СМі паведамлялі пра двух пацярпелых ахоўнікаў-беларусаў, якія працавалі ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», дзе 22 сакавіка адбылася страляніна і загінула больш за 130 чалавек. Бацька аднаго з ахоўнікаў, Аліма Кашаварава, расказаў тэлеканалу АНТ пра стан сына.

— Стан у Аліма крытычны. Ён ляжыць пад ШВЛ, у штучнай коме. Множныя пашкоджанні цела, сэпсіс пачаўся. Адмовілі ныркі, рабілі там, ныркі аднаўлялі. Вялікая была вельмі страта крыві. Таму ўсё ідзе вельмі складана, ніякіх прагнозаў дактары не даюць. Але малайцы, робяць усё, што могуць, — паведаміў Іосіф Кашавараў.
Ён расказаў, што сын працаваў у кантралёрам, стаяў на ўваходзе «Крокуса». Правяраў рэчы наведнікаў.
Нагадаем, раней супрацоўнік службы бяспекі «Крокус Сіці Хола» Аляксей Асанушкоў паведаміў, што 22 сакавіка пацярпелі двое ахоўнікаў-беларусаў: Алім Кашавараў і Вадзім Кулік. Пра першага ён сказаў, што яго зрэзалі чаргой з аўтамата. Другі, паводле Асанушкова, да апошняга ратаваў людзей і сам з цэнтра не выйшаў.
Як паведамлялася, увечары 22 сакавіка невядомыя мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў будынак Crocus City Hall у падмаскоўным Краснагорску і адкрылі агонь. Паводле звестак СК Расіі, у выніку нападу загінула больш за 130 чалавек, пацярпела звыш 150. Раніцай 23 сакавіка ў СК і ФСБ Расіі заявілі пра затрыманне ўсіх падазраваных у здзяйсненні тэракту ў Бранскай вобласці.