цяпер сказаць, хто перадаваў інфармацыю, але яна да мяне дайшла. Нейкі начальнік калоніі мне перадаў. І я вырашыла спыніць праект, паставіць яго на паўзу, бо людзей пачалі мучыць. Бачыш, які ўплыў я раблю на начальнікаў турмаў?

— Перадай ім што-небудзь. Ты можаш зараз да іх звярнуцца.

— Я вам жадаю здароўя, каб вы ўсе дажылі да суда і сядзелі там, дзе вы цяпер працуеце.

Маргарита Левчук, Белосток, Польша, 8 сентября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Маргарыта Ляўчук, Беласток, Польшча, 8 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

«У мяне няма зорнай хваробы»

— Ты калісьці даўно казала, што зарабляеш тысячу даляраў за 15 хвілін. Цяпер ганарары большыя?

— Беларусы любяць лічыць чужыя грошы. На што вы жывяце? За якія фонды? Я хачу сказаць, што ніякіх фондаў няма, я ні на кога не працую, я жыву сама па сабе і зарабляю сваім талентам.

Не магу цяпер сказаць дакладныя сумы, бо не спяваю апошнім часам. Але я жыву і зарабляю, мне хапае на жыццё, аплату кватэры, хадзіць па рэстаранах, прыгожа апранацца, купляць сабе сумачкі, кошт якіх потым вылічваюць. Усё ў мяне выдатна. Як у Беларусі жыла выдатна, так і тут жыву.

— Ты не лічыш, што ў цябе ёсць зорная хвароба?

— Не, я не лічу, што ў мяне зорная хвароба. У мяне няма зорнай хваробы. Я заўсёды пытаю ў людзей, з якімі працую, ці заўважаюць яны, што я неяк капрыжу, ну, тыпу зорку ўключаю. Мне кажуць, што ўсё нармальна, здаецца. Я прашу сказаць мне, калі заўважаць.

Нават цяпер, калі мы здымалі фільм, то хлопцы і дзяўчаты з каманды ў канцы здымак сказалі, што я малайчына. Яны думалі, што я буду зазнавацца, капрызіць, нервы нейкія ўключаць, а я з раніцы да вечара працавала і не скардзілася. Сказалі, што я ўвогуле працаголік. Мне заўсёды прыемна, калі такое кажуць. Таму ў мяне няма зорнай хваробы. Ты заўважыў нешта?

— Мяне яшчэ ніхто не прасіў адчыняць дзверы ў машыне перад інтэрв'ю, гэта было новым.

— Ну, прабач, гэта мяне разбэсцілі каліноўцы. Гэта быў аб’юз з майго боку?

— Большасць жанчын з майго атачэння была б непрыемна здзіўленая, калі б я так зрабіў у дачыненні да іх. Яны ўсе самастойныя і самадастатковыя.

— Я была такая ж, але цяпер усё перагледзела, папрацавала з псіхатэрапеўтам. Я цяпер адчуваю сябе лэдзі і прашу, каб усе да мяне так ставіліся. Хопіць ужо быць мужыком з яйцамі, хочацца пабыць жанчынай. Калі мужчына робіць табе прыемна, то чаму б не?

— Скажы тым людзям, якія яшчэ разважаюць над тым, ці ісці да псіхатэрапеўта, чаму варта гэта зрабіць.

— У дзяцінстве я хадзіла на споведзі, усё расказвала бацюшку, і ён адпускаў грахі. Потым, калі мне было 18−19 гадоў, я паехала ў Мінск, прыйшла да аднаго бацюшкі, а ён мяне так адчытаў, што гэта адбіла ў мяне ўсю ахвоту да царквы. Што яшчэ заставалася? Толькі тэрапеўт. Але мне заўсёды здавалася, што псіхатэрапія — гэта нейкае глупства. Ты плаціш грошы, сядзіш, расказваеш, што ў цябе адбываецца, як на споведзі. Я думала, што ў мяне няма ніякіх траўмаў, у мяне ўсё зашыбіся, наогул усё выдатна. А потым вырашыла, што мне трэба ўсё ж схадзіць да тэрапеўта, бо са мной нешта не тое адбываецца. Прыйшла дзеля эксперыменту, парачку заняткаў паспрабаваць. І ўцягнулася, мне вельмі спадабалася. Я проста ляцела да яе кожны раз. Я зразумела, як змянілася маё жыццё за тыя 10 заняткаў, якія я прайшла. І я цяпер усім раю. Вы будзеце лётаць, і мужчыны пачнуць вам дзверцы ў машынах адчыняць.

— У крайнім выпадку — не. Ты па жыцці песіміст або аптыміст?

— Стопудовы аптыміст.

— Калі гэта скончыцца, з пункту гледжання аптыміста?

— Калі я была ва Украіне, мне ўсе казалі, што гэта надоўга. Я сабе з 2020 года дала 5 гадоў, ужо прайшло 3, я жыву і думаю, што яшчэ два — і я прыеду дадому. Такі сабе я аптыміст, я думаю, што ўсё гэта яшчэ надоўга. Часам здаецца, што мы наогул ніколі не вернемся, такія думкі наведваюць. А з іншага боку — ну, не вернемся і добра, затое я не ў турме, і гэта выдатна. Я не ведаю, колькі гэта будзе цягнуцца, але ў гэтым усім галоўнае — не страціць сябе, не страціць смак да жыцця, нягледзячы ні на што.

— А калі не вернемся праз два гады, то нейкі план у цябе ёсць?

— Я буду гэтак жа кайфаваць і выдумляць нейкія новыя праекты. Мне здаецца, што я паставіла над сабой эксперымент. Я ўсё жыццё жыла ў сістэме — садок, школа, Акадэмія музыкі, праца ў тэатры. І цяпер у мяне эксперымент — усё, я вольная, не хаджу кожны дзень на працу, я сама па сабе, свабодны творчы чалавек. І мне проста цікава, куды мяне гэтая свабода занясе. Наколькі я вольная, наколькі я без тармазоў і што я магу зрабіць цікавага, якія праекты? Мне гэта вельмі цікава. Я не хачу хадзіць на працу кожны дзень, як трэба было рабіць у Акадэміі музыкі ці ў тэатры. Такі вось эксперымент. Здаецца, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца.

— Што ты будзеш рабіць, калі твая папулярнасць раптам скончыцца?

— Я наогул пра гэта не думала. Я ж неяк жыла раней і не была моцна папулярнай, вучылася, нешта рабіла, канцэрты давала, спявала. Мне здаецца, што калі я буду вольная і ў мяне не вычарпаецца творчая энергія, то ўсё роўна, буду я вядомая ці не. Галоўнае — рабіць нешта добрае, а не дрэннае, каб потым сорамна не было.

— Як ты ўспрымаеш крытыку? Калі хтосьці табе скажа, што ты робіш кітч, а не сатыру, што ты адкажаш?

— Да мяне нядаўна падышоў адзін чалавек і сказаў, што не разумее маёй творчасці ў «Красной зелени» і «НачОс News». Я яго спытала, ці не ведае ён, навошта ў джынсах ёсць маленькая кішэнька. «Для запальнічкі», — кажа. А я яму сказала, што гэтая кішэня для таго, каб ён туды паклаў сваё меркаванне. Ён не знайшоў што сказаць. Мне таксама шмат чаго не падабаецца, ну і што? У яго ёсць дыплом крытыка ці яшчэ што-небудзь? Але да крытыкі я стаўлюся нармальна, я ж хачу быць лепшай. Не кажыце мне, падабаецца вам ці не падабаецца тое, што я раблю. Кажаце, як можна гэта палепшыць, што для гэтага можна зрабіць.

Чытайце таксама