Мінскі гарадскі суд 22 красавіка абвясціў прысуд палітвязню Андрэю Лапаціну, прызнаўшы яго вінаватым у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361−2 КК РБ). Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Па гэтым артыкуле звычайна судзяць тых, хто рабіў данаты.
Лапаціну прызначылі чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Справу разглядала суддзя Святлана Чарапанава.
Паводле інфармацыі валанцёраў «Вясны», Андрэя затрымалі ў пачатку траўня 2023 года, калі ён прывёз перадачу свайму брату Максіму Лапаціну, затрыманаму па справе пра дыверсію супраць расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Да затрымання Андрэй Лапацін жыў у Літве. З моманту, як яго затрымалі ў траўні мінулага года, ён знаходзіўся ў СІЗА-1.
Яго брата Максіма Лапаціна, які фігураваў у сюжэце пра дыверсію з расійскім самалётам А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах на тэлеканале «Беларусь 1», затрымалі 3 сакавіка мінулага года, а ягоную жонку — 23 сакавіка.
Нагадаем, што 26 лютага ў выніку выбухаў з дапамогай кіравальных дронаў на аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам быў пашкоджаны расійскі вайсковы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50. Па факце спробы здзяйснення акту тэрарызму на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах КДБ распачаў крымінальную справу. Затрымалі больш за 20 чалавек.