У Гродзенскім абласным судзе 19 снежня абвясцілі прысуд палітзняволенай Аляксандры Каско, якая вярнулася ў Беларусь у лютым гэтага года. Яе судзілі па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначылі 10 гадоў калоніі. Сілавікі заявілі, што да яе ўбіўся ў давер супрацоўнік ГУБАЗіК.

У тэлеграм-канале сілавікоў з’явіліся пэўныя «падрабязнасці» справы Аляксандры Каско, хоць так іх можна назваць з вялікай нацяжкай. Гэта сілавікі абгрунтоўваюць тым, што «працягваецца апрацоўка атрыманага масіву звестак».
Яны запэўніваюць, што дзяўчына была адміністратаркай «сеткі забароненых рэсурсаў» і па сумяшчальніцтве — каардынатаркай «Вясны».
Сілавікі заявілі, што ў пачатку 2022 года супрацоўнік Гродзенскага ГУБАЗ «з дапамогай метадаў сацыяльнай інжынерыі» ўбіўся ў давер да адміністратаркі «сеткі забароненых рэсурсаў», і праз месяц выявілася, што гэта Аляксандра Каско — яна нібыта раскрыла аператыўніку сваю асобу.
«Затрымалі яе толькі ў лютым 2023-га, прытым што летам 2022-га яна бесперашкодна, але пад кантролем сілавікоў прыязджала ў Беларусь. Ну вы зразумелі, так? Цэлы год з ёй камунікаваў, кантраляваў, вывучаў кола зносін і атрымліваў іншую інфармацыю супрацоўнік ГУБАЗ», — расказалі ў тэлеграм-канале ГУБАЗіК.
Там таксама заявілі, што тэрмін, які атрымала Аляксандра Каско, мог бы быць яшчэ большым, «калі б яна актыўна не супрацоўнічала з аператыўнікамі».
Нагадаем, Аляксандру Каско затрымалі 9 лютага 2023 года пасля вяртання з Польшчы. На наступны дзень ёй далі 10 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». На волю яна так і не выйшла — у дачыненні да жанчыны распачалі крымінальную справу. 19 снежня суд прызнаў яе вінаватай па 8 артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзіў на 10 гадоў зняволення.
Яшчэ да суда, 12 верасня 2023 года, КДБ унёс Аляксандру ў «спіс тэрарыстаў». Таксама яе дадалі ў «спіс экстрэмістаў». Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.