Марыя з’ехала з Беларусі пасля выбараў 2020-га. У Мінску ў яе засталася кватэра, у якой акрамя гаспадыні зарэгістраваны і яе муж. Вярнуцца на радзіму сям’я пакуль не можа, таму вырашае, што рабіць з нерухомасцю. Пара хацела б яе прадаць, але ці атрымаецца? Спыталі ў юрыста.

Юрыст сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі Legalhub.help тлумачыць, што для продажу кватэры ў Беларусі ў гэтым выпадку ёсць два варыянты.
Першы — прыехаць у краіну і асабіста прысутнічаць падчас угоды. Для Марыі гэтая опцыя недаступная, таму пераходзім да другога пункта. Дапамагчы можа даверанасць, аформленая ў РБ на кагосьці з родных ці сяброў. Напрыклад, калі жанчына паклапацілася пра такі дакумент да ад’езду. Тады падчас працэдуры замяніць гаспадыню можа той, чыё імя ўпісанае ў афіцыйную паперу.
— Калі ж у чалавека не аформленая даверанасць у Беларусі і прыехаць у краіну ён не можа, то і прадаць кватэру не атрымаецца, — кажа спецыяліст Legalhub.help.
А што рабіць з рэгістрацыяй мужа? Тут юрыст абнадзейвае: гэта нязначная перашкода.
— У гэтым выпадку, каб ажыццявіць продаж, дастаткова згоды мужа Марыі. Дакумент можна заверыць у амбасадзе або консульстве Беларусі на тэрыторыі краіны, дзе цяпер жыве сям’я. Гэта першы варыянт, — прапануе ён. — Другі — аформіць згоду ў натарыуса, паставіць апастыль, а потым адправіць у Беларусь. Там яго павінныя перакласці зноў заверыць у натарыуса.
Падчас угоды дастаткова даць дакумент, які пацвярджае згоду.
— Выканаўшы названыя вышэй умовы, Марыя можа прадаць кватэру, — рэзюмуюць спецыялісты.
А калі б у пары было маленькае дзіця, якое таксама зарэгістраванае ў гэтай кватэры, бацькам давялося б афармляць згоду на продаж яшчэ і ад яго?
— Калі такое дзіця не прызнанае дзяржорганамі дзіцем, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы альбо мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, то ніякіх дадатковых згодаў і дазволаў не трэба, — адказваюць спецыялісты. — У адваротным выпадку, каб прадаць кватэру, бацькі павінныя атрымаць згоду органаў апекі па месцы рэгістрацыі.
Чытайце таксама