«Цяжка вытрываць такія нечалавечыя ўмовы». Экс-палітвязні расказалі, як у калоніях і СІЗА перажываюць халодныя зімы
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Некалькі дзён таму стала вядома пра смерць палітвязня Вадзіма Храсько ў ПК-3, што ў пасёлку Віцьба. У мужчыны была пнеўманія, а ў бальніцу яго даставілі занадта позна, каб выратаваць. Сярод умоваў, пры якіх можа ўзнікнуць гэтае захворванне, — холад. Асабліва працяглы. Былыя палітвязні расказалі «Люстэрку», у якіх умовах знаходзяцца людзі ў калоніях і СІЗА, калі за акном −10…−15°C, як спрабуюць сагрэцца і як у іх (не) атрымліваецца гэта зрабіць.

Исправительная колония №2, Бобруйск, Фото: TUT.BY
Папраўчая калонія № 2, Бабруйск. Фота: TUT.BY

«Увесь час быў у зімовай куртцы»

У зняволенні Ілля (імя змененае) прабыў паўтара года. За гэты час прайшоў турму № 8 у Жодзіне, СІЗА-2 і тую самую калонію № 3, дзе памёр Вадзім Храсько. Кажа, што халады пераносіліся па-рознаму. Умовы ўсюды былі рознымі, і часта ўзровень цяпла залежаў ад таго, наколькі новы будынак і што можа дазволіць сабе зняволены.

— Калі мяне перавезлі ў Жодзіна, там працавала ацяпленне, — успамінае суразмоўца. — Але нас вызначылі ў першы корпус, дзе камеры пасля рамонту і з пластыкавымі вокнамі. Там было душна: перанасяленне і ацяпленне на ўсю катушку. А вось на «Тытаніку» (гэта значыць пяты і шосты карпусы) камеры старыя, з драўлянымі вокнамі. Бывала, што з іх прадзімала альбо шыбы наогул былі разбітыя. Але, як правіла, можна дамовіцца з наглядчыкамі, і яны даюць паперу заляпіць вокны. Яшчэ ў мароз яны самі звычайна не вельмі хочуць выходзіць на двор, таму перад шпацырам пытаюць: ідзём ці не? Калі на дварэ вельмі холадна, мы маглі заставацца ў камеры.

А вось у СІЗА-2, куды Іллю перавялі пасля Жодзіна, прагулкі былі абавязковымі. Узімку мужчыну даводзілася надзяваць усю сваю вопратку: дзве пары штаноў, самую цёплую куртку і кофту.

— У дворыках вельмі марозна і брыдка, — расказвае экс-палітвязень. — Але прагулкі былі нядоўгія. Вядома, ты можаш хадзіць і гадзіну, але звычайна пасля 20 хвілін вядуць назад у камеру.

Са словаў беларуса, калі за акном -20°C, тэмпература ў камеры СІЗА прыкладна як увосень на дварэ. Але такія ўмовы, кажа ён, можна трываць:

— То-бок ты ходзіш у зімовай вопратцы. Напрыклад, я ўвесь час насіў зімовую куртку. Батарэі не грэлі настолькі, каб можна было абысціся без яе. А перад пад’ёмам прачынаўся ад холаду, бо коўдры і прасціны за ноч астылі. Але я яшчэ мярзляк сам па сабе. А наогул у СІЗА ёсць магчымасць заварыць гарбату, парухацца, пазаймацца спортам. І гэта дапамагала неяк сагрэцца. Няма такога, каб аж паміраць.

СИЗО-2 в Витебске. Фото: ПЦ "Весна"
СІЗА-2 у Віцебску. Фота: ПЦ «Вясна»

Значна складаней тым, хто аказваецца зімой у карцары, адзначае Ілля. Па-першае, туды зняволены трапляе ў спецыяльнай вопратцы, якая зусім не сагравае. Па-другое, нічога цёплага ўзяць з сабой ён не можа.

— Да таго ж у такіх месцах вельмі холадна і мокра, — апісвае суразмоўца. — У мяне ёсць некалькі знаёмых, якія траплялі ў карцар зімой. Гэта вельмі цяжка. Трэба пастаянна займацца спортам, бо літаральна 15 хвілін пастаіш — і ўжо пачынаеш замярзаць. Калі не будзеш рухацца, то атрымаеш пераахаладжэнне, абмаражэнне канечнасцяў. А спаць у такіх умовах проста немагчыма.

Ілля трапіў у ПК-3 у Віцьбе ў пачатку студзеня, заспеў моцныя маразы. Параўноўваючы калонію з іншымі месцамі зняволення, ён робіць выснову: у жодзінскай турме і СІЗА-2 умовы былі «лепшыя».

— У калоніі ў цябе ёсць толькі тая рабочая вопратка з сінтэтыкі, якую выдаюць. У ёй ты мусіш быць пастаянна, — кажа мужчына. — Калі я прыехаў, у мяне адабралі ўсе рэчы, бо швэдры былі шэрага і сіняга колераў, а можна толькі чорнае.

Праўда, у калоніі Ілля заспеў толькі каранцін. У атрад ужо не трапіў — скончыўся тэрмін. Успамінае: увесь час мусіў знаходзіцца на дварэ, у лакальнай зоне. Заходзіць у будынак «каранцінным» дазвалялі толькі па раскладзе, каб паесці, паспаць і паглядзець тэлевізар.

— Астатні час ты на дварэ. Тады былі вялікія маразы, −15…−20°C. Таму мы перыядычна забягалі ў будынак і грэліся ля батарэі. Вядома, ганялі, правіламі гэта забаронена. Але мы ўсё роўна так рабілі, бо па-іншаму не сагрэешся, — успамінае ён. — Чаму большую частку часу ў каранціне ты знаходзішся на дварэ, мне не зусім зразумела. Проста там такія ўмовы. Праз гэта я захварэў, тэмпература паднялася да 38 °C. У выніку заразіў усіх хлопцаў, якія былі на каранціне. Прычым іх усіх чамусьці паклалі ў мясцовую бальніцу, а мне толькі выпісалі антыбіётыкі і парацэтамол.

Выказваць незадаволенасць такім распарадкам дня супрацоўнікам калоніі было бессэнсоўна, дадае Ілля. Можна было напісаць афіцыйную скаргу (іх адміністрацыя ПК вельмі баіцца), але пасля такога жыццё аўтара заявы ў зняволенні відавочна стане горшым, упэўнены ён.

— Да таго ж не факт, што папера дойдзе да адрасатаў, бо вышэйшаму кіраўніцтву іх усё роўна перадае адміністрацыя калоніі, — заключае мужчына.

«Надзявалі дзве майкі — атрымлівалі пакаранне»

Экс-палітвязень Валянцін Лабачоў трапіў у ПК-1 у Наваполацку ў канцы студзеня 2022-га, а выйшаў на волю ў сярэдзіне лютага 2023-га. Усяго ў калоніі ён прабыў дзве зімы.

— Калі толькі прыехаў і знаходзіўся на каранціне, было вельмі холадна — стаялі моцныя маразы, — успамінае суразмоўца. — Ужо потым у атрадзе мяне паклалі на другі ярус, нягледзячы на даведку пра эпілепсію, падпісаную начальнікам калоніі. Спальнае месца знаходзілася паміж дзвярыма і акном, якое было пастаянна адчыненае. То-бок я ляжаў увесь час на скразняку. Вядома, было холадна. Плюс мы стаялі на праверках па гадзіне, а то і па паўтары, і ўсё гэта на дварэ.

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Параўноўваючы СІЗА і калонію, мужчына адзначае: у апошняй было халадней. Паводле яго адчуванняў, тэмпература ў будынку атрада была каля 15−16°C, а ў СІЗА — прыкладна 18−20°C, і холад там асабліва не адчуваўся.

Адзенне ў зняволеных, успамінае Валянцін, не асабліва цёплае. Сам ён хадзіў у летніх чаравіках (іншых з сабой не было), а першым часам яму ніяк не маглі выдаць пальчаткі. Праўда, потым мужчыну ўручылі звычайныя рабочыя, якія зусім не ратавалі ад холаду.

— Цёплае адзенне зімой — гэта тэрмабялізна і працоўны касцюм, — пералічвае Валянцін. — Нічога больш ты надзець не можаш, інакш напішуць рапарт. Напрыклад, некаторыя надзявалі дзве майкі — і за гэта атрымлівалі пакаранне. Можна было нават «заехаць» у ШІЗА. Вось там было яшчэ цяжэй. Каб сагрэцца, рабілі фізічныя практыкаванні, адцісканні, прысяданні, проста хадзілі па камеры. Хтосьці ўвесь час сядзеў каля батарэі, і потым маглі заставацца апёкі: па батарэях ішоў кіпень, і доўга да іх прыхінацца нельга. Некаторыя нават спалі каля іх ноччу, хоць за гэта на іх пісалі рапарты. Паводле правілаў унутранага распарадку ў ШІЗА чалавек абавязаны спаць на голых дошках, і нават хадзіць, каб сагрэцца, нельга.

Варыянтаў барацьбы з холадам у зняволеных было няшмат. У атрадзе ўцяпляліся, надзяваючы шалікі, цёплыя пальчаткі, ваўняныя шкарпэткі. Але, як расказвае Валянцін, дапамагала гэта з пераменным поспехам.

— Хто даўно сядзеў, з дзвюх целагрэек рабілі адну, — дадае ён. — Перашывалі і запіхвалі туды ўвесь сінтэпон, каб было цяплей. Паняцця «цёплае адзенне», умоўна які-небудзь швэдар, у калоніі проста няма. Дазвалялі спартыўны касцюм, але калі ты надзенеш яго пад іншую вопратку, таксама можаш атрымаць рапарт.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы, звяртацца да кіраўніцтва і скардзіцца на тое, што замярзаюць, зняволеныя не спяшаліся, кажа суразмоўца.

— Не бачылі ў гэтым ніякага сэнсу. Ды і гэта лішні спосаб прыцягнуць да сябе непатрэбную ўвагу — упэўнены ён. — Але, дарэчы, калі стаялі вельмі моцныя маразы, праверка праходзіла не на дварэ, а ў калідоры ў атрадзе. Але гэта было літаральна некалькі разоў за ўвесь мой тэрмін. А паколькі па вялікім рахунку супрацоўнікам усё роўна, ім практычна напляваць на зняволеных. І нават калі камусьці ёсць справа, то ён нічога не можа зрабіць у гэтай сістэме.

«Выпраныя рэчы не прасыхалі, было волка»

Экс-палітзняволеная Марыя (імя змененае) праседзела год у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Тамсама перажывала зіму 2022 года. Адзначае, што ўмовы былі не найлепшыя, У першую чаргу — праз узрост будынка.

— Камеры розныя: адны абаграваюцца добра, а іншыя — дрэнна, — успамінае суразмоўніца. — Адна дзяўчына, якую перакідвалі ўвесь час з камеры ў камеру, расказвала пра зусім маленькую, тры на тры метры. Там нават зімой было вельмі горача, бо жыло шэсць чалавек, і немагчыма было развярнуцца. Што да нашай камеры, то батарэя ў ёй была забітая. Перад ацяпляльным сезонам іх мусяць прадзьмухваць, але гэтага ніхто не рабіў. У выніку верхняя частка батарэі ў нас была цёплая, а ніжняя — прахалодная. То-бок не грэла амаль зусім.

Интерьеры камеры на Володарского, воссозданные в 3D-модели проектом помощи политзаключенным Politzek.me. Скриншот изображения Politzek.me
Інтэр'еры камеры на Валадарскага, адноўленыя ў 3D-мадэлі праектам дапамогі палітвязням politzek.me. Скрыншот выявы politzek.me

На праблему з батарэяй жанчыны скардзіліся, але вырашыць сітуацыю гэта ніяк не дапамагло, кажа экс-палітзняволеная. Супрацоўнікі СІЗА проста спасылаліся на ўзрост будынка.

— Маўляў, не будзем прачышчаць батарэю, бо раптам лопне, — успамінае Марыя. — У выніку стан камер жахлівы, ды яшчэ людзям не хапае месца. Я лічу, гэта ўжо парушэнне чалавечых правоў. Вы ж пасадзілі чалавека, вы несяце за яго адказнасць, за яго здароўе. А выходзіць, што яно толькі пагаршаецца.

Складанасцяў у мароз дадавалі і руцінныя дзеянні, без якіх не абыходзіцца жыццё ў СІЗА. Напрыклад, абавязковыя прагулкі. І калі нейкі час яны маглі доўжыцца не гадзіну, а 10−15 хвілін, пасля якіх зняволеныя ішлі грэцца, то праз добрыя водгукі пра Валадарку ў інтэрнэце ўмовы зрабілі больш жорсткімі.

— Ужо вясной пачалі заўсёды гуляць гадзіну. І я не ведаю, як людзі перажывалі наступную зіму і як адчувалі сябе ў гэты мароз, — дзеліцца суразмоўніца. — Яшчэ ў любое надвор’е мы павінныя праць свае рэчы. Гэта дазвалялася рабіць пасля 18.00, калі вопратку можна было вешаць на адну няшчасную батарэю. Але зімой яна практычна не прасыхала, бо было холадна. А гэта ж вільгаць і волкасць у камеры. Таму мы мы пралі па чарзе і не больш за чатыры рэчы за раз.

Не дадавала прыемнасці і курэнне ў камеры, працягвае Марыя. Паколькі гэта рабілі не ўсе, аднакамерніцы дамовіліся адкрываць акно раз на гадзіну на 10 хвілін, каб ахвочыя паспелі пакурыць. У моцныя маразы ў памяшканні станавілася вельмі холадна, таму жанчыны апраналіся яшчэ цяплей на час ветранняў.

— Каб сагрэцца, мы сядзелі ў вязаных рэчах, куртках. Яшчэ ўвесь час пілі гарачую гарбату, надзеўшы на гэтыя алюмініевыя кубкі абрэзаныя шкарпэткі, — расказвае экс-палітзняволеная. — Але ўсё роўна ў некаторых ўзнікалі праблемы з жаночым здароўем. У мяне была такая сітуацыя: змерзлі ногі, і адразу ж усё перадалося на жаночыя органы. Вядома, цяжка вытрываць такія нечалавечыя ўмовы. Не ведаю, як іншыя вытрымлівалі некалькі гадоў, — мне ўсяго 10 месяцаў сур’ёзна ўдарылі па здароўі.

«Можна правесці адзіны выходны, складаючы снег у мяшкі»

Пасля суда Ірыну (імя змененае) адправілі ў жаночую калонію № 4, што ў Гомелі. Яна правяла там зіму 2021 і 2022 года і кажа, што ў маразы многае залежыць ад таго, у якім атрадзе апынецца зняволеная. Розныя атрады жывуць у розных будынках, і калі дзесьці ўмовы будуць лепшыя, то дзесьці — не вельмі.

— Там ёсць навейшыя будынкі з пластыкавымі вокнамі, а ёсць старыя з драўлянымі, — кажа суразмоўніца. — Я была і ў атрадзе, які жыў у суперхалодным будынку, і ў звычайным, дзе прымальная тэмпература. І вось гэты стары будынак да таго ж быў без падмурка і стаяў проста на ўзроўні зямлі. Там я надзявала на сябе ўсю вопратку, якая была. У ёй клалася спаць і яшчэ спрабавала накрыцца зверху ручнікамі, каб было цяплей. Вось так старалася выжыць.

Женская колония в Гомеле. Кадр из фильма «Дебют» Анастасии Мирошниченко
Жаночая калонія ў Гомелі. Кадр з фільма «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка

Большую частку часу зняволеныя жанчыны праводзяць або ў атрадзе, або на швейнай фабрыцы. Тое, колькі кожная знаходзіцца на дварэ, залежыць ад распарадку, графіка працы і дзяжурстваў, тлумачыць Ірына:

— У нас былі спецыяльныя дзяжурствы, калі ты стаіш ля брамкі і адкрываеш яе, калі хтосьці ідзе, як швейцар. Прыходзіць афіцэр — яшчэ і здаеш рапарт, як у войску. Час гэтага дзяжурства залежыць ад атрада: калі вас шмат, то кожная дзяжурыць толькі гадзіну на тыдзень, калі менш, можа быць і дзве. Але трэба сказаць, што, калі былі суперхалады, нам скарацілі гэтую «брамку» (від дзяжурства. — Заўв. рэд.) на паўгадзіны. Праўда, у выніку мы дзяжурылі некалькі разоў на тыдзень. А аднойчы быў зусім моцны мароз, і дзяжурным дазволілі не выходзіць на двор.

Нашмат большай праблемай зімой у калоніі экс-палітзняволеная называе ўборку снегу. Гэта робяць самі жанчыны: за кожным атрадам замацаваная прылеглая да яго будынка тэрыторыя, якую зімой трэба расчышчаць.

— Гэта ненавідзелі абсалютна ўсе. Снег можа выпасці ў любы час, і тады ўсе ідуць з рыдлёўкамі чысціць тэрыторыю, — тлумачыць яна. — Вы можаце прабавіць увесь вольны час, свой адзіны выходны, разграбаючы снег і складаючы яго ў мяшкі. Бо ў калоніі ёсць толькі адзін пункт, за сталоўкай, дзе можа быць снег. І вось вы з аднаго месца проста перавозіце яго ў мяшках у іншае. Усе жудасна злуюцца, бо разумеюць, што робяць поўную лухту. Асабліва калі ты складваеш снег лапатай у мяшок, а табе на галаву падаюць сняжынкі — і заўтра ўсё зноў засыпле.

Шэсць дзён на тыдзень зняволеныя працуюць на швейнай фабрыцы, у будынку якой таксама холадна. Як ні дзіўна, кажа Ірына, батарэі там працавалі пастаянна, але зусім не дапамагалі нагрэць памяшканне.

— Калі прыходзіш на працу, трэба надзець фартух, зняць шапку, пальчаткі. Нават шалік пакінуць нельга, — кажа жанчына. — Але калі ты працуеш рукамі, асабліва хутка замярзаюць пальцы. Таму калі ў мяне была вольная хвілінка, я проста сядзела ля батарэі. Многія ходзяць грэцца да прасаў. Хоць дзяўчаты казалі, што часам, калі было ну вельмі халодна, ім маглі дазволіць надзець цялагу (целагрэйку. — Заўв. рэд.) або шалік.

Заключенные ИК 4 шьют спортивную форму. Гомель, август 2018 года. Фото: БЕЛТА
Зняволеныя ПК-4 шыюць спартыўную форму. Гомель, жнівень 2018 года. Фота: БЕЛТА

Варыянтаў сагрэцца зімой у зняволеных жанчын не так шмат. Хадзіць у куртцы ў атрадзе таксама забаронена, успамінае Ірына, але затое дазваляліся шалікі і пальчаткі.

— Некаторыя ўсё ж надзявалі курткі, хоць гэта небяспечна: калі афіцэр ці хтосьці з адміністрацыі ўбачыць, што ты ў дадатковай вопратцы, могуць палічыць гэта за парушэнне і пакараць, — кажа яна. — Пры гэтым форменнае адзенне цёплае прыкладна на 0%. Гэта толькі ўмоўная назва — «зімовае». На справе гэта проста пінжак і спадніца. Таму калі няма сваёй цёплай вопраткі чорнага колеру, кофты або легінсаў, якія можна надзець пад форму, хутчэй за ўсё, вы змерзнеце. Самае важнае, каб тваё асабістае адзенне было максімальна цёплым і каб яго не было відаць пад формай.

Ірына ўспамінае, што зімой у калоніі многія зняволеныя хварэлі, як і яна сама. Мяркуе, што актыўна распаўсюджваліся вірусы: адна захварэла, заразіла некалькіх вакол. Пры гэтым летам, калі зняволеныя не мерзлі ў атрадах і на фабрыцы, такога ўсплёску хворых дзяўчына не памятае.

Чытайце таксама