У Беларусі выявілі некалькі выпадкаў малярыі і ліхаманкі Дэнге
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Міністэрства аховы здароўя ў 2023 годзе зарэгістравала ў Беларусі некалькі эпізодаў рэдкіх захворванняў — чатыры выпадкі ліхаманкі Дэнге і восем выпадкаў малярыі. Пра гэта расказаў намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Тарасенка, паведамляе расійскае інфармагенцтва Sputnik Беларусь.

Камар. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

— На жаль, выяўляюцца завозныя выпадкі. Мы фіксавалі завоз у 2023 годзе чатырох выпадкаў ліхаманкі Дэнге, у васьмі выпадках — малярыі. Два выпадкі зарэгістраваныя ў чэрвені і снежні ў Магілёўскай вобласці. Ачагі ліквідаваныя, — заявіў Тарасенка.

Ён падкрэсліў, што гэтыя эпізоды былі адзінкавымі з улікам таго, што пераносчыкі такіх захворванняў (звычайна гэта камары) — не заканамерныя насельнікі на тэрыторыі Беларусі.

Намеснік міністра дадаў, што неспрыяльная сітуацыя што да рызыкі распаўсюду розных захворванняў цяпер складваецца ў Цэнтральнай і Паўднёвай Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы, а таксама ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Але Мінздароўя пастаянна праводзіць маніторынг, каб не дапусціць выпадкаў завозу і распаўсюду небяспечных захворванняў.

На мяжы Беларусі з Польшчай, Латвіяй і Літвой ажыццяўляецца санітарны кантроль як фізічных асоб, так і грузаў. А на расійскім напрамку санітарна-каранцінны кантроль праводзіцца з улікам дамовы пра ЕАЭС па вонкавым перыметры межаў.