«Вясна» паведаміла падрабязнасці нядаўняга рэйду сілавікоў: да людзей прыходзілі ў рамках крымінальнай справы пра змову для захопу ўлады
Читать по-русски


/

Падчас рэйду 31 кастрычніка — 1 лістапада сілавікі праводзілі затрыманні і ператрусы ў межах крымінальнай справы па артыкуле 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото из архива zerkalo.io
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота з архіва «Люстэрка»

У рэйдах удзельнічалі супрацоўнікі КДБ. Частка затрыманых дагэтуль за кратамі. Некаторых выпусцілі на волю ў якасці сведак па крымінальнай справе.

«Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытанні адносна дваровых чатаў, якія былі асабліва папулярнымі ў паслявыбарчы час», — піша «Вясна».

Нагадаем, 31 кастрычніка паведамлялася пра масавыя праверкі і затрыманні ў Смаргоні і Ваўкавыску. Гаварылася таксама пра выпадкі ў Мінску, Гомелі, Маладзечне, Навагрудку і Магілёве. 1 лістапада стала вядома, што на заводзе ў Хойніках затрымалі каля 20 чалавек, але на прадпрыемстве заявілі, што ў іх «усё спакойна».

Артыкул 357 КК

1. Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў са штрафам або без штрафу.

2. Захоп ці ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў са штрафам або без штрафу.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткай другой гэтага артыкула, якія прывялі да гібелі людзей альбо спалучаныя з забойствам, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў са штрафам або без штрафу, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем.