Яшчэ адна трагедыя: імаверна, здзейсніў суіцыд студэнт Акадэміі кіравання. Расказваем, што пра гэта вядома
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Некалькі дзён таму мы пісалі пра здарэнне ў БДУІР: з пачатку года ў інтэрнатах універсітэта забілі сябе трое студэнтаў. У сераду, 20 сакавіка, загінуў яшчэ адзін студэнт, але ўжо іншай ВНУ. Як стала вядома «Люстэрку», другакурснік Акадэміі кіравання выпаў з балкона 17-га паверха. Мяркуецца, што 18-гадовы хлопец скончыў жыццё самагубствам.

Общежитие № 9 Беларусского государственного экономического университета в Минске. Фото: meo.bseu.by
Інтэрнат № 9 Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ў Мінску. Фота: meo.bseu.by

«Ён пайшоў з занятку пісаць тлумачальную, але больш не вярнуўся»

Здарэнне адбылося ў Студэнцкай вёсцы. Інтэрнат № 9 на вуліцы Чурлёніса належыць БДЭУ, але жывуць там студэнты яшчэ трох універсітэтаў. Як расказала «Люстэрку» студэнтка эканамічнага ўніверсітэта Марына (імя змененае), якая жыве там, верхнія паверхі належаць БДТУ, БДУФК і Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

— Даведалася пра трагедыю, а 12-й гадзіне ад знаёмай, адразу пачала шукаць чаты нашага інтэрната, — успамінае дзяўчына. — Там было фота цела загінулага хлопца і абмеркаванне, што гэта быў суіцыд. Многія апускалі гэтае слова, але характарызавалі яго ўчынак менавіта так. Падрабязнасцяў не было. Праз кароткі час усе паведамленні, якія датычылі трагедыі, выдалілі. За ўвесь час, што я тут жыву, такіх страшных падзей не было. Але ведаю, што ў іншых інтэрнатах майго ўніверсітэта здараліся. Таму, калі я прачытала пра тое, што адбылося, сэрца было не на месцы, не магла паверыць, што гэта здарылася ў нас. Увечары жудасна не хацела вяртацца туды.

Студэнт Акадэміі кіравання Мікіта (імя змененае) вучыўся на адным курсе з загінулым, але блізкіх зносін паміж імі не было. Студэнта звалі Даніла, яму было 18 гадоў, і вучыцца ў Мінск ён прыехаў з Магілёўскай вобласці. Мікіта расказвае: перад трагедыяй хлопец спазніўся на пару літаральна «на хвіліну», праз што запатрабавалі тлумачальную.

— Ён пайшоў з занятку пісаць яе, але больш не вярнуўся. Казалі, што па камерах паміж прыходам у інтэрнат і да моманту падзення было дзесьці 15−20 хвілін, то-бок, мабыць, чалавек ішоў на гэта мэтаскіравана, — лічыць Мікіта. — Рэч, вядома, не ў самой тлумачальнай. У яго, хутчэй за ўсё, нешта назапашвалася вялікі перыяд часу, а гэта ўжо стала апошняй кропляй. На агульных занятках паводзіўся па-рознаму: часам сядзеў і гучна смяяўся з сябрамі, а часам хадзіў прыгнечаны. Але на гэтым тыдні быў непрыкметны. А 20-га, перад самагубствам, ён выдаліў старонку «ВКонтакте». Але яе хтосьці аднавіў ужо пасля смерці — альбо СК, альбо родныя.

Мы адшукалі старонку Данілы «ВКонтакте». На ёй — некалькі малюнкаў (апошні апублікаваны 16 лютага) і ніякіх пастоў, толькі згадка пра змену фота профілю. Апошняя публікацыя пра гэта — у сярэдзіне лютага. У інфармацыі пра сябе малады чалавек адзначыў дату нараджэння і назву ВНУ.

Як расказвае Мікіта, у інтэрнаце студэнтам адразу абвясцілі, што можна звярнуцца да псіхолага, каб пагаварыць пра тое, што здарылася. Пры гэтым, паводле яго словаў, навучэнцам «сказалі не распаўсюджвацца на гэтую тэму» паміж сабой, а паведамленні ў чатах пачалі чысціць.

— Сёння на парах многія робяць выгляд, што ўсё ў парадку, але абсалютна ўсе гутаркі сціхлі, — дзеліцца ён.

Што кажуць прадстаўнікі інтэрната?

Журналістка «Люстэрка» як занепакоеная мама студэнткі патэлефанавала ў адміністрацыю студгарадка БДЭУ. Там пацвердзілі, што 20 сакавіка здарылася трагедыя, але пакуль не спяшаюцца называць тое, што адбылося, суіцыдам.

— Рэч у тым, што пакуль не скончылася следства, — расказала намесніца начальніка па выхаваўчай рабоце Вольга Руткоўская. — Сапраўды, такі факт ёсць: хлопец з другога курса Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (яны ў нас таксама жывуць), як мяркуецца, выпаў з балкона. З чым гэта звязана, чаму, праз што? Магчыма, былі праблемы з навучаннем. Ніхто нічога не ведае, пакуль толькі версіі. Афіцыйнае следства не скончанае. Як толькі яно скончыцца, раскажуць, растлумачаць. Гэты будынак высокі, балконы пераходныя адкрытыя, бо гэта шляхі эвакуацыі. А калі іх закрыць, пажарныя проста не змогуць [у выпадку чаго] эвакуяваць людзей. Таму згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй вось так.

Паводле суразмоўніцы, для адміністрацыі інтэрната тое, што адбылося, стала шокам. Вольга Руткоўская кажа, што і яна сама «не спала ноч», вельмі перажывала, і выхавальніца інтэрната таксама.

— Хоць яна вельмі адказная, яна з імі як квактуха, увесь час, і ўсе дакументы ў парадку. Гэты чалавек сапраўды праводзіць велізарную працу, — тлумачыць намесніца начальніка. — Але што дзеецца ў галовах у нашых дзяцей, мы не ведаем, не можам жа туды залезці. Мы па штатным раскладзе праводзім сходы, але іншае пытанне, што яны нікуды не прыходзяць. У сацсетках ужо шмат усякага, фэйкаў усялякіх [пра ўчарашняе]. Афіцыйную інфармацыю, што гэта студэнт Акадэміі кіравання, мы далі. Ну, а як далей — пакажа следства.

У размове яна згадала, што ў яшчэ адным інтэрнаце БДЭУ адбыўся суіцыд у снежні мінулага года: студэнт забіў сябе. Яна адзначыла, што той хлопец быў вельмі таленавітым, але ў яго «было спадчыннае псіхічнае захворванне».

Вольга Руткоўская параіла студэнтам не саромецца звяртацца па дапамогу да псіхолагаў, якія працуюць ва ўніверсітэтах.

Калі вы ў складанай жыццёвай сітуацыі і ўзнікаюць думкі пра суіцыд, памятаеце, што выйсце ёсць. Звярніцеся па дапамогу на кругласутачныя тэлефоны даверу. Гэта ананімна і бясплатна.

Мінск: +375 17 352−44−44;

Брэсцкая вобласць: +375 16 225−57−27;

Віцебская вобласць: +375 21 261−60−60;

Гомельская вобласць: +375 23 231−51−61;

Гродзенская вобласць: +375 15 275−23−90;

Мінская вобласць: +375 17 270−24−01;

Магілёўская вобласць: + 375 22 271−11−61.