Днём 20 жніўня ў пункце пропуску «Брэст» выезду ў Польшчу чакае 92 аўтобусы. Пра гэта сведчаць звесткі маніторынгу Дзяржпамежкамітэта.

Чарга з аўтобусаў на выезд у Польшчу пачала збірацца з нядзелі. Увечары 18 жніўня ў «Брэсце» іх было 80. Такая ж колькасць стаяла ў чарзе ў першай палове дня ў панядзелак.
Раніца аўторка стартавала з 70 аўтобусаў. У 16.00 іх стала ўжо 92.
У памежных тэлеграм-каналах карыстальнікі пішуць, што з ночы чарга амаль не зменшылася.
«Стаім з 00.00 тут, рушылі двойчы: у 4.50 і 8.00. З 8.00 потым праехалі яшчэ 3 метры і сталі калом», — напісала адна з карыстальніц.
«Такога армагедону я не памятаю», — пацвердзіў іншы ўдзельнік групы.
«Падселі дзесьці ў 12-ы аўтобус (лічачы з маршруткамі) у 8.00 і стаім за нашай мяжой. Дагэтуль перад намі чарга аўтобусаў», — напісаў яшчэ адзін падарожнік.
У беларускім Дзяржпамежкамітэце паведамілі, што пункт пропуску «Брэст» (з польскага боку — «Тэрэспаль») цяпер самы загружаны. За мінулыя суткі палякі прынялі на сваю тэрыторыю 30% транспарту ад нормы.
Акрамя таго, выезду ў Польшчу чакае 560 легкавікоў.
На літоўскім кірунку свабадней — 40 аўто стаіць у «Каменным Логу» і 10 — у «Беняконях».
На выезд у Латвію чэргаў не назіраецца.
Чытайце таксама