Звольненыя артысты гродзенскага драмтэатра ў пенсійным узросце пераехалі жыць у ЗША. Яны знайшлі там працу і нават працягваюць тэатральную дзейнасць. І ўжо не баяцца больш ня ўбачыць Беларусь. Іх гісторыю распавяло «Радыё Свабода».

Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава — сямейная тэатральная пара з Гродна. Ён рэжысёр, яна акторка. Яму цяпер 67 гадоў, ёй — 71. Абое працавалі ў драмтэатры больш за 40 гадоў. Курыленка мае званне заслужанага артыста Беларусі. У 2020 годзе, фактычна ў канцы прафэсійнай кар’еры, іхняе жыццё крута змянілася. А разам і жыццё гродзенскага драмтэатра.
Пайшла за мужам у аўтазак
15 жніўня 2020 года, у разгар пратэстаў у Беларусі, над гродзенскім драмтэатрам залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Яго адразу знялі. Правялі праверку, але так і не высветлілі, хто яго вывесіў. Крыху больш чым праз месяц пасля гэтага на маршы пратэсту ў Гродне затрымалі рэжысёра Сяргея Курыленку. Валянціна сама пайшла за мужам у аўтазак. Іх адпусцілі ў той жа дзень, а потым справу за масавае мерапрыемства закрылі. Калегі актораў у гэты час ад эмоцый не здолелі скончыць спектакль. Актора Ігара Уланава, які выйшаў да гледачоў і абвесціў пра гэта, звольнілі адным з першых.
22 верасьня ў драмтэатар прыязджаў старшыня гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, каб пагаварыць з артыстамі. Да будынка пад’ехаў і АМАП. У гэты і наступны дзень паказы ў тэатры адмянілі.

На наступныя спектаклі гродзенцы раскупілі ўсе білеты. Гэта была надзвычайная сітуацыя пасля перыяду каранавірусу, калі артысты гралі пры паўпустой залі. Аднак дырэктар драмтэатра Ігар Гедзіч адмяніў усе паказы на тыдзень нібыта праз эпідэмічную сытуацыю. Акторы былі перакананыя, што так кіраўнік адгарадзіў трупу ад салідарнасці гледачоў.
У лістападзе 2020 года ў гродзенскі драмтэатр узялі новага рэжысёра-пастаноўшчыка, Сяргея Яскевіча. А праз тры месяцы на многіх актораў драмтэатра завялі адміністрацыйную справу за пікет.

Яны сабраліся за два тыдні і выехалі ў Вільню — на творчую рэзідэнцыю на пяць месяцаў. Потым Сяргей і Валянціна пераехалі ў Беласток. Там Сяргей агучыў аўдыёкнігу Вінцэся Мудрова «Восень у Вільні». Валянціна працавала прыватна нянькай. Аднак у Польшчы пара не здолела знайсці сталую працу.
Здымаюць кватэру за 1,5 тысячы даляраў
У канцы 2022 года Валянціна і Сяргей паехалі да дачкі ў Філадэльфію як турысты. Яна выехала з Беларусі 5 гадоў таму, цяпер мае амерыканскае грамадзянства. Бацькі падалі дакумэнты на ўз'яднанне сям'і, каб легалізавацца ў новай краіне. Пара ўжо пераехала ад дачкі на асобную невялікую кватэру. Арэнда разам з аплатай камунальных каштуе каля 1,5 тысячы даляраў. Зняць жытло можна і танней, але ў больш небяспечным раёне.
«Пакуль у нас нават няма крэслаў. Дачка дала нам надзіманы ложак. Рэшту мэблі мы шукаем па абвестках», — расказвае Валянціна.
Сяргей ужо атрымаў дазвол на працу. Займаецца электроннай вентыляцыяй ацяплення разам са знаёмым. Цяпер здае іспыт на правы кіроўцы ў ЗША. Першы год у краіне можна ездзіць зь беларускімі правамі. Колькі ён будзе атрымліваць на працы, гродзенец пакуль ня ведае. Але разлічвае, што ім будзе хапаць на жыцьцё.
Валянціна яшчэ чакае легальнай магчымасці працаваць. Прызнаецца, што знайсці працу ў такім узросце ў ЗША не вельмі проста, асабліва калі не маеш дазволу на гэта. Яна магла б, прыкладам, даглядаць старэйшых хворых асобаў у хоспісе, аднак без неабходных дакументаў туды не бяруць.

«Працы тут дастаткова маладым. А ў нашым узросце мяне нават на прыбіранне дамоў не бяруць. Кажуць, мы нават пасля 55 ужо не разглядаем кандыдатуры», — прызнаецца Валянціна.
Дзіцячая тэатральная студыя
Акторы адкрылі дзіцячую тэатральную студыю Tutti-Frutti ў Філядэльфіі. Сяргей вядзе групу для старэйшых дзяцей, Валянціна — для маленькіх. Усяго ходзяць 10−12 малых зь Беларусі, Украіны, Расіі. Заняткі вядуць на рускай мове, бо так захацелі бацькі. Яны кажуць, што беларуская мова ў ЗША не запатрабаваная.
«Мне сказалі, а навошта нам беларуская мова? Яна тут не патрэбна. Тут шмат узбекаў, таджыкаў, грузінаў, армянаў. Адзіная мова, якая нас аб’ядноўвае, — руская», — тлумачыць Сяргей.
Яны працуюць у студыі за ахвяраванні. У сярэднім атрымліваюць па 15 даляраў за гадзіну з дзіцяці. Пакуль групаў няшмат. Валянціна таксама арганізавала тэатральны гурток у дзіцячым садку. Кажа, што туды спачатку было вельмі цяжка дабрацца, бо грамадзкі транспарт кепска арганізаваны. Яна даехала ў садок толькі з трэцяй спробы.
«Такія добрыя дзеткі, вельмі музыкальныя, тое, што трэба. Я, калі ішла з заняткаў, падумала: недарма я да іх даехала. Момант шчасця, проста цуд якія добрыя дзеці!» — кажа Валянціна.
Бацькі плацяць садку па 15 даляраў за заняткі, Валянціна атрымлівае з іх па 8 даляраў. Пара хацела б заняць гэтым увесь свой працоўны час. Цяпер былыя акторы шукаюць ахвотных у розных садках, таксама пры цэрквах.

Пара гродзенцаў наведвае беларускія супольнасці ў Філадэльфіі. На нядаўняй беларускай імпрэзе Сяргей расказаў, што хоча, каб Беларусь у свеце ведалі праз Алексіевіч і Быкава, а не праз Лукашэнку. У іхнім горадзе ёсць непалітызаванае беларускае кам’юніці, удзельнікі якога працягваюць ездзіць у Беларусь, і больш палітычнае — дзе людзі «страцілі ўсё, што можна страціць» і дзе на імпрэзах бел-чырвона-белыя сцягі. Валянціна таксама хадзіла ва ўкраінскамоўную царкву. У вольны час былыя гродзенцы гуляюць у парках.
«Вялікая колькасць кветак, усё прыгожа зроблена. Іхнія паркі адрозніваюцца ад нашых. У іх у парку скалы, камяні, рака», — расказвае Валянціна.
Беларусам падабаецца, наколькі лёгка ў новым месцы людзі могуць загаварыць на вуліцы, пазнаёміцца, што яны ўсміхаюцца і пытаюцца ў новых знаёмых, як тыя маюцца.
Не баяцца, што больш ня ўбачаць Беларусь
Артысты кажуць, што падтрымліваюць сувязь толькі з некалькімі былымі калегамі. Збольшага гэта проста віншаванне на сьвяты. Трупа раз’ехалася па свеце: хтосьці застаўся працаваць пры тэатры ў Літве, хтосьці паехаў у Польшчу, некаторыя застаюцца ў Беларусі. Многія былыя гродзенскія артысты ўладкаваліся не па прафэсіі: займаюцца азеляненнем мясцовасці, працуюць у таксі, у краме, выхоўваюць дзяцей у садку.

Валянціна з Сяргеем расказваюць, што акторам, якія засталіся ў Гродне, прапанавалі падпісаць паперу. Там нібыта гаварылася, што яны гатовыя даваць кіраўніцтву свае тэлефоны на праверку, каб атрымліваць прэмію. Многія на гэта пагадзіліся. У трупу набралі новых артыстаў.
«Прыходзяць, нічога ня ўмеючы. Прыходзяць проста з каледжа або нават з вуліцы. Яны гатовыя не толькі тэлефон паказаць, але і ўсё, што ніжэй пояса, калі папросяць», — іранізуе Сяргей.
Рэжысэр успамінае, што спачатку яны меркавалі вярнуцца ў Гродна, хацелі стварыць свой тэатр.
«Мы думалі, што едзем мо на паўгода, а потым вернемся. Мы ж павінныя былі перамагчы. Наіўныя былі… Думалі, што будзем канкураваць з нашым тым тэатрам. Хто лепшы, хай гледачы вырашаць, куды яны будуць хадзіць», — успамінае ён.
Цяпер пара рэдка ўспамінае 20 верасня, калі іх затрымалі. Яны настроеныя аптымістычна. Цешацца, што могуць бачыцца з унучкамі.
«Паціху наладжваецца нармальнае жыццё», — кажа Валянціна.
«Не ведаю, наколькі яно нармальнае, але ведаю, што там (у Беларусі. — РС) было б горш. Там бы я сядзеў. Яна б плакала гадзінамі», — лічыць муж.

Акторы ўжо не баяцца, што больш не ўбачаць Беларусь.
«Я часам успамінаю сваю кватэру. Думаю: у мяне вось тое было, а цяпер няма. Але нічога, абыдземся бяз гэтага. У Беластоку засталася нашая машына. Тут купілі патрыманую, ездзім на ёй… Я не ўпэўнены, што здолею прыехаць у Беларусь калі-небудзь. Раней думаў, што змагу. Цяпер ужо нп ведаю. Гэта сумна, але гэта праўда», — кажа Сяргей.
«Бяз болю гэта ўсё ўжо ўспамінаецца», — дадае жонка.
Сужэнцы кажуць, што не здолелі прыехаць у Беларусь і працягнуць з банкам дамову, таму цяпер не атрымліваюць і беларускай пннсіі.
«Мы стараемся жыць сёньняшнім днём. Сёньня ёсць у нас жытло», — кажа Валянціна.