Праз новыя абмежаванні на ўезд у ЕС аўто на беларускіх нумарах узнік ажыятаж у ДАІ: людзі імкнуцца перааформіць свае аўтамабілі. На дапамогу супрацоўнікам рэгістрацыйнага аддзялення адправілі падмацаванне, рэжым працы падоўжылі, а ГУБАЗіК шукае асобаў, што «нагнятаюць абстаноўку» і распаўсюджваюць «укіды», паведамілі ў МУС.

У рэгістрацыйна-экзаменацыйным аддзяленні (РЭА) ДАІ УУС Гродзеншчыны ў апошнія дні ўзнік ажыятажны попыт на перафармленне аўто. Прычына гэтага — новыя патрабаванні краін ЕС што да перасячэння мяжы: у прыватнасці, для ўезду ў Польшчу ў аўтамабілі абавязкова мусіць знаходзіцца яго ўладальнік.
Сітуацыю ўзяў на кантроль кіраўнік МУС Іван Кубракоў. Каб дапамагчы справіцца з чэргамі, у аддзяленне адправілі дадатковых супрацоўнікаў ДАІ. Павялічаная працягласць працы РЭА (з 07.00 да 17.00), а таксама ўнесеныя неабходныя карэкціроўкі ў яго дзейнасць.
«Нягледзячы на тое, што заканадаўствам вызначаны тэрмін ажыццяўлення працэдуры рэгістрацыі транспарту да сямі дзён, яна займае не больш за суткі», — паведамілі ў МУС.
Акрамя таго, Кубракоў даручыў Галоўнаму ўпраўленню па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) «выявіць асобаў, што штучна нагнятаюць абстаноўку і ажыццяўляюць інфармацыйныя ўкіды, якія не адпавядаюць рэчаіснасці».
Нагадаем, 29 чэрвеня Рада ЕС распаўсюдзіла на Беларусь санкцыі, якія раней увялі супраць Расіі. Новыя абмежаванні скіраваныя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленне абыходу наяўных санкцый.
Сярод іншага была пашыраная забарона перавозіць грузы аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку падчас перавозкі грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.
У сярэдзіне ліпеня Латвія, Літва і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабілям, зарэгістраваным у Беларусі (у Літве гэтае абмежаванне ў поўнай меры пачне дзейнічаць з 16 жніўня). Польшча пакуль дазваляе ўезд беларускіх легкавікоў, хоць і з некаторымі абмежаваннямі. У прыватнасці, уласнік аўтамабіля мусіць абавязкова знаходзіцца за рулём ці, прынамсі, у салоне. Гэта датычыць і аўто, якія належаць юрыдычным асобам.
Офіс лідаркі беларускіх дэмсілаў Святланы Ціханоўскай прапанаваў шэрагу краін ЕС змякчыць абмежаванні на пропуск праз мяжу аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Гаворка ідзе пра «максімальна шырокія» выключэнні з новых правілаў, паведаміў дарадца палітыка Франак Вячорка.