Праваабаронцы: Затрыманы ў Расіі вядомы беларускі доктар Уладзімір Мартаў знаходзіцца ў СІЗА Віцебска
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 

Дэпартаваны з Расіі доктар Уладзімір Мартаў знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА. Пра гэта паведамляе «Віцебская вясна».

Уладзімір Мартаў. Фота: TUT.BY

«Доктара экстрадыявалі ў Беларусь, цяпер ён знаходзіцца пад арыштам», — пішуць праваабаронцы.

У чым яго абвінавачваюць — невядома.

Нагадаем, Уладзіміра Мартава затрымалі 14 траўня гэтага года ў Санкт-Пецярбургу. Паведамлялася, што ён знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку.

Уладзімір Мартаў — доктар-рэаніматолаг з Віцебска. Адзін з першых беларускіх медыкаў, які адкрыта расказваў пра кавід, праблемы ў беларускіх бальніцах і сістэму аховы здароўя.

У сакавіку 2021 года ў інтэрв'ю TUT.BY рэаніматолаг агучыў факт аварыі на кіслароднай станцыі віцебскай бальніцы, праз якую памерла некалькі цяжкіх пацыентаў. Пасля гэтага бальніцу пачалі правяраць камісіі, да справы прыцягвалі Следчы камітэт. Аднак вінаватых у інцыдэнце не знайшлося.

Затое пра сітуацыю выказаўся Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў бальніцу Маладзечна: «Ну, калі гэта чарговая палітыка, дык трэба на месца [Мартава] ставіць». Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч сказаў: «Паставім».

З красавіка 2021 года Уладзіміру Мартаву не падоўжылі кантракт. Застаўшыся без працы, доўгі час медык жыў на лецішчы пад Лепелем. У лютым 2022 года туды па яго прыехалі сілавікі. Яго абвінавацілі ў парушэнні арт. 24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) КаАП. Адседзеўшы 7 сутак адміністрацыйнага арышту, Мартаў з’ехаў з краіны.