Расія перакінула пад Аўдзееўку самых дасведчаных вагнераўцаў і ўжыла «слезацечныя» гранаты ў Данецкай вобласці. Галоўнае са зводак
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Міністэрстве абароны Расіі зрабілі справаздачу пра нанясенне дзейсных удараў па «жывой сіле і тэхніцы» УСУ на ўсіх напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што ў Данецкай вобласці расійская армія ўжыла аэразольныя «слезацечныя» гранаты несмяротнага дзеяння. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны адзначаюць, што Расія перакінула самых дасведчаных наймітаў ПВК Вагнера пад Аўдзееўку, каб дапамагчы змучаным і некваліфікаваным баевікам з самаабвешчанай ДНР.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 398-ы дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: нанеслі ўдары па дзвюх важных цэлях праціўніка

За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 24 авіяцыйных і 12 ракетных удараў, правялі 55 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы, 27 сакавіка ў выніку ракетнага ўдару па інфраструктуры горада Славянск Данецкай вобласці пацярпелі мірныя грамадзяне, ёсць загінулыя. Пашкоджаныя шматпавярховыя і прыватныя дамы. У горадзе Берыслаў Херсонскай вобласці ад авіяцыйнага ўдару пацярпеў цывільны аб’ект.

— Расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Самыя жорсткія баі ідуць за Бахмут, Аўдзееўку і Мар'інку. Падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі 62 атакі праціўніка на названых напрамках.

— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў раёны 15 населеных пунктаў.

— На Купянскім і Ліманскім напрамках расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Крахмальнае, Крамянная, Кузьміно, Белагораўка, Верхнякаменскае і Бераставое. З артылерыі абстралялі раёны 15 населеных пунктаў.

— На Бахмуцкім напрамку расіяне працягваюць штурмаваць Бахмут, а таксама раёны населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка, Багданаўка, Іванаўскае і Азаранаўка. Абстралялі 11 населеных пунктаў.

— На Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках праціўнік спрабаваў беспаспяхова наступаць у напрамку населеных пунктаў Стэпавае, Аўдзееўка, Паўночнае, Першамайскае, Невельскае і Мар'інка. Ужыў аэразольныя «слезацечныя» гранаты несмяротнага дзеяння ў раёнах населеных пунктаў Новакалінава, Ластачкіна, Першамайскае і Мар'інка. Правёў абстрэлы больш чым 10 населеных пунктаў.

— На Шахцёрскім напрамку за мінулыя суткі праціўнік абстраляў раёны пяці населеных пунктаў.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія сілы абараняюцца, абстралялі 12 населеных пунктаў.

— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх сіл, а таксама адзін — па зенітна-ракетным комплексе.

— Збіта пяць варожых разведвальных БПЛА розных тыпаў.

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі нанеслі ўдары па трох пунктах кіравання, а таксама па раёне канцэнтрацыі жывой сілы праціўніка, артылерыйскім падраздзяленні на агнявой пазіцыі, складзе боепрыпасаў, складзе гаруча-змазачных матэрыялаў і яшчэ дзвюх важных цэлях.

У Генштабе таксама адзначаюць, што на акупаваных тэрыторыях узмацняюцца рэжымныя меры — уводзяцца абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне людзей паміж населенымі пунктамі: «У прыватнасці, у Горлаўскім раёне Данецкай вобласці, а таксама ў Кахоўскім раёне Херсонскай вобласці ў асобныя населеныя пункты немагчыма трапіць без мясцовай рэгістрацыі».

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Мінабароны РФ: перахапілі 18 рэактыўных снарадаў HIMARS і адзін GLSDB

У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што СПА ўпершыню перахапіла кіравальны рэактыўны снарад GLSDB.

— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў нанеслі ўдары па падраздзяленнях УСУ ў раёнах населеных пунктаў Малчанава, Сінькоўка і Бераставое Харкаўскай вобласці. Страты УСУ склалі да 65 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны і тры аўтамабілі.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Знішчаныя да 125 украінскіх вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, а таксама самаходная гаўбіца «Гваздзік».

— На Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў і агню артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў страты УСУ за суткі склалі да 240 украінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, тры баявыя машыны пяхоты, тры бронетранспарцёры, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі і гаўбіца Д-30.

— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Новаміхайлаўка і Вуглядар Данецкай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтых напрамках склалі да 20 вайскоўцаў, а таксама тры аўтамабілі.

— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння за суткі знішчана да 18 украінскіх вайскоўцаў і пяць аўтамабіляў.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 96 артылерыйскім падраздзяленням УСУ на агнявых пазіцыях, жывой сіле і тэхніцы ў 114 раёнах. У раёне населенага пункта Давыдаў Брод Херсонскай вобласці знішчаны радыёлакатар навядзення ўкраінскага зенітнага ракетнага комплексу С-300. Сродкамі супрацьпаветранай абароны за суткі перахопленыя 18 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS і адзін кіравальны рэактыўны снарад GLSDB.

Знішчаныя 12 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: у РФ стрымана адрэагавалі на рашэнне адправіць у Беларусь ядзерную зброю

Расійскае ваеннае кіраўніцтва, імаверна, задзейнічала ў наступе на Аўдзееўку найбольш дасведчаных наймітаў ПВК Вагнера, каб замацаваць тыя нязначныя тактычныя поспехі, якіх удалося дамагчыся ў гэтым раёне.

Эксперты амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW) робяць свае высновы на падставе заявы афіцыйнага прадстаўніка Таўрычных сіл абароны Украіны, палкоўніка Аляксея Дзмітрашкіўскага, што ўкраінская разведка прагназуе з’яўленне вагнераўцаў на Аўдзееўскім напрамку, а таксама апублікаваных у сацсетках некралогах пра гібель байцоў ПВК у Аўдзееўцы. У той час як «Вагнер» скіраваў большую частку сіл, якія складаюцца са зняволеных, для аперацый пад Бахмутам, імаверна, у розных месцах Украіны ёсць кантынгент больш кваліфікаваных аператыўнікаў. Расійскае вайсковае кіраўніцтва, магчыма, вырашыла ў апошнія тыдні накіраваць у раён Аўдзееўкі пэўныя падраздзяленні ПВК Вагнера, каб падтрымаць змучаных і менш дасведчаных баевікоў з самаабвешчанай ДНР у іх намаганнях па захопе населенага пункта, лічаць у Інстытуце.

У сваёй зводцы ISW таксама адзначае, што расійскія блогеры стрымана адрэагавалі на заяву прэзідэнта Пуціна ад 25 сакавіка пра тое, што Расія накіруе тактычную ядзерную зброю ў Беларусь, мяркуючы, што гэтае паведамленне больш адрасаванае заходняй, а не ўнутранай расійскай аўдыторыі. Адзін ваенны блогер заўважыў, што разгортванне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі не палепшыць ваенную сітуацыю Расіі ва Украіне, заявіўшы, што замест гэтага расійскім сілам неабходна падрыхтавацца да блізкага ўкраінскага контрнаступлення, і раскрытыкаваў праблемы з камандаваннем. Іншы прызнаў, што Пуцін нацэліў сваю заяву пра разгортванне ядзернай зброі на Захад, і пахваліў перспектыву стаць «кашмарам» ЗША.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • чуткі пра адстаўку 27 сакавіка камандуючага Усходняй групай войскаў (Усходняя ваенная акруга) генерал-палкоўніка Рустама Мурадава выклікалі стрыманую і цынічную рэакцыю ў расійскай інфармацыйнай прасторы;

  • расійскія войскі дабіліся нязначных поспехаў у раёне Сватава і працягваюць наземныя атакі ўздоўж лініі Купянск — Сватава — Крамянная;
  • расійскія войскі працягвалі наземныя атакі ў Бахмуце і яго ваколіцах і дамагліся тут поспехаў;

  • расійскія войскі працягвалі наземныя атакі на лініі Аўдзееўка — Данецк;

  • Расія, як уяўляецца, усё часцей бессістэмна разгортвае часткі сваіх вайсковых фармаванняў уздоўж усёй лініі фронту, у тым ліку на поўдні Украіны;

  • расійскія ўлады працягваюць фармаваць новыя добраахвотніцкія батальёны, падпарадкаваныя нерэгулярным фарміраванням;
  • украінскія партызаны ўзарвалі самаробнае выбуховае прыстасаванне падчас замаху на супрацоўніка акупацыйных сілавых структур у Марыупалі Данецкай вобласці.