На фоне расійска-ўкраінскай вайны з боку палітычных і грамадскіх дзеячаў розных краін нашмат часцей пачала гучаць крытыка ў адрас ААН і аднаго з яе ключавых інстытутаў — Савета Бяспекі. Галоўная міжнародная арганізацыя планеты кепска спраўляецца з функцыямі, для выканання якіх стваралася? Чаму яна не можа ўмяшацца ў канфлікт ва Украіне і скончыць яго? Тлумачым.

Папа Рымскі і ўсе-ўсе-ўсе: хто крытыкуе ААН
Апублікаваны 16 кастрычніка ўрывак новай кнігі Папы Рымскага Францішка «Прашу вас у імя Госпада. Дзесяць малітваў пра надзею на будучыню» ўтрымлівае крытыку сучаснай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Кіраўнік каталіцкай царквы сцвярджае, што ААН больш не адпавядае новым рэаліям. Упэўненасць пантыфіка ў неабходнасці рэфармавання арганізацыі звязаная з расійска-ўкраінскай вайной, якая паказала, што наяўныя спосабы вырашэння канфліктаў не працуюць.
Ідэя аб неабходнасці рэфармавання ў апошнія месяцы гучыць не толькі з Ватыкана. У пачатку верасня амбасадарка ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд паабяцала, што будзе настойваць на рэфармаванні Савета Бяспекі арганізацыі, каб ён «лепш адлюстроўваў цяперашнія глабальныя рэаліі і ўключаў геаграфічна больш разнастайныя пункты гледжання».
Падчас 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у верасні гэтага года адзін з самых важкіх галасоў, якія заклікалі да рэфармавання Савета Бяспекі ААН, належаў прэзідэнту Францыі. Эманюэль Макрон прапанаваў пашырыць колькасць пастаянных чальцоў Савета Бяспекі і адначасова абмежаваць права вета, якое маюць такія дзяржавы, у выпадку масавых злачынстваў.
Канцлер Германіі Олаф Шольц на гэтай жа сесіі Генасамблеі выказаўся канкрэтней: «Мы не можам заставацца ўбаку, калі ўзброеная да зубоў ядзерная дзяржава — адна з заснавальніц ААН і пастаянны чалец Савета Бяспекі — стараецца, ні больш ні менш, з дапамогай сілы змяніць межы».
Крытыкуючы імперыялістычныя дзеянні Расіі, Шольц заклікаў да абароны сусветнага парадку, бо ў выпадку бяздзейнасці Статут ААН ператворыцца ў простую паперку. Германія, якая валодае у 1,5 разу больш буйной эканомікай, чым Францыя, і ў 2,5 разы — чым Расія, не мае статусу пастаяннага чальца Савета Бяспекі. Шольц заклікаў гэта выправіць.
Навошта патрэбны Савет Бяспекі ААН
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якую цяпер у бездапаможнасці і бяздзейнасці не абвінавачвае толькі лянівы, стваралася якраз з мэтай прадухілення войнаў. Пра гэта наўпрост гаворыць прэамбула да галоўнага дакумента ААН — яе Статута:
МЫ, НАРОДЫ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЙ, ПОЎНЫЯ РАШУЧАСЦІ
пазбавіць будучыя пакаленні ад нягодаў вайны, якая двойчы ў нашым жыцці прынесла чалавецтву невымоўнае гора <…>
І З ГЭТЫМІ МЭТАМІ
праяўляць цярпімасць і жыць разам, у міры адно з адным, як добрыя суседзі, і
аб’яднаць нашы сілы для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, і
забяспечыць прыняццем прынцыпаў і ўстанаўленнем метадаў, каб узброеныя сілы ўжываліся не інакш як у агульных інтарэсах <…>
ААН прыйшла на змену папярэдняй глабальнай міжнароднай арганізацыі, Лізе Нацый, якая была расфармаваная ў сувязі з няздольнасцю выконваць задачы па падтрыманні міру.
Галоўным інструментам падтрымання міжнароднага міру, паводле задумы стваральнікаў арганізацыі, з’яўляецца Савет Бяспекі ААН. Ключавую ролю ў ім у сваю чаргу граюць пастаянныя чальцы, якія маюць унікальнае права блакаваць рашэнні Савета, з якімі яны не згодныя — правам вета. Правобразам Савета Бяспекі быў план сусветнага ўладкавання з дапамогай «чатырох паліцэйскіх» — чатырох галоўных саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі (ЗША, Вялікабрытаніі, СССР і Кітая). Такое абазначэнне для гэтых дзяржаваў яшчэ ў 1941-м прыдумаў і выкарыстаў амерыканскі прэзідэнт Франклін Рузвельт. Гэтая «вялікая чацвёрка» мусіла несці адказнасць за падтрыманне парадку ў сваіх сферах уплыву.

З мэтай захавання глабальнай ваеннай бяспекі зброю, магутнейшую за вінтоўку, паводле задумы Рузвельта, мусілі мець толькі гэтыя чатыры вялікія дзяржавы. Такая радыкальная сістэма захавання міжнароднай бяспекі, заснаваная на «праве моцнага», не знайшла разумення нават сярод саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Кампрамісным рашэннем стала заснаванне Савета Бяспекі ААН у складзе 11 удзельнікаў — пяці пастаянных і шасці выбарных краін — чальцоў ААН. Пятым пастаянным чальцом ААН «вялікая чацвёрка» дамовілася прыняць Францыю. Прапанова ЗША ўключыць у Савет Бяспекі ў якасці пастаяннага чальца яшчэ і Бразілію не была падтрыманая СССР і Вялікабрытаніяй.
Кожны чалец Савета Бяспекі мае адзін голас. Фактычна з каласальнага аб’ёму паўнамоцтваў, якімі хацеў надзяліць «чатырох паліцэйскіх» Рузвельт, у пастаянных чальцоў Савета Бяспекі засталося толькі славутае права вета. Погляды на яго ў саюзнікаў таксама былі рознымі. Савецкая дэлегацыя настойвала на тым, што права вета мусіць быць абсалютным, каб кожны пастаянны чалец Савета Бяспекі мог заблакаваць нават магчымасць абмеркавання нейкага спрэчнага пытання. У той жа час Вялікабрытанія разглядала права вета ў значна больш вузкім сэнсе, прапаноўваючы варыянт, пры якім дзяржава не можа накладаць права вета на пытанні, якія датычаць спрэчных сітуацый з яе ўдзелам. У выніку дамовіліся пра кампрамісны варыянт: кожная з пяці дзяржаваў можа накласці вета на любое рашэнне Савета, але не на працэдурнае дзеянне. Дзякуючы гэтаму ў наш час мы бачым, як у Савеце Бяспекі ААН хаця б абмяркоўваюцца нязручныя для некаторых яго пастаянных чальцоў пытанні.
У 1965 годзе, пасля дэкаланізацыі дзясяткаў афрыканскіх і азіяцкіх дзяржаваў, Савет Бяспекі быў пашыраны першы і (пакуль) апошні раз. Колькасць выбарных чальцоў Савета Бяспекі павялічылася з шасці да дзесяці.
Як, у ідэале, Савет Бяспекі павінен не дапускаць войнаў?
На паперы дзейнасць Савета Бяспекі ААН па падтрыманні міжнароднай бяспекі выглядае наступным чынам. Любая дзяржава можа ініцыяваць разгляд спрэчкі, бокам якога яна з’яўляецца. Савет павінен вывучыць магчымасць мірнага вырашэння спрэчкі, а на гэты перыяд міратворчыя сілы ААН могуць раз’ядноўваць варожыя бакі. Калі Савет Бяспекі вызначыць, што існуе пагроза міру альбо акт агрэсіі ўжо здзейснены, ён можа заклікаць чальцоў ААН прымяніць супраць агрэсара санкцыі. Калі гэтага недастаткова, Статут дазваляе Савету Бяспекі нават пачаць ваенныя дзеянні супраць краіны-парушальніка.
У першыя дзесяцігоддзі свайго існавання ААН і яе Савет Бяспекі дзейнічалі нашмат больш рашуча, чым у наш час. Цяперашнія міратворчыя місіі арганізацыі не могуць параўнацца, напрыклад, з вайной у Конга 1960−1965 гадоў, калі міратворчыя войскі ААН па рашэнні яе генеральнага сакратара праводзілі буйныя наступальныя аперацыі з падтрымкай авіяцыі супраць войскаў сепаратыстаў з Катангі.
І зусім бледна сучасныя міратворцы ААН выглядаюць на фоне сваіх папярэднікаў, што бралі непасрэдны ўдзел у Карэйскай вайне 1950−1953 гадоў. Падчас гэтага буйнамаштабнага канфлікту войскі арганізацыі фактычна вырашылі вынік вайны, не дазволіўшы паўночнакарэйскім і кітайскім войскам захапіць Паўднёвую Карэю.

Зрэшты, ужо тады выкарыстоўваць ААН для супрацьдзеяння агрэсару ўдалося толькі дзякуючы выпадковасці. СССР напэўна выкарыстаў бы сваё права вета на пасяджэнні Савета Бяспекі па карэйскім пытанні, калі б не байкатаваў пасяджэнні праз спрэчкі з нагоды чальцоўства Кітая ў ААН і ў Савеце Бяспекі. На той момант чальцом ААН, які прадстаўляў у арганізацыі ўвесь Кітай, лічыўся ўрад Кітайскай Рэспублікі, што кантраляваў да таго часу толькі Тайвань і некалькі групаў драбнейшых астравоў, а СССР выступаў за тое, каб Кітай у ААН прадстаўляла Кітайская Народная Рэспубліка, якая кантралявала мацерыковую частку краіны.
У 1990 годзе, пасля ўварвання Ірака ў Кувейт, Савету Бяспекі ААН удалося дасягнуць кансенсусу па пытанні ваенных дзеянняў супраць Ірака. Гэта дазволіла на законных падставах стварыць найбуйнейшую з часоў Другой сусветнай вайны міжнародную кааліцыю з 39 краін і разграміць агрэсара.
Чаму ААН не ўмяшаецца ў канфлікт ва Украіне?
Калі вельмі спрашчаць — таму што Расія мае права заблакаваць такую пастанову, і ніхто не можа ёй у гэтым перашкодзіць.
Рузвельт, які выбудоўваў архітэктуру бяспечнага пасляваеннага свету, зыходзіў з таго, што «чатыры паліцэйскія», перамогшы агульнага ворага ў жудаснай вайне, заўсёды змогуць дамовіцца паміж сабой. Палітыка можна зразумець: на яго вачах агульная праблема ў асобе Адольфа Гітлера аб’яднала нават такіх прынцыповых антаганістаў, як Чэрчыль і Сталін. Навучыўшыся вырашаць супярэчнасці паміж сабой мірным шляхам і падзяліўшы свет на сферы ўплыву, «чатыры паліцэйскія звышдзяржавы» ў ідэальным уяўленні Рузвельта забяспечвалі б свету мір.
Надзяленне жа пастаянных чальцоў Савета Бяспекі ААН правам вета зрабіла гэты інстытут залежным ад наяўнасці добрай волі пяці дзяржаваў з унікальным статусам. Такая сістэма працавала больш-менш эфектыўна толькі тады, калі ва ўладзе ва ўсіх пяці краінах знаходзіліся адказныя ўрады, не схільныя злоўжываць інструментам вета.
Другая праблема Савета Бяспекі звязаная з тым, што сучасны свет вельмі моцна адрозніваецца ад таго, у якім стваралася Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Ужо да канца XX стагоддзя колькасць насельніцтва, тэрыторыя, доля ў сусветнай эканоміцы і ваенная магутнасць Вялікабрытаніі, Расіі і Францыі значна саступалі тым, якія яны мелі 50 гадоў таму.
А ў XXI стагоддзі разыходжанні паміж архаічным уладкаваннем Савета Бяспекі і рэальнай светабудовай сталі проста абуральнымі. Большасці сучасных чальцоў ААН на момант стварэння арганізацыі нават не існавала на карце свету, а сярод іх, напрыклад, і самая густанаселеная краіна планеты — Індыя. Акрамя таго, Германія і Японія ў пасляваенны перыяд змаглі пабудаваць магутныя эканомікі, што прыкметна пераўзыходзяць па сваіх памерах сучасную расійскую, брытанскую і французскую.

Чаму ж рэформа ААН, якая дазволіла б ёй эфектыўней выконваць задачу па захаванні глабальнай бяспекі, не праводзіцца?
Рэч у тым, што любыя змены ў Савеце Бяспекі патрабуюць унясення паправак у Статут ААН. Яны мусяць быць ухваленыя дзвюма трацінамі Генеральнай Асамблеі ААН, дзе кожная дзяржава — чалец арганізацыі мае адзін голас. Таксама з папраўкамі мусяць пагадзіцца ўсе пяць пастаянных чальцоў Савета Бяспекі.
І тут, на першы погляд, усё ідзе нядрэнна. Усе пастаянныя чальцы Савета Бяспекі ААН хаця б фармальна выступаюць за рэфармаванне гэтага органа ў выглядзе пашырэння ліку яго пастаянных чальцоў. Галоўныя кандыдаты — Бразілія, Германія, Індыя і Японія. Гэтыя краіны традыцыйна падтрымліваюць адна адну ў пытанні атрымання пастаяннага чальцоўства ў Савеце Бяспекі. ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Расія таксама ў розны час заяўлялі пра падтрымку гэтых дзяржаваў. А вось Кітай выступае катэгарычна супраць кандыдатуры Японіі і гатовы падтрымаць Індыю толькі ў тым выпадку, калі яна таксама не будзе падтрымліваць Японію.
Але галоўнае супрацьдзеянне патэнцыйныя пастаянныя чальцы Савета Бяспекі адчуваюць ад «Кававага клуба». У 1995 годзе ён быў створаны
На жаль, нават механічнае павелічэнне колькасці чальцоў Савета Бяспекі — як пастаянных, так і выбарных — не вырашыць такой праблемы Савета Бяспекі, як магчымае траплянне права вета ў рукі тых, хто гатовы ім злоўжываць. У 2022 годзе свет зноў сутыкнуўся з сітуацыяй, у якой агрэсар з ліку пастаянных чальцоў Савета Бяспекі — Расія — мае магчымасць блакаваць любыя меры па падтрыманні міру ў дачыненні да сябе. Пры гэтым, на жаль, не даводзіцца спадзявацца на тое, што пастаянныя чальцы Савета Бяспекі ў поўным складзе адмовяцца ад права вета ў яго цяперашнім выглядзе. А без іх аднадушнай згоды адпаведнае змяненне Статута ААН не можа быць прынятае тэхнічна.

Рашэнне гэтай праблемы шукаюць даўно. Яшчэ ў 1950 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 377 А «Адзінства на карысць міру». Дакумент вызначае, што ў выпадках, калі Савет Бяспекі ААН праз адсутнасць аднагалоснасці сярод яго пастаянных чальцоў не можа дзейнічаць для падтрымання міжнароднага міру, Генасамблея экстранна разглядае гэтае пытанне і можа даваць рэкамендацыі чальцам ААН па мерах аж да выкарыстання ўзброеных сіл, калі гэта неабходна. Такія экстранныя пасяджэнні (надзвычайныя спецыяльныя сесіі) склікаліся 11 разоў. Апошні раз рэзалюцыя 377 А была ўжытая 27 лютага гэтага года, пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.
Зрэшты, выкарыстанне гэтай шчыліны для абыходу расійскага вета ў Савеце Бяспекі наўрад ці можна назваць вельмі эфектыўным. Генасамблея запатрабавала вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Украіны, асудзіла напады на цывільнае насельніцтва і цывільныя аб’екты, прыпыніла сяброўства Расійскай Федэрацыі ў Савеце ААН па правах чалавека, а 12 кастрычніка асудзіла правядзенне Расіяй фіктыўных рэферэндумаў і анексію ўкраінскіх тэрыторый. Палегчыла гэта становішча Украіны, якая падверглася агрэсіі з боку пастаяннага сябра Савета Бяспекі ААН? Наўрад.
Як бы там ні было, у цяперашнім выглядзе ААН, створаная для прадухілення войнаў і захавання міжнароднай бяспекі, не спраўляецца са сваёй галоўнай задачай. Магчыма, яе ўдасца рэфармаваць і зрабіць больш эфектыўнай. У іншым выпадку яе можа чакаць лёс папярэдніцы, Лігі Нацый, распушчанай па выніках чарговай сусветнай вайны.