Даведаліся асобу беларускі, затрыманай у Польшчы за працу на КДБ. Гэта актывістка з Баранавічаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 

У аўторак, 9 студзеня, Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы паведаміла пра затрыманне грамадзянкі Беларусі, якая перадавала КДБ інфармацыю пра беларускую дыяспару. Як даведалася «Люстэрка» з уласных крыніц, гаворка ідзе пра актывістку Дар’ю Астапенка.

Дарья Остапенко на съезде "Говори правду" в Минске 19 сентября 2020 года. Фото: "Говори правду"
Дар’я Астапенка на з’ездзе «Гавары праўду» ў Мінску 19 верасня 2020 года. Фота: «Гавары праўду»

Дар'і Астапенка каля 36 гадоў, яна родам з Баранавічаў і па спецыяльнасці ветэрынар. Яшчэ да 2020 года дзяўчына кантактавала з рознымі апазіцыйнымі палітычнымі арганізацыямі і партыямі ў Беларусі, цікавілася іх дзейнасцю і хацела ў ёй удзельнічаць, прапаноўвала сваю дапамогу.

У прыватнасці, такім чынам Астапенка стала ўдзельніцай кампаніі «Гавары праўду». Яна з’явілася ў арганізацыі ў 2018−2019 гадах, была назіральніцай на выбарах, збірала подпісы, праходзіла адпаведныя ўнутраныя навучальныя трэнінгі ў Беларусі, як і іншыя шараговыя актывісты.

Дарэчы, у той перыяд Дар’я жыла ў Мінску і падчас адной з электаральных кампаній была назіральніцай на ўчастку, куды прыехаў галасаваць Аляксандр Лукашэнка.

Да 2020 года дзяўчына вярнулася назад у Баранавічы, дзе ў яе з’явілася ўласнае жыллё. У родным горадзе Астапенка праявіла сябе найбольш актыўна. Падчас прэзідэнцкіх выбараў яна ўзяла на сябе ролю каардынатаркі «Гавары праўду» па зборы подпісаў у Баранавічах і Баранавіцкім раёне і разам з маленькай камандай сабрала вельмі шмат — некалькі тысяч подпісаў.

Пасля гэтага лідар «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, рэгіструючыся кандыдатам у прэзідэнты, уключыў Дар’ю ў спіс сваіх давераных асобаў. У ім было 30 чалавек з розных гарадоў краіны: частка — кіраўніцтва арганізацыі і рэгіянальныя каардынатары, а частка — звычайныя актывісты. Ім давалі статус давераных, каб яны маглі ад імені кандыдата заказваць агітацыйныя матэрыялы, арганізоўваць пікеты і мітынгі і займацца іншымі перадвыбарчымі справамі кожны ў сваім горадзе. Тым самым займалася і Астапенка.

Дарья Остапенко собирает подписи за выдвижение Андрея Дмитриева кандидатом в президенты. Барановичи, 1 июня 2020 года. Фото: "Говори правду"
Дар’я Астапенка (злева за сталом) збірае подпісы за вылучэнне Андрэя Дзмітрыева кандыдатам у прэзідэнты. Баранавічы, 1 чэрвеня 2020 года. Фота: «Гавары праўду»

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Дар’я яшчэ некалькі разоў з’яўлялася ў «Гавары праўду», пабывала на з’ездзе арганізацыі ў Мінску 19 верасня 2020-га, але ў далейшым ніякага ўдзелу ў справах ГП не брала. Пра «ўнутраную кухню» арганізацыі яна ведала толькі тое, што ведалі і астатнія шараговыя сябры, не імкнулася ў лідары і не паспела атрымаць асаблівага даверу, часам надоўга знікала, некаторыя лічылі яе «дзіўнаватай».

Пасля выбараў 2020 года Астапенка спрабавала з дапамогай палітычных арганізацый атрымаць шэнгенскую візу, каб з’ехаць за мяжу, але беспаспяхова.

У 2023-м Дар’я ўсё ж пакінула Беларусь і, паводле нашых звестак, з восені знаходзілася ў Польшчы. Спачатку яна прыехала ў Варшаву, потым перабралася ў горад Лодзь. Там жыла ў розных знаёмых, цярпела фінансавыя цяжкасці, брала грошы ў доўг, ёй дапамагала беларуская дыяспара.

Як паведамілі нашыя крыніцы, Астапенка спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі дыяспары, прабрацца ў найбуйнейшыя беларускія арганізацыі ў Польшчы, прапаноўваючы ім сваю валанцёрскую дапамогу, збірала інфармацыю пра дзейнасць харугваў «Паспалітага рушання» (беларускай ваенна-патрыятычнай арганізацыі, створанай Валерыем Сахашчыкам) у Польшчы, у прыватнасці ў Беластоку. А таксама пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і тых, хто ім дапамагае.

Акрамя таго, яна вяла размовы пра тое, што трэба дзейнічаць больш актыўна, каб зрынуць уладу ў Беларусі, а менавіта — сілавым шляхам: прапаноўвала збіраць зброю, прарывацца ў Беларусь, зладзіць выбух на беларускай мяжы.

У нейкі момант Дар’я, у нецвярозым стане, сама прагаварылася знаёмым пра сапраўдную мэту яе актыўнасці ў Польшчы. Пасля гэтага інфармацыю пра яе перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі, і ў той жа дзень яна была затрыманая. Гэта адбылося 20 снежня 2023 года. Ужо 22 снежня суд у Варшаве адправіў дзяўчыну ў СІЗА.

Паводле крыніц, у смартфоне Астапенка пасля затрымання знайшлі доказы яе супрацоўніцтва з КДБ Беларусі з 2017 года. Яна таксама перасылала «куратарам» усе здабытыя звесткі, фатаграфіі і іншую інфармацыю, якую ёй удалося здабыць ужо ў Польшчы.

На гэты момант абвінавачанне Дар'і Астапенка выставілі па ч. 1 арт. 130 (Шпіянаж) Крымінальнага кодэкса Польшчы. Ёй пагражае не менш за пяць гадоў пазбаўлення волі.