Жорсткасць і спосаб фарміравання — як у адной з дывізій СС. Тлумачым, чаму ПВК Вагнера — ужо насамрэч не ПВК
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У цяперашняй расійска-ўкраінскай вайне прыкметнае месца займае расійскае недзяржаўнае ўзброенае фарміраванне, якое прынята называць прыватнай ваеннай кампаніяй (ПВК) Вагнера. Арганізацыя, падкантрольная прадпрымальніку Яўгену Прыгожыну, цесна звязанаму з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, мала падобная да ПВК у традыцыйным разуменні гэтага тэрміна. У адрозненне ад іх, яна выкарыстоўваецца ў найцяжэйшых агульнавайсковых баях на самых напружаных участках фронту і камплектуецца вязнямі, што адбываюць пакаранне. Вагнераўцы ваююць ва Украіне на баку краіны, у якой самі ПВК забароненыя, не маюць у Расіі юрыдычнага статусу і выконваюць задачы сухапутных войскаў. Разбіраемся, што такое ПВК і ў што вырадзілася расійскае фарміраванне, якое стваралася як класічная прыватная ваенная кампанія.

Рэнесанс найміцтва

Каб зразумець, што не так з ПВК Вагнера, спачатку трэба разабрацца з гісторыяй з’явы прыватных ваенных кампаній і іх сучаснымі функцыямі.

Інстытут вайсковага наёмніцтва мае вельмі даўнюю гісторыю. Яшчэ старажытнагрэцкі гісторык Ксенафонт апісаў у сваім «Анабасісе» паход наёмнай арміі грэкаў на службе персідскага царэвіча Кіра Малодшага, які спрабаваў зрынуць цара Артаксеркса II. У сярэднія вякі і ў эпоху Адраджэння з’ява была вельмі шырока распаўсюджаная ў Еўропе, манархі і вольныя гарады якой шырока карысталіся паслугамі нямецкіх наймітаў — ландскнехтаў і швейцарскіх рэйслаўфераў. Але ў XVIII-XIX стагоддзях найміцтва было выцесненае з поля бою масавымі войскамі, набранымі з дапамогай вайсковай павіннасці. І адносна невялікі перыяд сусветнай гісторыі (які ўключыў у сябе тым не менш дзве сусветныя вайны) найміты былі экзатычнай рэдкасцю.

Адраджэнне наёмніцтва і ўзнікненне арганізацый, якія пазней сталі вядомыя пад тэрмінам «ПВК», прыпала на 60-я гады. Адной з прычын гэтага стаў распад каланіяльных імперый, на руінах якіх утварыліся дзясяткі новых дзяржаваў. Працэс суправаджаўся шматлікімі канфліктамі, звязанымі з барацьбой за ўладу, перадзелам межаў, міжплемяннымі, міжкланавымі і міжканфесійнымі канфліктамі. Найважнейшай падзеяй для фарміравання першых правобразаў ПВК стаў Кангалезскі крызіс 1960—1965 гадоў, калі велізарная бельгійская калонія Конга атрымала незалежнасць і скацілася ў страшную грамадзянскую вайну. Усе бакі канфлікту — цэнтральны ўрад, розныя сепаратысты і мяцежнікі, а таксама горназдабыўныя карпарацыі, якія працавалі ў краіне — ахвотна бралі на службу авантурыстаў з розных краін, якія дапамагалі ім вырашаць свае задачы з дапамогай зброі.

Шведское подразделение миротворцев ООН наступает на город Каминавиль в ходе Конголезского кризиса 1960-1965 годов. Фото: Public Domain, commons.wikimedia.org
Шведскае падраздзяленне міратворцаў ААН наступае на горад Камінавіль падчас Кангалезскага крызісу 1960−1965 гадоў. Фота: Public Domain, commons.wikimedia.org

Праз вайну ў Конга прайшлі самыя вядомыя пасля найміты — такія як француз Боб Дэнар, немец Зігфрыд Мюлер, бельгіец Жак Шрам, ірландзец Майк Хоар. Досвед, атрыманы ў гэтай мясарубцы, пасля прывёў да стварэння фарміраванняў наймітаў, якія спецыялізуюцца на аказанні ваенных паслуг кіраўнічым рэжымам і мяцежнікам розных краін, што развіваюцца.

Найбольш вядомым з іх стаў Боб Дэнар. Змагаючыся са сваімі атрадамі напераменку за розныя бакі ў кангалезскай вайне і пабываўшы на службе ў манархістаў у Емене, да 1984 года француз сабраў фантастычны для ваеннага найміта капітал прыкладна ў пяць мільярдаў даляраў. Дэнар займаўся вярбоўкай наймітаў-прафесіяналаў для афрыканскіх дыктатараў або для тых, хто хацеў імі стаць, і ўдзельнічаў у той ці іншай форме ў вялікай колькасці ваенных пераваротаў у Афрыцы (паводле розных ацэнак, ад шасці да дзесяці).

Больш за ўсё «пашанцавала» Каморскім астравам, у якіх Дэнар ажыццявіў цэлыя чатыры спробы ваенных пераваротаў: у 1975, 1978, 1989 і 1995 гадах. Прычым у 1975-м ён на заказ мааіста Алі Суаліха зрынуў прэзідэнта Ахмеда Абдалу, а пра тры гады вярнуў апошняга ў крэсла кіраўніка архіпелага (забіўшы пры гэтым Суаліха). У 1989-м Абдала паспрабаваў раззброіць наймітаў Дэнара — і ў выніку быў забіты, але на яго месца прыйшоў не стаўленік вайскоўцаў, а прафранцузскі прэзідэнт Саід Джахар. У 1995 годзе Дэнар, які меў вельмі складаныя адносіны з радзімай, паспрабаваў скінуць яго, але быў інтэрнаваны французскімі ўладамі.

Яшчэ адной прычынай адраджэння найміцтва стала спецыфіка халоднай вайны паміж СССР і яго саюзнікамі з аднаго боку і краінамі Захаду — з другога. Назапашаныя вялікімі дзяржавамі велізарныя запасы зброі зрабілі непрымальнай рызыку ўзнікнення новай глабальнай вайны — у ёй з вялікай імавернасцю загінулі б усе ўдзельнікі. Але такая сітуацыя прывяла да павелічэння колькасці так званых канфліктаў нізкай інтэнсіўнасці. У іх, як правіла, рэгулярныя вайсковыя структуры дзейнічаюць толькі на адным з бакоў, а супрацьстаяць ім рознага кшталту паўстанцы, партызаны або мяцежнікі, за якімі насамрэч вельмі часта стаіць нейкая з вялікіх дзяржаваў. Акрамя таго, у такіх канфліктах вельмі абмежавана выкарыстоўвалася сучасная цяжкая зброя — у асноўным удзельнікі абыходзіліся стралковай.

У 1967 годзе ў Вялікабрытаніі была заснаваная WatchGuard International — першая «класічная» ПВК, больш адпаведная сучаснаму значэнню гэтага паняцця. Яе стваральнікамі былі ветэраны брытанскага спецназа Sas Дэвід Стырлінг і Джон Вудхаус. Фірма была афіцыйна зарэгістраваная на востраве Джэрсі, мела штаб-кватэру і дзейнічала абсалютна легальна. Спіс яе паслуг уключаў вярбоўку і навучанне асабовага складу, баявую і тэхнічную падтрымку падчас правядзення ваенных аперацый супраць паўстанцаў, кансультацыі па розных ваенных пытаннях. ПВК кантралявалася брытанскім урадам і выконвала заказы прыязных Злучанаму Каралеўству урадаў і карпарацый. З дапамогай WatchGuard International Вялікабрытанія аказвала падтрымку сваім партнёрам у тых выпадках, калі непасрэднае ўмяшанне дзяржавы і яе ўзброеных сіл не выглядала рацыянальным.

Пасля паводле ўзору WatchGuard стварылі некалькі брытанскіх і амерыканскіх ПВК, якія займаліся аналагічнай дзейнасцю. Хоць часам іх супрацоўнікі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях наўпрост (напрыклад, у аперацыях ЦРУ ў Нікарагуа), усё ж галоўным чынам яны выконвалі кантракты па планаванні і забяспечанні ваенных аперацый, а таксама па навучанні і баявой падрыхтоўцы асабовага складу. Напрыклад, яшчэ адна брытанская ПВК, Keenie Meenie Services, трэніравала афганскіх маджахедаў.

Такім чынам, да канца 1980-х гадоў мноства фарміраванняў наймітаў, што існавалі ў свеце, можна было ўмоўна аб’яднаць у дзве групы:

  • «салдаты ўдачы» а-ля Боб Дэнар, што служылі за вялікія грошы дыктатарам краін трэцяга свету і ладзілі перавароты;
  • ПВК, афіляваныя з урадамі сваіх краін (у першую чаргу Вялікабрытаніі і ЗША), якія аказваюлі паслугі па арганізацыі і забяспечанні ваенных аперацый.

У 1989 годзе з’явілася першая ПВК новага тыпу, што спалучала прыкметы дзвюх папярэдніх. Executive Outcomes (ЕО) заснаваў былы начальнік заходнееўрапейскага аддзела службы дыверсій міністэрства абароны Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, падпалкоўнік Эбен Барлоу. Крызіс і падзенне рэжыму апартэіду ў ПАР, якія адбываліся на мяжы 80-х — 90-х гадоў, суправаджаліся значнымі скарачэннямі арміі і паліцыі ў гэтай краіне. Гэта забяспечыла Executive Outcomes значным кадравым рэзервам — яна брала на працу звольненых сілавікоў. Ужо на старце ў кампаніі працавалі 500 ваенных дарадцаў (былых камандзіраў) і каля 3000 шараговых супрацоўнікаў з ліку былых вайскоўцаў паўднёваафрыканскага спецназа і іншых вайсковых фарміраванняў.

Спачатку спецыялісты ЕО вучылі сілавікоў ПАР і Батсваны і войска Анголы, а таксама выконвалі заказы па ахове перавозак дарагога абсталявання ў небяспечных рэгіёнах. Але падчас выканання кантракту для канадскай кампаніі Ranger Oil у 1993 годзе паўднёваафрыканская ПВК была ўцягнутая ў грамадзянскую вайну ў Анголе. Для барацьбы супраць баевікоў апазіцыйнай групоўкі УНІТА ПВК атрымала закупленыя ў Расіі знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі МіГ-23, верталёты Мі-17 і нават адну з брыгад урадавых узброеных сіл Анголы. Спланаваныя спецыялістамі ЕО ваенныя аперацыі прывялі да сур’ёзнай паразы УНІТА і прымусілі яе ўступіць у перамовы. Пасля месца паўднёваафрыканскай ПВК у рэгіёне занялі міратворцы ААН.

Советская военная техника в Анголе во время гражданской войны 1975-2002 года в этой стране. Фото: Ernmuhl at lb.wikipedia, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Савецкая ваенная тэхніка ў Анголе падчас грамадзянскай вайны 1975−2002 гадоў. Фота: Ernmuhl, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

У 1995 годзе кампанія з ПАР стала ключавым удзельнікам баявых дзеянняў у яшчэ адной афрыканскай краіне — Сьера-Леонэ. Мясцовы ўрад прайграваў грамадзянскую вайну супраць «Аб'яднанага рэвалюцыйнага фронту», які захапіў алмазныя радовішчы і ўзяў у аблогу сталіцу Фрытаўн. ЕО накіравала ў Сьера-Леонэ ваенна-паветраную падтрымку з верталётаў Мі-17 і Мі-24 з беларускімі, расійскімі і паўднёваафрыканскімі экіпажамі. З іх дапамогай урадавыя сілы змаглі адкінуць паўстанцаў ад сталіцы і выбіць іх з алмазных капальняў.

Паспяховае выкананне кантрактаў прынесла паўднёваафрыканскай кампаніі шырокую вядомасць — да яе паслуг звярталіся афіцыйныя ўрады Анголы, Кеніі, Мазамбіка, Уганды, а таксама такія карпарацыі, як Chevron, De Beers, Texaco.

Да канца XX стагоддзя ПВК Executive Outcomes, яе пераемнікі (у 1998 годзе праз змены ў заканадаўстве ПАР ЕО была закрытая, і многія яе супрацоўнікі перайшлі ў іншыя структуры — напрыклад, у брытанскую ПВК Sandline International) і аналагі сталі значнай ваеннай сілай, якую часам можна было параўнаць з ваеннай магутнасцю невялікіх дзяржаваў. Іх удзел часам вырашаў вынік досыць буйных ваенных канфліктаў.

Як ПВК прынялі сучасны выгляд

2000-я гады сталі часам пераасэнсавання месца ПВК у свеце. Дзяржавы з асцярогай ставіліся да з’яўлення не заўсёды падкантрольнай ім ваеннай сілы. Менавіта таму ў ПАР і быў прыняты закон «Аб рэгуляванні замежнай ваеннай дапамогі», які прывёў да закрыцця ЕО і вымусіў іншыя ПВК краіны пераключыцца на аказанне кансалтынгавых і лагістычных паслуг. Падобным чынам абмяжоўвалі дзейнасць прыватных ваенных кампаній і іншыя дзяржавы.

Затое ў гэты перыяд ЗША і іх саюзнікі правялі дзве буйнамаштабныя ваенныя аперацыі ў Іраку і Афганістане, якія змяніліся доўгімі перыядамі акупацыі абедзвюх краін. Дзякуючы гэтаму на ПВК праліўся сапраўдны даляравы дождж. Хоць першапачаткова прычынай было акурат жаданне заходніх урадаў сэканоміць.

Замоўленая Кангрэсам ЗША падчас акупацыі Ірака справаздача пра рэнтабельнасць выкарыстання ПВК паказала, што паслугі наймітаў абыходзяцца дзяржаве прыкметна танней, чым падрыхтоўка і ўтрыманне рэгулярных вайсковых падраздзяленняў. Кошт утрымання ўзятага за ўзор армейскага пяхотнага падраздзялення ў Іраку абыходзіўся падаткаплатнікам у 110 мільёнаў даляраў у год, у той час як кантракт з ПВК для выканання аналагічных функцый каштаваў 99 мільёнаў. Яшчэ істотнейшай выглядала розніца для мірнага часу: раскватараванае ў пункце пастаяннай дыслакацыі ў ЗША, вайсковае падраздзяленне «з'ядала» 60 мільёнаў бюджэтных даляраў. З ПВК ж на той перыяд, калі ў яе паслугах не маюць патрэбы, можна проста не заключаць дамовы, што абнуляе гэтыя выдаткі цалкам.

Маштаб уцягвання розных ПВК у вайну ў Іраку, якая пачалася вясной 2003 года, дапамагае зразумець такі факт: у сакавіку 2003-га для каардынацыі іх дзеянняў быў створаны своеасаблівы штаб — асацыяцыя ПВК Private Security Company Association of Iraq, у якую ўвайшлі каля 40 фірмаў. Сумарна ў іх было зарэгістравана каля 30 тысяч супрацоўнікаў. Прыватныя падрадчыкі ў інтарэсах амерыканскага ўрада кіравалі ўдарнымі БПЛА, абаранялі ўрадавы і пасольскі кварталы Багдада, суправаджалі канвоі, вучылі новую іракскую армію і паліцыю, ахоўвалі дыпламатаў, ваенныя і прамысловыя аб’екты, радовішчы нафты і нафтаправоды.

Са спецыфікай працы ПВК у гэты перыяд можна пазнаёміцца на прыкладзе амерыканскай Blackwater, заснаванай у 1996 годзе былым афіцэрам спецназа ЗША Эрыкам Прынсам. Першыя гады існавання кампаніі складана назваць прыкметнымі — яна займалася ваеннай падрыхтоўкай у Паўночнай Караліне, і ў 2000 годзе яе гадавы абарот знаходзіўся ў межах 736 тысяч даляраў.

Вертолет MD-530F американской ЧВК Blackwater в небе над Багдадом 4 декабря 2004 года. Фото: U.S. Air Force, Master Sgt. Michael E. Best. commons.wikimedia.org
Верталёт MD-530 °F амерыканскай ПВК Blackwater у небе над Багдадам, 4 снежня 2004 года. Фота: U.S. Air Force, Master Sgt. Michael E. Best. commons.wikimedia.org

У 2001 годзе віцэ-прэзідэнтам Blackwater стаў былы супрацоўнік ЦРУ Джэймі Сміт, пасля чаго справы кампаніі пайшлі ўгару. Яна атрымала першы буйны кантракт на ахову супрацоўнікаў ЦРУ ў Афганістане (5,4 мільёна даляраў). А пасля амерыканскага ўварвання ў Ірак Blackwater стала субпадрадчыкам іншай ПВК, атрымаўшы кантракт на 27,7 мільёна даляраў, у адпаведнасці з якім мусіла стварыць групу аховы для «самага пагражанага амерыканскага чыноўніка ў свеце» Пола Брэмера, кіраўніка часовай кааліцыйнай адміністрацыі ў Іраку (за яго забойства Усама Бен Ладэн абяцаў 10 кг золата).

Праца ахоўнікам Брэмера мусіла быць цяжкай — за галаву любога з целаахоўнікаў абяцалі 50 тысяч даляраў. Тым не менш Blackwater набрала групу з 36 прафесійных вайскоўцаў, у асноўным былых спецназаўцаў. Іх працу забяспечвалі тры браніраваныя аўтамабілі, бранявік, дзве каманды сабак для пошуку выбухоўкі, авіягрупа з трох верталётаў, самалёт, каманда пілотаў і група наземнага абслугоўвання. Супрацоўнікі ПВК выканалі задачу — за год працы ў Іраку Пол Брэмер не пацярпеў. Пасля перадачы ўлады новаму іракскаму ўраду і ад’езду Брэмера ў ЗША ў 2007 годзе Blackwater атрымала кантракт па ахове высокапастаўленых супрацоўнікаў Дзярждэпа ЗША за мяжой і да 2007 года зарабіла на гэтым падрадзе каля 750 мільёнаў даляраў.

Атрымліваючы такое фінансаванне, кампанія набірала высокакваліфікаваных спецыялістаў, якіх матывавала высокай аплатай, што даходзіла да 600−800 даляраў у дзень, а ў асаблівых выпадках — і больш. Пры гэтым мінімальны кантракт з Blackwater для знаходжання ў гарачым пункце мог заключацца ўсяго на два месяцы — нашмат карацей, чым кантракт з рэгулярнай арміяй.

Супрацоўнікі Blackwater, выконваючы задачы па ахове людзей і аб’ектаў, часта станавіліся ўдзельнікамі паўнавартасных баявых сутыкненняў. У красавіку 2004 года ў рэгіёне Наджаф на поўдні Ірака восем байцоў ПВК ахоўвалі мясцовую адміністрацыю і падвергліся нападу некалькіх сотняў баевікоў. Арганізаваўшы абарону на даху будынка, найміты разам з некалькімі амерыканскімі паліцэйскімі і марпехамі адбіваліся амаль суткі.

Крыху раней, у канцы сакавіка 2004 года, у іракскім горадзе Эль-Фалуджа ў засаду трапіў канвой нямецкай фірмы Eurest Support Services, якая спецыялізуецца на дастаўцы прадуктаў харчавання ў складаных умовах. Канвой ахоўваўся супрацоўнікамі Blackwater — чацвёра з іх былі забітыя, а іх целы натоўп павесіў на мосце праз раку Еўфрат. Паводле ацэнак СМІ, усяго амерыканская ПВК страціла ў Іраку каля 780 чалавек.

У адказ супрацоўнікі Blackwater, спрабуючы папярэдзіць магчымыя напады, усё часцей і часцей сталі выкарыстоўваць зброю. З 2005 па 2007 год найміты ПВК каля 200 разоў ўжывалі яе супраць цывільных, прычым у 80% выпадкаў стралялі першымі. Найбольш вядомым такім інцыдэнтам стала адкрыццё агню па натоўпе на плошчы Нісур у Багдадзе 16 верасня 2007 года, калі загінула 17 іракцаў (сярод іх былі дзеці і жанчыны). Пасля доўгіх разглядаў ПВК была вымушаная пакінуць Ірак і затым двойчы праводзіла рэбрэндынг.

Газета Financial Times падлічыла, што ЗША выдаткавалі на вайну ў Іраку, знаходжанне войскаў у гэтай краіне і яе пасляваеннае аднаўленне 138 мільярдаў даляраў. Каля 6 мільярдаў з гэтай сумы атрымалі 93 прыватныя ваенныя кампаніі, якія працавалі ў краіне з 2003 па 2009 год.

Навошта краінам патрэбныя прыватныя ваенныя кампаніі?

Пра банальную эканомію грошай мы ўжо казалі вышэй. Але супрацоўніцтва з прыватнымі ваеннымі кампаніямі зручнае дзяржавам не толькі з прычыны фінансавай выгады. Яны дазваляюць эканоміць і час. Заключыўшы ў выпадку неабходнасці кантракт з ПВК, урад адразу атрымлівае высокакваліфікаваных спецыялістаў, на падрыхтоўку якіх у іншым выпадку давялося б патраціць гады. Атрымаўшы заказ, прыватная ваенная кампанія можа неадкладна прыступіць да яго выканання, не марнуючы часу на вярбоўку, навучанне і баявое зладжванне. Калі ўраду нейкай з краін раптам спатрэбяцца дадатковыя прафесійныя разведчыкі або інструктары, інжынеры, здольныя рамантаваць самую сучасную ваенную тэхніку, пілоты баявых самалётаў і верталётаў — ПВК здольныя вельмі хутка задаволіць такі попыт.

Акрамя таго, выкарыстанне рэгулярнай арміі (асабліва прызыўной) за межамі краіны, як правіла, вельмі непапулярнае ў вачах грамадскай думкі — у той час як да выкарыстання ПВК такой перадузятасці звычайна няма. Страты ўзброеных сіл краіны ўспрымаюцца яе грамадзянамі вельмі хваравіта, а страты прыватных кампаній нават не трапляюць у статыстыку баявых дзеянняў: забітыя супрацоўнікі не з’яўляюцца вайскоўцамі і ў справаздачах вайсковых стратаў не ўлічваюцца. Нарэшце, ПВК без асаблівых праблем могуць набіраць у свае шэрагі замежнікаў, «эканомячы» мабілізацыйны рэсурс сваёй краіны.

Галоўным жа мінусам ПВК можна лічыць іх складаны і неадназначны прававы статус. Па-першае, маючы права на легітымны прымус, яны тым самым падрываюць манаполію дзяржавы на гвалт. Па-другое, ваеннае наёмніцтва наўпрост асуджаецца міжнародным правам i нацыянальным заканадаўствам многіх дзяржаваў. Шырокае выкарыстанне прыватных ваенных кампаній Злучанымі Штатамі звязанае з тым, што гэтая краіна (гэтак жа як Турцыя, Ізраіль, Іран, Індыя, Пакістан і некаторыя іншыя) не ратыфікавала Дадатковы пратакол I ад 8 чэрвеня 1977 года да Жэнеўскіх канвенцый, які прысвечаны найміцтву і вызначае, што найміты не маюць правоў камбатантаў (то-бок удзельнікаў баявых дзеянняў у складзе рэгулярных армій).

У 2019 годзе гэты прыём вырашыў выкарыстаць і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які ўнёс у Дзярждуму законапраект аб адмене ратыфікацыі Дадатковага пратакола I, які затым быў прыняты. Тым не менш найміцтва па-ранейшаму караецца ў Расіі як крымінальнае злачынства, і дзейнасць ПВК у краіне фармальна да гэтага часу забароненая. Пры гэтым восенню 2008 года 17 краін свету (у тым ліку ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Францыя, Германія — але не Расія) падпісалі так званы дакумент Мантрэ, які рэгулюе прынцыпы працы ПВК і які дазваляе людзям, якія не знаходзяцца на дзяржаўнай службе, аказваць паслугі па ўзброенай ахове аб’ектаў, абслугоўванні баявых комплексаў, ваеннай падрыхтоўцы і гэтак далей.

В день открытия "ЧВК Вагнер Центра" в Санкт-Петербурге 4 ноября 2022 года. Фото: REUTERS/Igor Russak
У дзень адкрыцця «ПВК Вагнер Цэнтра» ў Санкт-Пецярбургу 4 лістапада 2022 года. Фота: REUTERS/Igor Russak

У што ператвараецца ПВК Вагнера

На гэтым фоне структура, якую прынята называць «ПВК Вагнера», выглядае вельмі дзіўна. Яна не зарэгістраваная ў Расіі, і гэтую сітуацыю не змяніла нават адкрыццё ў Санкт-Пецярбургу аднайменнага офіснага цэнтра. Зарэгістраванае ў ім АТ «ПВК Вагнер Цэнтр» юрыдычна не з’яўляецца прыватнай ваеннай кампаніяй — заяўлены арганізацыяй спектр дзейнасці ўключае арэнду і лізінг паветранага авіятранспарту, кнігавыданне і навуковыя распрацоўкі.

Пры гэтым да 2022 года дзейнасць структуры сяк-так упісвалася ў рамкі, прыдатныя для прыватнай ваеннай кампаніі. У 2013 годзе ў Ганконгу была зарэгістраваная ПВК «Славянскі комплекс». Камплектаванне гэтай арганізацыі ажыццяўлялася цалкам у духу іншых ПВК: супрацоўнікаў набіралі з ліку былых сілавікоў або тых, што прайшлі службу ва ўзброеных сілах. Супрацоўнікам прапаноўвалі заробак каля 4000 даляраў, які значна перавышаў грашовае ўтрыманне расійскіх вайскоўцаў, а таксама «страхавыя» выплаты: 20 тысяч даляраў пры атрыманні інваліднасці і 40 тысяч — у выпадку гібелі.

Такая прапанова зацікавіла многіх адстаўных расійскіх вайскоўцаў: спецназаўцаў ГРУ, ПДВ, МУС, унутраных войскаў. Многія з іх мелі рэальны баявы досвед — напрыклад, атрыманы падчас другой чачэнскай вайны. У кастрычніку 2013 года «Славянскі корпус» быў разгромлены ў Сірыі. Пасля вяртання ў Расію яе ўдзельнікі былі затрыманыя ФСБ, а двух арганізатараў асудзілі на тры гады калоніі па артыкуле «Наёмніцтва».

Адным з удзельнікаў «Славянскага корпуса», разгромленага намаганнямі сірыйскіх паўстанцаў, быў адстаўны падпалкоўнік спецназа ГРУ Расіі Дзмітрый Уткін з пазыўным Вагнер. Мянушку ў выглядзе прозвішча любімага кампазітара Адольфа Гітлера мужчына, паводле сведчанняў знаёмых з ім людзей, узяў праз свае сімпатыі да нацысцкага рэжыму ў Германіі. Да адказнасці за наёмніцтва яго не прыцягнулі — больш за тое, сфармаваная Уткіным новая група байцоў вясной 2014 года была заўважаная ў Крыме, а пазней — у Луганскай вобласці Украіны. З восені 2015 года «група Вагнера» ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у Сірыі — у 2016 годзе там адначасова знаходзіліся ад 1000 да 1600 яе супрацоўнікаў. Там фарміраванне Уткіна дзейнічала пад «наглядам» расійскага ГРУ.

Фото с сайта "Важные истории"
Уладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын і зняволеныя, якія вярнуліся з зоны баявых дзеянняў. Фота з сайта «Важные истории»

Улетку 2016 года з’явілася інфармацыя, што група Вагнера цесна звязаная са службай бяспекі набліжанага да прэзідэнта Расіі мільярдэра Яўгена Прыгожына, вядомага як «кухар Пуціна». Ужо ў гэты час журналісты расійскага выдання «Фантанка» адзначалі, што называнне фарміравання Уткіна «прыватнай ваеннай кампаніяй» носіць умоўны характар, бо ў яе дзейнасці камерцыйная мэтазгоднасць у разлік наогул не бярэцца. Структура Вагнера, як сцвярджалі журналісты, існавала за кошт «датацый» ад Прыгожына, які так «расплачваўся» за прэферэнцыі ад расійскіх уладаў, што робяць яго шматлікія бізнесы вельмі паспяховымі. У сваю чаргу ўлады выкарыстоўвалі групу Вагнера для вырашэння «далікатных» пытанняў, да якіх з шэрагу прычын было непажадана прыцягваць рэгулярныя ўзброеныя сілы.

Нягледзячы на такую схему «дзяржфінансавання», дзейнічала ў гэты час група Вагнера цалкам у духу «сапраўдных» ПВК. Ва Украіне найміты дапамагалі Расіі імітаваць адсутнасць расійскіх войскаў, у Сірыі выконвалі функцыі сіл спецыяльных аперацый і сухапутных войскаў у перыяд, калі афіцыйна лічылася, што Расія ўдзельнічае ў вайне толькі з паветра.

У 2017 годзе вагнераўцы адзначыліся на службе суданскага дыктатара Амара аль-Башыра, які да гэтага прылятаў з афіцыйным візітам да Пуціна. Паралельна расійскія найміты працягвалі падтрымліваць рэжым Башара Асада ў Сірыі. Таксама група Вагнера «працавала» ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Мазамбіку, Малі. Удзел вагнераўцаў у баявых дзеяннях у афрыканскіх дзяржавах мог быць камерцыйна мэтазгодным — напрыклад, у Малі для супрацьдзеяння тэрарыстам іх запрасілі афіцыйныя ўлады краіны.

Месцам, якое найбольш выразна праявіла адрозненні групы Вагнера ад «сапраўдных» ПВК заходняга ўзору, стала Украіна. Яшчэ ў ліпені 2014 года падчас баёў пад Дэбальцавам вагнераўцы неслі анамальна высокія страты, нехарактэрныя для прыватных ваенных кампаній. На думку тых, хто выжыў, вінаватая была тактыка вядзення баявых дзеянняў, дарэчная для Другой сусветнай вайны. Наймітаў выганялі ў поле з тэхнікай і прымушалі атакай у лоб браць украінскія ўмацаваныя раёны і блокпасты. Тады ж усплылі і асаблівасці камплектавання расійскай «ПВК»: паводле суразмоўцаў «Фантанкі», у шэрагі наймітаў траплялі людзі без ваеннага досведу, якія траплялі ў зону баявых дзеянняў, ледзь-ледзь навучыўшыся страляць на базе падрыхтоўкі вагнераўцаў.

Падчас вайны 2022 года расійскае ўзброенае фарміраванне, вядомае пад назвай ПВК Вагнера, канчаткова вырадзілася ў нешта, зусім не падобнае да прыватнай ваеннай кампаніі. Цяпер група камплектуецца крымінальнікамі, якія здзяйснялі цяжкія злачынствы, а ўладальнік структуры Прыгожын ездзіць па расійскіх месцах пазбаўлення волі, вярбуючы там новых наймітаў. Ні пра якую якасць такога папаўнення не ідзе і гаворкі, у шэрагі вагнераўцаў трапляюць нават людзі з цяжкімі інфекцыйнымі захворваннямі накшталт ВІЧ і гепатыту С.

Пры гэтым кепска навучаныя найміты, матываваныя магчымасцю датэрміновага вызвалення, выкарыстоўваюцца не для правядзення таемных далікатных спецаперацый, як гэта звычайна адбываецца з «класічнымі» ПВК, а ў якасці сурагату сапраўдных сухапутных войскаў. Вагнераўская пяхота штурмуе ўкраінскія гарады і апорныя пункты УСУ, выкарыстоўваючы тактыку чалавечых «хваляў», што прыводзіць да вялізных страт.

Польские женщина и девочка, убитые личным составом полка СС Дирленваргера в ходе подавления Варшавского восстания в августе 1944 года. Фото: общественное достояние, commons.wikimedia.org
Польскія жанчына і дзяўчынка, забітыя асабовым складам палка СС Дырлевангера падчас здушэння Варшаўскага паўстання ў жніўні 1944 года. Фота: commons.wikimedia.org

Усё гэта дазваляе ацэньваць падкантрольную Яўгену Прыгожыну арганізацыю не як традыцыйную прыватную ваенную кампанію, а як нейкую эрзац-армію, якая дапамагае расійскаму кіраўніцтву затыкаць прарэхі ў баявых парадках рэгулярных узброеных сіл. Сітуацыя, у якой шматлікае ўзброенае фарміраванне, прызначанае для вядзення баявых дзеянняў, падпарадкоўвалася не органам ваеннага кіравання дзяржавы, а непасрэдна палітычнай вярхушцы краіны, вядомая ў сусветнай гісторыі. У 1939 годзе сваю «паралельную армію» ў выглядзе войскаў СС, што «выраслі» з асабістай аховы Адольфа Гітлера, атрымала нацысцкая Германія. Не з’яўляючыся часткай вермахта (узброеных сіл), войскі СС падчас Другой сусветнай вайны разрасліся да 38 дывізій агульнай колькасцю каля мільёна чалавек.

Збліжаюць вагнераўцаў з СС паказальная жорсткасць і апісаныя вышэй асаблівасці камплектавання. Калі да пачатку Другой сусветнай і ў яе першай палове на службу ў Waffen SS (гэта значыць «войскі СС») траплялі адборныя мабілізацыйныя рэсурсы ў асобе бездакорных «сапраўдных арыйцаў», то да канца вайны крытэрыі адбору значна спрасціліся. Напрыклад, 36-я дабраахвотніцкая пяхотная дывізія СС Оскара Дырлевангера камплектавалася крымінальнікамі і «праславілася» нечуванай жорсткасцю і садызмам.