Сілавікі праводзяць масавыя рэйды сярод экс-палітвязняў і родных тых, хто сядзіць за палітыку. Што вядома на гэты момант?
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Раніцай 23 студзеня сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак паведаміў пра масавыя рэйды КДБ у розных гарадах Беларусі. Рэдакцыі «Люстэрка» вядома мінімум пра два такія выпадкі. Расказваем падрабязнасці.

Фото из архива zerkalo.io
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота з архіва «Люстэрка»

Паводле інфармацыі адной з нашых крыніц, сёння раніцай сілавікі прыйшлі да яго знаёмай. Жанчына — жонка палітвязня. Яе тэлефон недаступны. Суразмоўца не ведае, прадстаўнікамі якога ведамства з’яўляюцца няпрошаныя госці. Паводле яго звестак, «візіт» звязаны з тым, што жанчына была ў закрытым чаце, дзе маюць зносіны блізкія палітвязняў і былыя палітвязні (мы не агучваем назвы чата з меркаванняў бяспекі).

— Там яны абмяркоўваюць бытавыя пытанні, што ў перадачу пакласці, якую вопратку можна, — каротка кажа суразмоўца. — Мне сказалі, што прыйшлі да многіх з гэтага чата. Асабліва цікавіліся тымі, хто, мабыць, у чаце пісаў пра дапамогу BYSOL.

Пра падобную сітуацыю рэдакцыі паведамілі і родныя яшчэ аднаго з палітвязняў. Да бацькоў мужчыны сёння раніцай таксама прыйшлі сілавікі. Цікавіліся «дапамогай з-за мяжы». Што менавіта гэта за дапамога, суразмоўца не ведае. Ці былі гэтыя людзі ў тым жа чаце, што і знаёмая нашай крыніцы, невядома.

Паводле інфармацыі Андрэя Стрыжака, сярод затрыманых — былыя палітвязні і іх сваякі. У Dissidеnt. bу выданню «Медыязона» расказалі, што ім вядома «каля пяці» такіх выпадкаў. Праваабаронцы паведамляюць, што ў пастановах сілавікоў фігуруюць артыкулы за «фінансаванне» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фарміраваннях».

У сувязі з тым, што адбываецца, Андрэй Стрыжак звярнуўся да родных палітвязняў і экс-палітвязняў:

— Паклапаціцеся пра сваю бяспеку — выдаліце перапіску з сэрвісамі BYSOL.

Паводле звестак праваабаронцаў на 14.55, затрыманыя як мінімум 24 чалавекі. Гэта экс-палітвязні і родныя палітвязняў.

Акрамя таго, сёння ўдзень у тэлеграм-канале «Вясны» з’явілася інфармацыя, што 16 студзеня праект INeedHelpBY прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Гэтае рашэнне прынятае КДБ.

— Ініцыятыва INeedHelpBY дапамагае прадуктамі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій і знаходзіцца ў цяжкай фінансавай сітуацыі, — паведамляюць праваабаронцы.

Ці звязаныя сённяшнія затрыманні з гэтай ініцыятывай, праваабаронцы дакладна сказаць не могуць. Поўнай інфармацыі пра ператрусы ў іх пакуль няма.

Паводле інфармацыі «Люстэрка», адна з сем’яў, да якой сёння прыйшлі сілавікі, шмат месяцаў таму атрымлівала прадукты з дапамогай гэтай арганізацыі.

Чытайце таксама