Опубликовано 29 сакавiка 2024 у 18.48
Адрес в интернете: https://zerkal0-view.online/news/life/64540.html    

«Праз Польшчу ездзяць у Беларусь у госці». Рэпартаж з памежнай украінскай вёскі, дзе раней масава закупляліся беларусы

Украінская вёска Забалацце месціцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад беларускай мяжы: раней цягнік з Маларыты штодзень прывозіў на мясцовы рынак сотні беларусаў. Але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і закрыцця межаў вёска апынулася наводшыбе. Як цяпер жывуць мясцовыя, што кажуць пра беларусаў і ці баяцца ўварвання з поўначы — у рэпартажы «Люстэрка».

Украина, Волынская область, Ковельский район, март 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Украіна, Валынская вобласць, Ковельскі раён, сакавік 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

«Недзе сорак хвілін іду, можа, машыны дзве праехала, ніхто не спыніўся»

Пасёлак Забалацце ў Ковельскім раёне Валынскай вобласці Украіны вядомы многім нашым суайчыннікам. Дызель, стартуючы з Брэста, да мяжы напаўняўся пад завязку: людзі імкнуліся на кірмаш, у які ператвараліся літаральна ўсе вуліцы пасёлка. З украінскага ж боку сюды ехалі гандляры з поўным асартыментам тавару. У апошнія гады сітуацыя кардынальна змянілася: першым ударам была эпідэмія кавіду з закрыццём межаў, што значна ўскладніла перамяшчэнне. А з пачаткам поўнамаштабнай вайны на беларуска-ўкраінскай мяжы апусцілася непраходная заслона. Забалацце з папулярнага гандлёвага месца стала ўскрайкам, з якога цяжка некуды дабрацца.

З Беларусі трапіць сюды, вядома, немагчыма, але і з Кіева шлях няпросты. Прамы цягнік ідзе толькі да Ковеля, што сустракае вялікім рынкам ля самага вакзала. Раней акурат адсюль стартаваў дызель Ковель — Брэст, на якім мясцовыя гандляры кожную раніцу выпраўляліся з таварам да Забалацця, дзе эстафету пераймалі ўжо беларусы.

Цяпер жа дызель даязджае толькі да вёскі Старая Выжыўка, а яна — напаўдарозе да Забалацця. Рэч у тым, што ў пачатку ўварвання мясцовая ўлада вельмі баялася наступу расійскіх войскаў з боку Беларусі, і праз гэтыя асцярогі разабралі чыгуначную каляіну.

Вокзал в Ковеле, электричка на Заболотье. Украина, Волынская область, Ковельский район, март 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Вакзал у Ковелі, электрычка на Забалацце. Украіна, Валынская вобласць, Ковельскі раён, сакавік 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Прамая маршрутка курсуе толькі раз на дзень і адпраўляецца раней за прыбыццё кіеўскага цягніка, таму адзіная дарога да Забалацця цяпер — аўтаспын. Праблема ў тым, што ў маленькую вёску цяпер мала хто едзе: гандаль спыніўся, а праз блізкасць мяжы на дарогах — узмоцненыя праверкі дакументаў.

Да Старой Выжыўкі я даехаў у напаўпустым вагоне за 22 грыўні (каля 1,84 беларускага рубля). Першы спадарожнік, вайсковец, маўкліва падвёз да наступнай вёскі, на ўездзе ў якую мы сустрэлі вялікую пахавальную працэсію — ледзь не штодзённую рэчаіснасць літаральна кожнага населенага пункта.

Далейшая дарога ў бок Забалацця практычна пустая, іду ёю, азіраючыся ці не едзе нехта ў такую глуш. Вакол знаёмыя краявіды Палесся — не ведаючы дакладнага месцазнаходжання, можна падумаць, што гэта Беларусь. Абапал дарогі падлесак расце проста з падтопленай балоцістай глебы. Некалькі аўтамабіляў прамчалі міма. Толькі пяты ці шосты спыняецца.

— Спортам займаецеся? — жартуе, адчыніўшы бакавое акно, кіроўца і ўбачыўшы мяне з вялікім заплечнікам і фотаапаратам. Мне пашанцавала: ён едзе акурат да Забалацця, — Я нядаўна вось жанчынку таксама туды падвозіў, дык яна скардзілася: «Недзе сорак хвілін іду, можа, машыны дзве праехала, ніхто не спыніўся».

«Нават мясцовыя кажуць, што праз гэтую мяжу цяпер ніхто не пройдзе»

Мужчына прадстаўляецца: «Анатоль». Яму 35 гадоў і працуе ён гандлёвым прадстаўніком, таму часта ездзіць па мясцовых вёсках, сустракаецца з уладальнікамі крамаў, дамаўляецца пра пастаўкі.

— Вось бы ўся дарога была як гэты кавалак — было б класна! — гаворыць ён.

— Там далей зусім кепская будзе? — пытаю я.

— Ага, ды вы зараз пабачыце і адчуеце, — смяецца кіроўца, — Калі б не вайна, то, можа, і зрабілі б. Цяпер і гандляры тыя баяцца ездзіць. Усюды патрулі стаяць, правяраюць, павесткі выпісваюць. Чым бліжэй да мяжы вёска — тым больш глухая. Першыя разы, як я тут ездзіў, аж мурашкі па целе былі: блокпасты скрозь, такія праверкі сур’ёзныя. Да таго ж тут ўсё замінаванае. Летась у Шацкім раёне, што побач, дарога выбухнула. Пісалі, маланка трапіла, і радочкам падарваўся цэлы шэраг. Я калі фоткі ў навінах пабачыў, зразумеў, што акурат у той дзень быў там, літаральна метраў за трыццаць спыняўся, каб у прыбіральню схадзіць. Калі жонцы расказаў, яна сварылася моцна, кажа цяпер цярпець аж да Ковеля, не спыняцца.

— А так тут вельмі прыгожа, толькі пажадана не хадзіць убок ад дарогі, не гуляць, — працягвае кіроўца. —  Хаця едзеш, пішуць «міны» паўсюль, а за гэтымі шыльдамі мясцовыя з поўнымі кошыкамі грыбоў. Глядзіш — і сліна бяжыць. Хлопцы-калегі ўмудраліся між пераездамі на 15−20 хвілін у лес заскочыць і назбіраць на вячэру. Я ўсё ж так не рызыкую.

Анатолій рэзка спыняецца — наперадзе блокпост: бетонныя блокі ўпоперак перакрываюць палосы дарогі, між якімі змейкай прасоўваецца машына. Малады вайсковец з аўтаматам махае рукой, каб праязджалі. Відаць, вырашыў не спыняць нас. А Анатолій прыгадвае гісторыю, як выклікаў насцярожанасць падчас праверкі, калі толькі пачынаў працаваць у гэтай мясцовасці:

— Я ехаў у вёску Рóстань па працы. Але ж я не тутэйшы, не ведаю, як правільна мястэчкі называюцца. Мяне вось на такім посце спынілі, вельмі ветліва пачалі распытваць, і на пытанні, куды я еду, адказаў: «Растань». «Куды-куды?» — перапытваюць. Ну, я і паўтараю. Там пачалося: выйдзіце з машыны, адкрыйце багажнік. Я адразу і не ўехаў, у чым прыкол. Праверылі літаральна ўсё і толькі на развітанне сказалі пра націск. Мабыць, гэта і правільна: тады ўсе дээргэшнікаў шукалі. Увогуле блізкасць мяжы спачатку палохала, а потым прывыкаеш. Нават мясцовыя кажуць, што праз гэтую мяжу цяпер ніхто не пройдзе. Трэба быць нейкім адчайным, каб паспрабаваць. Вось так едзеш-едзеш, і за некалькі соцень метраў наўпрост — ужо Беларусь. Паварочваеш галаву направа: там палі, балоты, лес, глядзіш на карту — а гэта ўжо Беларусь. У адзін бок «Кіеўстар» не ловіць, толькі МТС, у іншы бок — наадварот.

Цяпер Анатоля на блокпастах ужо ведаюць, таму на ўездзе ў Забалацце дакументы ў нас таксама правяраць не сталі. А літаральна праз некалькі хвілін мы ўжо ў самым цэнтры паселішча — на вуліцы 1 Мая, што ідзе ўздоўж чыгуначнай каляіны.

Заболотье. Ковельский район, Волынская область, Украина. 27 февраля 2023 года. Скриншот видео "Суспильне. Луцк"
Забалацце. Ковельскі раён, Валынская вобласць, Украіна. 27 лютага 2023 года. Скрыншот відэа «Суспільне. Луцк»

«З нашай тэрытарыяльнай грамады вельмі шмат людзей жыве ў Беларусі і цяпер»

Найперш я іду ў мясцовую адміністрацыю — невялікі будынак на задворках цэнтральнай вуліцы. На другім паверсе знаходжу намесніцу вясковага галавы Забалацеўскай рады Надзею Дзенісюк. Яна крыху здзіўляецца, што да іх пасёлка даехаў беларускі журналіст, але згаджаецца расказаць пра сітуацыю:

— Жыццё даволі моцна змянілася для людзей, бо шмат мужчын прызвалі ва УСУ. Граніца закрытая поўнасцю паміж Украінай і Беларуссю, ніякага гандлю, паставак няма. Адпаведна, людзі, якія раней працавалі на рынку, цяпер у асноўным выязджаюць за мяжу, каб папоўніць свой бюджэт.

Пры тым, як зазначае спадарыня Надзея, насельніцтва пасёлка — каля 4300 чалавек — практычна не скарацілася, бо людзі, папрацаваўшы ў Польшчы ці Германіі, вяртаюцца назад. Тых, хто выехаў назусім, мала. Паводле яе, настрой у людзей не бадзёры, але не праз хваляванне наконт наступу з Беларусі, а хутчэй праз эканамічныя абставіны.

— Магчыма, у 2022 годзе пэўныя асцярогі былі, а цяпер у сувязі з тым, што на мяжы ў нас пакуль спакой — зроблена шмат, каб гэты спакой быў, — панічных настрояў няма. Не хачу за ўсіх казаць, але, думаю, да 80 працэнтаў людзей не верыць, што такое будзе, — лічыць яна.

Заместитель сельского головы Заболотья Надежда Денисюк. 27 февраля 2023 года. Скриншот видео "Суспільне. Луцк"
Намесніца вясковага галавы Забалацця Надзея Дзенісюк. Ковельскі раён, Валынская вобласць, Украіна. 27 лютага 2023 года. Скрыншот відэа «Суспільне. Луцк»

— А да Беларусі якое цяпер стаўленне? — удакладняю ў яе.

— Ведаеце, неадназначнае. Як бы там ні было, з нашай тэрытарыяльнай грамады вельмі шмат людзей жыве ў Беларусі і цяпер. Гэта і першая памежная вёска Хаціслаў, і Маларыта, і Брэст. Ну вельмі шмат! Частка людзей праз Польшчу ездзіць у госці ў Беларусь. Да блізкіх найперш: дзеці, браты, сёстры… Я так разумею, у Беларусі розныя настроі адносна людзей, што прыехалі з Украіны. Частка беларусаў думае, што тут сапраўды жывуць ворагі, але большасць з тых, з кім я стасуюся, усё ж спакойна камунікуе, размаўляе. Магчыма, не гавораць пра такое, пра што нельга гаварыць, а пра побыт — размаўляюць. Кантакты людскія ёсць. Мабыць, гэта добра. Ёсць розныя настроі з боку Беларусі. Але ў асноўным людзі, што цяпер у Беларусі, расказваюць выключна пра побытавыя рэчы, пра сем'і. Я думаю, яны баяцца. Гэта адчуваецца ў размовах.

На развітанне Надзея дзякуе за ўвагу да Забалацця. Кажа, добра, што «чытачы дазнаюцца, як мы жывём».

— Ведаю, некаторыя людзі ў Беларусі лічаць, што мы ва ўсім вінаватыя, што мы ворагі. Відаць, у гэтым выпадку трэба, каб змянілася пакаленне — такіх наўрад ці пераканаеш.

«Няма пакупнікоў — і рынка няма»

Я спяшаюся на рынак, каб заспець тых нешматлікіх гандляроў, што цяпер тут працуюць. Да пачатку поўнамаштабнай вайны ўвесь цэнтр Забалацця быў застаўлены гандлёвымі палаткамі, між якімі віравала жыццё. Асабліва ў гандлёвы дзень — аўторак. Цяпер жа нічога такога няма. На цэнтральнай вуліцы непадалёк ад нядзейнай чыгуначнай станцыі стаяць шэсць-сем гандляроў, якія, не дачакаўшыся абеду, пакрысе збіраюць тавар. Настрой у іх не вельмі бадзёры: кажуць, што гандаль слабы, вельмі мала пакупнікоў, а прыязджаюць яны сюды толькі раз на тыдзень, акурат у аўторкі. Разлік толькі на мясцовага спажыўца, адпаведны і тавар: найперш даступныя, недарагія рэчы. Апроч імправізаваных драўляных стэндаў на вуліцы ў Забалацці ёсць і абсталяваны рынак. Ужо на падыходзе да яго відаць скрозь закрытыя павільёны, людзей зусім няма.

Одна из рыночных торговцев Валентина. Заболотье, Ковельский район, Волынская область. 27 февраля 2023 года. Скриншот видео "Суспильне. Луцк"
Гандлярка на рынку Валянціна. Забалацце, Ковельскі раён, Валынская вобласць, Украіна. 27 лютага 2023 года. Скрыншот відэа «Суспільне. Луцк»

— За гэтыя два гады ўсё змянілася! — уздыхае Валянціна, якая якраз закрывае свой пункт. — Гандаль увогуле ніякі: у людзей няма настрою, ды і грошай няма. Чыгунка не працуе, даехаць сюды цяжка. Раней з Беларусі прыязджала вельмі шмат людзей, а цяпер толькі свае. Прадукты яшчэ, можа, і бяруць, а адзенне — у крайнім выпадку. Каранавірус, вайна — і так пакрысе ўсё спынілася. Нехта з жанчын едзе за мяжу, мужчыны ваююць — пазабіралі. Адзенне — цяпер неабавязковая патрэба. Вось і ўвесь рынак. Няма пакупнікоў — і рынка няма.

У павільёне Валянціны вісяць жаночыя рэчы: джынсы, блузкі, швэдры. Прадавачка кажа, што збывае ўсё той жа тавар, што закупляла яшчэ чатыры гады таму. Цэны практычна не падымала, але попыт усё адно невялікі.

— Ёсць спадзяванні, што некалі наладзіцца праца — надзеяй жывём. Але я не ведаю, калі яно ўсё зменіцца. А пакуль як ёсць, так ёсць. Хацелася б ужо спакою, міру, мабыць, і людзі б памяняліся, і ўсё змянілася б вакол. Цяпер не сказаць, што спакойна, але мы прывыклі ўжо. Настрою ў людзей ніякага няма: у многіх блізкія на фронце, — разважае жанчына.

— Да беларусаў якое стаўленне цяпер? — паўтараю сваё пытанне ўжо ёй.

— Ды іх няма, тых беларусаў, — смяецца жанчына. — Тое ж ведаеце як, у многіх там ёсць і дзеці, і сваякі. Я сама не камунікую, у мяне нікога там няма, дык нават не магу вам сказаць.

У паветры раздаецца сірэна паветранай трывогі. Валянціна спяшаецца:

— Вось трывога. Дзяцей трэба забіраць са школы. Усё не так, як раней было, хацелася б, каб вярнулася ўсё.

— А калі вернецца, як лічыце?

— Ха-ха-ха, — рагоча суразмоўніца. —  Вы ведаеце што — цягніка я не бачу ўжо чатыры гады. Вагоны грузавыя стаяць і ўсё. Як закрылі мяжу падчас эпідэміі, так жыццё тут і спынілася. Нават падчас святаў людзі панурыя ходзяць — у кожнага свае думкі. Спім у цёплых хатах — і тое добра.

Рынок в Заболотье. Ковельский район, Волынская область, Украина. 27 февраля 2023 года. Скриншот видео "Суспильне. Луцк"
Рынак у Забалацці. Ковельскі раён, Валынская вобласць, Украіна. 27 лютага 2023 года. Скрыншот відэа «Суспільне. Луцк»

Трывога скончылася. Я вяртаюся з рынка зноў праз плошчу, на якой засталося толькі два прылаўкі, пакупнікоў няма. Прадавачка Вера, якая прыехала з суседняй вёскі Ратнае, гандлюе абуткам:

— Я працую тут гадоў пятнаццаць, цяпер усё змянілася. Няма ні людзей, ні гандлю, нічога няма. Беларусы прыязджалі на рынак, іх насамрэч тут большасць была, змяталі ўсё. Але ж яны ужо з каранцінам перасталі ездзіць практычна. А з пачаткам вайны дык увогуле Забалацце наводшыбе апынулася. Цяпер у асноўным мясцовае насяленне, ды іх не вельмі шмат. Нават з суседніх вёсак цяпер сюды без машыны не даедзеш: адна маршрутка самай раніцай і ўсё. Трэба ж за нешта жыць, не? Есці ўсе хочуць.

«А дзе грошай зарабіць яшчэ, каб пражыць?»

Непадалёк на ходніку стаіць жанчына гадоў пяцідзесяці з прадуктамі: малако, тварог, смятана.

— Вядома, як ездзілі беларусы, то больш бралі ўсяго, нам тады было добра, — уздыхае Ларыса, — А цяпер толькі тыя, хто ў вёсцы: ім не трэба столькі.

— На жыццё хапае?

— Якое жыццё? Я нідзе не працую, толькі што тут угандлюю: грыўняў сто (каля 11 рублёў). І дзе тут хопіць? Працы нідзе не знойдзеш, а ехаць за мяжу ў мяне здароўя няма. Іншыя дык едзяць, чаго ж не ездзіць. А дзе грошай зарабіць яшчэ, каб пражыць? Тут працы няма практычна: настаўнікі робяць, па крамах прадаўцы — вось і ўся праца. У асноўным людзі сядзяць дома. Раней яшчэ мужчыны маглі выязджаць, цяпер ні мужы, ні сыны не выязджаюць. А так тут прадасі нешта, а не — то дадому пойдзеш, таго малака вып’еш з тварагом — і ўсё. Настрою няма ніякага. Як у мяне — дык увогуле. Сын ваюе, прапаў без вестак. Два месяцы ні слыху ні прослыху, ніхто нідзе нічога не кажа. Забраць — забяруць, а шукаць — шукай сам. І ўсё. То які тут настрой… У сына засталося дзіцё — два гадочкі, няма ніякай справы нікому да гэтага. Я таксама адна, напрыклад, быў муж — памёр сем гадоў таму. Куды ні грукаешся, куды ні звяртаешся — ніхто нічым не дапаможа. Вось так і жывём. Да ўсяго прывыкаем, жывём і прывыкаем.

Деревня Заболотье на украино-белорусской границе. Украина, Волынская область, Ковельский район, март 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Вёска Забалацце на ўкраінска-беларускай мяжы. Украіна, Валынская вобласць, Ковельскі раён, сакавік 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Па самой вуліцы раскіданыя і звычайныя крамы. У прадуктовых асартымент звыклы для ўкраінскай правінцыі, цэны таксама. Абмежаванняў на продаж алкаголю ўжо няма — забаронена толькі вайскоўцам. Сярод адкрытых — і крама з адзеннем, тут працуе Аляксандра — гэта бізнес яе маці. Падчас размовы высвятляю, што дзяўчына нарадзілася ў Брэсце, але з бацькамі пераехала сюды яшчэ ў маленстве, хоць у Беларусі засталося шмат сваякоў.

— Цяпер няма тут беларусаў, як вы маглі заўважыць, і няма гандлю. Заробкі ўпалі. Працоўных месцаў вобмаль. Большасць, мабыць, за мяжой зарабляе — у Польшчу ездзяць. Шмат вайскоўцаў, — кажа Аляксандра. —  Стала спакайней недзе год таму. Прыбралі многія пункты прапускныя на дарогах, цяпер іх менш. Перад тым год быў не вельмі спакойны. У мяне ў Беларусі цяпер цётка і сястра стрыечная, хросныя бацькі жывуць. Мы стэлефаноўваемся часам. Яны не могуць нічога сказаць. Напрыклад, мой тата — вайсковец, прыязджаў на 10 дзён у адпачынак на святы. Ён трохі выпіў, і калі званілі па відэасувязі да сваякоў у Беларусь, пачаў задаваць пытанні, як яны да вайны ставяцца, што пра Лукашэнку думаюць. А яны не маглі нічога адказаць — баяліся. Паўтаралі толькі: «Спадзяёмся, што ўсё будзе добра». Ён перапытвае: «А што менавіта будзе добра?» І няма адказу. Там жа вельмі ўсё кантралюецца, напрыклад, тэлефоны праслухоўваюцца, людзі запалоханыя.

Выходжу з крамы, на вуліцы ўжо не засталося ні гандляроў, ні прылаўкаў — яны вернуцца толькі праз тыдзень. Каб выехаць адсюль, трэба зноў шукаць спадарожную машыну, таму іду на выезд з вёскі. Ад цэнтральнай вуліцы ў бакі разыходзяцца грунтовыя дарогі з ахайнымі падворкамі, у нізінах стаіць вада, крыху на поўнач праз невялікае балота — падлесак, за якім ужо і Беларусь.

Падыходжу бліжэй, са мной вітаецца, перастаўшы калоць дровы, Віктар. Усяго метраў за дваццаць ад яго крайняй хаты стаіць вада. Мужчына кажа, што так было не заўжды: з пачаткам вайны помпы, што адводзяць лішнюю вільгаць, працуююць толькі часткова. Відаць, каб памежныя палеткі дакладна былі непраходнымі. Мужчына кажа, што некалі ездзіў падпрацоўваць у Польшчу, цяпер такой магчымасці няма:

— Вось дроваў пасек — нейкіх 600 грыўняў (каля 42 рублёў) зарабіў. Адзіны занятак цяпер. Можа, недзе і лепей, а ў нас такі ўскраек тут.

Як жыве Украіна падчас вайны? "Люстэрка" дакументуе жыццё ў буйных населеных пунктах і ў маленькіх кутках. У адрозненне ад прапаганды, мы не транслюем гатовыя слоганы, а расказваем гісторыі рэальных людзей знутры краіны.

Падтрымайце «Люстэрка», каб мы маглі публікаваць больш такіх матэрыялаў 🙌

Станьце патронам «Люстэрка» — незалежнага медыя, якое толькі на сайце штомесяц наведвае больш за 2 мільёны ўнікальных карыстальнікаў.

Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне ці аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO